Вы тут

Работы з саломы Вольгі Смаргуновай з Расон вядомыя ва ўсім свеце


Работы майстра саломапляцення Вольгі Смаргуновай з Расон, што ў Віцебскай вобласці, вядомыя ва ўсім свеце. Дырэктар Дома рамёстваў расказала пра свой шлях і моцную падтрымку сям’і.


Фота: sb.by.

Калядная маска мядзведзя, дзед-мароз, фігурны канёк у натуральную велічыню, калекцыя адзення «Белае золата»... Гэтыя і іншыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з саломкі — справа далікатных рук Вольгі Леанідаўны. Па адукацыі яна юрыст, але 17 гадоў таму замест служэння Фемідзе абрала служэнне мастацтву, што з часам стала прафесіяй.

Шмат гадоў таму жанчына зацікавілася саломапляценнем, калі ўбачыла ўзоры работ з саломкі ў часопісах і ў сюжэтах тэлебачання. Прызнаецца, што захапіла тонкасць выканання, тое, як у руках майстра звычайныя каласы з поля пераўтвараюцца ў карціны, цацкі і ўпрыгажэнні. У асабістай калекцыі Вольгі Леанідаўны пачалі з’яўляцца першыя работы, а пасля, калі ў 2005 годзе ў Расонах адкрыўся Дом рамёстваў, яе запрасілі на пасаду кіраўніка гуртка па інтарэсах. Спачатку шчыравала адна, потым прыйшло папаўненне спецыялістаў. Упартасць, жаданне ўдасканальвацца, якасць работ майстра-самавучкі, якія займалі прызавыя месцы на конкурсах, не маглі застацца без увагі кіраўніцтва раёна, і з 2015 года Вольга Леанідаўна ўзначальвае расонскі «карабель творчасці».

Тонкасці саломапляцення жанчына спасцігла сама: мала хто з майстроў мог падзяліцца сваімі сакрэтамі. «Гэта, я лічу, і зрабіла мяне мацнейшай. Цікава знаходзіць свае асабістыя тэхнікі шляхам спроб і памылак, выпрацоўваць аўтарскі почырк», — усміхаецца жанчына. Сёння работы Вольгі Леанідаўны прадстаўлены не толькі ў экспазіцыі Дома рамёстваў. Многія разляцеліся па свеце: Германія, Канада, Латвія, Англія, Ізраіль, Італія… Замежныя госці ахвотна набываюць сувеніры з беларускага золата. Падчас «Славянскага базару» амаль штогод да расонскага падворка прыходзяць людзі, якія некалі пазнаёміліся з яе творчасцю, з рознай нагоды: прыдбаць новы саламяны капялюш (унікальную рэч, зробленую ў адным экземпляры), кошык з кветкамі або сувенірны рамонак на памяць пра фестываль і Сінявокую. Цікавай статыстыкай за мінулы «базарны» сезон падзялілася з намі Вольга Леанідаўна: Дом рамёстваў прадаў 12 саламяных галаўных убораў і 42 рамонкі!

Для жанчыны саломапляценне ніколі не было абмежавана працоўным днём з 8.00 да 17.00 — справу душы яна штодзень «забірае» дамоў, карпатліва працуе вечарамі. «Не надакучвае ні кроплі, — усміхаецца майстар. — Я вынайшла і сваю формулу, як далучыць людзей да гэтага мастацтва: трэба адаптаваць свае вырабы пад сучасныя тэндэнцыі. Усе звыкліся, што беларуская саломка — гэта, як правіла, павукі, пано, а калі бачаць фігурны канёк у натуральную велічыню — не вераць, што гэта таксама зроблена з саломы». Вольга Леанідаўна зарэгістравана як рамеснік, да яе рэгулярна «прылятаюць» замовы з розных краін, што, безумоўна, цешыць душу майстра.

Нарыхтоўка сыравіны для будучых твораў — справа няпростая, але ў Вольгі ёсць надзейны памочнік — муж Максім. Ён працуе будаўніком, аднак з радасцю дапамагае жонцы ў «саламяных» пытаннях. Снапы, якіх трэба каля 14, нарыхтоўваюць на палях мясцовай гаспадаркі, кіраўніцтва якой ідзе насустрач і прапаноўвае лепшую сыравіну. Жыта добра падыходзіць да ўсіх відаў саломапляцення, мяккі авёс — для дробных элементаў, каласы пшаніцы часта выкарыстоўваюцца ў пано. Прасушкай і пераборкай займаецца Максім, з ахвотай дапамагаюць Вользе два галоўныя агеньчыкі жыцця — сын Арсеній і дачка Сафія. Арсеній займаецца ў гуртку Дома рамёстваў, вечарамі дома з задавальненнем складае маці творчую кампанію.

Зараз пад кіраўніцтвам Смаргуновай у Доме рамёстваў працуюць 5 гурткоў па інтарэсах, яшчэ два — на базе бібліятэкі і клуба, усяго займаецца каля 100 чалавек. Самай маленькай наведвальніцы гуртка саломапляцення ўсяго 5 гадоў, а былая вучаніца Вольгі Леанідаўны зараз працуе майстрам па кераміцы. Акрамя перамог на мастацкіх конкурсах, у скарбонцы ўзнагарод Вольга Смаргунова беражліва захоўвае званне «Жанчына года Віцебшчыны — 2019», падзяку ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Цяпер у планах жанчыны — атрымаць званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

Нядаўна беларускае саломапляценне ўвайшло ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Яно і нядзіўна, калі за гэтым мастацтвам стаяць такія апантаныя і натхнёныя людзі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».