Вы тут

Старшыня Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» падзялілася традыцыямі святкавання праваслаўнага Раства


У нядзельных школах ужо чуюцца ўрачыстыя песнапенні, моладзь рыхтуе спектаклі, храмы ўпрыгожаны. Але Раство не абмяжоўваецца толькі службамі, святочнай вячэрай і падарункамі. Стагоддзямі складваліся праваслаўныя традыцыі сустрэчы гэтага свята свят. На жаль, у многіх сем'ях у мінулым стагоддзі з розных прычын яны перарываліся. Але многае было захавана менавіта дзякуючы царкве. Нават тая ж батлейка. Як паведаміла старшыня Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» Вераніка Сярдзюк, пры багаслоўскім інстытуце таксама была створана батлейка, напісаны дзясяткі сцэнарыяў для прадстаўленняў. Разглядаецца пытанне наконт таго, каб тэксты батлеечных спектакляў увайшлі ў курс па традыцыйнай культуры для дзяцей 5-6 класаў.


Фота: Sb.by

Час для добрых спраў

Вераніка Уладзіміраўна традыцыямі святкавання праваслаўнага Раства ў Беларусі падзялілася падчас круглага стала, які прайшоў у Доме прэсы. Яна згадала і пра тры куцці, і пра беларускія калядкі «Учора звячора», «Дзіўная навіна», «Спі, мой міленькі сыночак», тэксты якіх прыдуманы менавіта беларусамі, а не перакладзены з іншых моў. Святочнымі зімовымі вечарамі рабілі не толькі кашу, але і ламанцы, сліўжыкі ды многія іншыя стравы. Гэтымі днямі ў сваім чаце матушкі з Беларусі дзеляцца рэцэптамі і расказваюць, як стараюцца захаваць іх у сваіх прыходах. Ёсць на Беларусі традыцыя «Па Калядзе», калі святар аб'язджае вёскі, у якіх няма бацюшкі. Тут варта згадаць пра «абедніцу», калі святар уначы можа служыць літургію ў адным храме, наступным днём ехаць у другі, трэці і такім чынам несці радасць Раства ва ўсе прыходы.

На беларускіх землях заўжды былі добрасуседскія зносіны паміж людзьмі. Некаторыя сем'і былі міжканфесіянальнымі, таму і Каляды тут маглі святкаваць два разы. Дарэчы, абход двароў з пажаданнямі дабрабыту і радасці ў нас ладзіўся не толькі на Каляды — з добрым пасылам вясёлыя гурты моладзі ішлі і на Вялікдзень.

Каляды — час для добрых спраў. Сёння людзі кажуць, што ў святочныя дні працаваць нельга, але ў народнай традыцыі ў такія дні дазвалялася нешта рабіць на карысць іншых, напрыклад, дапамагчы ўдовам і сіротам ці выкапаць калодзеж, якім усе змогуць карыстацца. Рабілі такія справы талакой. Культурная і сацыяльная праца — арганізацыя святочных мерапрыемстваў, спектакляў, абходы людзей, абдзеленых увагай, — з'яўляюцца добрым працягам народных дабрачынных традыцый.

На тое, што ў Раство нельга забывацца пра людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, звярнуў увагу і старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі протаіерэй Ігар Карасцялёў. У храмы можна прынесці падарункі, ахвяраванні, якія будуць перададзены сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян. У святочныя дні святары заўсёды стараюцца падтрымаць тых, каго апякаюць.

Вераніка Сярдзюк падзялілася, што ў цэнтр «Матуля» часта звяртаюцца па дапамогу жанчыны, якія трапілі ў складаную сітуацыю. Гэта могуць быць бежанкі, дзяўчаты-мусульманкі, якіх не прымаюць родныя з-за незапланаванай цяжарнасці, маладыя маці. Днямі, напрыклад, тут збіралі сродкі для немаўляці адной з такіх парадзіх.

Пасланне праз традыцыі

«Традыцыі дазваляюць аб'яднаць мінулае, сучаснасць і будучыню», — упэўнены протаіерэй Андрэй Еўдакімаў, настаяцель храма святога Архангела Міхаіла ў горадзе Жодзіне.

— Прамая пропаведзь, заклік да малітвы часта бянтэжыць сучасных людзей. Традыцыі святкавання даюць магчымасць праз цеплыню, абрады ў храме і дамах звярнуць увагу на самае галоўнае — сэнсавы змест свята Раства Хрыстова, на ўсю глыбіню хрысціянства.

Протаіерэй згадаў, што сярод яго сваякоў былі святары, якія служылі яшчэ да рэвалюцыі, а ў сям'і і ў наш час прынята ставіць калядную вячэру на сена. Дзякуючы гэтаму беларускаму звычаю проста перадаць атмасферу свята. Так народ дадаваў у свой побыт сімвалы, якія нагадвалі пра нараджэнне Хрыста. Праз шматвяковыя традыцыі, уклад людзі перадавалі ідэі, веру, надзеі наступным пакаленням, што ўплывала на фарміраванне асобы. Сёння святары стараюцца данесці сэнс Раства нават па-за межамі храма. У прыходзе айца Андрэя прынята напярэдадні свята з размовамі наведваць школы і прадпрыемствы.

Народная філасофія

Напрыканцы мінулага года традыцыя беларускага саломапляцення ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Хочацца верыць, што гэта паспрыяе далейшаму развіццю залацістага рамяства. І беларусы пачнуць упрыгожваць да свята свае дамы не пластыкавымі цацкамі з кірмашоў, а саламянымі павукамі. Вядома, падобнае ўпрыгажэнне ў нашых продкаў мела і ўтылітарнае прызначэнне, паміж яго граняў сапраўдныя павучкі рабілі павуцінне, у якое трапляла дакучлівая машкара. Але традыцыя вешаць на Каляды саламяных павукоў сведчыць і пра глыбокае ўсведамленне беларусамі падзей Раства: напрыклад, народныя паданні пра тое, як павук, каб уратаваць святое сямейства, заплёў уваход у пячору. Начальнік аддзела арганізацыі аховы і ўліку гістарычна-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева адзначыла, што ў беларусаў была традыцыя адмыслова ўпрыгожваць дом да посту. Перад святам ён зноў абнаўляўся, гаспадыні даставалі больш яскравыя посцілкі, багата расшытыя ручнікі. Менавіта ў такія ўпрыгожаныя дамы ішлі калядоўшчыкі... Часам у вёсках бытавалі адметныя рэгіянальныя традыцыі, некаторыя з іх нараджаліся і захоўваліся ў сем'ях. Традыцыі дапамагалі не толькі перадаваць святочны настрой — на іх трымаліся сувязі з родам, з зямлёй, дзе чалавек нараджаўся, традыцыі давалі адказы на многія пытанні, навучалі і з'яўляліся асаблівай засцярогай ад дрэнных думак, ад адзіноты.

Сёння ў Нацыянальным спісе 164 гісторыка-культурныя нематэрыяльныя каштоўнасці. Ён працягвае папаўняцца.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вяртанне сэнсаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.