Вы тут

Уся справа ва... усмешцы


«Няхай заўжды вядуць жыццёвай сцежкай // Любоў, краса, дабро ва ўсім і ўсмешка!» — зіхацяць словы-пажаданні на падпісанай мне кнізе ад шаноўнага пісьменніка, мэтра беларускай літаратуры Міколы Чарняўскага. Мікалай Мікалаевіч заўсёды ўсміхаецца, прытым больш вачыма, быццам знутры. Пэўна, у гэтым сакрэт яго даўгалецця?! 16 студзеня Мікола Чарняўскі адзначыць 80-гадовы юбілей і 65-годдзе творчай дзейнасці. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, выдатнік асветы, выдатнік друку, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мікалай Мікалаевіч мае сотні кніг і прызнанне, ідзе па творчым шляху з адкрытасцю і прыязнасцю, якія і падарылі мне ўдачу паразмаўляць з мэтрам і даведацца пра першыя яго крокі і нават расчараванні. Чуйнае сэрца пісьменніка клапатліва зберагло творчыя ўспаміны. І нам, маладым, карысна сёння даведацца пра залацінкі творчасці майстра. 


— Мікалай Мікалаевіч, як прыгожа падпісалі мне кнігу! Каліграфія!

— Гэта ўсё ад урокаў чыстапісання ў школе. Пісалі пёрамі, раўняючыся на касыя лінейкі. Выводзіў, стараўся — пяцёрку зарабіць хочацца, таму абы-як не напішаш. Пёры былі адмысловыя, трэба націскаць — каб спачатку тоненька, потым патаўсцей.

— Такое старанне — прыкмета літаратурнай будучыні?

— Па сутнасці, я вучыўся няблага і па іншых прадметах. Але больш падабалася літаратура, лёгка даваліся вершы на памяць. Я шмат чытаў. Хаця якой была пасляваенная школьная бібліятэка!.. Сямігодка. У канцы калідора стаялі дзве-тры шафы. Хто старэйшы — таму таўсцейшую кніжку давалі. Сельская бібліятэка называлася хатай-чытальняй: год-два-тры знаходзілася ў пэўнай хаце, і гаспадарам штосьці плацілі за гэта, вядома. У хатах-чытальнях было ўсё: ад газет, часопісаў, кніг да гармонікаў, балалаек, гітар, даміно, шахмат. Як кажуць, культурны цэнтр. Клуба не было. І калі прывозілі кіно, паказвалі па хатах, потым у школе. У адным канцы калідора вешалі палатно, а ў другім ставілі апаратуру. Малыя садзіліся на падлозе. Калі я сядзеў на падлозе пад палатном, здавалася, танк ехаў прама на мяне. Які піск падымалі! Для дарослых білет — 2.50, дзецям — рубель. Калі на кінасеанс трапіць не ўдавалася, глядзелі праз вокны з вуліцы — нічога, што выява адлюстроўвалася ў акне дагары нагамі. Помню Тарзана, які з кракадзіламі біўся...

— Ваш лёс вызначыла газета «Піянер Беларусі»...

