Вы тут

Стартавала другая хваля набору ў пяты сезон праграмы «Настаўнік для Беларусі»


«Настаўнік для Беларусі» — гэта прагрэсіўная настаўніцкая супольнасць. Яе ўдзельнікі шчыра вераць ў тое, што кожнае дзіця — унікальнае, а школа — гэта месца магчымасцяў для дзяцей.


Праграма «Настаўнік для Беларусі» імкнецца зрабіць так, каб кожнаму дзіцяці (незалежна ад месца яго нараджэння і стартавых умоў) была аднолькава даступная якасная і сучасная адукацыя, а педагогі маглі б у поўнай ступені рэалізаваць свой патэнцыял і прафесіяналізм. Удзельнікі праграмы на працягу двух гадоў працуюць настаўнікамі ў простых рэгіянальных або сельскіх школах — там, дзе яны патрэбныя больш за ўсё, каб забяспечыць роўнасць адукацыйных магчымасцяў для дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі.

У праграме могуць удзельнічаць выпускнікі як педагагічных, так і непедагагічных ВНУ. Ніякіх узроставых абмежаванняў для ўдзельнікаў няма: цяпер у праграме ёсць тыя, хто толькі скончыў ВНУ, і тыя, чый педагагічны стаж перавышае 25 гадоў. Арганізатары чакаюць прафесіяналаў з розных сфер, якія гатовы стаць настаўнікамі і прыўнесці ў гэту прафесію новыя ідэі, стаць важным дарослым для дзяцей і прычынай сістэмных змен у адукацыі. Такім людзям аказваецца метадычная дапамога, у іх ёсць магчымасць паступіць і вучыцца ў магістратуры педагагічнага ўніверсітэта за кошт сродкаў Фонду «Новая школа». І такім чынам даволі хутка асвоіць асновы педагогікі. Акрамя гэтага вялікая база ведаў фарміруецца падчас «Летняга інтэнсіву». 

«Летні інтэнсіў» — гэта першы этап двухгадовай адукацыйнай праграмы, у рамках якой кожны ўдзельнік зможа прапанаваць свае асабістыя і прафесійныя навыкі. У гэтым яму дапамагаюць эксперты з галіны навукі і адукацыі, мастацтва, бізнесу, менеджменту і ўсёй супольнасці «Настаўнік для Беларусі». Гэта этап максімальнага пагружэння ў педагогіку і сябе ў ёй, у Праграму і яе каштоўнасці.

Арганізатары аказваюць дапамогу ахвотным далучыцца да праграмы ў падборы школы, але можна застацца працаваць і ў сваёй. Галоўнае, каб школа падала заяўку на ўдзел у праграме. 

Адбор прадугледжвае чатыры этапы: запаўненне анкеты, дыстанцыйнае інтэрв’ю, групавы анлайн-тур і «Летні інтэнсіў». Крытэрыі абору — высокая ўсвядомленая матывацыя, гатоўнасць да навучання і развіцця, шчыры інтарэс да ўнутранага свету дзіцяці, здольнасць убачыць у кожным магчымасці для развіцця і раскрыцця патэнцыялу, лідарская жыццёвая пазіцыя, камунікатыўныя навыкі, эмпатыя (здольнасць разумець пачуцці, эмоцыі і жыццёвую сітуацыю іншага чалавека), уменне наладжваць кантакты і выбудоўваць партнёрскія стасункі, прафесіяналізм, веданне свайго прадмета і здольнасць зацікавіць ім іншых. 

Праграма аказвае ўдзельнікам куратарскую, метадычную, праектную і фінансавую падтрымку, фарміруе актыўную супольнасць настаўнікаў-лідараў, рэалізуе адукацыйныя спецпраекты. Удзельнікам выплачваецца штомесячная стыпендыя ў памеры 250 рублёў, аказваецца дапамога ў аплаце арэнды жылля пры пераездзе на новае месца працы і жыхарства (150 рублёў — у сельскай і 250 рублёў — у гарадской мясцовасці). Таксама ўдзельнікі атрымліваюць новы ноўтбук для камфортнай работы.

Цяпер у Праграмы «Настаўнік для Беларусі» — 23 школы-партнёра. Гэта ўстановы адукацыі, дзе працуюць удзельнікі трэцяга і чацвёртага набораў. Праграма прадстаўлена ў 19 раёнах Беларусі.

Прыняць удзел у Праграме можа любая школа са складаным кантэкстам, якой патрабуецца падтрымка. Школай-партнёрам можа стаць установа адукацыі, у якой не хапае кадраў і ёсць адкрытыя вакансіі; школа, у якой ужо працуе настаўнік, які падаў заяўку на ўдзел у Праграме; школа, калектыў якой падзяляе і разумее місію і каштоўнасці Праграмы, калі педагогі гатовы мяняцца і актыўна ўключацца ў праектную работу.

За ўсе гады да Праграмы «Настаўнік для Беларусі» далучыліся 39 школ-партнёраў. 

Праграма «Настаўнік для Беларусі» рэалізуецца Мясцовым адукацыйным фондам «Новая школа». Заснавальнік фонду — ААТ «Сбер Банк» — стаў стратэгічным партнёрам, выступіў ініцыятарам і ключавым донарам праграмы. 

Даведацца больш і падаць заяўку для ўдзелу ў праграме можна па спасылцы

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».