Вы тут

Віктар Лісковіч: Мір — заваяванне продкаў, і мы абавязаныя яго захаваць


Год гістарычнай памяці, аб'яўлены кіраўніком дзяржавы, яшчэ раз пацвердзіў, што беларусы моцныя сваёй здольнасцю памятаць. І не толькі пра тое, што грэе душу: дасягненні, поспехі, рэкорды... Беларускі народ дагэтуль не можа забыць пра найбольш трагічны перыяд у сваёй гісторыі — Вялікую Айчынную вайну. Няшмат засталося сведак тых падзей, але новыя пакаленні працягваюць памятаць і пра подзвіг сваіх гераічных продкаў, і пра пакуты, якія ім прынеслі чужынцы. Аб тым, што наша памяць — не пустыя словы, сведчаць горы кветак каля помнікаў і магіл заўчасна загінулых, узведзеныя наноў мемарыялы і абеліскі, шматлікія патрыятычныя праекты, якіх сёлета было рэалізавана нямала.


Чаму ў іх актыўна ўдзельнічае падрастаючае пакаленне, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. Таксама сенатар падзяліўся некаторымі дэталямі другога сезона патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці», які вельмі запатрабаваны сярод моладзі.

— Віктар Андрэевіч, Год гістарычнай памяці завяршаецца. Наколькі ён быў небходны беларусам? Аб чым прымусіў задумацца?

— Для беларусаў заўсёды было характэрнае адзінства як адна з нацыянальных уласцівасцяў. У той жа час Год гістарычнай памяці пасадзейнічаў таму, што мы сістэматызавалі свае веды, бачанне таго, што раней было. Гэта вельмі важна, бо наша сучаснае развіццё засноўваецца на гісторыі. Мы вылучылі, асабліва для моладзі, тыя галоўныя вехі, што прывялі да сённяшняга ўзроўню развіцця нашай краіны. Такіх асноўных этапаў, якія аказалі ўплыў на беларускае грамадства, было нямала: гэта і Вялікая Айчынная вайна, і пасляваеннае аднаўленне Беларусі ва ўсіх сферах яе жыцця. Прычым на ўсіх этапах развіцця нашай краіны заўсёды была бачная роля моладзі, якая актыўна ўдзельнічала і ў Вялікай Айчыннай вайне, і ў аднаўленні народнай гаспадаркі, і ў асваенні цаліны, і ў будаўніцтве БАМа, шмат у чым яшчэ. Моладзь заўсёды выхоўвалася на глабальных, знакавых рэчах, якія тады былі неабходныя Савецкаму Саюзу, цяпер — сучаснай Беларусі. У нас цудоўная моладзь — вельмі таленавітая і перспектыўная. Вядома, яна павінна ведаць гісторыю, сваё мінулае. Невыпадкова сёння мы так шмат увагі аддаём не проста гістарычнай памяці, а праўдзе. Падзеі 2020 года страсянулі мазгі некаторых людзей, і яны па-іншаму пачалі ўсведамляць мір і свабоду, сталі лепш разумець, што мір — заваяванне нашых продкаў, і мы абавязаныя яго захаваць. Напэўна, сёння няма нічога больш каштоўнага. І пандэмія, і санкцыйны ціск на Беларусь, і ваенныя дзеянні, якія адбываюцца вакол нас, прымусілі некаторых задумацца, што ім ёсць што страчваць.

— Вялікая Айчынная вайна пакінула след практычна ў кожнай беларускай сям'і. Як тыя падзеі закранулі вашу сям'ю?

— Будучы школьнікам, я перачытаў усе мемуары савецкіх военачальнікаў, выпушчаныя на той час аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі любіў кнігі аб партызанскім руху. Аднак пра вайну я ведаю не толькі з кніг. Адзін з маіх дзядуляў, Дзямід Саўчук, загінуў за некалькі дзён да Перамогі — 21 красавіка 1945 года. Пахаваны ён у Берліне. Таму для мяне абсалютна незразумела і вельмі балюча ўспрымаецца знішчэнне магіл савецкіх салдат у сумежных несяброўскіх краінах. Вызваляючы Польшчу, краіны Прыбалтыкі, савецкія людзі аддалі ўласныя жыцці дзеля таго, каб жылі гэтыя народы. Толькі ў адной Польшчы пахавана каля мільёна савецкіх жыхароў! А яны ганьбяць памяць тых, хто прынёс ім незалежнасць.

