Вы тут

Першая ў гісторыя Вялікага тэатра опера для дзяцей — «Гісторыя Кая і Герды»


Упершыню ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі з’явілася опера для дзяцей «Гісторыя Кая і Герды». Непаўторная пастаноўка расійскага кампазітара Сяргея Баневіча пасля прэм’еры на сцэне Марыінскага тэатра ў 1980 годзе вытрымала дзясяткі новых прачытанняў, але не страчвае сваёй актуальнасці і сёння.


Снежная каралева (Аксана Волкава) і Кай (Аляксандр Гелах).

Увасабленне знакамітай гісторыі Г. Х. Андэрсена ў тэатры ўзначаліла Ганна Маторная. Рэжысёр-пастаноўшчык падкрэсліла, што «Снежная каралева» (другая назва спектакля) застаецца адной з самых важных оперных пастановак для дзяцей.

— Гісторыя, якую распавёў Ганс Хрысціян Андэрсен, не з’яўляецца творам для дзяцей. У лібрэта Таццяны Калінінай матывы крыху зменены. Не спрошчаны, а зменены, — распавяла Г. Маторная на прэс-канферэнцыі. —  Опера заклікана пашырыць наша ўяўленне пра чалавека, пра свет, у якім гэты чалавек існуе. Аповед пра каханне, барацьбу людзей за сваю душу. Пры ўважлівым прачытанні можна выявіць і матывы выхоўвання ўнутранай веры, і самаахвяравання, простага кахання. Нават патрыятызму.

Галоўны рэжысёр Вялікага тэатра адзначае, што, аздобленая мноствам сэнсавых пластоў, казка-опера ў першую чаргу нясе адну галоўную ідэю — кожнаму чалавеку патрэбны дом. Ён павінен быць цёплы, там павінны жыць цудоўныя, шчырыя людзі, якія будуць адданымі і клапатлівымі. Калі на ўзроўні сям’і самыя каштоўныя чалавечыя якасці будуць выхоўвацца, тады ўсё найлепшае прыйдзе ў свет.

Аб няпростым і глыбокім музычным матэрыяле выказаўся дырыжор-пастаноўшчык оперы Юрый Караваеў. Дасведчаны музыкант прызнаўся, што перад аркестрам стаяла няпростая задача — філігранна выканаць фактурна няпросты музычны матэрыял.

Акрамя літаратурнага і музычнага складнікаў, Ганна Маторная зрабіла вялікую стаўку на сцэнаграфію. За дэкарацыі, касцюмы артыстаў і шматлікія спецэфекты адказваюць Андрэй Меранкоў і Вольга Мельнік-Малахава. Для мастачкі работа над «Гісторыяй Кая і Герды» стала першым вопытам супрацоўніцтва з Вялікім тэатрам Беларусі. Дагэтуль сцэнограф працавала ў Беларускім тэатры лялек і, верагодна, на гэта рабілася стаўка. В. Мельнік-Малахава добра знаёма з дзіцячай аўдыторыяй і мае свае спецыфічныя аўтарскія падыходы да стварэння сцэнаграфіі.

— Разам з Андрэем Меранковым мы вырашалі мноства няпростых канцэптуальных момантаў антуражу, — прызнаецца мастачка. — Нягледзячы на тое, што сюжэтна опера дазваляе размах фантазіі, не хацелася пераўтвараць гэта ў дэманстрацыю нашых здольнасцей. Мы імкнуліся ў мностве сусветаў, праз якія ідзе Герда ў пошуках Кая, стварыць кантраст і непаўторнасць.

Пастаноўка выглядае сапраўды маштабна, калі нават ацаніць колькасць акцёраў, якія былі задзейнічаны ў падрыхтоўцы. Снежную каралеву, акрамя Аксаны Волкавай, рыхтуюцца выконваць Дар’я Гаражанка, Кацярына Міхнавец і Аксана Якушэвіч.

Для салісткі тэатра Аксаны Волкавай роля каралевы звыклая. Фактура і моц голасу дазваляюць. Аднак сюжэт п’есы стварае выключную карціну, у якой артыстцы неабходна прадэманстраваць увесь акцёрскі талент, каб стварыць дакладны вобраз злых сіл. Іншыя персанажы, якія таксама ўвасабляюць зло (атаманша, тролі), атрымаліся мілымі і смешнымі.

Роля Атаманшы, па задуме Сяргея Баневіча, абавязкова павінна належаць мужчынам — у Вялікім тэатры асноўным выканаўцам стаў заслужаны артыст Беларусі Станіслаў Трыфанаў. Для слыннага барытона беларускай оперы гэта першая спроба пераўвасобіцца ў жанчыну. Акрамя яго паспрабуюць сябе ў ролі Атаманшы Уладзіслаў Зазулька, Дзмітрый Капілаў і Андрэй Сялюцін.

Саліст оперы Віктар Мендзелеў (Кай) напярэдадні прэм’еры адзначаў, што самым складаным для яго стала розніца ва ўзросце. Чалавеку з двума дзецьмі няпроста вярнуць сябе ў стан 14-гадовага падлетка. Артыст падзяліўся сваім сакрэтам: «Даводзіцца назіраць за дзецьмі, знаходзіць адпаведныя рухі, міміку, каб мой Кай атрымаўся падлеткам.

На жаль, я заўважыў, як непадробныя жывыя эмоцыі з узростам у чалавека знікаюць. Да гэтага стану вельмі-вельмі складана вярнуцца».

Гісторыю пра Кая і Герду неаднаразова ставілі ў тэатрах, экранізавалі ў кіно, пісалі і перапісвалі. За гады існавання сюжэта было складзена шмат легенд і знойдзена мноства інтэрпрэтацый. Цікава і ярка розныя пастаноўшчыкі адкрывалі гледачам аповед. Аднак галоўным здабыткам творчай каманды, якая ставіла оперу, стаў фенаменальны эфект уключанасці ў падзеі. Дарослы застаецца абяззброеным перад шчырасцю і дакладнасцю дзіцячых слоў, страчвае здольнасць глядзець на сцэны дарослымі вачыма, вяртаецца да «ўнутранага дзіцяці».

Яна ЦЭГЛА

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.