Вы тут

Біясферныя запаведнікі: Лакальныя рашэнні глабальных праблем


З кожным годам актуальнасць вырашэння экалагічных праблем становіцца ўсё больш відавочнай: у нас усяго адна планета, і яна ў небяспецы! Напрыклад, з пытаннем страты біялагічнай разнастайнасці можна сутыкнуцца ў любым кутку Зямлі. Нашы адносіны з прыродай і іншымі жывымі істотамі патрабуюць  радыкальнага пераасэнсавання. Каб рашыць гэтыя задачы, нам трэба стварыць агульны свет. Біясферныя запаведнікі (рэзерваты) паказалі, што можна жыць у такім свеце, дзе ёсць гарманічныя адносіны з прыродай.


Рака Угра (біясферны рэзерват «Угра», Расія).

Што такое біясферныя рэзерваты?

Біясферны рэзерват — гэта больш чым проста ахаваная прыродная тэрыторыя. Гэта дастаткова вялікі ўчастак экасістэмы, які атрымаў міжнароднае прызнанне ў рамках праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» (МАБ). Біясферныя запаведнікі адыгрываюць вядучую ролю ў ахове прыроды, забеспячэнні навуковых ведаў, а таксама ў экаасвеце.

Роля біясферных рэзерватаў на нашай планеце сапраўды важная і ўнікальная. Як адсачыць дынаміку прыродных працэсаў, якія меры прыняць для забеспячэння здароўя экасістэм? Якім чынам захаваць біялагічную разнастайнасць і разам з тым рацыянальна яе выкарыстоўваць? Якім чынам прадухіліць канфлікт паміж соцыумам і экасістэмай? Для гэтых пытанняў знаходзяцца рашэнні ў біясферным рэзерваце. Тут ствараюцца аптымальныя адносіны паміж грамадствам і прыродай. Планаванне і кіраванне яго тэрыторыяй немагчыма без дыялогу, да якога далучаюцца мясцовыя супольнасці і ўсе зацікаўленыя бакі.

Біясферныя рэзерваты аб'ядноўваюць у сабе тры асноўныя функцыі:

  • Функцыя захавання - забеспячэнне захавання біялагічнай і культурнай разнастайнасці.
  • Функцыя развіцця - эканамічнае развіццё на мясцовым узроўні, якое з'яўляецца сацыяльна-культурным і экалагічна ўстойлівым.
  • Навукова-тэхнічная функцыя - падтрымка развіцця з дапамогай даследаванняў, маніторынгу, навучання і абмену інфармацыяй.

Гэтыя функцыі рэалізоўваюцца праз асноўныя зоны кожнага біясфернага рэзервата: асноўную (зону ядра), буферную і пераходную (зону супрацоўніцтва). Іх можна ўявіць як тры акружнасці, укладзеныя адна ў адну.

«Чалавек і біясфера» і «Сусветная сетка біясферных рэзерватаў»

Праграма «Чалавек і біясфера» (МАБ), распачатая ў 1971 годзе, — найстарэйшая міжурадавая навуковая праграма ЮНЕСКА. Яе мэта — стварэнне навуковай асновы для паляпшэння адносін паміж людзьмі і навакольным асяроддзем, умоў жыцця людзей і ў той жа час аховы прыродных экасістэм. З дапамогай МАБ прасоўваюцца інавацыйныя падыходы да эканамічнага развіцця. Біясферныя запаведнікі прызначаюцца нацыянальнымі ўрадамі і застаюцца пад суверэннай юрысдыкцыяй дзяржаў, на тэрыторыі якіх размешчаны. На міжнародным узроўні біясферныя запаведнікі прызначаюцца Генеральным дырэктарам ЮНЕСКА ў рамках праграмы МАБ. Працэс прызначэння адбываецца ў адпаведнасці з рашэннямі Міжнароднага каардынацыйнага савета МАБ (МКС МАБ).

Рака Бярэзіна (Бярэзінскі біясферны запаведнік, Беларусь) .

Асноўны кірунак дзейнасці праграмы «Чалавек і біясфера» — стварэнне і садзейнічанне функцыянаванню біясферных рэзерватаў. Усе разам яны ўтвараюць Сусветную сетку біясферных рэзерватаў (ССБР) праграмы МАБ, якая была створана ў 1976 годзе. Гэта дынамічная сетка першакласных аб’ектаў, якая садзейнічае гарманічнай інтэграцыі людзей і прыроды. Яна з’яўляецца ўнікальным міжнародным інструментам для дасягнення Мэт устойлівага развіцця. У рамках ССБР абменьваюцца ведамі і досведам, прапагандуюць павагу да культурных каштоўнасцяў, скарачаюць беднасць і павялічваюць дабрабыт. Уключаючы ўсе тыпы экасістэм, а часам нават і гарадскія раёны, Сусветная сетка біясферных рэзерватаў ахоплівае амаль увесь свет.

У біясферных запаведніках свету ў розных экалагічных, сацыяльных і эканамічных умовах жыве больш за 260 мільёнаў чалавек. Увогуле гэтыя ўчасткі займаюць каля 5 % зямной паверхні, або больш за 7 млн км2, што прыкладна роўна плошчы Аўстраліі. Сусветная сетка біясферных рэзерватаў з кожным годам далучае да сябе ўсё больш і больш біясферных запаведнікаў. Сёлета ў ЮНЕСКА зацвердзілі прызначэнне 11 новых біясферных запаведнікаў у 9 краінах. Сярод іх рэзерваты ўпершыню з’явіліся ў трох краінах: Чадзе, Замбіі і Грузіі.

Схема занавання біясфернага рэзервата.

