Вы тут

Сярод снягоў прачнулася вясна


На нашым партале zvіazda.by сёння быў устаноўлены свайго кшталту рэкорд — найбольшую колькасць праглядаў за найменш кароткі тэрмін знаходжання на сайце (літаральна за некалькі гадзін) сабраў фотасюжэт пастаяннага аўтара з Гомеля Андрэя Феакцістава. Мы з калегамі нават дыскутавалі аб прычыне гэткага феномену: ці то ўдала ў сацыяльныя сеткі матэрыял запосцілі, ці то сам аўтар, актыўны карыстальнік гэтых самых сетак, руку прыклаў, ці то загаловак у сюжэта «клікабельны» атрымаўся. Урэшце зрабілі выснову, што ўсё названае мела месца быць, а яшчэ памножылася на звычайную чалавечую цікаўнасць і нежаданне верыць у відавочнае.


Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Бо сюжэт, на першы погляд, як і назва да яго, — самыя што ні на ёсць на сёння звычайныя. «Вясна перад Новым годам на Гомельшчыне». І фота, больш падобныя на сакавіцкія: снягі, якіх менавіта на поўдні да гэтага накідала вельмі шмат, цяпер паплылі. Азёры на палях, вада ў слядах нейкага звера на пакуль яшчэ белым покрыве, сухія чараты ў разбухлай шэрай кашы, папяровы караблік, пушчаны дзіцячай рукой па вясёлай ручаіне, што імчыць па вясковай вуліцы; пушыстыя коцікі, якія за некалькі цёплых дзён паспелі вылузацца з пупышак на галінках вербалозаў... Глядзіш на гэтыя фота, пасля за акно, дзе па бляшаным карнізе надакучліва з раніцы барабаніць незразумелая субстанцыя — ці то снег, ці то додждж, і міжволі скрушна ўздыхаеш: вось табе сёлета і будзе Новы год...

Так жа хочацца пушыстага сняжку, лёгкага марозіку ў навагоднюю ноч, праўда? Каб усё было беленькае-прыгожае, каб ззяла не толькі святочная ілюмінацыя, але і само паветра трымцела празрыстымі іскрынкамі, і глядзелі з неба «ад марозу пахаладзеўшыя» зоркі. Тым больш усё было так блізка, так рэальна яшчэ некалькі дзён таму, калі быў і марозік, і пушысты снег, і вось гэта вось усё... Толькі пракляты атлантычны цыклон сапсаваў увесь настрой калі не ўсім, дык многім, а што ўжо многім планы парушыў, дык гэта дакладна. Сярод маіх знаёмых чалавек пяць адмянілі свае планы сустракаць Новы год у вёсцы ці на лецішчы, бо «што там рабіць — на чаўне плаваць?»

Але... Не ведаю, як вы, а я аптыміст па натуры. Прычым той самы невылечны, які, паводле старога анекдота, нюхае клапа і заяўляе, што той пахне каньяком. Дык вось, калі кіравацца гэтым прынцыпам, — зімовае свята ў такім вось пахмурна-дажджлівым антуражы — не так і дрэнна, і на тое ёсць аргументы. Па-першае, вельмі класна такім надвор'ем хадзіць у госці або сустракаць гасцей. Бо менавіта калі такая вось брыдкасць за акном, хочацца цёплай і светлай утульнасці, шчырага смеху, добрай даверлівай размовы. А яшчэ ў келіхах пускае бурбалкі шампанскае, у кутку нешта ціха спявае тэлевізар, пад ёлкай дрэмле пухнаты гадаванец... Прызнайцеся, употай вы марылі, каб здарыўся такі вось ціхі Новы год. Дык вось, у гэтай мары ёсць усе шанцы спраўдзіцца. Па-другое, нават калі адважыцца высунуцца ў навагоднюю ноч на вуліцу — верагоднасць змерзнуць ці што-небудзь адмарозіць (ведаю такія выпадкі, сама аднойчы прыліпла вуснамі да келіха з шампанскім) фактычна роўная нулю. Значыць, здароўю ў цёплую навагоднюю ноч будзе менш пагроз, а яго, здароўя, мы ж найперш сабе і ўсім блізкім людзям жадаем... Па-трэцяе (гэты варыянт для рамантыкаў), пад навагоднім дажджом можна без асаблівых намаганняў трапіць у казку. У якую? Ну, казкі ж розныя ёсць. «Дванаццаць месяцаў», напрыклад. Там гераіня па пралескі зімой хадзіла, памятаеце? Пралесак не абяцаю, а вось букет коцікаў прынамсі на Гомельшчыне побач з навагодняй ёлкай паставіць вельмі нават можна. Чым не вясна пад Новы год. І калі яшчэ такое будзе?..

Я яшчэ мела што сказаць і па-чацвёртае, і па-пятае, ды тут навіны, якімі застракацелі ўсе інфармацыйныя рэсурсы, пра ракету, што заляцела з поўдня на нашу тэрыторыю, збілі з думак, але затое падказалі самы галоўны аргумент, ад якога наўпрост залежаць усе астатнія. Няважна, якія ападкі будуць ісці ў навагоднюю ноч з неба. Галоўнае, каб яно, неба, і ў навагоднюю ноч, і заўсёды над намі, над нашай краінай было мірным. І гэта будзе найвялікшае шчасце і самы вялікі набытак.

Я вельмі шчыра веру, што так яно і будзе. І ўсім нам гэтага найперш жадаю.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.