Алена Руцкая мае за плячыма дзесяцігоддзі працы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў якасці дацэнта кафедры беларускай літаратуры (цяпер — кафедра беларускай філалогіі). Вядомая даследчыца, аўтарытэтны вучоны, заслужаны настаўнік Беларусі, аўтар навукова-метадычных прац, нарысаў, артыкулаў, Алена Руцкая вядомая і як пісьменніца. Нядаўна пабачыла свет яе новая кніга — зборнік нарысаў-эсэ «Памятныя сустрэчы», героі якой — славутыя дзеячы літаратуры, культуры і навукі Прынёманскага краю.
Чытачам «Звязды» прапануецца апавяданне, якое сведчыць пра багаты жыццёвы вопыт пісьменніцы, назіральнасць, пачуццё гумару і валоданне трапным мастацкім словам.
Алена БРАВА
Дзядок урэшце выбраў часопіс і пачаў адлічваць грошы. Увішная кіяскёрша адсачыла сферу цікавасці пакупніка, хуценька выграбла са стосіка нейкі штотыднёвік і клапатліва прапанавала набыць, даверліва паведаміўшы, што і сабе купіла, і суседцы па лецішчы. Дзядок іранічна хмыкнуў:
«Гэта што? У нагрузку?» Дзяўчына сумелася — не зразумела. Да яе веку «нагрузкі» не датрымаліся.
Пагурская, што стаяла следам, коратка «прасвятліла» прадаўшчыцу, а ўжо адышоўшы ад кіёска, убачыла дзядка — падобна, чакаў яе. Калі параўнялася, ён сказаў:
— Моладзь ужо і не разумее, што за нагрузкі. Сучасныя рэкламкі і тавар прапаноўваюць, і падаруначкі да яго абяцаюць.
— Хіба кепска? — чамусьці зласліва адгукнулася Пагурская.
— Не, канешне, — згодліва прамовіў няпрошаны спадарожнік і, як бы баючыся перарваць кволую нітачку размовы, хутка загаварыў аб тым, чаго толькі не прыходзілася купляць у нагрузку, каб набыць нешта вартае, жаданае.
Пагурская ўжо крыху разгледзела мужчыну. Ён быў недзе яе веку — каля сямідзесяці, з адмыслова пастрыжанай бародкай, у меру даўгаватымі сівымі валасамі, такімі, якія амаль ніколі не саступаюць месца лысіне. «Або балбатун, або жыве адзін і хоча хоць з кім пагаварыць», — адзначыла сабе. Спадарожнік тым часам зрабіў кароценькую паўзу і, убачыўшы, што жанчына не намерваецца нічога сказаць, прадоўжыў:
— А ведаеце, у гарадку, дзе я вырас, быў цікавы выпадак — якраз з гэтымі самымі нагрузкамі. Вярнуўся з Амерыкі мужчына. Ён да вайны, яшчэ хлопцам, паехаў туды на заробкі. Дык вось, прыехаў, купіў дом. А стрыечны яго брат быў выдатным зубным пратэзістам, уплывовы, вось і ўладкаваў родзіча на працу ў саюздрукаўскі кіёск. Там, вы, пэўна, памятаеце, як і ўсюды, быў план. На яго выкананне давалі крыху дэфіцытаў, а да іх у нагрузку трэба было збываць нехадавое. «Амерыканец» — такую прыляпілі яму мянушку — ніяк не мог зразумець такую схему, тым больш што і некаторыя пакупнікі не хацелі браць непатрэбнае, усчынялі сваркі. Вось і павёў ён гандаль па-свойму. На хадавы тавар цэны падняў, а на «нагрузачны» на такія ж сумы панізіў. Народ на жаданае грошай не шкадаваў, а за капеечнае сварыцца перастаў. Некаторыя разлічваліся і нагрузку не бралі ці тут жа кідалі ў сметніцу. «Амерыканец» складваў выкінутае ў асобны стосік і рэалізоўваў у межах ад адной да пяці капеек. Бабулі сталі купляць танную макулатуру на распальванне печы, на кулькі, у якіх прадавалі семкі і насенне, і ўвогуле хто на што. План забяспечваўся, і сабе прыварак у некалькі рублёў у месяц набягаў. Але, як кажуць, да пары збан ваду носіць. Патрапіў да гэтага кіёска чалавек, які ў гэты ж дзень у такім жа гандлёвым пункце купіў дэфіцытную кнігу, а ў нагрузку да яе дадалі нейкую брашурку. І вось убачыў той пакупнік, што тут «нагрузка» на дзесяць капеек дзешавейшая. Не змог дараваць такога кашчуннага падману і панёсся па інстанцыях скардзіцца. Так выкрылі капіталістычны падыход у дзяржаўным гандлі.
— І што з ім стала? — неяк міжволі пацікавілася Пагурская.
— Ды зноў брат выручыў. Уладкаваў кінамеханікам, — задаволена, што зацікавіў такі гэту насупленую жанчыну, паведаміў дзядок.
