Каб усцерагчы дзіця ад непрыемнасцяў, трэба навучыць яго распазнаваць небяспеку. Таму важна рэгулярна нагадваць пра правілы бяспечных паводзінаў. Выкарыстоўвайце для гэтага розныя сітуацыі: на вуліцы, дома, у падарожжы. Тлумачце дзіцяці ўсё, што адбываецца навокал, прыводзьце прыклады, чаму трэба рабіць так, а не інакш. Ведаючы правілы, ваша дзіця зможа прыняць правільнае рашэнне ў складанай сітуацыі.

З дзяцінства дзіця павінна ведаць, што людзі бываюць розныя — добрыя і злыя. І мець зносіны трэба толькі з тымі, каго ведаеш.
«Правіла чатырох «НЕ» павінна ведаць кожнае дзіця:
- Не размаўляй з незнаёмымі і не ўпускай іх у дом;
- Не заходзь з незнаёмымі ў ліфт ці пад’езд;
- Не сядай у машыну да незнаёмых;
- Не затрымлівайся на вуліцы пасля школы, асабліва калі ўжо цёмна.
Незнаёмы — гэта любы чалавек, якога не ведае дзіця.
Раскажыце дзіцяці, што незнаёмы чалавек, каб зацікавіць і прывабіць да сябе, ідзе на хітрасць. А менавіта:
- Можа назваць па імені, сказаць, што прыйшоў таму, што бацькі папрасілі;
- Незнаёмец можа паклікаць паглядзець мультфільмы, жывёл, пагуляць у кампутар або прапанаваць прысмакі.
- Акрамя таго, падыходзячы да дома, звярні ўвагу, ці не ідзе хто-небудзь следам. Калі хтосьці ідзе — не падыходзь да пад’езда;
- Пагуляй на вуліцы, пакуль гэты чалавек не сыйдзе. Калі адчуваеш небяспеку, зайдзі ў краму ці іншае грамадскае месца і раскажы пра падазронага чалавека;
- Ніколі не ўпускай у кватэру незнаёмага чалавека. Калі тэлефануюць ці грукаюць у дзверы, не падыходзь і не пытайся, хто там. У бацькоў ёсць ключы, яны адамкнуць дзверы самі;
- Ні ў якім разе не адчыняй дзверы асобе, якая прадставілася паштальёнам, лекарам, сантэхнікам, электрыкам, знаёмым бацькоў, нават калі пачне ўгаворваць;
- Калі незнаёмец ужо знаходзіцца ў пад’ездзе, адразу ж выйдзі на вуліцу і дачакайся, калі ў пад’езд увойдзе хтосьці з дарослых жыхароў дома.
- Уваходзь у ліфт, толькі пераканаўшыся, што на пляцоўцы няма незнаёмых людзей, якія могуць зайсці за табой у кабіну;
- Калі незнаёмец усё ж такі зайшоў у ліфт, стой да яго тварам, каб бачыць, што ён робіць. У выпадку небяспекі паспрабуй націснуць кнопку выкліку дыспетчара, крычы, кліч на дапамогу.
- Ні ў якім разе не сядай у машыну, каб паказаць дарогу, краму, аптэку, не выконвай ніякія просьбы кіроўцы.

Растлумачце: калі чалавек незнаёмы, трэба на ўсе прапановы адказваць адмовай і ў выпадку небяспекі крычаць навакольным: «Я яго не ведаю!»
Бацькам неабходна паведаміць дзіцяці, што ніколі і ні пры якіх абставінах яны не дашлюць па яго ў школу, дадому або ў двор незнаёмага чалавека. Калі такі чалавек падыдзе, кім бы ён ні назваўся, трэба неадкладна бегчы ў люднае месца і паведаміць бацькам.
Як паказвае статыстыка, часцей за ўсё дзеці трапляюць у дарожныя здарэнні не толькі таму, што не ведаюць ПДР, а і таму, што небяспека для іх была схавана стаячым аўтамабілем, дрэвамі, плотам. Вам неабходна прыняць усе меры, каб папярэдзіць магчымыя няшчасныя выпадкі.
- Будзьце дзецям прыкладам. Прывучайце дзіця пераходзіць дарогу толькі ў вызначаных месцах;
- Выкарыстоўвайце святлоадбівальныя элементы. Яны дапамогуць кіроўцу загадзя ўбачыць дзіця, а значыць, ён будзе мець магчымасць прыняць меры для тармажэння або экстранага спынення;
- Растлумачце, што, знаходзячыся паблізу або на праезнай частцы, небяспечна размаўляць па тэлефоне або слухаць музыку ў навушніках, бо гэта адцягвае ўвагу. Дзіця павінна разумець, што дарога патрабуе максімальнай канцэнтрацыі ўвагі;
Дзеці ад прыроды даверлівыя. Чым часцей вы будзеце нагадваць ім пра правілы бяспекі, тым лягчэй і хутчэй яны іх запомняць, засвояць і будуць прымяняць на практыцы. Калі жадаеце навучыць дзіця правілам бяспекі, у першую чаргу выконвайце іх самі.
Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА
Фота: pexels.com