Вы тут

Жанчына-сфінкс


Канстанцыя Буйло нарадзілася 14 студзеня 1893 года. Дзе — сказаць цяжка. Доўгі час згадвалася Вільня. Аднак у колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага яе толькі хрысцілі. Не адпавядае ісціне і тое, што нарадзілася на Ашмяншчыне. Праўда, пазней з бацькамі жыла ў тамашняй вёсцы Барсуковіна. Нарадзілася ж, як мяркуецца, у Маладзечне.


Уражанняў шмат

У Вільні хрысцілі невыпадкова. Бацька яе Антон Аляксандравіч да 1895 года працаваў конюхам у князя Гагарына. 
Пасля быў аб’ездчыкам. Сям’я часта пераязджала з месца на месца. Запомніла і тое хараство, што атуляла іх жытло: «Другі, больш выразны ўспамін — гэта сасновы бор, які пачынаўся адразу за нашым домам. Маці пагнала карову да статка, а я пабегла за ёй. Яшчэ не ўзыходзіла сонца, і мне было трошкі страшна бегчы ў лес. Абапал стаялі дрэвы. Злева цягнулася балота, там раслі дрэвы дробныя і было шмат моху, на якім расцілаўся журавіннік — дробненькія лісточкі на тоненькіх, як нітачкі, галінках. Справа стаялі высокія чырванастволыя сосны з шырокімі густа-зялёнымі вяршынямі. Я аслупянела, зачараваная цудоўным відовішчам, на вяршынях усімі колерамі вясёлкі загарэлася густая раса».

Яшчэ адно месца, дзе жыла сям’я: «Сугвазды — маленькі домік ля садка з разваленым плотам і каламутнай сажалкай з карасямі. У садку раслі яблыні, грушы, слівы. Было вельмі цікава раніцой па халоднай расе выбегчы босай у сад падбіраць падалкі, збіраць сыраежкі, якіх так было шмат». Пазней яны падкажуць ёй шмат якія вершы. Сярод іх і «Ружы». Гэта — успамін аб гадах бацькавай службы ў маёнтку графа Буцянова-Храптовіча — Андравонж. Радасць ад хараства прыроды. Але не па гадах сур’ёзнае разуменне — не для ўсіх.

Расла дзяўчынка ўражлівай і дапытлівай. Сямейнікі клікалі Кастусяй. А сяброўка Уладзя Станкевіч называла Костка. А то і пяшчотна — Костачка. Маці Костачкі Настасся Францаўна мела цудоўны голас. Паслухаць яе спевы ў касцёле людзі прыязджалі здалёк. Дома ж стварыла сямейны хор. Спевакамі ў ім былі ўсе: сама, муж, дзеці Стася, Эдзік, Іна, Віця. Канешне ж, не абыходзілася і без Кастусі. Дзяўчынка і да ведаў была ахвочая. Чытаць навучылася ў шэсць гадоў. Гэтаму шмат паспрыяў бацька.

Паводле яе сведчання, «быў бунтар і атэіст. Ён заўсёды падкрэсліваў свае адмоўныя адносіны да Бога, рэлігіі, ксяндзоў і папоў... Ён быў рэвалюцыйна настроены, свядомы грамадзянін і ўсімі сіламі душы ненавідзеў паноў і чыноўнікаў. Гэтую нянавісць да прыгнятальнікаў народа ён перадаў і ўсім сваім дзецям». Але і кнігу Антон Буйло любіў. Не абыдзены талентам, майстраваў музычныя інструменты. Рабіў і чучалы звяроў, птушак. 

Сціпласць падвяла

Нягледзячы на пастаянныя пераезды, Антон Аляксандравіч сабраў прыстойную хатнюю бібліятэчку. Была ў ёй «Дудка беларуская» Мацея Бурачка. З задавальненнем перачытваў паэму «Тарас на Парнасе». Нібыта асабіста быў знаёмы і з Багушэвічам. Трапляючы па справах у іншыя маёнткі ці ў горад, браў што-небудзь пачытаць у знаёмых. Аднойчы ж вярнуўся дахаты не толькі з кнігамі, але і з газетай:

— Глядзіце, дзеткі, наша...

