Вы тут

Смутак трэцяй разнавіднасці


Яна так любіла гаварыць: «Смутак трэцяй разнавіднасці». Гэта азначала нейкі край, калі зусім дрэнна, маркотна і не відно ніякай перспектывы. Мая бабуля некалі вызначала падобны стан фразай: «Нібы апошняе ў печ укінуўшы». Але яна была самая вясёлая і аптымістычная з нас, і ў яе вуснах гэты «смутак трэцяй разнавіднасці» ўсё ж пакідаў нейкую кволую надзею, намёк на магчымае выйсце.


Таццяны ўжо больш за пяць гадоў як няма з намі. Вельмі часта яе ўспамінаю, і ўвесь час думала, што фразеалагізм гэты яна прыдумала сама, бо была надзвычай вострай на язык, вызначалася дасціпным розумам, здольнасцю да іранічных і мудрых вызначэнняў, уменнем складаць удалыя рыфмы, любоўю да чытання... А нядаўна я сустрэла прыведзены выраз у кнізе.

Варта сказаць, што кніга трапіла мне ў рукі ў сітуацыі амаль анекдатычнай. У невялічкай бібліятэцы нашага мікрараёна, адной з многіх філіялаў гарадской, я папрасіла кнігу Віктара Шніпа «Заўтра была адліга», пра якую шмат пісалі ў нашай газеце. Памяшканне бібліятэкі маленькае, кніжныя паліцы стаяць адразу за крэсламі імправізаванай чытальнай залы, і дастаць патрэбную кніжку бывае вельмі няпроста. Паколькі літара «ш» знаходзіцца амаль ў канцы алфавіта, а творы аўтараў стаяць у алфавітным парадку, маладая бібліятэкарка, сагнуўшыся, каб выцягнуць кнігу з ніжняй паліцы, крыху затрымалася, бо не надта ж зручна чытаць надпісы амаль на ўзроўні падлогі, потым дастала патрэбны фаліянт і тут жа са словамі: «А не хочаце яшчэ адну кнігу гэтага аўтара?» працягнула мне кнігу Катрын Шміт «Ты не памрэш». Потым мы з ёй пасмяяліся з такой блытаніны. Мяне, вядома, нельга аднесці да вялікіх знаўцаў сучаснай еўрапейскай літаратуры, раней, напрыклад, не ведала такой пісьменніцы, але ж калі кніга трапіла ў рукі, то вырашыла, што гэта лёс. І не пашкадавала, што прачытала.

Як высветлілася, прапанаваны мне твор нямецкага аўтара быў адзначаны прэстыжнай літаратурнай прэміяй, і нездарма. Скажу адразу, чытво не з лёгкіх. Гэта гісторыя жанчыны, якая пасля кровазліцця ў мозг і комы паступова вяртаецца з небыцця, па крупінцы збірае памяць, згадвае сваё жыццё і перажывае яго зноў. Свядомасць вяртаецца, але не можа кіраваць целам, якое стала амаль зусім непаслухмяным. Вось у такім стане сапраўды ахоплівае смутак трэцяй разнавіднасці. Але ж многія і ў падобнай сітуацыі знаходзяць сілы і магчымасці вярнуцца да жыцця і, галоўнае, заставацца людзьмі.

Пра кнігу тую, яе філасофію, глыбокія разважанні аўтара нярэдка думаю апошнім часам, жыццё неяк усё падштурхоўвае. Вось і за некалькі дзён да новага года згадала па дарозе ў Бярозу, калі давялося збочыць з трасы М1 і доўга ехаць навакольнымі, не лепшымі шляхамі. Знакамітая на ўвесь свет дарога была перакрытая, мне давялося бачыць такое першы раз. Ніводная аварыя, якіх, на жаль, тут здараецца нямала, не прыводзіла да такіх мер, прынамсі, у апошнія гады . А тут збег трагічных абставін: у пяць гадзін раніцы кіроўца, відаць, заснуў за рулём, і велікагруз урэзаўся ў бетонную апору моста над дарогай. Апора была пашкоджана так, што стала ўяўляць сабой небяспеку, і дарогу перакрылі. Тая фура, скарожаная ад удару і выпаленая агнём, стаяла на месцы аварыі. Мы ўткнуліся ў тэлефоны і сталі шукаць інфармацыю. Знайшлі толькі агульныя звесткі, пісалі, што вадзіцель згарэў у той кабіне.

...Магчыма, згарэў зажыва. Нідзе не пісалі, на якіх нумарах была машына, грамадзянін якой краіны загінуў недалёка ад Бярозы. Іх, велікагрузаў, за дзень па трасе праходзіць сотні з розных краін. Вось і гэты вадзіцель, магчыма, спяшаўся да новага года закончыць сваю работу, каб хутчэй убачыць жонку, прывезці дзецям падарункі, а можа, яго чакала толькі маці. У любым выпадку, на іх, яго сваякоў, абрынулася вялікае гора, бо роднага чалавека ніхто не заменіць, іх жыццё ўжо ніколі не будзе такім, як раней.

Сапраўды, як агледзішся, колькі побач гора і пакут, колькі страт, а мы часам здольныя ўпадаць у смутак, роспач, дэпрэсію з-за жыццёвых дробязяў, узводзячы іх у ранг ледзь не ўсяленскай трагедыі. Апошняе не тое што непрыстойна, але і небяспечна, бо не варта дражніць лёс. Як гаворыць мая мудрая сяброўка Н.: «Калі ты сцвярджаеш, што ў тваім жыцці настала чорная паласа, глядзі, каб заўтра жыццё не тыцнула цябе ў яе носам, і ты ўбачыш: тое, што лічыў чорным, насамрэч аказалася белым, а чорная паласа настае толькі цяпер».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».