Вы тут

Народныя праекты захавання памяці


Вывучалі, успаміналі, даследавалі, адкрывалі... Рух і жыццёвы рытм падзей адыходзячага Года гістарычнай памяці натхняе ўсіх разам і кожнага асабіста «зазямліцца», запаволіцца, асэнсаваць тое галоўнае, што неабходна цаніць і захаваць у сваім сэрцы і ў краіне ў цэлым. Чым запомніцца Год гістарычнай памяці жыхарам Гомельшчыны? Аб гэтым і не толькі — інтэрв'ю старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Івана Крупко.


— Іван Іванавіч, не магу не згадаць словы вашага сёлетняга выступлення на мітынгу ў Гомелі да Дня Незалежнасці Беларусі і 78-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: «Мы ствараем, каб захаваць незалежную Радзіму, яе аўтэнтычнасць — з неглюбскімі паясамі і тканымі ручнікамі, народнымі абрадамі і ўнікальнымі традыцыямі. Захаваць сям'ю і радаснае дзяцінства, дзе ва ўсіх дачок і сыночкаў ёсць мамы і таты, бабулі і дзядулі. Дзе ў кожнага свая малая радзіма са сцяжынкай да святой крыніцы, вада якой забірае боль, умацоўвае памяць і дае сілы. Сілы не схіліць галаву перад тымі, каму нашы продкі 80 гадоў таму ўказалі іх месца ў сусветнай гісторыі, сілы з горда паднятай галавой супрацьстаяць любым спробам наваяўленых агрэсараў. Мы зробім гэта разам, па запавеце продкаў, па поклічы сэрца». Падаецца, што гэтыя радкі адлюстроўваюць галоўны пасыл Года гістарычнай памяці. Што ён значыць для вас асабіста?

— Перакананы, што Год гістарычнай памяці — перыяд небывалага ўсёахопнага ўздыму патрыятычнага духу. Для мяне асабіста гістарычная памяць пачынаецца з успамінаў дзядулі і родных, якія перажылі акупацыю. Нездарма старэйшае пакаленне, якое зведала ўсе нягоды ваеннага ліхалецця, да гэтага часу паўтарае: «Толькі б не было вайны». Тыя страшныя гісторыі на ўсё жыццё пакінулі ў маёй душы глыбокія раны, якія з новай сілай прымушаюць пакутаваць ад любых спроб псеўдагісторыкаў сумнявацца ў гераічным подзвігу савецкага народа, ад цынічных спекуляцый вакол Вялікай Перамогі. Я ўпэўнены, што мы ўжо нараджаемся з маральным генетычным барометрам, які дапамагае нам супрацьстаяць усім бессаромным спробам фальсіфікаваць нашу гісторыю. Дапамагае захаваць і перадаць нашым нашчадкам праўду і толькі праўду. Бо без памяці аб мінулым немагчыма будаваць паспяховую будучыню.

Знакавае месца памяці Гомельшчыны — мемарыяльны комплекс «Ала» ў Светлагорскім раёне. Фота: БелТА

Перакананы, што Год гістарычнай памяці заматываваў многіх больш дэталёва вывучыць біяграфіі членаў сваіх сем'яў, а праз іх і гісторыю сваёй краіны, звярнуцца ў архівы з жаданнем як мага больш даведацца пра ваеннае ліхалецце і пасляваенныя гады аднаўлення. Гісторыя, на якую мы з асаблівай цікавасцю глядзім у Год гістарычнай памяці, адсылае зноў і зноў вяртацца да вывучэння дакументаў, архіваў, успамінаў. У нас расце запатрабаванне здабыць новыя веды, выразныя аргументы, гістарычныя факты, каб упэўнена перадаваць дзецям і ўнукам гістарычную праўду. На сучасным этапе гэта архіважна.

— Сімвалам Года гістарычнай памяці на Гомельшчыне стала адкрыццё пасля маштабнай рэканструкцыі ваенна-гістарычнага комплексу «Партызанская крынічка» на месцы базіравання ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанскага атрада «Бальшавік». Іван Іванавіч, вы асабіста бралі ўдзел у суботніках яшчэ на стадыі падрыхтоўкі адкрыцця мемарыяла. Ужо тады «Партызанскую крынічку» па праву назвалі народным патрыятычным праектам рэгіёна.