— Наша? — пачулася некалькі здзіўленых галасоў.— Чаму наша?

— А таму, што той мовай, якую заклікае берагчы Мацей Бурачок, напісана, — патлумачыў ён. — Называецца «Наша ніва».

Газета пайшла па руках. Кастусі асабліва спадабаліся вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. І самой захацелася што-небудзь напісаць. Так з’явіўся першы яе няхітры вершык «Лес». Пасля напісала яшчэ некалькі.

Брат Эдуард прапанаваў паслаць іх у «Нашу ніву». Аднак Кастуся чамусьці спалохалася і адмовілася. Тады ён сказаў, што пашле вершы пад сваім імем. З такой прапановай яна згадзілася.

Атрымаўшы нумар за 27 лютага 1909 года, на адной са старонак са здзіўленнем і радасцю ўбачылі верш «Хвоя». Унізе стаяла: «Э. Буйло. Андравонж, Ашм. п.». У тым жа 1909 годзе былі апублікаваны і іншыя дасланыя яе братам вершы: «Салавейка», «Хаўтуры», «Звон». У наступным — «На чужыне». Па-ранейшаму яны былі падпісаны «Э. Буйло». Але ў «Першым беларускім календары «Нашай нівы» на 1910 год аўтарства верша «Лес» пазначана К. Буйло. Як і твораў «Вясной», «Мне сніўся сон», «Дзяўчына», «У бяссонную ноч», «Курган», надрукаваных у «Нашай ніве» ў 1910 годзе. Кастуся нарэшце зразумела, што хопіць гуляць у хованкі.

Яе сціпласць доўга ўводзіла ў зман даследчыкаў беларускай літаратуры. Яны былі ўпэўнены, што паэт Э. Буйло быў у сапраўднасці, аднак загінуў у Першую сусветную вайну. 

Ты — буслянка, а я — Янка

Першым увагу на творчасць маладой паэтэсы звярнуў Янка Купала. Яшчэ не знаёмы з ёю асабіста, у 1910 годзе прысвяціў ёй верш «Мая думка». У твора падзагаловак «Ахвярую Канстанцыі Буйло». 

Сустрэліся яны ў тым жа 1910 годзе. Прыехаўшы ў Вільню, Кастуся завітала да Уладкі. Тая падахвоціла яе схадзіць у «Нашу ніву». Аднак і без прапановы паспяшалася б у рэдакцыю. Знаходзіцца ў Вільні і не пабываць там — недаравальна. Ды яшчэ быў змешчаны Купалаў верш «Мая думка», прысвечаны ёй.

Чаканы дом, у якім месцілася рэдакцыя. Там яе сустрэлі прыхільна. Зразумела, асабліва яе цікавіў Янка Купала. 

Аднак спачатку Іван Дамінікавіч не выказаў вялікага інтарэсу да нечаканых наведвальніц. Хоць, хутчэй, не падаваў выгляду. Толькі пасля таго, як усе пасмяяліся з дасціпнай эпіграмы Максіма Багдановіча на яго, узяўся знаёміцца з Кастусяй.

Свае ўражанні ад сустрэчы пазней яна перадала ў артыкуле-ўспаміне «Вялікая дружба»: «У гэты час нехта ззаду, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Я падняла вочы на даволі высокага, сталага хлапца з хударлявым тварам і праніклівымі, глыбокімі сінімі вачыма. Ён уважліва глядзеў на мяне, быццам вывучаючы. — Ты, мусіць, Буйлянка, — сказаў ён. — Ну, а я — Купала, дык давай знаёміцца. І ён пацалаваў мяне. Гэта было так не падобна на ўсё тое, да чаго я прывыкла, але разам з тым усё было зроблена з такой сардэчнасцю, што я нават не здзівілася».

