Вы тут

Лі Лянмінь: зорны кітайскі перакладчык у стасунках з беларускай літаратурай


Так сталася, што творчы шлях Лі Лянміня (1919 – 1991) – аднаго з самых уплывовых кітайскіх перакладчыкаў замежнай літарутуры, які пазнаёміў кітайскіх чытачоў з культавымі раманамі “Авадзень” (Э.Л.Войніч) і “Спартак” (Р.Джаваньолі), мае дачыненне да Беларусі і беларускай літаратуры. Менавіта дзякуючы яго намаганням у 1950-1970-я гады былі пераўвасоблены на кітайскую мову аповесці “Дрыгва” Якуба Коласа і “Трэцяя ракета” Васіля Быкава.


Лі Лянмінь нарадзіўся ў Чжэньхай, правінцыя Чжэцзян (цяпер раён Бэйлун, горад Нінбо) (Кітай). Падчас навучання ў сярэдняй школе ў 1937 годзе, разам са сваім братам Лі Сямінам браў удзел у “Групе антыяпонскага нацыянальнага выратавання мястэчка Хэнхэсян”, дзе яны выконвалі антыяпонскія драмы і песні. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў дырэктарам пачатковай школы, загадчыкам па вучэбнай рабоце і інш. У маі 1942 года далучыўся да антыяпонскай базы ў памежным раёне Хуайбэйсувань для ўдзелу ў рэвалюцыйных дзеяннях. У 1946 годзе ён вярнуўся ў Шанхай і быў прыняты на факультэт замежных моў Універсітэта Хуцзян, праз два гады кінуў вучобу і пачаў перакладаць савецкую дзіцячую літаратуру. У межах руху за супраціў амерыканскай агрэсіі і за аказанне дапамогі карэйскаму народу Лі Лянмін нават стаў перакладчыкам пры маршалу Пэн Дэхуаі ў Карэі. З 1953 па 1986 гг. ён працаваў у выдавецтве “Шанхай шаонянь эртун чубаньшэ”, Шанхайскім бюро перакладу і рэдагавання, аддзеле перакладу і рэдагавання “Шанхай івянь чубань” і іншых установах. Лі Лянмінь пераклаў на кітайскую мову “Авадзень” Э.Л.Войніч, “Спартак” Р.Джаваньолі, “Белы раб” Р.Хільдрэта, “Роб Рой” В.Скота, “Качубей” і “Валодзька — партызанскі сын”  А.Первянцава, “Малахітавая шкатулка”, і “Зялёная кабылка” П.Бажова, “Школу” А.Гайдара, “Запіскі партызана” П.Ігнатава, “Аленяня” М.К.Ролінгс, “Снег ідзе” Л.Варанковай, “Знакамітае качаня Цім” Э.Блайтана;  “На моры” “Гвардыі радавой”, “Ночка”, “Галоўны інжынер” Л.Панцялеева, “Хата пад бярозамі” В.Васілеўскай, “Ягорка” П.Гаўрылава, “Цудоўнае падарожжа Нільса з дзікімі гусакамі” С. Лагерлеф і інш.

Лі Лянмінь пачынаў з перакладаў дзіцячай літаратуры, але ў памяці чытачоў ён застаўся “рэвалюцыйным” перакладчыкам. З 1952 года, калі ён зрабіў пераклад рамана Э. Л. Войніч “Авадзень”, Лі Лянмінь выбірае творы пра гераічныя постаці ў сусветнай гісторыі: “Спартак” Р.Джаваньолі, “Белы раб” Р.Хільдрэта, “Качубей” А.Первянцава. У артыкуле “У пошуку слядоў гераічных постацяў – размова пра мой выбар тэмы для літаратурных перакладаў” сам Лі Лянмінь дае такое тлумачэнне: “Галоўныя героі гэтых твораў – мучанікі, гераічныя асобы, якія сфарміраваліся ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны, народна-вызваленчай і класавай барацьбы. Таму выбіраючы тэматыку для маіх мастацкіх перакладаў, я кіраваўся прынцыпам “жыццяпіс гераічнай постаці”… Жыццёвы час абмежаваны, а прастор для навучання бязмежны. Я думаў тады так: сярод вялізнага мора замежных літаратурных твораў трэба ў першую чаргу выбіраць тыя творы, што маюць рэвалюцыйны змест і прынясуць найбольш карысці кітайскаму чытачу. У 1950-я гады адзін за адным выходзілі замежныя мастацкія творы рэвалюцыйнага зместу, якія можна было ахарактарызаваць як “жалезныя характары і кровапралітныя бітвы”, іх выданне выклікала чарговую хвалю цікавасці да чытання. ” 