— У 1960 годзе, калі мяне туды ўзялі на працу, яна выходзіла большым тыражом, чым «Зорька», — каля 500 тысяч экэмпляраў. У «Піянеры Беларусі» 18 ліпеня 1958 года з’явіўся мой першы верш «Васілёк». Гэта было пры Хведару Жычку. Каго ні вазьмі з майго пакалення — усе пачыналі з газеты «Піянер Беларусі». Як, напрыклад, Казімір Камейша. Я ўжо працаваў у рэдакцыі, калі ён даслаў свой верш «Крыгаход». А які з мяне тады яшчэ быў рэдактар — мне самому толькі 18 гадоў! А пісем прыходзіла шмат: у год рэдакцыі «Піянера Беларусі» і «Зорьки» атрымлівалі па 10–12 тысяч пісем. У панядзелак — па два мяшкі, і трэба даваць адказы. Таму ў сераду, калі вярсталіся, — гарачая пара. Я адказваў на пісьмы, але пасля мяне іх чытаў, штосьці падпраўляў Васіль Зуёнак. І вось прыходзіць верш «Крыгаход» з цудоўнымі вобразамі. Я паказаў Зуёнку, і вырашылі яго адкласці, бо ўжо было лета. І наступнай вясной — 1961 года — мы гэты верш надрукавалі. Так адбылася першая публікацыі ў рэспубліканскім друку Казіміра Камейшы. Я пісаў адказ, таму яму як хросны бацька. А мы ж з ім аднагодкі, толькі я са студзеня, а ён — са снежня. Адсюль, з «Піянера Беларусі», і Алесь Бадак, і Алесь Разанаў, і Міхась Зарэмба пачыналі. Дарэчы, Міхась Зарэмба хоць празаік, але пачынаў як паэт. У «Піянеры Беларусі» быў надрукаваны яго верш «Пралеска». Калі мы сустрэліся ў 1960 годзе (ён паступаў на аддзяленне журналістыкі), у «Маладосці» яго надрукаваў Пімен Панчанка. Разам ездзілі на пасяджэнні літаб’яднання ў «Чырвоную змену». Ён яшчэ вучыўся, але яго ўзялі ў «Піянер Беларусі» працаваць. І потым Міхась застаўся там на 20 з нечым гадоў. Але, здавалася, адышоў ад паэзіі, ад літаратурнай творчасці, яго больш захапіла журналістыка. Калі я працаваў у «Бярозцы», пачаў яго крыху тузаць, і ён перайшоў на апавяданні, аповесці — надрукавалі дзве яго аповесці. Так ён і стаў цікавым празаікам.

— Можа, для літаратурных жанраў трэба саспець?

— Многія пісьменнікі прайшлі праз газеты: хто — у «Чырвонай змене», хто — у «Звяздзе», хто — у «Калгаснай паўдзе». І ў тым і адрозненне, што газетная мова — іншая. Аднак усё залежыць ад аўтара: калі ён добра валодае словам, то ў яго і газетная мова выразная. Вось, напрыкалад, Міхась Вышынскі кожнае слова быццам смакаваў. Ён таксама канчаў беларускае аддзяленне філфака. Проза пачатку 1960-х гадоў пайшла арыгінальная (Салаухін і іншыя). Ён яе чытаў з алоўкам і словы сакавітыя выпісваў, часам, можа, нават гэтым злоўжываў. Пташнікава чытаў, а ў яго было шмат дыялектызмаў. У газеты пісьменнікі дасылалі нарысы. Як, напрыклад, паэт Васіль Макарэвіч. Нарысы ў яго — як тая самая проза. Ці той жа Валянцін Мыслівец: нарысы атрымліваліся мастацкія. Паэт Антон Бялевіч, Тарас Хадкевіч, напрыклад, былі нарысістамі ў «Звяздзе», нават пасада такая была ў газеце — нарысіст. А так звычайным журналістам няма калі думаць, шліфаваць. Вечарам прыехаў з камандзіроўкі — а раніцай аддай тэкст.

— А каб пісаць прозу, трэба над ёй бясконца сядзець, карпець? Пэўна, так проста яна не даецца...

— Проза, вядома, патрабуе больш увагі, чым, напрыклад, паэзія. Вершы можаш думаць на хаду. А над прозай трэба сядзець, на хаду — толькі схему сюжэта прадумаць. Цяперашняя проза пайшла камп’ютарная.

Запрашаем на юбілейную сустрэчу з пісьменнікам, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон», выдатнікам народнай асветы, выдатні-кам друку, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Міколам ЧАРНЯЎСКІМ, прысвечаную 80-годдзю з дня нараджэння і 65-годдзю творчай дзейнасці. Сустрэча адбудзецца 19 студзеня ў Доме літаратара (вул. Фрунзэ, 5) у 17.00.

— Зараз камп’ютарная праграма можа сама напісаць твор. І ці патрэбен пісьменнік? Ці магчыма такое ў будучыні?