— Сапраўды, дапамога ва ўзвядзенні і ўдзел у добраўпарадкаванні гэтага месца памяці — заслуга ўсіх жыхароў вобласці. Падчас суботнікаў тэрыторыю ў лесе, дзе знаходзіцца комплекс, добраўпарадкоўвала адначасова да паўтары тысячы чалавек. Між тым агульнанацыянальнае значэнне гэтага месца памяці асабліва відавочнае, калі «Партызанскаю крынічку» практычна штодня наведваюць з экскурсіямі школьнікі і педагогі, калектывы прадпрыемстваў і члены ветэранскіх арганізацыі з самых розных куткоў Беларусі. І гэта вельмі важна, бо адноўлены ваенна-гістарычны комплекс у гонар усіх партызанскіх злучэнняў Гомельшчыны — агульнае месца пакланення гераізму, адзін з цэнтраў ваенна-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Нагадаю, што самую шчырую ўдзячнасць за праведзеную рэканструкцыю, а фактычна ўзвядзенне новага гісторыка-ваеннага мемарыяла «Партызанская крынічка», выказалі жыхары не толькі нашай краіны, але і Расійскай Федэрацыі. На Браншчыне вельмі ўдзячныя за захаванне памяці аб іх земляку — Герою Савецкага Саюза Емяльяне Барыкіне. Увогуле, самыя шчырыя словы падзякі за беражлівае захоўванне гістарычнай памяці аб героях вайны брацкі народ суседняй краіны адрасаваў нашаму Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку і ўсяму беларускаму народу.

— У Год гістарычнай памяці асабліва востра адчуваецца імкненне беларусаў не дапусціць фальсіфікацыі фактаў і вынікаў Другой сусветнай вайны. У такім аспекце нельга не згадаць расследаванне адносна месца масавага знішчэння мірнага насельніцтва часоў нямецкай акупацыі ў Чонкаўскім лесе ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, распачатай Генеральнай пракуратурай Беларусі.

— Падпісаны Прэзідэнтам адпаведны закон — гэта ахова памяці соцень тысяч бязвінных ахвяр фашызму. У Год гістарычнай памяці ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі быў прадстаўлены ўнікальны выставачны праект «Бывайце, людзі...». Яго экспазіцыя дапамагае праліць святло на палітыку нямецкіх акупацыйных улад у гады Вялікай Айчыннай вайны па генацыдзе беларускага народа. Большасць экспанатаў выставачнага праекта — рэчы, знойдзеныя ў тым ліку падчас пошукавых работ вайскоўцамі спецыяльнага батальёна Міністэрства абароны Беларусі ў Чонкаўскім лесе. Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа працягваецца. Як і пошукавыя работы, якія дапамогуць раскрыць жахлівыя факты генацыду беларускага народа на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Усяго ў рэгіёне выяўлена 140 месцаў масавага расстрэлу і пахавання мірных грамадзян часоў Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер работа вядзецца ў Мазырскім раёне. У планах — Петрыкаўскі і Рэчыцкі раёны. Пошукавыя вахты прадоўжаць работу таксама ў месцах баёў і бітваў.

— Вядома, што ў кожным раёне рэгіёна сёлета праведзена вельмі плённая работа па арганізацыі выстаў архіўных дакументаў, кніжных і фотавыстаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне і Году гістарычнай памяці.

— І не толькі... У вобласці бягучы год вызначыўся адкрыццём значнай колькасці мемарыяльных і інфармацыйных дошак, патрыятычных білбордаў, сучасных муралаў. Варта адзначыць, што ў рэгіёне ў Год гістарычнай памяці быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных памятным і юбілейным датам населеных пунктаў, прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны. Былі адзначаны прысваенні імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны, герояў Савецкага Саюза, выдатных землякоў навучальным установам, студэнцкім і піянерскім атрадам, вуліцам населеных пунктаў. Напрыклад, з мая гэтага года Гомельская гарадская паліклініка № 5 носіць імя Соф'і Голухавай — гераічнай міласэрнай сястры, узнагароджанай медалём Флорэнс Найтынгейл і ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені. У Год гістарычнай памяці адкрыты памятны знак на будынку чыгуначнага вакзала ў Калінкавічах у гонар 27 патрыётаў — чыгуначнікаў, якія ў гады вайны здабывалі бясцэнную разведвальную інфармацыю, удзельнічалі ў знішчэнні сіл і рэсурсаў гітлераўцаў. У гонар унікальнай спецаперацыі, якую правёў у Жлобінскім раёне атрад «Храбрацы», устаноўлена мемарыяльная дошка на станцыі Чырвоны Бераг. Знакавы праект Гомельшчыны — «Героі побач з намі», дзе грамадскім фарміраванням прысвойваюць імёны выбітных землякоў. На сёння імёны Герояў Савецкага Саюза, удзельнікаў Вялікай Айчыннай носіць больш за 430 піянерскіх дружын і звыш 470 студатрадаў. Каля брацкіх магіл, на мемарыялах моладзь арганізоўвае вахты памяці. Гераічным подзвігам продкаў прысвечаны праекты і ініцыятывы. Гістарычная памяць як найважнейшы кампанент унутранай самасвядомасці і культуры становіцца тэмай маладзёжных форумаў, навуковых канферэнцый, круглых сталоў і ўрокаў мужнасці.

