Вы тут

Генпракуратура ўстанавіла больш як 70 невядомых раней лагераў смерці


На днях у прэс-цэнтры Дома прэсы была прэзентавана кніга «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці», выдадзеная пад агульнай рэдакцыяй генеральнага пракурора Беларусі, доктара юрыдычных навук Андрэя Шведа. У выданні прадстаўлены новыя, раней невядомыя шырокай грамадскасці звесткі аб лагерах смерці на тэрыторыі БССР у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі. Інфармацыя заснаваная выключна на матэрыялах крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, гэта вынікі допытаў сведкаў тых падзей.


— Мы ўстанавілі тысячы яшчэ жывых відавочцаў, — заўважыў намеснік начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Сяргей Шыкунец. — Шмат людзей, якія прайшлі праз гэтыя лагеры смерці, памятаюць усе трагічныя моманты жыцця. Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з архіўнымі дакументамі.

У кнізе прадстаўлены канкрэтныя лагеры смерці, апісаны абставіны ўтрымання там людзей, прыводзяцца ўспаміны тых, хто прайшоў праз гэтае пекла. Уключана вельмі шмат інфармацыі, атрыманай ад неабыякавых грамадзян. Сяргей Шыкунец выказаў удзячнасць грамадзянам нашай краіны за разуменне той работы, якую праводзяць органы пракуратуры сумесна з гісторыкамі і іншымі зацікаўленымі ведамствамі, накіраванай на захаванне гістарычнай памяці.

Расследаванне, узбуджанае генеральным пракурорам па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, працягваецца. Следства вядзецца ўжо больш за паўтара гады. Акрамя працэсуальнай дзейнасці, вялікае значэнне пракурорскімі работнікамі ўдзяляецца інфармацыйнаму забеспячэнню расследавання.

«Матэрыялы справы сведчаць аб тым, што маштаб трагедыі, звязаны з дзеяннямі акупацыйных сіл фашысцкай Германіі на тэрыторыі Беларусі, нашмат большы, чым гэта лічылася раней, — звярнуў увагу Сяргей Шыкунец. — Гэта датычыцца і колькасці знішчанага насельніцтва, і колькасці знішчаных поўнасцю або часткова населеных пунктаў, шкоды, прычыненай нацыстамі нашай краіне. Што датычыцца лагераў смерці, вынікі расследавання сведчаць аб тым, што іх нашмат больш, чым лічылася дагэтуль. На момант пачатку расследавання, па афіцыйных даных, месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва было крыху больш за 480. На цяперашні момант устаноўлена звыш 70 раней невядомых лагераў смерці. На тэрыторыі Беларусі нацысцкай Германіяй былі арганізаваны ўсе віды лагераў смерці. У гэтых месцах прымусовага ўтрымання насельніцтва і рэалізоўвалася асноўная мэта генацыду — татальнае знішчэнне мірнага насельніцтва». 

Ужо не сакрэт, што ў гэтай чорнай справе прымалі ўдзел і калабарацыяністы. Канкрэтныя доказы прыводзяцца і ў кнізе «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці». «Падчас следства атрыманы звесткі аб удзеле ў арганізацыі лагераў смерці, забеспячэнні аховы калабарацыяністамі з ліку жыхароў, у тым ліку Беларусі, — удакладніў Сяргей Шыкунец. — Ёсць канкрэтныя прыклады, у тым ліку пра 13-ы паліцэйскі батальён, які забяспечваў ахову ў калдычэўскім лагеры смерці на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Таксама атрыманы звесткі, і яны прыведзены ў гэтай кнізе, аб удзеле калабарацыяністаў з ліку грамадзян еўрапейскіх краін».

Па словах прадстаўніка Генпракуратуры, у гэтай кнізе аб’ектыўная, адзіна правільная інфармацыя, якая не падлягае ніякім сумненням. «Спадзяюся, што грамадзяне Беларусі і ўсе людзі, каму неабыякава наша гістарычнае мінулае, азнаёмяцца і запазычаць для сябе ў тым ліку новыя факты», — рэзюмаваў Сяргей Шыкунец.

Праца над выданнем вялася ні адзін месяц. У гэтай важнай справе былі задзейнічаны пракурорскія работнікі ўсіх узроўняў — ад раённага звяна да Генпракуратуры. Свой унёсак у расследаванне крымінальнай справы, выданне гэтай кнігі ўнеслі Нацыянальная акадэмія навук, Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генпракуратуры.

— Генацыд даследуецца не толькі ў парадку крымінальнай судавытворчасці, — паведаміў дырэктар Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Беларусі Ігар Мароз. — Дзякуючы Генеральнай пракуратуры навуковая супольнасць краіны таксама актывізавала работу па вывучэнні падзей Вялікай Айчыннай вайны і па захаванні гістарычнай памяці. У цяперашні час створаны дастаткова вялікі навуковы калектыў, у які ўвайшлі аўтарытэтныя спецыялісты — вучоныя, гісторыкі, юрысты — з Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальнага архіва, вядучых навуковых і вучэбных устаноў краіны. Гэты калектыў аказвае дапамогу следству і рэалізоўвае навукова-даследчы праект «Генацыд грамадзянскага насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыка-прававая ацэнка».

Мэтай навукова-даследчага праекта з’яўляецца выключэнне супярэчнасцяў, прабелаў у ацэнцы фактаў знішчэння насельніцтва БССР у гады вайны, аналіз новых фактаў, якія ўстаноўлены Генеральнай пракуратурай падчас расследавання. «Варта пагадзіцца з высновамі следства і прызнаць, што на тэрыторыі БССР нацысты стварылі грандыёзную „фабрыку смерці“ з мноствам філіялаў», — падкрэсліў Ігар Мароз. 

Аб тым, што мэтай фашыстаў было знішчэнне як мага большай колькасці людзей, можна пераканацца, прачытаўшы кнігу. Яна разлічана на любога чытача, напісана даступнай мовай, з дадаткам фатаграфій архіўных дакументаў, з вытрымкамі ўспамінаў, допытаў відавочцаў.

Як заўважыў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Селяменеў, Генеральная пракуратура, якая ўзбудзіла крымінальную справу па фактах генацыду беларускага народа, разбудзіла грамадскасць. Аднак, па яго словах, хацелася б, каб і наша навуковая грамадскасць праявіла такую ж актыўнасць, і мы ўбачылі не толькі работу пракуратуры, але і навуковых супрацоўнікаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».