Коласаўская аповесць пра подзвігі Дзеда Талаша “Дрыгва”, па меркаванні Лі Лянміня, была адным з такіх твораў, – пра “жалезныя характары і кровапралітныя бітвы”. У Кітаі яе пад назвай “Стары герой-партызан” выдавалі двойчы – у 1958 і 1959 гг. у выдавецтве “Шанхай вэньі чубаньшэ” (ранейшая назва –“Сінь вэньі чубаньшэ”). Упершыню арыгінальны твор быў надрукаваны ў часопісе “Полымя рэвалюцыі” (нумары 5-9, 11, 12) ў 1933 годзе. Асобнай кнігай аповесць выйшла ў 1934 г. “Дрыгва” прысвечана падзеям польска-савецкай вайны 1919—1921 гг. і партызанскай барацьбе на тэрыторыі Беларусі, на Палессі. Аповесць заснавана на рэальнай гісторыі  Васіля Талаша, які стаў прататыпам літаратурнага героя – Дзеда Талаша. Сам Я. Колас так пісаў пра гэтую гісторыю: “Чым падкупляў мяне гэты расказ? Цікава была сама ідэалагічная эвалюцыя старога жыхара глухога Палесся, як ён з чалавека непісьменнага, адсталага фармаваўся ў свядомага старонніка савецкай улады і актыўнага барацьбіта за яе, а значыць і за свае класавыя інтарэсы. Вось гэтае фармаванне новага чалавека пад уплывам розных акалічнасцей, як навала белапольскай акупацыі, жорсткая расправа акупантаў з бядняцкім сялянствам, асабліва з тым, што спачувала бальшавікам, з аднаго боку, а з другога – уплыў бальшавізму, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і падпольных камуністычных арганізацый – я і палажыў у аснову сваёй аповесці “Дрыгва”. Але і ў гэтай партызанскай, гераічнай па сваёй сутнасці аповесці Колас не забыўся на ўлюбёныя яму тэмы – жыццё беларускага сялянства, хараство прыроды роднага края.

У 1965 годзе ў перакладзе Лі Лянміня выйшла ўжо “жоўтая кніга” беларускага паходжання – “Трэцяя ракета” Васіля Быкава (Шанхайская рэдакцыя выдавецтва “Цзоцзя чубаньшэ”). Аповесць распавядае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі. Артылерыйскі разлік застаецца адрэзаны ад сваіх на трое сутак. У адным акопе аказаліся розныя людзі, і ім трэба адбіць першую танкавую атаку фашыстаў. В.Быкаў разважае, як смяротная небяспека выяўляе сапраўдныя чалавечыя характары. Упершыню аповесць надрукавана ў часопісе “Маладосць” №2 у 1962 годзе, асобным выданнем “Трэцяя ракета” выйшла таксама ў 1962 г.

“Жоўтымі кнігамі” ў Кітаі называлі выданні для “ўнутранага карыстання”, прызначаныя для азнаямлення дзеячаў літаратуры і мастацтва з творамі замежнай літаратуры ў якасці адваротнага прыкладу. Такая практыка адбывалася ва ўлонні барацьбы супраць савецкага рэвізіянізму. “Жоўтыя кнігі” пачалі выпускаць ў 1950-я гг., але іх пік – 1960-70-я гг. Сваю назву з’ява атрымала за светла-жоўты колер вокладак, пазней такія кнігі сталі выпускаць у светла-шэрай ці белай вокладцы.  Акрамя колеру адметнай вокладку рабіў і надпіс “Для ўнутранага карыстання”. “Жоўтыя кнігі” распаўсюджвалі па спісках, асобнікі забаранялася перадаваць староннім людзям.

Аўтар кнігі “Даследванні рускай літаратуры і перакладу” Цзэн Сыі называе Лі Лянміня таксама перакладчыкам на кітайскую мову яшчэ адной “жоўтай кнігі” беларускага паходжання – аповесці Івана Шамякіна “Снежныя зімы” (выд. “Шанхай жэньмінь чубаньшэ”, 1972-1973) . Але ў самім кітайскім выданні ёсць толькі пазнака, што пераклад выкананы групай перакладчыкаў Школы кадравых працаўнікоў “7-га мая” пры сістэме перыядычнага друку і кнігавыдання Шанхая. Кітайскае выданне аповесці “Снежныя зімы” падрыхтавана і выдадзена ў гады Вялікай культурнай рэвалюцыі ў Кітаі, калі калектыўнае аўтарства, а значыць і калектыўная адказнасць за пераклад, –  даволі зразумелая з’ява.  

 Відавочна, што Лі Лянмінь успрымаў перакладчыцкую творчасць як пэўны грамадскі акт, які патрабуе дакладнага асэнсавання мэты перакладу. Змест, а ў выпадку Лі Лянміня абавязкова пра “пра жалезныя характары”, – галоўны складнік падчас выбару твора для перакладу. І дзякуючы намаганням гэтага знакамітага перакладчыка, гераічныя аповесці “Дрыгва” і “Трэцяя ракета” знайшлі свой шлях да кітайскага чытача.

Вераніка КАРЛЮКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».