Афіцыйны старт ІІІ літаратурнаму стартапу дадзены: 11 студзеня пачаўся прыём заявак на першы этап конкурсу ЛітUP. Асноўныя ўмовы сёлетняга ЛітUP не змяніліся, жанравая палітра па-ранейшаму шырокая: ідэі аўтараў будуць рэалізаваны ў паэтычных, празаічных, дзіцячых кнігах. Таксама прадугледжаны секцыі літаратуры для падлеткаў і нон-фікшн. Але арганізатары папярэджваюць адразу: работы ананімных аўтараў не будуць прымацца да разгляду.
Падчас прэс-канферэнцыі «Літаратурны стартап. Пачні шлях свайго твора з ЛітUP» намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі адзначыў, што ЛітUP — гэта працэс пошуку людзей, здольных генерыраваць думкі і ўвасабляць іх у жыццё:
— Важна не толькі нарадзіць ідэю, яе таксама неабходна давесці да лагічнага завяршэння. Мы шукаем ініцыятыўных людзей, якія жадаюць рэалізавацца як пісьменнікі, імкнуцца дзяліцца сваімі думкамі і ведамі з шырокім колам чытачоў. ЛітUP дае магчымасць кнігавыдаўцам зразумець, якім патэнцыялам мы валодаем, кансалідуе творчае пісьменніцкае асяроддзе.
Адна з галоўных умоў — 25 % ад твору, заяўленага на конкурс, павінна быць ужо напісана аўтарам. Заяўкі, дасланыя на электронную пошту projects.zviazda@gmail.com, будуць прымацца да 24 лютага ўключна. Другі этап пачнецца 27 лютага, падчас яго кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзяць дырэктары вядучых выдавецтваў краіны, будзе абіраць фіналістаў. Апошні конкурсны этап традыцыйна адбудзецца падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, правядзенне якой запланавана напрыканцы сакавіка. Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч падкрэсліў, што ў выніку, калі вы апынецеся ў складзе фіналістаў, неабходна будзе падрыхтаваць якасную і яскравую прэзентацыю.
— Адбіраючы работы ўдзельнікаў, хочацца ўбачыць актуальныя і сучасныя тэмы для нашай краіны. Падчас выдання кніг мы плануем выкарыстоўваць розныя тэхналогіі, у тым ліку сучасныя дадаткі. Імёны пераможцаў будуць аб’яўлены падчас выстаўкі-кірмашу. Прыкладны тыраж будучых кніг — каля тысячы экзэмпляраў, але калі ваша кніга будзе карыстацца вялікім попытам, магчымы дадатковы тыраж. Пасля заканчэння кожнага конкурснага этапу сачыце за навінамі на сайце Міністэрства інфармацыі, — скіраваў увагу патэнцыяльных удзельнікаў Уладзімір Андрыевіч.
Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота адзначыў, што саюз таксама зацікаўлены ў правядзенні стартапа:
— Для ўдзельнікаў гэта не толькі выдатная магчымасць выдаць кнігі. У нашай арганізацыі не так даўно з’явілася новая функцыя: мы ўвялі кандыдацтва ў сябры саюза. Калі мы заўважаем таленавітых аўтараў, мы можам прапанаваць ім пабыць нейкі час у ролі кандыдата, а пазней прымаем у склад. Стартап дапамагае заўважыць новыя імёны, якія з’яўляюцца ў літаратурным полі нашай краіны.
Супрацоўнікі вядучых кнігавыдавецтваў падчас прэс-канферэнцыі падзяліліся, якім ідэям аддадуць перавагу. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак распавёў, што ў першую чаргу ім цікавыя новыя аўтары, у якіх толькі фарміруецца імя ў літаратуры:
— Калі пісьменнік вядомы, выдаць і прадаць яго, шчыра кажучы, не праблема. А вось калі да нас прыходзіць малады аўтар, якога ніхто не ведае, зрабіць з яго вядомага пісьменніка — вялікі гонар для кожнага выдавецтва.
Дырэктар выдавецтва «Народная асвета» Вікторыя Калістратава адзначыла, што праз стартап жадаюць даць невядомым дзіцячым аўтарам пуцёўку ў жыццё. Загадчыца аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская падкрэсліла, што па-ранейшаму прыярытэтам застаецца папулярызацыя нашай краіны і яе гісторыі. Асноўнымі напрамкамі выдавецтва «Звязда» стане дзіцячая і падлеткавая літаратура, распавяла загадчыца аддзела кнігавыдання Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Шчарбакова.
Калі вы марыце пра выданне ўласнай кнігі, дасылайце заяўку на згаданую вышэй электронную пошту або па адрасе: г. Мінск, вул. Фрунзэ, 5, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Арына КАРПОВІЧ
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.