Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Гіблае месца»


Сяргей паставіў вядро з грыбамі і стомлена апусціўся на ўслончык ля брамкі. Вядро амаль поўнае. «Знайдзі закурыць», — папрасіў ён мяне бясколерным голасам. Дзіўна: паўгода як брат завязаў з курывам. Нешта было не так. Яго заўсёды ўсмешлівы мяккi твар напружана застыў. Гарэзлівы весялун сядзеў нерухома, як статуя.


Фота: pixabay.com

Брат прыехаў учора ўвечары з Магілёва і з парога апавясціў: «Жыта квітнее — каласавікі пайшлі». А сёння на досвітку ірвануў за грыбамі. Звычайна за грыбамі мы ходзім за Арышт (лес на поўнач ад вёскі) або ў Штаны (лес на паўднёвым усходзе). Вёска шчыльна акружана лясамі, толькі ў бок вёскі Паддуб’е не ходзім — далёка. Туды ісці трэба праз вялікае пшанічнае поле, але за ім таксама лес.

Сяргей сядзеў у дзіўным здранцвенні і глядзеў у пустэчу. «Нават вочы нерухомыя», — ёкнула ў сэрцы. «Знайдзі цыгарэту», — зноў папрасіў ён, і я зразумела — трэба. Збегала да суседа. Працягваючы Сяргею курыва, з непакоем спытала:

— Што здарылася?

— Трапіў у гіблае месца. Да гэтага часу не па сабе, — буркнуў ён і зацягнуўся цыгарэтай.

— Хадзіў у ельнік? — спытала я.

Ельнік — лес на балоце, на захад ад вёскі. Але Сяргей матнуў галавой у бок Паддуб’я:

— Бегаў за поле. Каласавiкi любяць прасветы: уздоўж дарог або поля. Ім патрэбна сонечнае святло. А там нейкае возера.

Было каля дзесяці. Бадзёрыя лісцікі травы выстраіліся і дываном высцілалі двор, паветра было свежым і празрыстым пасля ўчарашняга дажджу. На градках зелянеў лук, там—сям з зямлі чырванелі круглявыя радыскі. Гулі пчолкі — у цэлым, лета набірала сілу. І сярод гэтай жыццесцвярджальнай урачыстасці летняга дня выгляд Сяргея быў яшчэ больш дзіўны.

Трэба было б нарваць лука і радыскі для салаты, але гэта потым. Цяпер мяне турбаваў стан брата. Прысела побач.

— Дзе ты здолеў адшукаць возера? Усе сцяжынкі вакол ходжаны—переходжаны. У нашай мясцовасці толькі адно возера — у Карчомцы, ды яшчэ рэчка. А каб незнаёмае возера... жартуеш? — асцярожна спытала я.

— Каля кіламетра ад поля, — ён паказаў рукой на лес з правага боку ад дарогі ў Паддуб’е. — Дайшоў па абочыне да канца поля і павярнуў у лес. А там баравік трапіўся, потым другі, паглыбіўся ў гушчар. Бачу наперадзе прасвет, я туды. Выскачыў на палянку. У цэнтры возера, вакол яго — чарот. Падышоў памыцца: пакуль за грыбамі бегаў змакрэў, ды і камары пагрызлі. Рассунуў чарот, а прама ля берага дна не відаць.

І возера дзіўнае — чатырохкутнае, берагі роўныя. Стаю, бо памыцца трэба, а не па сабе. Стомленасць навальваецца, у сон хіліць. Агледзеўся, цішыня: ні птушыных галасоў, ні звону камароў... Нерэальная цішыня — травінка не зварухнецца, чарот застыў як на малюнку. На возеры ні рабізны, ні жучка, ні павучка, ні гарлачыка. Люстраная роўнядзь.

І такая жудасць на мяне напала, што валасы на галаве заварушыліся. Думаю: «Трэба сыходзіць. Гіблае месца», а ногі наліваюцца свінцом. Адчуваю — не спраўляюся. Не паверыш, стаў маліцца. З усіх сіл супраціўляюся цяжару, які навальваецца, крок за крокам адыходжу.

А вакол цішыня. У лес зайшоў — палягчэла, я паволі—паволі выйшаў да поля. Ніхто мяне не палохаў, нікога там не бачыў, быццам і баяцца няма чаго, але гэтая цішыня ўсё выціснула з думак і душы, да гэтага часу не магу апамятацца. Нібы пусты збан.  Сяргей змоўк і пайшоў у хату.

Я пачысціла і адварыла грыбы, спытала суседку, ці ведае яна што-небудзь пра возера. Тая паціснула плячыма. Потым успомніла: калі была дзіцем, Маня з іншага канца вёскі нешта такое казала аб чатырохкутным возеры, а потым яе паклалі ў псіханеўралагічны дыспансер. На яе словы ніхто не звярнуў увагі — палічылі, што гэта трызненне...

Мне стала страшна ўдвая, а раптам і Сяргей розумам крануўся? Я зайшла ў хату: «Сярога, як ты сябе адчуваеш?» Ён паціснуў плячыма: «Стаміўся». «Раніцай пойдзем шукаць возера», — цвёрда сказала я. Ён абыякава кіўнуў. Ноч была трывожнай. На досвітку мы пайшлі да возера.

Збіваючы расу, крочылі па краі поля, а потым звярнулі ў лес. «Доўга яшчэ?» — спытала я. «Хвілін дваццаць», — адказаў Сяргей. Мы ішлі і ішлі, а возера не было. Мы шукалі яго паўдня, але так і не знайшлі.

На зваротнай дарозе Сяргей сказаў: «Добра, што не знайшлі. Сам не ведаю, навошта я пайшоў з табой. Гіблае месца, лепш з ім не сустракацца».

Я доўга думала аб возеры, некалькі разоў хадзіла ў той лес, шукала. Вядома, я блізка не падыходзіла б, паглядзела б здалёк. Не знайшла. Сяргей хадзіў пахмурны і маўклівы, курыў і мала размаўляў. Пра возера ён больш не казаў, і толькі да канца лета стаў ранейшым.

У гэтым годзе я прапанавала яму яшчэ раз пашукаць возера, але ён адмоўна пахітаў галавой: «Да гэтага часу памятаю жах, які ахапіў мяне на беразе, і злавесную, беспрасветную цішыню». 

Я б падумала, што ён гэта прыдумаў, але бачыла, які вярнуўся брат. Толькі нешта неверагоднае магло пагрузіць яго ў такі стан.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?