Вы тут

Лукашэнка павіншаваў жыхароў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей з 85-годдзем з дня ўтварэння рэгіёнаў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жыхароў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей з 85-годдзем з дня ўтварэння гэтых рэгіёнаў.


Віцебская вобласць — самы паўночны рэгіён Беларусі — заўсёды славілася прыгажосцю прыроды, унікальнымі помнікамі, рамёствамі і майстрамі, а яшчэ доблесцю і стойкасцю жыхароў у гады ліхалецця, як гэта было ў час Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «На Віцебшчыне добра ведаюць цану перамогі, умеюць захоўваць народную памяць, традыцыі і вернасць роднай зямлі, — гаворыцца ў віншаванні. — Дзякуючы нястомнай працы многіх пакаленняў развіваецца сельская гаспадарка, асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, будуюцца найноўшыя прадпрыемствы, мадэрнізуюцца вытворчасці, ствараецца сучасная сацыяльная інфраструктура. Далёка за межамі Беларусі вядома грандыёзнае свята мастацтва «Славянскі базар у Віцебску», якое, умацоўваючы дружбу паміж народамі, кожны год збірае тысячы яркіх талентаў з усіх куткоў нашай планеты».

У Гомельскай вобласці, падкрэсліў Прэзідэнт, жывуць майстравітыя, працавітыя, мужныя людзі, бясконца адданыя радзіме. «Сваёй упартай стваральнай працай вы ператварылі некалі патрыярхальны сельскі край у індустрыяльны рэгіён з высокай культурай, развітой навукай, медыцынай і адукацыяй. Разам нам удалося адрадзіць частку пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі зямель і стварыць дастойныя ўмовы для жыцця людзей», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што Гомельская вобласць — найбуйнейшая ў Беларусі па тэрыторыі, тут багатыя прыродныя і інтэлектуальныя рэсурсы, здабываецца нафта і газ, вырабляецца цэлюлоза, сельскагаспадарчая тэхніка, рэалізоўваюцца многія перспектыўныя інвестыцыйныя праекты. «Ёсць чым ганарыцца і ёсць што прапанаваць гасцям», — упэўнены Прэзідэнт.

Звяртаючыся да жыхароў Мінскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэты рэгіён называюць сэрцам Беларусі. «Ён валодае вялікім інвестыцыйным і вытворчым патэнцыялам для развіцця, трывала ўтрымліваючы вядучыя пазіцыі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, паспяхова развіваючы прамысловасць і рэалізоўваючы запатрабаваныя часам маштабныя праекты, у ліку якіх індустрыяльны парк «Вялікі камень» і Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, — гаворыцца ў віншаванні. — Шматграннае культурнае жыццё вобласці. Край славіцца помнікамі архітэктуры, музеямі і яркімі фестывалямі. Міншчына падарыла свету шмат вядомых людзей, сярод якіх светачы беларускай літаратуры, народныя песняры Янка Купала і Якуб Колас».

У віншаванні жыхарам Магілёўскай вобласці кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гісторыя беларускага Прыдняпроўя літаральна саткана з мноства працоўных дасягненняў і ратных перамог, здабытых доблесцю і мужнасцю нашых продкаў. «Сёння ва ўсіх сферах вытворчасці і грамадскага жыцця Магілёўшчыны створаны неабходныя ўмовы для ўстойлівага развіцця эканомікі, павышэння дабрабыту і якасці жыцця людзей, — канстатаваў Прэзідэнт. — У вобласці засяроджаны асноўныя аб'ёмы беларускай вытворчасці хімічных валокнаў, аўтамабільных шын, ліфтаў, цэменту, паступальна развіваюцца жывёлагадоўля і рыбаводства. Арганізацыі рэгіёна паспяхова перабудоўваюцца пад новыя патрабаванні, прадыктаваныя часам. Значным дасягненнем мінулага года стала пераадоленне працаўнікамі вёскі мільённага рубяжа па валавым зборы збожжа».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў жыхарам абласцей моцнага здароўя, міру і дабрабыту.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».