Вы тут

Магчыма, малако мы хутка будзем купляць у шкляных бутэльках


На Зямлі ўжо ўтварылася 8,3 млрд тон, 79 % з якіх — на звалках і ў навакольным асяроддзі, сцвярджаюць спецыялісты. І станоўчая дынаміка росту адходаў працягвае назірацца ва ўсім свеце. Такім чынам на 3-5 % за год павялічваецца ўтварэнне цвёрдых камунальных адходаў і на 5-6 % — пластыкавых. Каб спыніць гэтую тэндэнцыю, неабходна ўкараняць сучасныя тэхналогіі збору смецця і вымаць з яго другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Максімальна перапрацоўваць іх, вырабляючы тавары і атрымліваючы энергію. А таксама замяняць пластыкавую прадукцыю экалагічна бяспечнай, заклікаюць эксперты.


Стымуляцыя рублём

Удзельнічаць у працэсе перабудоўвання свядомасці са спажывецкай на рацыянальную жыхароў і арганізацыі краіны заахвочваюць рублём: адны — плацяць грошы, другія — іх атрымліваюць.

— Працэс паэтапнага змяншэння выкарыстання пластыкавай упакоўкі ў краіне і яе замены экалагічна бяспечнай прадугледжвае эканамічнае стымуляванне. Сёлета пастановай урада № 60 зацверджаны эканамічна абгрунтаваныя памеры кампенсацый за арганізацыю збору адходаў, тавараў і ўпакоўкі. Пашыраны віды адходаў, за якія выплачваецца кампенсацыя (150 рублёў за тону), за кошт уключэння адходаў паперы і кардону з прапіткай і пакрыццём, — расказаў Аляксей Філановіч, начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — Пашыраны пералік прадукцыі, для вырабу якой прымяняецца шкляная бутэлька. У прыватнасці, павялічаны памер выплаты кампенсацыі расходаў (з 15 да 17 капеек за штуку) за прымяненне шкляной бутэлькі пры вырабе, разліве ўсіх відаў пітной вады.

Сарціроўкай шклабою ў краіне займаецца кіруючая кампанія холдынгу «Белрэсурсы», вытворчая магутнасць якога — 120 тысяч тон на год пры трохзменным рэжыме рабоце. На справе ж загружана прадпрыемства на 70 %, перапрацоўваючы каля 90 тысяч тон. Пры гэтым кожны пяты кілаграм у краіне, які паступае на прадпрыемствы па сарціроўцы змешанага шклабою, нарыхтаваны прадпрыемствамі холдынгу, падзяліўся Гадад Галімаў, намеснік генеральнага дырэктара таварыства «Белрэсурсы»:

— На ўнутраны рынак Беларусі пастаўляецца сартаваны запатрабаваны шклабой. Незапатрабаваны зялёны шклабой і адсеў змешанага шклабою пакуль рэалізуецца на знешнія рынкі. Пры гэтым «Белрэсурсы» падтрымліваюць айчынныя шклатарныя прадпрыемствы, пастаўляючы ім шклабой па кошце да 40 % ніжэйшым, чым цана на знешнім рынку. А на экспарт ідзе толькі незапатрабаваны ўнутры Беларусі аб'ём шклабою.

Са шклатарным заводам у Гродне, дзе ўводзяцца новыя магутнасці, ужо прапрацавана пытанне аб пастаўках з вясны зялёнага шклабою ў штомесячным памеры каля дзвюх тысяч тон. Гэта якраз тыя памеры, якія ўтвараюцца ў выніку сарціроўкі шклабою. Адпаведна з планам мерапрыемстваў па паэтапным замяшчэнні палімернай упакоўкі экалагічнай і бяспечнай, «Белрэсурсамі» вызначаны мерапрыемствы па стварэнні і ўводзе дадатковых магутнасцяў па сарціроўцы змешанага шклабою па меры загрузкі існуючых магутнасцяў, дадаў спецыяліст прадпрыемства.

Нарыхтоўшчыкі арганізацыі спажывецкай кааперацыі, як і раней, напоўніцу набліжаны да сельскіх жыхароў і накіраваны на максімальны прыём другаснай сыравіны ад людзей. За бутэльку насельніцтва атрымлівае ад 5 да 20 капеек, што нашмат выгадней, чым збіраць шклабой, заўважыла Аксана Скіндэр, начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза:

— Забыты стары кірунак, якому цяпер аддаецца ўвага, — вытворчасць харчовых прадуктаў у шматабаротнай шкляной тары. Нашы спецыялісты летась прынялі больш за 7 млн адзінак шматабаротнай шкляной тары, а сёлета — звыш за 3 млн. Такую тару прапаноўваюць і прадаюць вытворцам соку, піва, газіраваных напояў. На шкляную бутэльку для малака і вяршкоў плануюць пераходзіць і многія малочныя заводы.

Бяспечная ўпакоўка: тканінная, папяровая, кардонная

У Беларусі пастаянна ствараюцца новыя і мадэрнізуюцца старыя вытворчасці па вырабе экалагічна бяспечнай упакоўкі з паперы, кардону, шкла, дадаў Максім Тарасаў, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды:

— У 2019 годзе былі запушчаны лініі па вырабе папяровых пакетаў з вырубнымі ручкамі (альтэрнатыва пакету-майцы) і пакетаў з плоскімі ручкамі. Пашыраецца таксама асартымент прадукцыі. Напрыклад, вырабляецца крафт-мяшэчная папера з беленай цэлюлозы — яе можна выкарыстоўваць для вырабу разнастайных пакетаў, а таксама для ўпакоўкі харчовых прадуктаў: мукі, цукру і іншых.

Сярод мер, што прымаюцца для змяншэння колькасці ўпакоўкі, абмежаванне аб'ёму пластыкавай тары для безалкагольных і слабаалкагольных напіткаў максімальнай умяшчальнасцю да аднаго літра. Зацверджаны пералік прадметаў аднаразовага пластыкавага посуду, забароненых для выкарыстання ў аб'ектах грамадскага харчавання. Замест іх у такіх аб'ектах рэалізуецца посуд з матэрыялаў расліннага паходжання і прыдатных да біяраскладання.

— Мяркуецца, што да канца гэтага года аб'ём рэалізацыі экалагічна бяспечнага посуду павінен дасягнуць 40 %, а да канца 2025-га — 70 %. У рознічным гандлі сеткі спажывецкай кааперацыі рэалізуецца таксама мінеральная і пітная вада ў шкле. Прысутнічаюць папяровыя пакеты і тэкстыльныя сумкі — шоперы, — агучыла Таццяна Касякова, намеснік начальніка ўпраўлення прамысловасці, якасці і стандартызацыі Белкаапсаюза.

Работай па скарачэнні выкарыстання палімерных матэрыялаў займаюцца ў розных сферах айчыннай эканомікі. У прамысловай галіне хлебабулачныя вырабы пакуюцца ў папяровыя пакеты, кандытарскія — у кардонныя карабы. У мясаперапрацоўчых цэхах увага аддаецца выпуску прадукцыі хатняга асартыменту (звыш за 60 % ад агульнага аб'ёму выпуску мясных прадуктаў). Каўбасы пераважна выпускаюць у натуральнай абалонцы і ва ўпакоўцы з выкарыстаннем тэкстылю: сетак і тэкстыльных абалонак. У вінаробнай галіне — толькі шкляная ўпакоўка: зваротная і новая.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.