Другі мой дзядуля, Лаўрэнцій Лісковіч, які таксама ўдзельнічаў у вайне, застаўся жывы. Ён пражыў доўгае жыццё — 86 гадоў, і менавіта з яго вуснаў я вельмі шмат пачуў пра тыя падзеі. Ён быў паранены пад Будапештам. Вайну скончыў у студзені 1946 года на японскім фронце. Да прызыву на фронт абодва дзядулі дапамагалі партызанам. Лаўрэнцій Лісковіч шыў для партызанаў кажухі. Бабуля і дзядуля Саўчукі былі партызанскімі сувязнымі. Іх дом знаходзіўся на хутары ў Кобрынскім раёне, таму народныя мсціўцы часта ў іх спыняліся. Аднойчы прыйшлі да іх з палонным немцам, а ён збег. Па выпадковасці іншыя партызаны застрэлілі ўцекача, калі той ішоў у камендатуру. Можна толькі ўявіць, чым магло ўсё скончыцца, калі б немец туды дайшоў... Рэальную праўду аб вайне я ведаў з першых вуснаў. Майму бацьку было 11 гадоў, калі яна пачалася. Ён таксама шмат што памятаў. З-за сваёй сціпласці многія беларусы не афішавалі подзвігаў сваіх родных. Лічылі, што ваяваць, абараняць Радзіму — абавязак. А ў прынцыпе, кожны, хто ваяваў, у рознай ступені здзейсніў подзвіг. І сёння пра гэта трэба расказваць. Вельмі ганаруся тым, што мая ўнучка ведае пра подзвігі сваіх прапрадзедаў: дзе ваявалі, якія мелі ўзнагароды (яны захоўваюцца ў нашай сям'і). Заўсёды, калі праходзяць памятныя мерапрымствы, унучка ўдзельнічае ў іх, на дэманстрацыях нясе ў руках партрэт аднаго са сваіх гераічных продкаў. Прычым гэта яе ўнутраны пасыл, асабістае жаданне.

— Увасабленнем усёй патрыятычнай работы ў маладзёжным асяроддзі сёлета стаў сумесны праект Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі «Цягнік Памяці». Вы не толькі з'яўляліся кіраўніком арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы дадзенага праекта, а і праехалі з дзецьмі на цягніку з пункта «А» ў пункт «Б», вярнуліся з імі назад...

— Ехаць было ўжо самым простым, нягледзячы на тое, што на маршруце не раз узнікалі розныя нюансы. «Цягнік Памяці» — унікальны праект. Прытым, што ўдзельнічала ў ім 200 хлопцаў і дзяўчат (па 100 — з Расіі і з Беларусі), ён аб'яднаў не адну тысячу дзяцей. У кожным горадзе (а іх на маршруце было 15) пасажыраў цягніка сустракалі аднагодкі, з якімі ўдзельнікі праекта камунікавалі на працягу дня. Ужо да канца першага дня дзеці сталі адзіным цэлым, не было адрознення — гэта дзіця з Якуціі або з Гомельскай вобласці.
15 дзён праляцелі вельмі хутка. За гэты час падлеткі многае ўбачылі, многае прапусцілі праз сябе, паспелі ўсё асэнсаваць, абмеркаваць і, самае галоўнае, сталі праваднікамі ўбачанага. Удзельнікі праекта пасябравалі, яны дагэтуль застаюцца на сувязі ў сацыяльных сетках. Думаю, што другі сезон «Цягніка Памяці» будзе яшчэ больш цікавым.

— Падзяліцеся, чым плануеце здзіўляць юных патрыётаў?