— Усё можа быць, толькі не ведаю, як іх чытаць будзеце... Хай розум занадта вялікі, але ў камп’ютара няма сэрца, жывога, трапяткога, чуйнага да ўсяго. Ён халодны. Можа, сюжэт і будзе. Але і толькі. Чаму захоўваюцца арыгіналы твораў пісьменнікаў, рукапісы?! Калі складаеш на паперы і папраўляеш рукой — тут жа рэдагуеш, бачны ход думкі. На паперы неяк бліжэй, гэта адпавядае тваёй душы, бліжэй да сэрца. Як я дзецям расказваю: кніжку чытаеш — пад падушку пакладзеш. А яны: «Дык і смартфон пакладзеш!» — «Смартфон халодны, — парырую, — на смартфоне не паспіш». Зараз ва ўсім свеце часцей сталі вяртацца да спаконвечнага, да папяровай кнігі. Яшчэ пераканаўся: рызыкоўна з дзецьмі абыходзіцца з дыдактызмам: «Так не рабі». Яны ўпартыя — і зробяць наадварот. Лепей з гумарам апісаць смешную гісторыю — хутчэй задумаецца. Сатыра і гумар больш выхаваўчыя, чым строгая дыдактыка. Я адпрацаваў 22 гады ў «Бярозцы», і гэтаму там удзялялі вялікую ўвагу. Вершы з усмешкай цяплейшыя. 

— Вы не засяроджваліся толькі на дзіцячай тэматыцы...

— Мяне змалку цікавіла тэма вайны. Яшчэ калі быў школьнікам, у нас у вёсцы жыло шмат тых, хто быў у партызанах, ваяваў. У нас хата была без перагародак, суцэльнае памяшканне, у адрозненне ад іншых, і таму да нас часта вясковыя хлопцы і дзяўчаты прасіліся ладзіць танцы — зручна, месца многа. Збіраліся мужыкі: вясной, бывала, на прызбе сядалі. Зімой прыходзілі ў хату, бліжэй да печкі чыгуннай. На прыпечку ставілі газоўку і курылі, расказвалі адзін аднаму, успаміналі. А я на печы сядзеў і слухаў.

А якраз у «Піянеры Беларусі» была аб’яўлена акцыя «Юныя разведчыкі», каб запісвалі ўспаміны, цікавыя гісторыі. І я гэта рабіў. Надрукавалі. У нашым раёне быў Лозаўскі бой. Цяпер ён апісаны ў энцыклапедыі. І я ведаў падрабязнасці: як наступалі немцы, як ад іх адбіваліся, як загінуў камандзір брыгады — усё з сапраўдных аповедаў відавочцаў. Партызан Міша Рыпінскі, сын нашай суседкі, аднагодак майго старэйшага брата, загінуў у 1945 годзе ў Германіі. Я і пра яго напісаў. Адправіў на конкурс. Хведар Жычка падрыхтаваў і змясціў у кнігу «Наш родны край» разам з творамі Міколы Маляўкі, Мішы Зарэмбы, Марыі Шаўчонак, Міхася Болсуна, дый іншых. Кніга, дзе сабрана творчасць юных карэспандэнтаў, выйшла ў 1959 годзе. Такім чынам, расказаныя гісторыі відавочцаў я пасылаў у рэдакцыі. На жаль, арыгіналаў не засталося. Самае цікавае — як раней ставіліся ў рэдакцыях да сваіх юнкараў. Было гэта на маё 60-годдзе. Прыходзіць у «Вясёлку» Хведар Жычка. Павіншаваў, пагаварылі, а потым дае мне аркушы. Гляджу — і дзіву даюся: гэта ж мой рукапіс! Пра Мішу Рыпінскага, яшчэ іншыя мае запісы пра вайну, яго пісьмо пра тое, што будзе змешчана публікацыя (другі экзэмпляр). Уяві: захаваць з 1959 года (а мне 60 было ў 2003-м). Гэта адзінае, што засталося з маіх арыгіналаў, пачатку творчасці.

