Вы тут

Опера і балет без новай генерацыі сыдуць у нябыт? Думкі маладых творцаў


У нас чамусьці прынята лічыць, што маладое пакаленне не зацікаўлена ў класічных элітарных відах мастацтва. Нібыта опера і, у меншай ступені, балет без новай генерацыі сыдуць у нябыт. Пагутарылі з маладымі выканаўцамі і кампазітарамі, студэнтамі Акадэміі музыкі, каб развеяць усе гэтыя міфы. Кірыл Кучынскі, Антон Карчэўскі і Антон Шукаў распавялі, як прыйшлі ў музыку, як на іх паўплывала опернае мастацтва і падзяліліся сваімі творчымі дасягненнямі і марамі.


Кірыл КУЧЫНСКІ

Пра шлях

Маю сям’ю можна назваць музыкальнай. Мая бабуля скончыла Магілёўскі каледж па спецыяльнасці рэжысёр і ўзначальвала Дом культуры ў маёй роднай вёсцы Падстарынь. Я з дзяцінства праводзіў час у яе на канцэртах, рэпетыцыях. На змену бабулі прыйшла мая маці. Спачатку яна працавала ў тым жа Доме культуры акампаніятарам, а цяпер кіруе ўстановай.

У 7 гадоў я ўпершыню выйшаў на сцэну. Помню, што канцэрт быў прысвечаны адкрыццю новага клуба. Па­пярэдні згарэў, таму было вырашана адкрыць новы. Калі я не памыляюся, то спяваў нешта з поп-музыкі. Напэўна, «Белые розы» Юрыя Шатунова.

Прыблізна ў той час мяне аддалі ў музычную школу. Услед за маці я скончыў яе па класе баяна. Вучоба была няпростая: ломка голасу ў падлеткавым узросце, іншыя секцыі накшталт футбола, ды больш хацелася спяваць.

Калі вучыўся ў сярэдняй школе, супрацоўнічаў з брэсцкім калектывам «Brest Street Boys». Доўга гэта не працягнулася, але тады я дакладна зразумеў, што трэба паспрабаваць сябе ў гэтым кірунку. Так, у апошні дзень падаў дакументы ў Мінскі каледж мастацтваў. Помню, што мне падавалася: усе спяваюць цудоўна, выразна і прафесійна. Не мог сябе ацаніць. А ў выніку з лёгкасцю паступіў на эстраднае аддзяленне.

Пра перашкоды

Усё ішло б цудоўна, калі б зімой на трэцім курсе мяне не адлічылі. Было асабліва крыўдна, што я адначасова і вінаваты, і не. Аднак ведаў, што ў каледж абавязкова вярнуся. У той перыяд давялося пабачыць жыццё ва ўсіх яго праявах. Працаваў на будаўніцтве, паспрабаваў сябе ў ролі ахоўніка, ды нават проста беспрацоўнага.

Восенню я аднавіўся ў каледжы, гэтым разам паспяхова скончыў. Стала відавочна, што варта працягваць музычную кар’еру. Толькі цяпер я зрабіў стаўку на акадэмічныя спевы. Абраў вакальнахаравы факультэт. Гэта былі новыя няпростыя прыгоды.

Калі няма сіл, то нават атмасфера акадэміі дае падтрымку. Напэўна, слушна назваць гэта духам, які сфарміраваўся за столькі гадоў. Немагчыма ўявіць, каб нехта не пайшоў на вучобу. Там і сцены, і фотаздымкі рэктараў нагадваюць аб дысцыпліне і адказнасці.

Пра оперу

Упершыню ў оперны тэатр я трапіў выпадкова. Сябры запрасілі на «Вяселле Фігара» В. А. Моцарта. Я прыйшоў, здаецца, без асаблівай цікавасці. Аднак з самых першых сцэн быў проста зачараваны. Тое, што я ўбачыў, абяззброіла. Дагэтуль мноства разоў у каледжы сутыкаўся з операй, аднак нават не ўяўляў, што адбываецца непасрэдна на спектаклях.

Пад уражаннем ад твора Моцарта зразумеў, што трэба змяніць кірунак. Я зараз на 3 курсе і адчуваю: не памыліўся. Тады ж вырашыў, што прыйдзе час і мне выступіць на сцэне Вялікага тэатра. Не мара. Мэта, для дасягнення якой неабходна прайсці шмат выпрабаванняў, мноству тэхнік навучыцца і перажыць не адзін адбор.

Я зразумеў, што мне даспадобы больш лёгкія камедыі. Такія як «Вяселле Фігара», «Севільскі цырульнік». Бо люблю жыць весела. Жартаўлівыя гісторыі прывабліваюць больш. Калі опера можа падараваць мне эмоцыі, то лепш, каб яны былі станоўчыя. Асобна адзначаю для сябе «Пікавую даму» і «Травіяту».

