Вы тут

«Гістарычная памяць — імунітэт супраць любой агрэсіі і варожасці»


Мінулы год праходзіў пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа. Што зроблена ў рамках яго на Магілёўшчыне — у нашай размове з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыем Малашкам.


— Мінулы год быў багаты на розныя патрыятычныя мерапрыемствы, падчас іх ішла размова пра герояў, рухавікоў прагрэсу, дзякуючы якім квітнее і жыве наша краіна. Наколькі гэта важна і патрэбна?

— Гістарычная памяць і патрыятызм — найважнейшыя фундаментальныя каштоўнасці беларускага народа. Усведамляючы сябе спадчыннікамі народа-пераможцы, мы, як сапраўдныя патрыёты сваёй краіны, у гэты няпросты перыяд нясём адказнасць за лёс сваёй Радзімы. Мы адзіныя ў сваёй сіле духу, у сваёй праўдзе, у любові да роднай гісторыі, родных мясцін, роднай краіны. У патрыятызме моладзі — будучыня Беларусі. Гэта магутная сіла, якая спрыяе развіццю нашай дзяржавы.

У нас ёсць выбітныя гістарычныя асобы, якія аказалі ўплыў на фарміраванне беларускай дзяржаўнасці і развіццё беларускай культуры. Мы ганарымся імі і распаўсюджваем інфармацыю пра іх. У іх ёсць паслядоўнікі, якія на сённяшнім этапе дабіліся высокіх вынікаў у грамадскай і палітычнай дзейнасці, культурным і спартыўным жыцці, якія карыстаюцца аўтарытэтам і робяць унёсак у развіццё розных галін народнай гаспадаркі. Мы ўвекавечваем памяць нашых славутых людзей у назвах вуліц, плошчаў і праспектаў, адкрываем памятныя дошкі, называем у гонар герояў школы і іншыя ўстановы.

Шмат увагі — духоўна-маральнаму выхаванню. Гэта і дабрачынныя акцыі, і стварэнне летапісаў працоўнай славы, клопат пра ветэранаў, рэалізацыя праектаў па папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў, сацыялізацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мерапрыемствы, прысвечаныя юбілейным датам, вахты памяці, аўтапрабегі, дыялогавыя пляцоўкі і шмат іншых, накіраваных на выхаванне людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Патрыятычная акцыя «Звон смутку» па ахвярах Вялікай Айчыннай вайны», абласны праект «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе», маладзёжная ініцыятыва «Беларусь — крыніца натхнення» дапамагаюць адчуць важнасць той работы, якая сёння праводзіцца ў вобласці. У ёй задзейнічаны і школьнікі, і ветэраны, і моладзь, і працоўныя калектывы, і грамадскія арганізацыі.

Знакавым мерапрыемствам, якое сімвалізуе захаванне нашай культурнай і духоўнай спадчыны, стала ўрачыстая цырымонія адкрыцця і асвячэння помніка свяціцелю Георгію Каніскаму. Велічная бронзавая скульптура, створаная па ініцыятыве мясцовага дабрачыннага фонду памяці Георгія Каніскага пры падтрымцы аблвыканкама, Магілёўскага гарвыканкама і Магілёўскай епархіі, размясцілася на назіральнай пляцоўцы перад паркам у Падміколлі. Гэты славуты асветнік на працягу 40 гадоў быў архіепіскапам Магілёўскім, Мсціслаўскім і Аршанскім, шмат чаго стварыў карыснага для адукацыі нашых грамадзян.

У Год гістарычнай памяці мы рабілі ўсё, каб надаць імпульс увекавечанню памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. У вёсцы Верамееўка Клічаўскага раёна абноўлены мемарыял у гонар байцоў спецатрада «Слаўны». Тутэйшыя лясы і балоты сталі цэнтрам партызанскага руху літаральна з першых дзён Вялікай Айчыннай, тут базіраваліся кіраўніцтва падполля і 18 тысяч байцоў. Указам Прэзідэнта Клічаў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Калі бываеш у такіх месцах, пачынаеш душой адчуваць, наколькі наш свет крохкі і як важна яго шанаваць.

— Адным з адметных мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Перамозе і Году гістарычнай памяці, стаў праект ад моладзі «Дарогамі памяці і славы». Жыхары вобласці атрымалі шмат уражанняў і інфармацыі пра мінулае сваёй радзімы. Гучалі пажаданні, каб праект працягваўся.

— Гэта адна са значных маладзёжных ініцыятыў. Яе мэта — згуртаванне жыхароў Магілёўшчыны на аснове гістарычных і гераічных традыцый Радзімы, супрацьстаянне спробам скажэння праўды аб ролі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, папулярызацыя дасягненняў сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Удзельнікі праекта паўтарылі слаўны шлях вызваленцаў, праехалі аўтакалонай па месцах баявой славы на стылізаваных аўтамабілях, з перасовачнай выставай, палявой кухняй і іншай атрыбутыкай таго часу. У месцах прыпынкаў яны сустракаліся з жыхарамі, паказвалі канцэрты, праводзілі дыялогавыя пляцоўкі, ускладалі кветкі да помнікаў і мемарыялаў, знаёміліся з гісторыяй канкрэтнай мясцовасці. З сабой яны бралі зямлю з месцаў воінскіх пахаванняў для будучага музея воінскай славы Магілёўскай вобласці на Буйніцкім полі. Зямля, палітая крывёю нашых абаронцаў і вызваленцаў, стане адной з найкаштоўнейшых святынь гэтага музея. У нашай краіне няма сям'і, якую б не закранула Вялікая Айчынная вайна. Немагчыма забыць тысячы спаленых разам з жыхарамі вёсак, разбураныя гарады, закатаваных старых і дзяцей, гора і слёзы нашых землякоў, якія не дачакаліся сваіх родных і блізкіх з вайны.

— Як супрацьстаяць працэсам скажэння гісторыі, узвядзення ў абсалют сумнеўных каштоўнасцяў, знявагі здабыткаў і подзвігаў народаў Беларусі і Расіі?

— Сапраўды, у сённяшнім свеце асобныя сілы спрабуюць перапісаць гісторыю на карысць зменлівым палітычным інтарэсам, рэабілітаваць нацызм, пасеяць варожасць паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, братамі-славянамі — падштурхоўваюць свет да новых канфліктаў, гвалту і жорсткасці. Таму сёння асабліва важна зберагчы і захаваць гістарычную праўду, якая служыць збліжэнню людзей у імя ідэалаў дабра і міласэрнасці і нагадвае нам, нашым дзецям, унукам, як важна шанаваць і засцерагаць мір і грамадскую згоду.

Гістарычная памяць аб тых страшных гадах — гэта імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі і варожасці. Як сказаў Прэзідэнт: «Фашызм і нянавісць пад сцягамі дэмакратыі беларусы на сваёй зямлі не прапусцяць. Мы працягваем выхоўваць сваіх дзяцей на каштоўнасцях міру і чалавечага жыцця!» Дзесяцігоддзі міру дазволілі нам пераўтварыць параненую беларускую зямлю ў квітнеючы сад, пабудаваць незалежную дзяржаву, у якой можна спакойна жыць, вучыцца, працаваць, разам будаваць годную будучыню.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.