Вы тут

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль — турыстычны брэнд краіны


Напярэдадні Новага года традыцыйна спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта Беларусі адзначаны дзеячы культуры і мастацтва. Адным з лаўрэатаў стаў калектыў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Так на самым высокім узроўні ацэнены ўклад дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы ў развіццё музейнай справы і рэалізацыю выставачных праектаў па захаванні гістарычнай памяці беларускага народа.


Кадр з выставы  «Бывайце, людзі...». Фота gp.by

Візітная картка Гомельшчыны, папулярны турыстычны брэнд, які ўваходзіць у пяцёрку найлепшых музеяў краіны — усё гэта пра Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, які мае статус найвышэйшай гісторыка-культурнай каштоўнасці сусветнага значэння. Штогод яго наведваюць звыш 300 тысяч чалавек.

За мінулы год праведзена больш як дзве тысячы экскурсій і без малога тры сотні культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, арганізавана звыш паўсотні выстаў. Вынікамі плённай работы калектыву падзялілася намеснік генеральнага дырэктара, дырэктар музея дзяржаўнай гісторыка-культурнай ўстановы «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» Аксана Торапава:

— Навукова-даследчая работа супрацоўнікаў нашай установы нацэлена на вывучэнне гісторыі Гомельшчыны, асаблівасцяў матэрыяльнай і духоўнай культуры яе насельніцтва. Важны кірунак дзейнасці нашага калектыву — работа па патрыятычным выхаванні маладога пакалення і захаванні гістарычнай памяці. Летась працягнуў сваю дзейнасць выставачны праект «Перамаглі разам. Франтавыя лісты як пасланне з мінулага», які стаў вынікам плённай працы галоўнага захавальніка музея Таццяны Шоды па гранце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе.

Выстава экспанавалася ў дзяржаўных музеях, установах і арганізацыях Гомеля і Гомельскай вобласці. На аснове праекта падрыхтаваны цыкл лекцый «Сіла ў праўдзе. Ведаць, каб памятаць», які паспяхова чытаецца ва ўстановах абласнога цэнтра. Дзейнасць галоўнага захавальніка музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Таццяны Шоды таксама
была адзначана перамогай у абласным конкурсе «Жанчына года — 2021» у намінацыі «Ганарымся і памятаем».

У Год гістарычнай памяці Гомельскі палацава-паркавы ансамбль арганізаваў выставы, прысвечаныя генацыду беларускага народа на Гомельшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Так нарадзіўся ўнікальны мабільны выставачны праект «Бывайце, людзі... Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі». У Год гістарычнай памяці яго ўбачылі ва ўсіх кутках рэгіёна.

Кадр з выставы  «Бывайце, людзі...». Фота gp.by

— Падчас падрыхтоўкі праекта была праведзена карпатлівая работа з гістарычнымі крыніцамі, упершыню ўведзены ў навуковы абарот шэраг новых матэрыялаў. У красавіку мінулага года арганізатары выставы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякай Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, — нагадала Аксана Торапава. — Праект «Бывайце, людзі... Факты аб злачынствах нацыстаў у акупаваным Гомелі» экспанаваўся ў дзяржаўных музеях Гомельскай вобласці, установах і арганізацыях Гомеля.

Яшчэ адным знакавым патрыятычным праектам Гомельскага палацава-паркавага ансамбля стала выстава «Мы не рабы! Лёсы остарбайтараў у фотадакументах, лістах і ўспамінах». У аснову экспазіцыі ляглі асабістыя справы жыхароў Гомельскай вобласці, якія былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Выстава стала першай дэманстрацыяй такога кшталту дакументаў.

— Абодва знакавыя для Гомельшчыны праекты Года гістарычнай памяці падрыхтаваны дзякуючы сумеснай рабоце з пракуратурай Гомельскай вобласці, Дзяржаўным архівам Гомельскай вобласці і Дзяржаўным архівам грамадскіх аб'яднанняў Гомельскай вобласці, абласной універсальнай бібліятэкай імя Леніна, абласным музеем ваеннай славы і Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны, — адзначыла суразмоўца. — Для гэтых праектаў падрыхтаваныя тэматычныя каталогі. Яны з'явіліся на свет дзякуючы фінансавай падтрымцы прадпрыемстваў нашага рэгіёна — «Гомельводаканала» і «СветлагорскХімвалакна».

Кадр з выставы  «Бывайце, людзі...». Фота gp.by

У красавіку мінулага года Гомельскі палацава-паркавы ансамбль быў занесены на Рэспубліканскую дошку пашаны, а па выніках работы за 2021 год у намінацыі «Лепшая турыстычная арганізацыя горада Гомеля» занесены на Дошку пашаны горада Гомеля.

— Да 880-годдзя Гомеля супрацоўнікамі таксама былі падрыхтаваны праекты «Старэй за 1142» — выстава, заснаваная на матэрыялах археалагічных даследаванняў старажытнага Гомеля і «Вандроўка ў прасторы і часе» — выстава дакументаў і фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць развіццё горада ў розныя гістарычныя перыяды, — дадала дырэктар музея.

Рознабаковая актыўная дзейнасць Гомельскага палацава-паркавага ансамбля па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны, выхаванні ў моладзі пачуцця патрыятызму, дачынення да гісторыі і культуры свайго народа знаходзіць годную ацэнку з боку грамадскасці, а цяпер адзначана і на самым высокім дзяржаўным узроўні, адзначыла дырэктар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аксана Торапава:

— Узнагарода такога высокага ўзроўню — гэта ацэнка прафесіяналізму цэлай каманды людзей. Яны з вялікім сэрцам падышлі да адлюстравання вельмі трапяткой, трагічнай тэмы, дасканала паглыбіліся самі ў гэты матэрыял і змаглі ўздзейнічаць, ускалыхнуць эмацыянальна вялікую колькасць жыхароў Гомельшчыны і не толькі.

У пастаяннай экспазіцыі палаца стаіць скульптура пад вельмі актуальнай сёння назвай «Мір». Яе ў 1814 годзе гаспадар палаца замовіў знакамітаму італьянскаму скульптару Антоніа Канова. Фота Анатоля Клешчука.

Год гістарычнай памяці, безумоўна, натхніў многіх супрацоўнікаў музейнай справы рэгіёна асабіста паглыбіцца ў даследаванне матэрыялаў гісторыі ваеннага часу. Гэта работа вылілася ў грунтоўныя і ўнікальныя праекты.

— Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь цяпер удастоены кіраўнік аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў, — падзялілася дырэктар музея. — Гэта гонар для нашага калектыву. Варта адзначыць, што грант дапаможа рэалізаваць ужо сёлета чарговы выставачны фотадакументальны праект «Скрадзенае дзяцінства». Гэта лагічны працяг тых праектаў, якія мы ажыццявілі ў Год гістарычнай памяці. «Скрадзенае дзяцінства» распавядзе пра лёс дзяцей Гомельшчыны, якія засталіся на акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праект ізноў-такі будзе цалкам заснаваны на дакументальных сведчаннях, архіўных матэрыялах, матэрыялах з музейных фондаў і прыватных калекцый. Тэма вельмі трапяткая, эмацыянальна абвостраная, трагічная, але аб ёй вельмі важна гаварыць, яе вельмі важна ведаць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».