Вы тут

Рамантычны кароль балю


Фінал года на Брэстчыне вызначыўся, у тым ліку, і надзвычай прыгожым, відовішчным мерапрыемствам — урачыстым адкрыццём унікальнага помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя — Косаўскага палаца-паркавага комплексу. Аб'ект канчаткова ўведзены ў эксплуатацыю пасля 14 гадоў работы па аднаўленні, рэканструкцыя пачалася ў 2008 годзе.


На тэрыторыі цяперашняга Івацэвіцкага раёна палац быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя буйным прамыслоўцам і аматарам мастацтваў Вандалінам Пуслоўскім. І калі Ружанскі палац часта памылкова называюць замкам, бо ён асацыюецца з інтрыгамі, скляпеннямі, жорсткасцю нораваў у прыгонным тэатры, то звесткі пра Косаўскі палац наскрозь прасякнуты рамантызмам. Як у той песні: «Балы, красавицы, лакеи, юнкера».

Рэзідэнцыя, пабудаваная ў стылі англійскай неаготыкі, нагадвала рамантычна-таямнічы замак. І рамантызм, і велічнасць, і таямнічасць стваралі найперш вежы, крыху падобныя на старажытныя замкавыя. Кожная з дванаццаці вежаў сімвалізавала месяц года. Гэтыя вежы сталі галоўным архітэктурным элементам палаца, яго «каньком». Яны маюць зубчастае завяршэнне, што дадае адчуванне старадаўнасці і некаторай непрыступнасці. Апошняму спрыялі таксама аконныя і дзвярныя праёмы стрэльчатых абрысаў накшталт байніц. Вялізныя гатычныя праёмы ў сценах галерэй наводзяць на думку аб асаблівай таемнасці, загадкавасці і велічы пабудовы. Засталося нямала сведчанняў, якія шыкоўныя і незвычайныя балі праходзілі ў Косаве. Упрыгажэннем адной з залаў служыў вялікі акварыум з рыбкамі, а ў зімовым садзе на прывязі сядзеў сапраўдны леў. Кожная зала мела свой асаблівы інтэр'ер, свой колер, за які і атрымала назву. Былі тут Белая, Чорная, Ружовая, Сярэбраная залы. Знакамітая бібліятэка Пуслоўскіх саступала хіба толькі суседняй сапегаўскай у Ружанах. Некалькі тысяч тамоў і рукапісаў налічвала кнігасховішча палаца.

А пра незвычайныя бэзавыя кампазіцыі Косаўскага палаца да гэтай пары ўспамінаюць тутэйшыя жыхары. Калі зацвітаў бэз, скампанаваны па колерах, то воку адкрывалася незвычайнай прыгажосці карціна. Кусты цвілі яшчэ некалькі гадоў пасля пажару 1944 года, пакуль канчаткова не вырадзіліся і не загінулі пад наступленнем лесу. А разбурэнне помніка архітэктуры пачалося ў пачатку мінулага стагоддзя. У гады Першай сусветнай вайны палац быў захоплены немцамі, тады ён атрымаў пашкоджанні, шматлікія каштоўнасці былі вывезены за мяжу. За польскім часам тут знаходзілася сельскагаспадарчая школа, у якой навучалі пчаляроў. Падчас апошняй вайны немцы размясцілі ў палацавым комплексе камендатуру, а побач знаходзілася гета. У 1944 годзе будынак падпалілі партызаны, пажар бушаваў сем дзён. Пасля пажару засталіся толькі сцены. Прырода і час рабілі сваю справу — палац разбураўся, у наваколлі пашыралася запусценне.

Пра рэстаўрацыю гаварылі даўно, а распачаць яе ўдалося толькі ў маі 2008 года ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы. З той пары на аб'ект накіравана амаль 35 мільёнаў рублёў з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў. Першы этап рэканструкцыі завяршылі ў лістападзе 2017 года. Тады быў адноўлены будынак палаца з 12 вежамі, а таксама цокальны і першы паверхі, рэстаўравалі некалькі залаў. Паявілася часовая музейна-выставачная экспазіцыя з пяці залаў. У сярэдзіне 2019 года створана дзяржаўная ўстанова культуры «Косаўскі палацава-паркавы комплекс», у склад якой увайшла таксама музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. У 2020 годзе перад уваходам паявіўся фантан, які ўпрыгожылі дэкаратыўныя элементы.

Раней для наведвальнікаў былі адкрытыя цокальны і першы, а цяпер яшчэ і другі паверх. Цокальны расказвае гісторыю палаца з 1838 года да нашых дзён. На першым дэманструюцца прадстаўлены інтэр'еры былых часоў. Новыя Ізумрудная і Рубінавая залы — сэрца палаца, яны здзіўляюць веліччу і прыгажосцю. У Ізумруднай зале з часам паявіцца экспазіцыя пра захапленне графіні Пуслоўскай флорай і фаунай. У Рубінавай зале партрэты знакамітых беларусаў розных эпох. У наступным годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю парку і воднай сістэмы палаца — яшчэ адной яго адметнасці.

На ўрачыстае падвядзенне вынікаў вялікай работы па рэстаўрацыі сабралася шмат гасцей. «За 14 гадоў рукамі нашых архітэктараў, рэстаўратараў, інжынераў, рабочых пабудовы прыведзены ў цудоўны выгляд, — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. — Сёння гэты комплекс па праве становіцца адной з візітовак Брэстчыны».

Са знамянальнай падзеяй павіншаваў прысутных міністр культуры Беларусі Анатоль МАРКЕВІЧ. Дырэктар філіяла «Брэстрэстаўрацыя» Аляксандр КУШНЯРУК па традыцыі уручыў сімвалічны ключ гаспадарам. Дырэктар комплексу Ірына СЕМЯНЮК правяла экскурсію па залах палаца.

І які ж палац без балю! У Белай зале, як і раней, загучалі вальсы і паланэзы. А прыгожыя юнакі і дзяўчаты, удзельнікі абласнога маладзёжнага балю, кружылі ў танцах. Запрасілі самых таленавітых — пераможцаў алімпіяд і конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, аўтараў інавацыйных праектаў. Імі сталі студэнты чатырох ВНУ рэгіёна, вучні абласнога ліцэя імя П. М. Машэрава, абласнога кадэцкага вучылішча, школ раёнаў вобласці. Да свята юныя дамы і кавалеры рыхтаваліся некалькі тыдняў, таму вальсы, полькі, паўночная кадрыля атрымаліся ў іх выкананні бездакорна. А ў гэтых сценах, якія памятаюць шыкоўныя вячэрнія мерапрыемствы, яны выглядалі надзвычай арганічна.

...На Косаўскі палац варта паглядзець здаля. Асабліва ў ясны, сонечны дзень ён нагадвае замак са старой казкі ці з фільма пра даўніну. Усё-такі нездарма яго называюць апошняй данінай рамантызму ў нашым краі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».