Вы тут

Духоўна-асветніцкі цэнтр у Бабруйску атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне»


Сярод лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» — калектыў Духоўна-асветніцкага цэнтра прыхода у гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісаветы ў Бабруйску. Гэта вынік амаль 15-гадовай культурна-асветніцкай дзейнасці прыхода, які цесна ўзаемадзейнічае з дзяржавай.


Фота з сайта elіsavetіnskіprіhod.by

— Каб атрымаць такую прэмію, трэба маліцца і працаваць, як гэта гучыць на латыні — Ora et labora, — адзначае дырэктар цэнтра Васіль Баранчук. — Мы тройчы намінаваліся на атрыманне прэміі, але прысудзілі нам яе толькі цяпер. Пра маштаб узнагароды можна меркаваць па нашых папярэдніках-лаўрэатах. Гэта шыкоўная работа мастакоў па роспісе храма ў Баркалабаўскім манастыры, якія ўпрыгожылі сцены біблейскімі сюжэтамі і выявамі беларускіх падзвіжнікаў. Гэтай жа прэміі ўдастоены і перакладчыкі Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Мы вельмі ганарымся, што наша дзейнасць таксама атрымала высокую ацэнку. Мы працуем з дзецьмі, пачынаючы з дашкольнага ўзросту, яны не губляюць з намі сувязі, нават ужо калі вучацца ва ўніверсітэтах. Усё пачалося з 2007 года, калі протаіерэй Аляксей Канаплёў, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця, прапанаваў арганізаваць вучобу пры духоўна-асветніцкім цэнтры. Ён даведаўся пра цікавы вопыт у Расіі, дзе на той час ўжо дзейнічала 11-гадовая прыватная праваслаўная школа. Нешта падобнае, але менш маштабнае, мы паспрабавалі ўкараніць у нас. Гэты эксперымент мы праводзім разам з трэцяй гімназіяй Бабруйска. Ёсць сумесная дамоўленасць Бабруйскай епархіі і ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама.

Для адукацыі дзяцей выкарыстоўваецца будынак, які быў адноўлены храмам і дзе зараз размяшчаюцца і дамавая царква, і духоўна-асветніцкі цэнтр. Тут паралельна працуюць і гімназічныя класы, і нядзельная школа...

Суразмоўца ўдакладняе, што на сённяшні дзень у гімназічных класах займаюцца 72 дзіцяці, у нядзельнай школе — 130. Акрамя агульнаадукацыйных дысцыплін, якія хлопчыкам і дзяўчынкам гімназічных класаў выкладаюць настаўнікі трэцяй гімназіі, яны яшчэ вывучаюць з дапамогай клірыкаў Закон Божы.

— З 2007 года наш духоўна-асветніцкі цэнтр набірае абароты, уцягваецца ўсё больш людзей, — тлумачыць Васіль Баранчук. — З дзецьмі з нядзельнай школы займаюцца 8 педагогаў. Заняткі праводзяцца яшчэ і па суботах, бо не хапае памяшканняў, каб умясціць усіх ахвотнікаў. У суботу займаюцца тыя дашкаляты, якія толькі пойдуць у першы клас. І дзеці, і іх бацькі наведваюць богаслужэнні, прычашчаюцца. Храм, лічы, у цэнтры горада, шмат прыхаджан.

Дарэчы, цяпер пры духоўна-асветніцкім цэнтры ідуць падрыхтоўчыя курсы, пасля якіх па выніках гутаркі будуць адбірацца вучні для гімназічных класаў. Падрыхтоўчую групу вядзе настаўнік гімназіі, які потым і будзе выкладаць у гэтых дзяцей. Праграма складзена з улікам усіх патрабаванняў Міністэрства адукацыі. Зараз у падрыхтоўчай групе 35 чалавек, у першы клас з праваслаўным ухілам пойдзе каля 20.

Бабруйчане маюць магчымасць развівацца тут духоўна, вучацца любіць сваю Радзіму, служыць Айчыне, як гэта рабілі нашы вядомыя беларускія падзвіжнікі.

Пры духоўна-асветніцкім цэнтры працуюць таксама лекторый для дарослых, аб'яднанні па інтарэсах, дзе моладзь мае магчымасць творча і ўсебакова развівацца. Тут жа працуе добра вядомы ў Бабруйску і не толькі праваслаўны тэатр «Убрус», якім кіруе рэжысёр Людміла Навумчык. Штогод гэты тэатр рыхтуе да Каляд і на Вялікдзень святочныя музычныя спектаклі, у якіх задзейнічаныя да 80 чалавек. І гэта не толькі ўдзельнікі тэатра, але і гараджане, сярод якіх ёсць нават кіраўнікі буйных бабруйскіх прадпрыемстваў.

У рэпертуары спектаклі пра вялікіх беларускіх асветнікаў і грамадскіх дзеячаў — Свяціцеля Георгія Каніскага, Прападобную Ефрасінню Полацкую. Сёлета 8 студзеня ў бабруйскім Палацы мастацтваў будзе паказана пастаноўка «Кірыл Тураўскі — Златавуст Белай Русі». На яго запрошаны прадстаўнікі кіраўніцтва Бабруйска, вобласці, Магілёва.

Ёсць планы ўжо і на прэмію, якая прысуджана прыходу.

— Мы робім якасныя спектаклі, і для іх стварэння нам патрэбна якасная тэхніка, — падкрэслівае дырэктар цэнтра. — Частка грошай пойдзе на набыццё фотавідэаапаратуры для нашых пастановак. У ходзе работы над імі нашы артысты з рэжысёрам выязджаюць на тыя месцы, пра якія ідзе гаворка ў спектаклі і дзе жылі галоўныя яго героі. Потым падчас спектакля паказваем знятыя кадры. Сёлета мы рабілі фота да пастаноўкі ў Тураве, каб дапоўніць пастаноўку кадрамі адтуль. Калі ставілі спектакль пра Ефрасінню Полацкую, выязджалі ў Полацк. Акрамя гэтага, мы здымаем своеасаблівыя «Ералашы» на выхаваўчыя тэмы. Апаратура, якой мы карысталіся, вельмі старая і, здаралася, падводзіла. Купіць новую не маглі сабе дазволіць, бо вельмі дарагая. Але цяпер, дзякуючы прэміі, мы зможам вырашыць праблему.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».