— Рух «Цягніка Памяці» заўсёды будзе пачынацца 22 чэрвеня ў горадзе Брэсце, заканчвацца — 3 ліпеня ў Мінску. Аднак маршрут будзе мяняцца. Сёлета плануецца наведаць больш паўднёвы напрамак: Валгаград, Курск, дзе адбываліся ключавыя баі Вялікай Айчыннай вайны. Што датычыцца беларускіх гарадоў, то дзеці пабываюць у Мінску, Брэсце, Гродне, Магілёве, Жлобіне, Гомелі. Мяркуецца, што пашырыцца геаграфія ўдзельнікаў праекта: разам з дзецьмі з Беларусі і Расіі ў «Цягніку Памяці» праедуць школьнікі з Казахстана, Кыргызстана і Арменіі. Адбор у праект будзе ажыццяўляцца на конкурснай аснове. Конкурс пройдзе ў некалькі этапаў. У першым этапе возьмуць удзел не толькі дзесяцікласнікі, якія ў выніку паедуць у цягніку. Паспрабаваць свае сілы прапануюць і навучэнцам малодшых класаў — для таго, каб сфарміраваць уяўленне аб праекце, зацікавіць далей удзельнічаць у ім. Удзельнікамі праекта стануць прадстаўнікі розных рэгіёнаў нашай краіны. Падчас адбору перавага будзе аддавацца дзецям, якія любяць сваю краіну, вывучаюць яе гісторыю, займаюцца патрыятычнай работай, пошукавай дзейнасцю. За пяць-шэсць гадоў існавання гэтага праекта сфарміруецца моцная плеяда тых, хто будзе распаўсюджваць і адстойваць праўду аб Вялікай Айчыннай вайне.

— Вялікая колькасць ахвотнікаў стаць удзельнікам праекта «Цягнік Памяці» сведчыць аб цікавасці падрастаючага пакалення да гісторыі сваёй краіны, патрыятычных настроях у маладзёжным асяроддзі. Гэта красамоўны прыклад таго, што патрыятычнае выхаванне ў нашай краіне ажыццяўляецца не пад прымусам, як трактуюць некаторыя нашы апаненты...

— Цягнік толькі прыбыў у Мінск, як праз тыдзень нас атакавалі званкамі: людзі пыталіся, ці будзе праект у наступным годзе і як стаць яго ўдзельнікам. Вельмі станоўча ўспрынялі такую работу з падрастаючым пакаленнем бацькі. Увогуле фармалізму не павінна быць у ідэалагічнай рабоце. Ён павінен быць выключаны з паўсядзённага жыцця любога чалавека. Асабліва гэта актуальна ў рабоце з моладдзю.

— Часта даводзіцца чуць, што, маўляў, мы нешта ўпусцілі ў выхаванні моладзі...

— Калі бацькі хочуць выхаваць сваё дзіця, калі настаўнік хоча яго навучыць, а само дзіця хоча вучыцца, то нічога не будзе ўпушчаным. Дарослыя ўласным прыкладам павінны паказваць дзецям свае адносіны да прыроды, гісторыі, дзяржавы, да сваёй работы. Калі ты сам будзеш любіць і сваю краіну, і справу, якой займаешся, то і дзеці гэта палюбяць. Асноўная маса нашых дзяцей вельмі нядрэнная: у іх рознабаковыя погляды, разнастайныя захапленні. Узяць хоць бы конкурс «100 ідэй для Беларусі» — сёння дзеці прапаноўваюць шмат цікавых праектаў, якія варты таго, каб іх рэалізоўваць. У нас шмат адораных хлопцаў і дзяўчат у мастацтве, навуцы — спецыяльны фонд Прэзідэнта падтрымлівае такіх дзяцей. Кожны мае права выбраць, чым яму займацца. Аднак агульнае — гэта наша краіна, яе бяспека. І калі краіна мае патрэбу, кожны павінен адкласці ўбок свае ўменні і займацца асноўным — абаронай сваёй Радзімы, сваіх рубяжоў. І гэта чалавек павінен разумець з малых гадоў. Сёння для дзяцей, якія вучацца ў ваенна-патрыятычных класах, займаюцца ў ваенна-патрыятычных клубах, адчынены дзверы любой воінскай часці. Маё глыбокае перакананне, што дзіця кожны год павінна бываць у воінскай часці, літаральна з першага класа. У выніку за дзесяць гадоў навучання ў школе яно зразумее, што такое армія, якія ў яе магчымасці, і светапогляд дзіцяці ўжо будзе падрыхтаваны да таго, што ў 18 гадоў трэба будзе пайсці і прайсці воінскую службу, атрымаць навыкі абароны сваёй Радзімы. Ваенна-патрыятычныя клубы вельмі запатрабаваныя: і хлопчыкі, і дзяўчынкі хочуць трапіць у гэтыя маладзёжныя ваенізаваныя падраздзяленні. І абсалютна не абавязкова, што гэтыя дзеці потым стануць вайскоўцамі. Дзе яны будуць працаваць — гэта ўжо іншае пытанне. Самае галоўнае, што гэтыя дзеці сфарміруюцца патрыётамі сваёй краіны і пры неабходнасці змогуць яе абараніць.