На настаўніцкіх курсах у Вільні кватаравала разам з Уладкай. Яны часта наведваліся ў рэдакцыю «Нашай нівы». Сустракаліся з Іванам Дамінікавічам. Вынік гэтых сустрэч — жаніцьба Купалы са Станкевіч. І працяг сяброўства з Буйло. Пераехаўшы ў Пецярбург, цікавіўся, «як ідуць выдавецкія справы, раіўся па справах выдання і выказваў свае думкі аб вершах, якія яму падабаліся». Але быў патрабавальным. Прызнаваўся: «Прышлеш сшытак вершаў, пераглядаю іх з цікавасцю, бо сярод звычайных, больш-менш харошых, часам блісне такі сапраўдны алмаз, што прыемна робіцца на душы».

Янка Купала і падахвоціў яе сабраць найлепшыя вершы для выдання першай кнігі. Сама наўрад ці адважылася б на гэта. Ставілася да сваёй творчасці крытычна. Можа, і празмерна. Ужо ў сталым узросце прызнавалася: «Я не зусім верыла гэтым словам, адносячы іх да жадання вялікага майстра слова падтрымаць у маладога аўтара веру ў сябе, каб дапамагчы яму працаваць далей».

Аднак вялікія спадзяванні ўскладаў на яе і Максім Багдановіч. У 1911 годзе ён пісаў у артыкуле «Глыбы і слаі»: «Канстанцыя Буйло абяцае развіцца ў праўдзівы асабісты талент». Праз два гады пацвердзіў свае меркаванні: «Гладка, як і раней, пісала Канстанцыя Буйло».

Першая яе кніга «Курганная кветка» выйшла ў 1914 годзе пад рэдакцыяй Купалы ў Віленскім выдавецтве Марціна Кухты. Вокладку аформіў мастак Язэп Драздовіч. Выяву жанчыны-сфінкса размясціў, відаць, не без падказкі Купалы. Іван Дамінікавіч так тлумачыў гэта ёй: «Ты жанчына і ты сфінкс. Ты пакуль што загадка для іншых, ды, мусіць, і для самой сябе. Пышная шапка вакол галавы сфінкса — гэта твае мары, твае фантазіі». Аднак верш «Курганная кветка» ў кнігу не ўвайшоў. Ён напісаны ў тым жа 1914 годзе, калі кніга ўжо была гатова. А шкада, што запазніўся.

Лепш турма, чым голад

Абставіны не надта спрыялі і ёй самой. Пасля заканчэння курсаў працавала настаўніцай на Лідчыне. Па рэкамендацыі Купалы загадвала кнігарняй у Полацку. Ужо была замужам. Ішла Першая сусветная вайна. Калі з’явілася пагроза нямецкай акупацыі, пакінулі Беларусь. 

Пасяліліся ў Падмаскоўі. 11 лютага 1917 года ў сям’і нарадзіўся сын. Жэнем назвалі. Аднак радасць азмрочылася. Яе бацька, даведаўшыся пра з’яўленне ўнука, захацеў пабачыць яго. Але ў дарозе захварэў на запаленне лёгкіх. Урачы яго не ўратавалі. Галоўныя нягоды напаткалі пазней.

У пачатку 1933 года мужа арыштавалі. Калі не засталося ні скарынкі хлеба, адважылася на смелы крок. Запісалася на прыём да следчага. Адбыўся цуд, няйначай. Следчы патэлефанаваў на завод. Не толькі ад свайго імя, але і ад імя Галоўнага палітычнага ўпраўлення. Назваўшы яе прозвішча, загадаў аднавіць на працы. Хутка прызначылі і загадчыцай склада. Яшчэ пазней загадвала складам на базе лабараторнага абсталявання. Так і працавала да выхаду на пенсію.

Па-ранейшаму амаль не друкавалася. Ужо не толькі таму, што мала пісала. Жонка «ворага народа» амаль не магла прабіцца на старонкі газет і часопісаў. Ды і саму не ўсё задавальняла. І раптам 28 верасня 1940 года газета «Літаратура і мастацтва» змясціла артыкул І. Ляндрэса «Забытая паэтэса». Аўтар сказаў нямала ўхвальных слоў аб творчасці Канстанцыі Антонаўны. Прапанаваў Дзяржаўнаму выдавецтву БССР выпусціць кнігу яе вершаў. Купала прыслаў ёй выразку з гэтым артыкулам. Прасіў як мага хутчэй сабраць найлепшыя творы і выслаць яму.

