Вы тут

Цёплы світар: навінкі сезона. Якія ў трэндзе сёлетняй зімой?


Да сапраўднага цяпла яшчэ далёка, а ў зімовыя дні мала якое адзенне зраўнаецца са світарам па ступені цяпла і камфорту. Калі ж світар яшчэ і модны, вы заўсёды будзеце выглядаць стыльна, нават камбінуючы яго з чорнымі штанамі са свайго базавага гардэроба ці ўлюбёнымі джынсамі.


Фота: pixabay.com

Вырабляецца світар з шэрсці або паўшэрсці. Якія ж світары ў трэндзе сёлетняй зімой? Дызайнеры модных дамоў прапануюць вялікую разнастайнасць мадэляў, спынімся на галоўных варыянтах.

Класічны: на любы выпадак

Звычайны класічны світар знаёмы кожнай: рукавы па запясці, паўпрылеглы сілуэт, высокі каўнер. У такім світары, як той казаў, і на банкет, і ў свет. Мадэль выдатна камбінуецца з любымі штанамі, як вузкімі, так і шырокімі, а таксама са спадніцамі. Пры складанні гардэроба першым чынам варта прадумаць, з чым вы будзеце насіць тую ці іншую рэч. У выпадку з класічным світарам такіх праблем не ўзнікае. Аксэсуары дапамогуць надаць вобразу акцэнт — у залежнасці ад вашых планаў на дзень або вечар.

Кароткі: у трэндзе разняволенасць

Кароткі світар зараз у спісе найбольш актуальных трэндаў. Ідэальна да кроп-світара падыходзяць штаны палаца, джогеры, спадніца мідзі. І, вядома, джынсы. Аднатонны світар ідэальна будзе глядзецца са штанамі ў клетку ў той жа каляровай гаме. Каўнер можа быць шырокі і свабодна ляжаць на плячах або вузкі і шчыльна прылягаць да горла. Ва ўльтрамодных кароткіх мадэляў рукавы аверсайз — шырокія і доўгія. Такі экстрэмальны кантраст стварае ўражанне разняволенасці. Да такога світара можна падабраць цікавы ніз — скураную ці шатланскую спадніцу міні і высокія боты.

Доўгі: для моладзі і не толькі 

Доўгія світары любіць моладзь — як, дарэчы, і кароткія. Носяць іх з легінсамі, джынсамі, вузкімі штанамі, кароткай спадніцай. Вязаны світар можа быць упрыгожаны ўзорам у выглядзе кос, ячэек, ромбаў, шышачак, іншым дэкорам. А таксама зашпількай-маланкай — функцыянальны і практычны трэнд.

З высокімі плячамі: у стылі рэтра

На подыўмах прыкметная настальгія па мінулым стагоддзі: світары ў стылі рэтра з высокім, у зборку, рукавом або з шырокімі плячыма атрымалі новае жыццё ў вырабах модных дызайнераў. Што і казаць, эфектная мадэль, асабліва падабаецца яна дзяўчатам, якія хацелі б зрабіць свой стан візуальна танчэйшым. Часам такі світар дэкарыраваны гузікамі, махрамі.

Мадэлі аверсайз. Хаваць ці не хаваць?

Ну куды ж без іх! Не першы сезон на піку папулярнасці аб’ёмныя світары-«балахоны», якія хаваюць жаночыя формы. А калі хаваць нічога не хочацца, шырокі скураны рэмень з вялікай металічнай спражкай стане дадатковым акцэнтам вобраза. Абутак звычайна выбіраецца без абцаса — грубыя чаравікі на «трактарнай» падэшве або з устойлівым абцасам — напрыклад чэлсі. Світар можа быць у манахроме або з прынтамі — геаметрыя і клетка ўжо не першы сезон у спісе модных тэндэнцый.

Колер. Радуемся жыццю!

Жоўты, карычневы, ружовы, аранжавы, бэжавы, смарагдавы, гарчычны колеры нагадаюць у шэрыя зімовыя дні аб сонечным леце. Разыначка сезона — палоскі, прычым без выразнага пераходу аднаго колеру ў іншы, а са спакойным градыентам.

У такіх мадэлях вы не толькі не змерзнеце ў сцюжу, але і прадэманструеце свой тонкі густ і ўменне ствараць модныя вобразы ў любую пару года.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.