Размова затухла. Колькі крокаў яны прайшлі побач моўчкі. Пагурская прыпынілася, паглядзела на спадарожніка з намерам неяк дзяжурна развітацца, а той нечакана ўсмешліва прапанаваў:
— Мы ж усё роўна ў адзін бок ідзём, то цяпер вы мне што-небудзь раскажыце.
Сапраўды, яны ўжо ішлі ўздоўж агароджы, за якой укладвалі трубы. Крыху раздражнёная тым, што неяк саступае гэтаму чалавеку, Пагурская з прыхаванай здзеклівасцю запытала:
— Пра нагрузкі?
Прамовіла, памаўчала і раптам прыпынілася.
— Нешта забыліся? — заклапочана спытаў спадарожнік.
— Здаецца, наадварот, успомніла, — і, злавіўшы зацікаўлены погляд, пачала расказваць. — На трэцім курсе мне даручылі распаўсюджваць білеты. Найгорш было з «нагрузачнымі». Тым разам мне далі пяць білетаў на фантастычна папулярнага тады балгарскага спевака Бісера Кірава, а да іх у нагрузку — чатыры білеты ў філармонію на выступленне маладых скрыпачоў. З горам папалам збыла два, яшчэ адзін — сабе, а вось чацвёрты — у нагрузку да зоркі эстрады — на здзіўленне, без капрызаў забрала аднагрупніца Ада Шчыгельская. Хлопцы за вочы называлі яе графіняй. Яна была прыгожая, апраналася з густам, цёмна-каштанавыя раскошныя валасы заўсёды былі хораша ўкладзены ў высокую мудрагелістую прычоску, а галоўнае — уражвалі яе пастава і хада. Шклянку паўнюткую вады Ада пранесла б на галаве не скалыхнуўшы.
У прызначаны час я разгублена стаяла каля філармоніі. Ніхто з трох «нагрузачных» не прыйшоў. Ужо кіруючыся да ўвахода, азірнулася: да мяне няспешна крочыла Шчыгельская. На маё «пазней не магла» Ада пакруціла перад маім носам маленькім вясновым букецікам: некалькі фіялачак у атачэнні трох яловых галінак. «Вось, у бабулькі купіла. Падару таму, хто будзе карацей за ўсіх пілікаць», — абвясціла яна. І я перастала шкадаваць, што нашы месцы амаль у самым канцы залы.
Змяняліся музыкі, Ада бавіла сябе прыхаваным разглядваннем публікі. Раптам жанчына перад намі з'едліва і даволі гучна прашаптала на вуха суседцы, што зараз выйдзе бяздарнасць, якую прасоўваюць у фінал, што прыкупілі букетаў, падрыхтавалі ўручальнікаў. Вочы Шчыгельскай нядобра прыжмурыліся. Гэту скрыпачку яна слухала ўважліва, хоць, калі брала білет у нагрузку, прызналася, што ў такой музыцы нічога не разумее. А цяпер, як і я, разлічвала на тое, што павінна ж нешта падказаць абуджанае жаданне справядлівасці. Ці спрацаваў эфект лыжкі дзёгцю (каментарый жанчыны), або выкананне сапраўды было нейкае прэсна бездакорнае, не адухоўленае тым таемным, што кранула б і нашы не паланёныя такой музыкай сэрцы, — выступленне не ўразіла. Затое сапраўды, калі дзяўчына раскланялася, там-сям моцна запляскалі, нібы падначваючы іншых, з двух бакоў на сцэну ўзбегла чалавекі чатыры з букетамі. Да гэтага букет сціпла падалі толькі адной дзяўчынцы. Скрыпачка раскланьвалася, расчулена прыціскаючы букеты да грудзей, а канферансье нават паслужліва падхапіў яе скрыпку. «Трыумф удаўся!» — злосна адзначыла тая ж кабета.
Публіка была ўзрушана, перамаўлялася, і новы выканаўца застаўся амаль без увагі.
Некалькі секундаў разгублена пастаяў — у гэтай нерухомасці ён нагадваў вытанчаную парцалянавую статуэтку — і пачаў іграць, як у нейкі выратавальны свет, паглыбляючыся ў гукі скрыпкі. Урэшце зала засяродзілася. Хлопец закончыў выступленне, неяк безнадзейна пакланіўся, узняў галаву і застыў. Застыў і канферансье, што ўжо з'явіўся з-за куліс. Зала насцярожылася. І тут толькі я ўбачыла, што Шчыгельская ўжо ўстала і рушыла да сцэны. Словам «ішла» нельга было і блізка перадаць яе хаду. Стройная, у прыгожай вішнёвай сукенцы, з пацеркамі з чэшскага шкла, што ўспыхвалі зорачкамі пад святлом крыштальных люстраў, яна нібы зачароўвала залу. Каля прыступак затрымалася, і канферансье, падпарадкоўваючыся яе позірку, падбег і правёў на сцэну. Яна наблізілася да скамянелага скрыпача, што трымаў у апушчаных руках скрыпку і смычок, на імгненне прыпынілася, пасля далікатна забрала з яго рукі смычок і ўклала ў вызваленую далонь свой вясновы букецік. Затым прыгожа хітнула галоўкай, павярнулася, усміхнулася публіцы, аддала смычок канферансье. Той ужо ачуняў ад такой неспадзяванкі, галантна дапамог дзяўчыне спусціцца са сцэны і, вярнуўшыся, запляскаў у далоні. Зала дружна падхапіла, паглядаючы то на сцэну, дзе стаяў, заціснуўшы ў руцэ букецік, шчаслівы скрыпач, то на дзяўчыну, што гожа ішла да свайго месца.