Ядро (адно або некалькі) уключае ў сябе строга ахоўную зону, якая садзейнічае захаванню ландшафтаў, экасістэм і відаў. Буферная зона акружае або прымыкае да ядра. Яе выкарыстоўваюць для навуковых даследаванняў, маніторынгу, навучання і адукацыі. Дзейнасць чалавека ў буфернай зоне не павінна супярэчыць мэтам аховы ядра. Пераходная зона знаходзіцца па вонкавым перыметры рэзервата. Тут рэалізуецца ўстойлівая сацыяльна-культурная і эканамічная дзейнасць чалавека. У яе межах могуць размяшчацца населеныя пункты і прадпрыемствы. Таксама ў пераходнай зоне рэалізуюцца праграмы па адукацыі, турызме і адпачынку. Узаемадзейнічаюць мясцовыя адміністрацыі і насельніцтва, прыродаахоўныя арганізацыі, грамадскія аб’яднанні і прыватныя прадпрыемствы.

 

Сёння ў ССБР уваходзяць 738 біясферных рэзерватаў у 134 краінах, у тым ліку 22 трансгранічныя аб'екты. Яны размеркаваны наступным чынам:

  • 90 біясферных рэзерватаў - у 33 краінах Афрыкі;
  • 36 біясферных рэзерватаў - у 14 краінах арабскіх дзяржаў;
  • 172 біясферныя рэзерваты - у 24 краінах Азіі і Ціхага акіяна;
  •  308 рэзерватаў - у 41 краіне Еўропы і Паўночнай Амерыкі;
  • 132 біясферныя рэзерваты - у 22 краінах Лацінскай Амерыкі, Карыбскага басейна, Партугаліі і Іспаніі.

Месца Рэспублікі Беларусь у гісторыі праграмы МАБ

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца адной з дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. Наша краіна актыўна супрацоўнічае з ЮНЕСКА па шэрагу прыродазнаўчых праграм, у прыватнасці па праграме «Чалавек і біясфера» (МАБ). У Беларусі створаны і функцыянуюць тры біясферныя рэзерваты, уключаючы два нацыянальныя і адзін трансгранічны трохбаковы.

У 1979 годзе самым першым на тэрыторыі Беларусі і адным з першых сямі ў СССР статус біясфернага запаведніка атрымаў Бярэзінскі. Ганаровае званне неаднаразова пацвярджалася на міжнародным узроўні. На базе Бярэзінскага біясфернага запаведніка і ў Мінску ў 1983 годзе быў праведзены першы Міжнародны кангрэс па біясферных рэзерватах.

Горны ландшафт Венскага лесу «біясферны рэзерват «Вінервальд», Аўстрыя)

У 1993 годзе Белавежская пушча таксама атрымала статус біясфернага запаведніка. У 1997 годзе ў Мінску было прынятае рашэнне аб стварэнні рэгіянальнай сеткі ЕўраМАБ. У яе рамках пачало ўмацоўвацца супрацоўніцтва камітэтаў МАБ Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У 2012 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў створаны трансгранічны біясферны рэзерват «Заходняе Палессе», у склад якога ўвайшлі рэспубліканскі заказнік «Прыбужскае Палессе» (Беларусь), Палескі нацыянальны парк (Польшча) і Шацкі нацыянальны прыродны парк (Украіна).

Першае святкаванне Міжнароднага дня біясферных рэзерватаў

У 2021 годзе праграме «Чалавек і біясфера» (МАБ) споўнілася 50 гадоў, і ў бягучым годзе завяршаецца святкаванне гэтай юбілейнай даты.

Па рашэнні 41-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, пачынаючы з 2022 года, 3 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Дзень біясферных рэзерватаў. Мэта гэтага штогадовага свята — даваць канкрэтнай тэрыторыі сігнал да дзеяння адносна падыходу ўстойлівага развіцця ў сучасным жыцці. Вядучую і ўзорную ролю ў гэтых адносінах можа адыграць Сусветная сетка біясферных рэзерватаў. Міжнародны дзень біясферных рэзерватаў — гэта запрашэнне чэрпаць натхненне з рашэнняў, ужо рэалізаваных на гэтых мадэльных тэрыторыях, для паўсюднага забеспячэння сапраўды ўстойлівага развіцця з поўнай павагай да прыроды і ўсяго жывога свету.

Горны ландшафт Венскага лесу «біясферны рэзерват «Вінервальд», Аўстрыя)

Бярэзінскі біясферны запаведнік як адзін з найстарэйшых біясферных рэзерватаў, вядома ж, не застаўся ў баку ад свята. 3 лістапада 2022 г. тут прайшлі навучальныя мерапрыемствы для юнага пакалення. Вучні малодшых класаў мясцовай Домжарыцкай базавай школы наведалі тэматычны ўрок у «зялёным класе». Таксама школьнікі паўдзельнічалі ў пазнавальнай віктарыне «Прыродныя абаронцы» і конкурсе міні-плакатаў «Ратавальнікі прыроды».

Падчас восеньскіх канікулаў пазнаёміцца з запаведнай прыродай сюды прыехалі як вучні школ з раённых цэнтраў, якія знаходзяцца непадалёку ад тэрыторыі запаведніка, — Лепеля і Барысава, так і навучэнцы з Мінска. Падчас экскурсій па Музеі прыроды, лясным заапарку і экалагічнай сцежцы яны даведаліся пра насельнікаў дзікай прыроды, а таксама пра тое, што такое біясферны рэзерват, і ролю Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў праграме МАБ ЮНЕСКА.

Анастасія РЫЖКОВА, начальнік навуковага аддзела Бярэзінскага біясфернага запаведніка

Фатаграфіі з архіваў супрацоўнікаў запаведніка

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».