— «Гэта яшчэ адзін добры знак у Год гістарычнай памяці: успомніць мінулае, няпростую гісторыю, зрабіць высновы, каб выбудоўваць сучаснае жыццё, планаваць будучыню, выхоўваць дзяцей і ўнукаў у міры і спакоі...» Здаецца, нельга больш дакладна, чым словамі Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна прадставіць яшчэ адзін патрыятычны праект, які сёлета ажыццявіла Гомельшчына. Гаворка аб адкрыцці ў Гомелі капліцы ў імя святога князя Аляксандра Неўскага ў памяць аб воінах-вызваліцелях...

— Так, у Беларусі свята шануюць герояў, якія аддалі свае жыцці за мірнае неба, незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы. Толькі ў нашым рэгіёне 1200 воінскіх пахаванняў. Імёны і подзвігі салдат, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы, назаўжды захаваюцца ў нашых сэрцах. Ва ўсе часы аб спачыне загінулых за веру і Айчыну воінаў моліцца праваслаўная царква. Дзякуючы ініцыятыве Гомельскай епархіі цяпер кожны жыхар або госць Гомеля можа гэта зрабіць у капліцы ў памяць усіх воінаў-вызваліцеляў. Разам мы робім адну агульную справу — захоўваем гістарычную праўду, шануем светлую памяць загінулых за правую справу нашых дзядоў і прадзедаў. Нагадаю, што капліца ўзноўлена па праекце 1880-х гадоў Аляксандраўскай капліцы, якая знаходзілася на Рынкавай плошчы ў Гомелі насупраць Петрапаўлаўскага кафедральнага сабора. У капліцы сабрана 990 капсул з зямлёй з брацкіх магіл і воінскіх пахаванняў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама капсулы, напоўненыя зямлёй з месцаў, дзе ў ваеннае ліхалецце людзі перажылі пакуты і трагедыі, — з мемарыяльнага комплексу «Азарыцкі лагер смерці» ў Калінкавіцкім раёне і мемарыяла «Помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. Упэўнены, што гомельская капліца ў імя святога князя Аляксандра Неўскага ў памяць аб воінах-вызваліцелях — своеасаблівае духоўнае пасланне аб подзвігу і славе нашых продкаў, і яшчэ многія стагоддзі людзі будуць свята захоўваць памяць аб тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны не пашкадаваў свайго жыцця дзеля будучых пакаленняў.

— Вядома, што Годам гістарычнай памяці зададзены значны патрыятычны імпульс, але важныя праекты ў гэтым кірунку працягнуцца.

— Так, ужо можна дакладна сказаць, што ў наступным годзе Гомельшчына рыхтуецца ажыццявіць рэканструкцыю мемарыяла на месцы лагера смерці «Азарычы» ў Калінкавіцкім раёне. Гэта месца памяці закранае адну з самых трагічных старонак нямецкай акупацыі Гомельшчыны, калі на страшныя пакуты было сагнана каля 50 тысяч чалавек мірнага грамадзянскага насельніцтва. Лагеры такога тыпу былі толькі ў Беларусі... Упершыню ў гады Другой сусветнай вайны людзей выкарыстоўвалі ў якасці біялагічнай зброі. Спадзяюся, што рэканструкцыя гэтага асаблівага для нашай краіны месца памяці стане чарговым сапраўды народным патрыятычным праектам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Ствараем краіну, ствараем сябе!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.