Аднойчы ў «Чырвонай змене» я прачытаў пра подзвіг аднаго хлопца — Міхася Усоскага з Барысаўскага раёна, партызана брыгады «Дзядзькі Колі». Пра яго пісаў былы рэдактар падпольнай газеты Даніла Капыткоў, расказваў пра яго сям’ю, як загінуў. І мяне гэта так кранула, што ўзяўся і напісаў паэму «Апошні бой». Паслаў Данілу Капыткову, ён пачытаў, яна выйшла ў 1967 годзе. Яе пахваліў у часопісе «Беларусь» Мікола Хведаровіч. І якраз у мой дзень нараджэння, 25 гадоў, у газеце «Літаратура і мастацтва» выходзіць рэцэнзія на маю кніжку. Поўны натхнення і настрою, разгортваю — і... аблом: «Інфармацыйна, без пачуцця». Подпіс унізе — Р. Барута. Я адразу здагадаўся, хто гэта — Рыгор Бярозкін. Ён тады працаваў у «ЛіМе» ў аддзеле крытыкі. Я, калі заходзіў, бачыў у яго на стале сваю кнігу. Канечне, было крыўдна за крытыку. Але больш — за тое, што Рыгор Бярозкін схаваўся за псеўданімам. А ён тады быў мэтрам, вельмі сур’ёзным крытыкам.

— На вашу думку, ён справядліва пакрытыкаваў?

— Канешне, справядліва! Ён пісаў рэцэнзіі на сур’ёзных нашых класікаў. Лічыўся адным з найлепшых крытыкаў, стаў прызнаным яшчэ ў 1930-я гады, калі яму было 17. У 1939-м у 21 год яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. 

— Пасля крытыкі не апусціліся рукі?

— Калі ўжо потым я сваю паэму перачытваў раз, другі, самому стала сорамна і крыўдна: сапраўды прымітыў, сапраўды інфармацыйна, без жыцця. Мая другая паэма — «Навечна з сонцам» — пра Антона Губарава, падпольшчыка-партызана са Жлобіна, земляка. Яго, параненага на чыгуначным палатне, дзе ён падрываў цягнік, узялі ў палон немцы. Ён вёў сябе дзёрзка, і яго закапалі жыўцом. Потым з’явілася ідэя выдаць кнігу, бо хацелася напісаць яшчэ і пра Марата Казлова, таксама юнага 12-гадовага падпольшчыка з Быхаўскага раёна. У разведцы яго схапілі, катавалі, вушы, нос адрэзалі, рукі ламалі і зорку на грудзях яшчэ выразалі. Ды ён усё мужна вытрываў. І я вырашыў першую сваю паэму «Апошні бой» перапісаць нанова: што выкрасліў, што дабавіў, рыфмы падчысціў, яна павялічылася па аб’ёме. Такім чынам, вярнуўся да яе праз 30 гадоў, уявіце! Ужо меў вопыт, быў спрактыкаваны. І гэтым разам сорамна не было. 

— Як лічыце, што чалавеку дапамагае жыць? 

— Сама патрэба жыць. Будзеш жыць — будзеш нешта рабіць. А каб нешта рабіць — трэба жыць. На радыё я амаль 
30 гадоў вёў літаратурную перадачу «Першыя сцяжынкі» — колькі пералапаціў! Амаль тры дзясяткі гадоў з’яўляюся кіраўніком літсуполкі «Купалінка» Мінскага раёна: колькі праз мае рукі прай-
шло юнацкай творчасці! 

Я па сёння помню почырк нашых літаратараў, напрыклад, Уладзіміра Мазго, Алеся Бадака, якія мне пісалі. Уладзімір Мазго першы верш надрукаваў у «Піянеры Беларусі», а потым ужо ў «Бярозцы», як і Алесь Бадак. Па сёння памятаю яго празаічныя эцюды. Лена Масла першую казку надрукавала ў 5 класе ў «Бярозцы». Калі ўсіх узяць, у каго першая публікацыя была ў «Бярозцы», — дык, лічы, палова пісьменніцкага саюза. З многімі калегамі звёў мяне творчы лёс, за што шчыра ўдзячны.

— Дзякуй, Мікалай Мікалаевіч, за цёплую, прыемную размову! З днём нараджэння! Здароўя, міру, радасці і новых крылатых ідэй! Да сустрэчы на вашым юбілейным творчым вечары!

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА, 

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?