Пасля канцэрта мы няспешна рушылі ў гардэроб. Сталі крыху наводдаль. Я першая заўважыла скрыпача, людзі паслужліва скіравалі яго ў наш бок. Ада паставілася да разгубленага хлопца як да даўняга знаёмага, паблажліва пахваліла. Ён пасмялеў, сказаў, што толькі дзякуючы ёй прайшоў у фінал і паедзе ў Ерэван, пасля працягнуў ёй нейкія білеты і праграмку ды запрасіў прыйсці на канцэрт. «Тут два, — прамовіў да мяне. — Прыходзьце разам». Відаць, баючыся пачуць адмову, стаў прасіць прабачэння, што не прадставіўся. Пазнаёміліся. Тым часам гардэроб амаль апусцеў, і мы паспяшаліся апрануцца. Аднекуль прымчаўся канферансье — ім трэба было яшчэ да некага падысці, а таму хутка развіталіся. Ужо ў трамваі Шчыгельская ўкінула мне ў сумачку тыя білеты і заявіла: «Цяпер гэта табе ў нагрузку, а з мяне хопіць. Паслязаўтра ў Палац спорту, будзем слухаць Бісера Кірава». Я прамаўчала — білеты ў нас былі на розны час.
Лёс распарадзіўся па-свойму. У Палацы спорту Ада зноў сустрэла Севу, так звалі таго скрыпача. І на канцэрт, відаць, ён такі ўпрасіў яе схадзіць. Калі я вяртала білеты, Шчыгельская заявіла, што вось у філармонію са мной пайшла, а цяпер мая чарга «адбываць нагрузку».
Каля ўвахода нас сустрэў Сева, а ў фае падышлі яго бацькі. Маці, яшчэ набліжаючыся і разглядваючы здалёк Шчыгельскую, узрадавалася так, нібы атрымала самы жаданы падарунак. Невысокая, паўнаваценькая, яна закружыла вакол злёгку разгубленай Ады, як пчолка каля духмянай кветкі. Урэшце размясціліся мы па яе раскладцы. Шчыгельскую будучая свякроўка ўладкавала там, дзе былі іх чатыры месцы, а на нашы два да мяне пераслалі Севінага сябра. Ім аказаўся той самы канферансье.
Калі б Пагурская, апавядаючы самой сабе тую даўнюю гісторыю, глянула на свайго суразмоўцу, то заўважыла б, як змяніўся выраз яго твару. Да таго ж ён задумліва вымавіў:
— Фаіна Маркаўна была празорлівіца. Адразу вылічыла, што толькі такая, як Адачка, зараўняе ўсе гарбылі і яміны на жыццёвай сцяжыне яе сыночка.
Пагурская аўтаматычна адгукнулася:
— Ада была шчаслівая ў гэтай сям'і. Падобна, аб такой яна і марыла. Гэта і прымірыла яе з сімфанічнай музыкай.
— Толькі прымірыла,— пагадзіўся мужчына.
Пагурская спынілася, нібы наткнулася на нябачную перашкоду. Усвядоміла, што яны гавораць пра адных і тых жа людзей, і здзіўлена ўтаропілася ў спадарожніка.
Той лагодна ўсмінуўся:
— А я той канферансье. Праўда, даўно сышоў са сцэны — стаў інжынерам. Дарэчы, вы даўно з Адай бачыліся?
Жанчына справілася з разгубленасцю, ціха прамовіла:
— Як яна засталася адна і з'ехала ў свой Нясвіж, так сувязь і страцілася.
— А мы вось тыдзень таму выпадкова сустрэліся, запрасіла на дзень нараджэння, якраз у гэту суботу... А паехалі разам. Я на сваёй машыне. Сапраўды... паехалі.
— Сустрэцца хацелася б, але неяк няёмка.
— Што няёмка? Яна цябе ўспамінала. Вось сюрпрыз будзе! — ён па-змоўніцку ўсміхнуўся, выцягнуў мабільнік, набраў штосьці і падаў ёй.
«Сустракай. Абавязкова прыеду. З нагрузкай», — апавяшчаў тэкст.
Алена РУЦКАЯ
У сталіцы адкрылася ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш.
«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».
«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.