Вы тут

Развіццё будаўнічага комплексу абмеркавалі ў Прэзідэнта


Першым публічным мерапрыемствам у графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў новым годзе стаў даклад міністра архітэктуры і будаўніцтва. «Шэраг праблем мне прапанавалі паслухаць, звязаных з будаўнічай галіной. Я не буду гэта рабіць. Гаварыльня нікому не патрэбная», — абазначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён акрэсліў канкрэтныя пытанні.


Першае — спрашчэнне працэсу будаўніцтва, так, як гэта зрабілі па прыватным будаўніцтве. Прэзідэнт нагадаў, што патрабаванні да будаўніцтва прыватнага жылля былі спрошчаны, і людзі станоўча на гэта адрэагавалі. «Участак ёсць у чалавека — будуй. Ты будуеш для сябе, нясеш за гэта адказнасць. І як бачым, людзі самі пайшлі і ў МНС, і да вас, каб вы падказалі, як лепш. Так павінна быць, чалавек сам павінен вызначацца, як яму лепш будаваць дом», — адзначыў Прэзідэнт. Пытанне спрашчэння працэсу будаўніцтва актуальнае і для іншых аб’ектаў. 

«Мы дамовіліся, што да гэтага года вы ўсё ўладзіце і ніхто не будзе крыўдзіцца: ні кіраўнікі прадпрыемстваў, якія будуюць новыя цэхі, ні прыватныя асобы, ні дзяржслужачыя, ні тыя, хто жыллё сабе будзе будаваць, ці тыя, хто будзе купляць кватэры ў шматпавярхоўках. Яны крыўдзіцца на нас не будуць за залішнія непатрэбныя патрабаванні», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён пацікавіўся, ці выкананыя гэтыя дамоўленасці і ці адрэгуляваныя адпаведныя нормы і правілы.

Другое пытанне — вынікі мінулага года. Па словах Прэзідэнта, у будаўнічай галіне яны не цешаць: «Як мяне інфармуюць, вы да ўзроўню папярэдняга года ўпалі. Прынамсі, вы сапраўды не дасягнулі планавых паказчыкаў. Вы зноў пачынаеце даўгабуды спараджаць у краіне». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сярод доўгабудоўлі сустракаюцца і жылыя аб’екты. 

«Гэта бязладдзе. Мы людзям паабяцалі, што своечасова ўвядзем жылыя дамы, а мы іх не ўводзім. Ёсць і іншыя аб’екты недабудаваныя, за гэта спагнанне будзе сур’ёзным», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што не хоча паўтарэння сітуацыі, калі для вырашэння праблемы доўгабудаў прыйшлося прымаць жорсткія меры. 
Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся перспектывамі будаўнічай галіны ў сувязі з планамі па забеспячэнні жыллём вайскоўцаў, шматдзетных сем’яў і іншых катэгорый, якіх было вырашана забяспечыць жыллём у першую чаргу.

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч далажыў, што работа міністэрства ў 2022 годзе была накіравана на забеспячэнне ўстойлівай работы будаўнічага комплексу краіны, безумоўнага выканання задач у жыллёвым будаўніцтве, дыверсіфікацыі рынкаў збыту будаўнічай прадукцыі. Таксама вялася работа над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы ў будаўнічай галіне. «У адносінах да жыллёвага будаўніцтва ўвод жылля ў эксплуатацыю чакаецца ў аб’ёме чатырох мільёнаў двухсот тысяч квадратных метраў, што адпавядае мэтаваму паказчыку дзяржаўнай праграмы на 2022 год. Практычна палова пабудаванага жылля індывідуальнае — 45 працэнтаў. Жылля з дзяржпадтрымкай у 2022 годзе ўведзена на 100 тысяч больш, чым было запланавана, — адзін мільён трыста тысяч квадратных метраў. Таксама перавыкананы планы па будаўніцтве арэнднага жылля на 60 працэнтаў і па будаўніцтве электрадамоў на 35 працэнтаў», — расказаў Руслан Пархімовіч. 