— Вы ўваходзіце ў Савет па гістарычнай палітыцы, які ўжо амаль як год дзейнічае пры Адміністрацыі Прэзідэнта...

— Савет, які быў створаны па даручэнні Прэзідэнта, вырашае разнастайны спектр пытанняў. Тыя з іх, якія мы разгледзелі ў гэтым годзе, паказалі актуальнасць і неабходнасць функцыянавання Савета. У яго ўваходзяць людзі розных спецыяльнасцяў, прадстаўнікі шматлікіх сфер жыццядзейнасці, узростаў. Рашэнні, кансалідавана прынятыя Саветам па гістарычнай палітыцы, садзейнічаюць развіццю нашага грамадства.

— У нашай краіне многае робіцца для захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты абавязак дзяржавы замацаваны ў абноўленай Канстытуцыі. А што, на ваш погляд, павінен зрабіць кожны беларус, каб не быў забыты подзвіг нашых папярэднікаў, каб не дапусціць такога бесчалавечнага здзеку з іх памяці, як гэта адбываецца ў суседніх краінах?

— Кожны жыхар нашай краіны ў першую чаргу павінен жыць па тых законах, якія фарміруюць нашу гістарычную палітыку. Для гэтага парламентарыямі ў апошнія два гады праведзена вельмі вялікая работа, прыняты шэраг законапраектаў, накіраваных на недапушчэнне скажэння вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, на згуртаванасць беларускага грамадства. Размова ідзе пра Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» і Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Гэтыя два найважнейшыя дакументы дазваляюць ісці грамадству ў правільным кірунку — памятаць гісторыю, не дапускаць яе скажэння, а таксама жыць у міры і згодзе. Толькі захоўваючы традыцыі і памнажаючы дасягнутае папярэднімі пакаленнямі, можна гарманічна развівацца далей.

— Дагэтуль не сціхаюць дыскусіі аб тым, што сёння разумець пад патрыятызмам і ці можна навучыць быць патрыётам. Як лічыце, гэта магчыма?

— Пры нараджэнні ўсе дзеці знаходзяцца прыктычна ў роўным становішчы, не лічачы тых генетычных дамінантаў, якія дадзены ад прыроды. Вядома, нешта ў гэтым плане можа прыйсці з генамі. Астатняе будзе залежаць ад таго, што на першым этапе ў жыцці дзіцяці стануць укладваць у яго бацькі, а потым тыя, хто яго акружае: школа, калектыў і інш. Многае залежыць і ад атмасферы ў грамадстве. Калі яна такая, як у нас у краіне, — накіраваная на захаванне і развіццё, — то, вядома, асноўная маса людзей будзе выхоўвацца патрыятычна настроенымі грамадзянамі. Вялікі ўплыў на патрыятызм аказвае і грамадская работа. Сёння ў нас створана нямала грамадскіх арганізацый (найбольш аўтарытэтныя з іх «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, БРСМ, ветэранская і прафсаюзная арганізацыі), на пляцоўках якіх можна і сябе праявіць, і прынесці карысць грамадству.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.