Вы тут

Праўдзіва ілюзорны спектакль Яўгенія Карняга «Прададзены смех»


Нобелеўскі лаўрэат і філосаф Альбер Камю казаў: «Я люблю тэатр за яго праўду. За тое, што не прыхоўваецца ілюзорнасць праўды». Такім ілюзорна праўдзівым альбо праўдзіва ілюзорным атрымаўся новы спектакль Яўгенія Карняга «Прададзены смех».


Новы этап

Сёлета тэатральны рэжысёр Яўген Карняг афіцыйна быў залічаны ў штат Беларускага тэатра лялек. Вядомы перш за ўсё сваімі пастаноўкамі ў драматычным тэатры, Карняг вярнуўся да асноў, з якіх калісьці пачынаў вучобу, — лялечнага тэатра. Імя пастаноўшчыка крытыкі і прэса звязваюць з эксперыментальным тэатрам. Гледачы і аматары сцэнічнага мастацтва чакалі наступны крок рэжысёра.

Які будзе спектакль? Для дзяцей ці дарослых? На аснове якога твора? Ці цалкам аўтарскі? Адказам стаў «Прададзены смех» — першы спектакль для дзяцей ад Яўгена Карняга. У аснове пастаноўкі — казачна-філасофская гісторыя нямецкага пісьменніка Джэймса Круса «Цім Талер, альбо Прададзены смех». Цім Талер мае ўнікальную здольнасць. Яго смех робіць шчаслівым кожнага, хто знаходзіцца побач. Аднак пасля пагаднення з загадкавым баронам Трэчам Цім губляе свой смех — замест гэтага ён атрымлівае ўменне выйграць любы заклад. Толькі багацце не прыносіць шчасця.

Аповесць убачыла свет у 1962 годзе і выклікала шмат пытанняў. Перадусім адзначаўся ўплыў «Фаўста» Гётэ. Прычым твор Круса з маральнага пункту гледжання нясе больш светлыя роздумы, таму што ўсё завяршылася на карысць Ціма Талера. Адзначаліся і дэманалагічныя пласты твора, якія дадаюць яму шматсэнсоўнасці. 

Гледачы, знаёмыя з арыгінальным творам, адразу адзначылі, як безапеляцыйна Яўген Карняг адрэзаў палову персанажаў. Прыбраўшы пабочных герояў, рэжысёр звёў сюжэт да самых неабходным ключавых асоб: Ціма Талера, яго змеепадобнай безыменнай мачахі, барона Трэча і яго антыпода Хрысціяна Рыкерта, Крэшыміра і булачніцы фрау Бебер. Замест выкрасленых персанажаў аўтар уводзіць «апавядальніц, альбо журналістак».

Па ўсім выходзіць, што пастаноўшчыку не патрэбны дадатковыя асобы, каб распавесці гісторыю смеху Ціма Талера.

Страшылкі

У адным са сваіх інтэрв’ю Яўген Карняг адзначаў, што ў спектаклі для дзяцей хацеў бы стварыць «страшылку». У выпадку са светлай аповесцю, якая павінна быць напоўнена знакамітым смехам Ціма, гэта падаецца даволі складаным.

Стварэнне дзіцячага спектакля — заўсёды выпрабаванне для дарослага чалавека. Неабходна не проста паказаць гісторыю, якая зацікавіць маленькіх гледачоў і надоўга застанецца ў памяці, — трэба мець здольнасць бачыць, як на сцэнічныя падзеі паглядзіць дзіця: наколькі «страшылка» атрымаецца страшнай і наколькі тэмы, узнятыя акцёрамі, — прымальнымі.

Удала і па-мастацку Карняг абыходзіць складаныя тэмы. «Апавядальніцы, альбо журналісткі», якіх рэжысёр прыдумаў адмыслова, уяўляюцца адной асобай, якая выказваецца і сама сябе абвяргае. Таму ўсё падаецца фарсам, жартам і не настолькі сур’ёзным, каб аб гэтым клапаціцца бацькам.

Атмасферу саспенсу дапамагаюць стварыць дэкарацыі і касцюмы акцёраў. Мастаком-пастаноўшчыкам спектакля стала Таццяна Нерсісян, лаўрэат шматлікіх тэатральных прэмій. Як і ў іншых творах, рэжысёр змог захаваць непаўторнае ўражанне, што сцэна жывая, «рухаецца».

Складалася гэта не толькі з асаблівых элементаў, якія ўласцівы выключна лялечнаму тэатру (людзі і лялькі ўдзельнічаюць у падзеях на роўных), але і дзякуючы абранай колеравай гаме.  Кіслотныя колеры касцюмаў герояў і фонаў стваралі маляўнічы свет, дзе ўсё магчыма.

Падобным прыёмам у сваіх фільмах карыстаецца амерыканскі рэжысёр Уэс Андэрсан, каб дамагчыся анімацыйнага ўражання. У цёмнай зале яркія жоўтыя ці фіялетавыя касцюмы складаюцца ў пярэстую карцінку, аналагаў якой у тэатры не ўбачыць.

Прадчуванне

Асаблівай увагі вартая акцёрская ігра выканаўца галоўнай ролі. Жвавы і смяшлівы Дзмітрый Чуйкоў існуе на сцэне разам з лялькай. Яны абодва — Цім Талер. Разам залівіста смяюцца і разам перастаюць гэта рабіць. Таму паміж смехам і маўчаннем такая прорва. Зала, напоўненая дзецьмі, вельмі тонка адчула змену.

У першы момант пасля пагаднення галоўнага героя і барона Трэча можна пачуць цяжкія ўздыхі публікі, якая да апошняга не верыць, што Цім цяпер не смяецца.

Смех спачатку Ціма Талера, а пасля барона Трэча — не адзінае гукавое суправаджэнне спектакля. Над музыкай у пастаноўцы працавала кампазітар і рэжысёр Кацярына Аверкава. Дзякуючы сінтэтычным і электронным мелодыям, глядач з лёгкасцю можа сягнуць у атмасферу памежжа часоў. Згубіцца дзесьці па дарозе з Цімам,

які спяшаецца ў булачную фрау Бебер альбо на іпадром, каб зрабіць стаўку на Фартуну — каня, які ніколі не перамагаў, пакуль на яго не паставіў галоўны герой.

Аднак усё роўна ні мастацкія, ні музычныя знаходкі не выходзяць на першы план. Яўген Карняг як вядомы прадстаўнік пакалення новых тэатральных рэжысераў 2010-х не дазваляе форме пераўзысці змест. Драматургія і літаратурны складнік робяць спектакль абавязковым да прагляду не толькі для дзяцей, але і для дарослых.

Яна ЦЭГЛА

Фота Елізаветы МІРОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».