У сваім падыходзе ўлічваю ўласныя магчымасці. Мне прасцей рассмяшыць чалавека, добра пажартаваць, стварыць весялосць. Таму і салістаў, майстроў гэтай справы, я ацэньваю асабліва высока.

Пра прафесію

З мінулага года працую ў Тэатры эстрады, і для мяне гэта незвычайны жыццёвы паварот. Пасля ўсяго, што было ў мінулым, падаецца, што ўсё атрымалася вельмі проста. Хоць і хваляваўся на першых спектаклях, аднак была ўпэўненасць: спраўлюся.

Мне цікава ўвасабляць новыя вобразы. Тут патрэбна працаваць не толькі над голасам, але і над артыстызмам. Сапраўдная школа жыцця. Ніякая тэорыя не дапаможа зразумець усе ўнутраныя працэсы на сцэне.

Упэўнены, што доўга яшчэ не змагу забыць свой першы спектакль. Усё прайшло добра, нават вельмі добра.

На маю думку, гэта неабходны пачатак.


Антон КАРЧЭЎСКІ

Пра ўплыў

Нішто ў дзяцінстве не прадракала, што ў 2023 годзе я буду студэнтам Акадэміі музыкі. Мае бацькі не звязаны з гэтым відам мастацтва. Бацька працаваў у міліцыі, маці змяніла некалькі прафесій.

З дзяцінства запомніў, як тата браў гітару і заўсёды забіраў на сябе ўсю ўвагу. У той час я і звярнуўся да бацькі з просьбай, каб ён навучыў і мяне.

У музычнай школе я вучыўся на харавым аддзяленні, але лепш запомніў, як выбіраў музычны інструмент. Мне падалося, што баян і скрыпка нязручныя, нават складаныя. Таму спыніўся на фартэпіяна, бо ў галаве з’явіўся малюнак класічнага кампазітара, які сядзіць за інструментам і складае новы твор. Так праз пэўны час і сталася. Пачаў ствараць і сам.

Пра перамены

Самы трывожны час майго навучання ў музычнай школе — ломка голасу. Не было ніякай гарантыі, што, калі гэты біялагічны працэс адбудзецца, я змагу спяваць. Толькі калі стала зразумела, што голас ёсць і барытон дастаткова акрэслены, змог абдумаць далейшыя планы.

Ні ў чым акрамя музыкі, не бачу сваёй рэалізацыі. Нічога так не лягло на сэрца. Тады было прынята рашэнне паступіць у Мінскі каледж мастацтваў. Яго дапамог выбраць тата. Пашчасціла, што ў сям’і ўсе сур’ёзна ўспрымалі мае заняткі музыкай і заўсёды падтрымлівалі.

Тады я нават падумаць не мог, што захачу калісьці стаць салістам оперы. Падчас паступлення здавалася, што акадэмічны вакал — добры інструмент для эстраднай кар’еры. Але за чатыры гады наву­чання разуменне, што класічная музыка мне бліжэйшая, замацавалася. Усё цяжэй і цяжэй уяўляць сябе ў межах эстраднага жанру.

Пра сачыненні

Музыка, на маю думку, — тое самае мастацтва, якое дапамагае развівацца нават разумова. Не стаяць на месцы. Стаміўся слухаць — іграй. Стаміўся выконваць — чытай пра кампазітараў. Стаміўся чытаць — стварай!

Першы раз пісаць сваё я паспрабаваў у 15 гадоў. Здаецца, гэта было вельмі кеп­ска. Мой перфекцыянізм кажа, што нават зараз, праз 8 гадоў, не атрымліва­ецца. Магчыма гэта не супадае з рэчаіснасцю. Таму што калі я прынёс свае сачыненні выкладчыцы ў каледжы, атры­маў выключна станоўчую ацэнку. І на дзяржаўным экзамене выконваў сваю песню. А ў 2019 годзе на конкурсе «Маладыя таленты Беларусі» за выканан­не маёй песні «Дзіўны сон» я атрымаў Гран-пры.

Пра хуткаплыннасць

Класічная музыка не для ўсіх. Не кожны можа прыйсці, сесці і праслухаць на працягу 3—4 гадзін мноства складаных, глыбокіх кампазіцый. А тым больш калі гэта ўсё аздоблена голасам мужчынскім ці жаночым. У свеце, дзе вельмі лёгка «заліпнуць» на кліпы па тры хвіліны, трэба мець сур’ёзныя падставы прыйсці на шматгадзінны канцэрт. Аднак варта заўважыць, што выраз «не кожны чалавек» ніяк не ўплывае на колькасць наведваль­нікаў, напрыклад, нашага Вялікага тэатра.