Але зборнік так і не ўбачыў свет. Творы, падрыхтаваныя да друку, згарэлі ў Мінску ў пачатку фашысцкай акупацыі. Відаць, сярод іх былі не толькі копіі вершаў, але і арыгіналы.

Радасць і роспач

Яе вершы падабаліся і беларускім пісьменнікам, якія бывалі ў Маскве. Вельмі ўзрадавалася, калі Уладзіслава Францаўна пазнаёміла з Кузьмой Чорным. Ён перапытаў: 

— Канстанцыя Буйлянка? Твае вершы чытаў. Ведаю, люблю. 

Гэтае «Буйлянка» ўсцешыла. Пасля Купалы яе ніхто так не называў. Не менш узрадавала, што аўтарытэтныя пісьменнікі цікавяцца яе творчасцю. Што гэта так, пацвердзіў і прыём у Саюз пісьменнікаў БССР. 

Сабраліся ў гасцініцы «Москва». Старшынстваваў Міхась Лынькоў. Сакратаром гэтага незвычайнага пасяджэння быў Пятрусь Броўка. Прагаласавалі аднадушна. Пятрусь Усцінавіч, віншуючы, сказаў, што яна атрымае харчовыя карткі.

Яшчэ большы клопат і ўвагу да сябе адчувала з боку Саюза пісьменнікаў пасля вайны. А прыехаўшы на першы пасляваенны з’езд літаратараў, здзівілася, што верш «Люблю» даўно стаў улюбёнай у народзе песняй. Пераканалі ў гэтым Янка Брыль, Ніна Тарас, Піліп Пестрак. Калі зайшла да іх у пакой, яны дружна заспявалі: «Люблю наш край — старонку гэту...» Адам Русак з вялікім задавальненнем падыгрываў на скрыпцы. 

А пасля вайны ў беларускай эмігранцкай прэсе загучалі абвінавачванні, што савецкія ўлады загубілі талент Канстанцыі Буйло. Каб не было непатрэбнага шуму, у 1950 годзе ў Мінску выдалі яе другую кнігу — «Світанне». Пасля выйшлі «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973), «Вясной» (1984). 

Жыццёвыя нелады, канешне, псавалі настрой. Ды яе лірычная гераіня па-ранейшаму заставалася маладая душой. Прагнула кахання, шчасця, застаючыся даверлівай у сваіх пачуццях:

Ты мяне сягоння не будзі,
Хай мне сон прысніцца сіні, сіні...
Плыць хачу у пругкай мора плыні,
Свежы холад цела каб студзіў —
Каб свяціла сонца так, як летам
У Кактэбелі свяціла нам,
Каб ізноў адчула я ўсё гэта, 
Каб гучала ў душы паэта
Ў поўны голас спеўная струна...

А верш пісаўся, калі ёй было — нават не верыцца! — семдзесят чатыры гады. 

Спеўная струна адкрытай душы

Не стала Канстанцыі Буйло 4 чэрвеня 1986 года. Урну з яе прахам прывезлі ў вёску Вішнева Валожынскага раёна ў 1989 годзе. 

У паэтэсы Ніны Тарас ёсць кніга «У тапаліную замець». Некалі Ніна Міхайлаўна падарыла яе сваёй старэйшай сяброўцы. У аўтографе абыграны два радкі з яе дарэвалюцыйных вершаў:

«Дарагой маёй Канстанцыі Буйло.

«Палявая кветка» —
«Колас адзінокі»...
Друг ты мой харошы, 
Друг ты мой далёкі.
Не завяла кветка,
Колас не зламаўся —
У народзе песняй
Вечнаю застаўся...

Вечная песня Канстанцыі Буйло — найперш верш «Люблю». Але беларускімі кампазітарамі пакладзены на музыку і некаторыя іншыя творы Канстанцыі Антонаўны. Ды і ўсе найлепшыя старонкі яе паэзіі гучаць як спеўная струна адкрытай душы.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».