Спрашчэнне прыёмкі жылля павысіць узровень адказнасці 

Пасля даклада ў Прэзідэнта міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч расказаў журналістам, што ў мінулым годзе была выканана вялікая работа па спрашчэнні працэдур у будаўніцтве як жылых, так і прамысловых аб’ектаў. Але яшчэ большы пласт застаецца на бягучы год. Міністр расказаў, што падчас даклада ў Прэзідэнта былі абазначаны пытанні па прымяненні замежных норм на тэрыторыі Беларусі для таго, каб больш эфектыўна выкарыстоўваць інвестыцыйныя праекты. 

Кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне даўгабудаў. Профільны міністр падкрэсліў, што гэта сапраўды праблемнае пытанне, для вырашэння якога за апошнія два гады праведзена вялікая работа. На 1 студзеня 2020 года такіх аб’ектаў было 4560. За два гады іх колькасць скарацілася практычна ўдвая. «Самае галоўнае — не хуткасць, а тое, каб кожны аб’ект (няхай ён не завершаны, прастаяў працяглы тэрмін) быў уцягнуты ў эканоміку і эфектыўна выкарыстоўваўся. На 2023 год мы запланавалі далучэнне 808 чарговых аб’ектаў. Да 2025 года, думаю, іх колькасць скароціцца да мінімуму», — адзначыў Руслан Пархамовіч. Ён падкрэсліў, што пытанне даўгабудаў у жылёвым будаўніцтве тычыцца найперш аб’ектаў комплексу «Мінск-Мір»: «Акрамя нарматыўнага тэрміну будаўніцтва тут яшчэ і інвестыцыйны праект. Там тэрміны будаўніцтва прадугледжаны шырэйшыя, можна будаваць на працягу трох гадоў. Таму па фармальнай прыкмеце яны (жылыя аб’екты) трапляюць у пералік звышнарматыўных».

Міністр архітэктуры і будаўніцтва канстатаваў, што падманутых грамадзян, якія пазбавіліся б сваіх грошай, уклаўшы іх у будаўніцтва, у краіне няма. Некаторыя аб’екты ідуць цяжка, але ўсе аб’екты жыллёвага будаўніцтва, якія і раней траплялі ў гэты пералік, паспяхова ўведзены ў эксплуатацыю.

Вялікае значэнне мае і пытанне спрашчэння прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю. Па словах міністра, гэта павысіць адказнасць заказчыка, праектных і падрадных арганізацый. «Як правіла, удзел у гэтай працэдуры цэлага шэрагу наглядных органаў размывае адказнасць. Атрымліваецца, чым больш подпісаў, тым меншая адказнасць. Па шматкватэрным жыллі мы ўнеслі ва ўрад нарматыўны акт аб скарачэнні гэтага пераліку. У нас будзе вузкі дакладны пералік адказных і за якасць, і за адпаведнасць праектнай дакументацыі. Я спадзяюся, нашы прапановы будуць падтрыманы і, напрыклад, аб’екты шматкватэрнага жылля будзе прымаць толькі адзін наглядны орган — гэта Дзяржбуднагляд. Такое спрашчэнне толькі павысіць узровень адказнасці і якасць выніковых работ», — расказаў Руслан Пархамовіч. 

Журналісты пацікавіліся будаўніцтвам жылля для ваеннаслужачых і шматдзетных сямей. Асноўным дакументам у гэтым пытанні застаецца Дзяржаўная праграма будаўніцтва жылля. Згодна з ёй, сёлета прадугледжана будаўніцтва 4,3 мільёна квадратных метраў агульнага ўводу жылля і 1,3 мільёна квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай. Для ваеннаслужачых запланавана будаўніцтва 477 тысяч квадратных метраў жылля. «У тым ліку 199 тысяч — гэта будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай ва ўласнасць, 278 тысяч — для прадастаўлення ў арэнду. Нашы планы, думаю, рэалізуюцца: дастатковая колькасць пляцовак, фінансавых сродкаў для гэтага ёсць», — удакладніў міністр. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?