Некалькі дзесяцігоддзяў таму гэта было больш проста і натуральна. Людзі мелі менш стрэсу. А акадэмічную музыку варта слухаць у стане расслабленасці і спакою. Прынята лічыць, што музыка павінна хутка, літаральна за тры хвіліны, даць чалавеку эмоцыю, а опера — не тое. У оперным мастацтве «хутка» — амаль заўсёды «кепска».

Яшчэ ёсць момант, што мноства людзей прыходзяць да асэнсавання оперы з узростам. Таму дзіўны дакор у бок моладзі. Нібыта ўсе сталыя людзі, якія зараз наведваюць Вялікі тэатр, у маладыя гады таксама хадзілі на оперу. Маладосць не заўсёды для гэтага. У такім узросце энергія і жывасць б’юць праз край. Ніякая опера не ўтрымае ўвагу. Мне пашчасціла, што я з дзяцінства ў музыцы, таму дастаткова проста ўспрымаю пастаноўкі. А калі чалавека ў дзяцінстве не прывялі, то ідэя паглядзець новую пастаноўку «Травіяты» можа і не прыйсці ў галаву.


Антон ШУКАЎ

Пра класіку

Музычнае дзяцінства ў мяне распачалося нават да таго, як пайшоў у звычайную школу. Мая сястра рыхтавалася да паступлення ў каледж музыказнаўства, таму павінна была слухаць шмат музыкі. У пачатку нулявых ўся класіка была на касетах. Я слухаў разам з ёй. Так пазнаёміўся з Моцартам, Бетховенам і прыйшоў у музычны свет, адкрыў яго.

У музычную школу прыйшоў у 9 гадоў. Стаў піяні­стам. Мне падабалася выконваць кампазіцыі на інструменце, але не менш цікавіла гісторыя музыкі. З вялікім задавальненнем чытаў пра кампазітараў, гісторыі стварэння твораў.

Хутка стала зразумела, што будзе і музычны каледж, і Акадэмія музыкі.

Пра авангард

Момант, калі ўсё змянілася, настаў у шостым класе музычнай школы, у 14 гадоў. Я пачуў твор польскага кампазітара Кшыштафа Пендэрэцкага «Плач па ахвярах Хірасімы». Гэта была авангардная рэч. З такім у музычнай школе не знаёмяць. Дагэтуль мне здавалася, што я проста піяніст, і абмяжоўваўся гэтым. Але маэстра Пендэрэцкі паказаў усе грані і рэальныя магчымасці музыкі.

Распачаліся мае эксперыменты і больш дасканалае вывучэнне свету музыкі. Стала зразумела, што ёсць інструменты па-за класікай, якія могуць ствараць такі яскравы музычны малюнак. І тады ж паўстала пытанне: чаму акадэмічная музыка да гэтага не звяртаецца?

Калі мы кажам пра Пендэрэцкага, які адкрыў мне свет авангарда, то самы моцны твор тут — «Страсці па Луку». Я набожны чалавек, і мяне заўсёды цікавіла літургічная музыка і кампазіцыі, якія суправаджаюць набажэнствы. Таму, пачынаючы з Гродзенскага музычнага каледжа, працаваў арганістам і ў Бернардынскім касцёле ў Гродне, і ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Іўі, і ў Марыінскім касцёле ў Мінску.

Пра беларускасць

На музычным конкурсе ў Самары быў прадстаўлены мой вакальны цыкл на вершы Алеся Разанава. Для мяне было істотна, каб са сцэны гучала беларуская мова. Па шчырасці, у Вялікім тэатры не хапае беларускай оперы, беларускіх балетаў. Зараз паказваюць толькі «Дзікае паляванне караля Стаха», а колькі скарбаў ляжыць на паліцах. Не сумняваюся, што гледачы пайшлі б на беларускія пастаноўкі.

Зараз у рэпертуары тэатра шмат італьянскіх спектакляў, аднак як музыкант і кампазітар разумею, наколькі беларускае выкананне адрозніваецца ад італьянскага.

Мяне цікавяць беларускія матывы. Іх вось якраз толькі беларусы па-сапраўднаму выканаць і могуць. Тут паўплывала і выхаванне, і веданне гісторыі. Не толькі паэты і кампазітары, але народнае мастацтва.

Пра мару

Я мару стаць прадукцыйным і запатрабаваным кампазітарам. А ў ХХІ стагоддзі гэта ажыццявіць асабліва складана. Калі пішаш музыку, трэба быць не проста таленавітым, але і вельмі актыўным. Гэта не заўсёды проста.

Не хачу быць Шубертам, які не чуў ніводнага свайго твора. Ім усё было на­пісана і пакладзена ў стол, а выконвалі гэта толькі пасля яго смерці. Хачу свае сачыненні пачуць.

Яна ЦЭГЛА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».