Вы тут

Твор Людмілы Кебіч «Шнары» на конкурс апавяданняў


У вершах і прозе Людміла Кебіч часта звяртаецца да тэмы жаночага лёсу. Жанчына ў яе творах — маці, паэтка, каханая — самаадданая і светлая душой. Жыццё часам выпрабоўвае яе на трываласць, але не згасае любоў у яе сэрцы — да родных людзей, да Беларусі.

На конкурс «Звязды» пісьменніца прапануе апавяданне ў форме прытчы. Гераіня твора любіць, непакоіцца, разважае... Мужчына застаецца «за кадрам», але адыгрывае ў жыцці жанчыны сваю ролю.

Алена БРАВА


Фота: pixabay.com

Шнары

Жылі-былі муж і жонка. На працу хадзілі, кахалі адно аднаго, увесь вольны час бавілі разам. І было ў іх усё добра. А потым нарадзіліся дзеці. Шчасця дадалося ўдвая для абаіх, а вольнага часу паменела, асабліва ў жонкі, бо яна, акрамя таго што жанчына, стала цяпер і маці. А ў маці, як вядома, занятыя штохвіліннымі турботамі не толькі рукі, але і сэрца.

Маці гадавала дзяцей, клапацілася пра іх штодзённа і штоночна. Зразумела, бацька таксама браў у гэтым удзел, у асноўным матэрыяльны. А маці жыла жыццём сваіх дзяцей, перажывала разам з імі ўсё, што адбывалася ці магло адбыцца. А гэта значыць, яна пражывала адначасова два, а потым і тры жыцці — за сябе і за сваіх дзяцей.

Жыццё наша доўгае і не толькі песціць нас радасцямі. Перажыванні драпалі сэрца маці і заставаліся на ім балючымі адмецінамі-ранкамі — шнарамі. Шнары — гэта сур'ёзна... І небяспечна. Шнары — гэта непрыгожа. І калі мужчыны лічаць, што шнары ўпрыгожваюць іх твар, дык зусім іншае яны думаюць на гэты конт пра жанчын, таму што адна справа, калі шнары на душы, і зусім іншая — на...

Пачала заўважаць жанчына-маці, мімаходзь зазіраючы ў люстэрка, што з'явіліся на яе твары незнаёмыя рысы, рыскі і рысачкі. «Што гэта са мною?» — дзівілася моўчкі. «Гэта шнары, твае, уласныя, — паведаміў ёй прыгожы белы Анёл, які прысеў на плячо. — У тваім сэрцы для іх ужо не хапае месца, таму шнары пачалі выпаўзаць на твой твар. Пад іншым імем, зразумела, цяпер яны — зморшчыны».

Трывожна і пакрыўджана зашчымела сэрца, але жанчына загадала яму: «Хопіць, з хваляваннямі скончана раз і назаўсёды. Я не хачу ператварыцца ў суцэльны шнар!» Жанчына жадала гэтага і думала, што здолее выканаць свой загад. Не змагла. А як? Яна ж — жанчына, маці і ўжо нават бабуля! Хто ж тады будзе хвалявацца і перажываць за мужа, за дзяцей, унукаў?.. За лёсы родных і блізкіх?.. За Айчыну, урэшце!..

А шнары толькі таго і чакалі, і кожны дзень хоць адна сумная рысачка ды прымошчвалася на ўсё яшчэ (а дакладней, заўсёды) прыгожым і светлым твары жанчыны.

Надышоў час, калі жанчына злавіла сябе на думцы, што не хвалюецца болей, і ў жыцці яе наступіў доўгачаканы спакой. Узрушаная, яна падышла да люстэрка, каб зірнуць на свой твар: «Можа, і зморшчын паменела?» Адтуль пасміхалася яшчэ не старая, ды нейкая незнаёмая жанчына, твар якой уяўляў суцэльную сетку.

— Божа, навошта?! — усклікнула яна з жахам і адхіснулася ад люстэрка.

— А гэта ўсе твае шнары цалкам высыпалі на твар для таго, каб іх бачылі тыя, хто ў іх з'яўленні вінаваты. Пакуль ты і яны яшчэ жывыя, — патлумачыў усё той жа крылаты белы Анёл, што незаўважна прысеў, як і некалі раней, на плячо сваёй падапечнай.

— А што сталася з мужчынам? — спытаецеся вы.

Ах, мае любыя! Няўжо не здагадаліся?.. Хіба не заўважылі яго, той ШНАР — самы выразны, глыбокі і балючы на твары жанчыны?..

Людміла КЕБІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.