Вы тут

Пра белую сурвэтку і ружовага снегіра


Гэтым разам, калі сын складваў у скрынку толькі што знятыя з навагодняй ёлкі цацкі, не заўважыў, пэўна, што адна выпадкова закацілася ў кут, за вазон. Знайшла яе, калі прыбірала ў суботу. Гэта асаблівая цацка, ёй многа гадоў. Яна кардынальна адрозніваецца ад астатніх — кітайскіх шароў у адным стылі, якія дзеці купілі некалькі гадоў таму.


Калі купілі, пайшлі ў адстаўку ранейшыя ўпрыгажэнні, тыя, што я набывала раней, калі дзеці былі яшчэ малыя. А гэту маленькую шкляную птушку я вешала на ёлку заўсёды. З яе ў сям'і крыху пасмейваліся, называлі рарытэтам, але ж змірыліся і ўжо самі вешалі, нібы знарок ад сцяны, каб яна не была асабліва прыкметная.

Чырвона-ружовую птушку, крыху падобную да снегіра, мне некалі падарыла Ніна Іванаўна, суседка па інтэрнаце. Было гэта больш за трыццаць гадоў таму, калі пасля ўніверсітэта працавала ў раённай газеце. Наш рабочы інтэрнат выдзяляўся рознымі насельнікамі. Адно крыло займалі так званыя хімікі, гэта значыць, асуджаныя без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Некалькі жыльцоў былі ва ўзросце, бліжэй да пенсійнага, адзінокія людзі, якім выдзелілі асобныя пакоі, мелася на ўвазе, што яны і дажываць тут будуць.

Сярод іх — Ніна Іванаўна, якой было за пяцьдзясят, у нашым тагачасным уяўленні, вельмі пажылая жанчына. У інтэрнаце яе лічылі дзівачкай. Гэты вердыкт вынесла такая нефармальная «камісія» ў складзе каменданта, вахцёрак, кастэлянкі і набліжаных да іх жыхароў са стажам. Ну як жа, дружбы асаблівай ні з кім не водзіць, нейкім чынам задобрыць адміністрацыю інтэрната не спрабуе, каб атрымаць пэўныя бонусы. У іншых, напрыклад, былі ключы ад дзвярэй запаснога выхаду, і яны такім чынам маглі праводзіць і выпускаць гасцей. Ну і ці мала што яшчэ? Камендантка — гэта ж улада, лічылася, што яе трэба ўсяляк улагоджваць. Не распаўсюджвалася апошняе хіба на нас, маладых спецыялістаў, якіх сталая інтэрнацкая суполка з лёгкай пагардай называла студэнткамі. Маўляў, што з іх возьмеш: толькі і глядзяць, каб хутчэй замуж выскачыць альбо з'ехаць куды-небудзь у вялікі горад. Энергію сваю яны трацілі на гэтых пастаянных жыхароў, якім няма куды дзецца.

Але дзіўна, да яе ні плёткі іхнія, ні дробныя правакацыі не прыставалі, з яе як з той гусі вада, раз — і няма, і зноў яна ідзе міма вахты з прамой спінай, высока ўзнятай галавой. Мы яе спачатку крыху пабойваліся, не ведаю нават чаму. Яна жыла паверхам вышэй, акурат над намі. Пазнаёміцца давялося, калі аднойчы у нашым санвузле зверху пацякла вада. Я зайшла, пастукала ў дзверы, спытала, ці ўсё ў парадку з сантэхнікай у іх блоку. Яна паглядзела на мяне са здзіўленнем. Як патлумачыла потым, яе ўразіла, што гавару спакойна. Аказалася, нашы папярэднікі адразу пачыналі крычаць і скандаліць. Праблема была старая, праржавела труба, пра тое ведала камендант, але радыкальных мер не прымалі, таму перыядычна здараліся падцёкі. Сантэхніка мы тады знайшлі, сяк-так ён устараніў непаладку. А Ніна Іванаўна запрасіла нас, усіх траіх, на чай вечарам.

На стале былі свежыя льняныя сурвэткі, чай наліваўся ў прыгожыя кубкі. Для нас, якія толькі памянялі студэнцкі інтэрнат на рабочы і прывыклі жыць, як цяпер сказалі б, ва ўмовах поўнага мінімалізму, такая сервіроўка выглядала не зусім звычайнай.

Потым я некалькі разоў яшчэ была ў яе. Даведалася, што яна родам з гэтага ж раёна. Яна мала пра сябе расказвала, толькі з вялікай цеплынёй згадвала бацькоў. Гаварыла, як падлічыла, што пры жыцці бацькі на яго хутары каля дзясятка разоў мянялася ўлада. Нарадзіўся ён пры Расійскай імперыі, у Першую сусветную прыйшлі немцы, затым іх прагналі, на кароткі перыяд зайшлі Саветы, потым Польшча, і нават пасля вайны ў Прыпушчанскім краі некалькі разоў перасоўвалі межы. Хапіла, адным словам, гэтым людзям ліха. А ў 52-м, калі бацька выказаў нязгоду з палітыкай перасялення хутароў, яго наогул пасадзілі, праўда, прабыў там нядоўга, у 53-м вярнуўся.

...Праз некалькі гадоў пры выпадковай сустрэчы кіраўнік установы, дзе яна працавала, расказаў мне, што яго папярэднік зламаў ёй кар'еру. Яна пазнала ў ім нашчадка таго, хто напісаў данос на бацьку, і выказала яму пагарду. У яе на руках ужо было запрашэнне ў сталіцу на работу. Але ён перакрыў кісларод. Відаць таму, што спадзявалася вырвацца адсюль, не пабудавала кааператыўныю кватэру, потым не атрымалася. Так і засталася ў інтэрнаце.

Тамтэйшая публіка лічыла яе дзіўнай яшчэ і таму, што кожны год яна ставіла ёлку, нават скрынку з цацкамі захоўвала са свайго дзяцінства. Паводле іх разумення, гэта лішняе: дзяцей жа няма, а для сябе навошта? А яшчэ яны не маглі ўцяміць, чаму нават каву ранкам п'е на стале з бялюткім абрусам альбо свежымі сурвэткамі, чаму ў пакоі заўсёды ідэальны парадак, чаму не сварыцца ні з кім, голас не павышае, як яны, з падставамі і без. У іх было шмат гэтых «чаму?». Ужо праз шмат гадоў я зразумела, што гэта быў яе ўнутраны пратэст супраць хамства, нявыхаванасці, несправядлівасці. Яна жыла так, як разумела, а не так, як дыктавала грамадская думка.

...Мне пашчасціла з'ехаць з таго інтэрната праз няпоўныя тры гады. Расказвалі, што Ніна Іванаўна пасля выхаду на пенсію перабралася ў бацькоўскую хату, аднавіла яе. Тады гэта таксама было нераспаўсюджана, выбівалася з агульнай каляіны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».