Без узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь складана ўявіць многія дзяржаўныя святы, а тым больш ваенны парад. Пад гучанне музыкі людзей у пагонах перад усёй краінай маршыруюць парадныя разлікі, якія дэманструюць моц і веліч нацыянальнай арміі. Аднак не толькі сваімі бездакорнымі маршамі славяцца артысты. Рэпертуар аркестра настолькі багаты, што літаральна з першых нот ваенныя музыкі кранаюць самага рознага слухача, прычым у якім бы кутку свету яны не знаходзіліся.
На працягу свайго існавання — а гэта амаль 73 гады — Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь уносіць важкі ўклад у развіццё айчыннага музычнага мастацтва і ўмацаванне сяброўскіх сувязяў паміж народамі. Музыку, якая гучыць у выкананні ваеннага аркестра, можна пачуць як на пляцоўках беларускіх гарадоў і паселішчаў, так і ў суседняй Расіі, Узбекістане і нават у Кітаі. За значныя дасягненні ў сферы музычнага мастацтва, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Карэспандэнты «Звязды» завіталі да ваенных музыкаў у госці і трапілі на своеасаблівы канцэрт, які артысты аркестра сціпла называюць рэпетыцыяй.
Дыплом аб узнагароджанні спецпрэміяй Прэзідэнта ў падраздзяленні знаходзіцца на самым бачным месцы. Ваенныя музыкі не ўтойваюць: ім прыемна, што іх заслугі ацанілі на такім высокім узроўні.
— Гэтая ўзнагарода для нас была вельмі нечаканай, — прызнаецца начальнік ваенна-аркестравай службы Узброеных Сіл — начальнік Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Ігар ХЛЕБУС. — Мы не ведаем, хто прапанаваў нашу кандыдатуру на спецпрэмію Прэзідэнта. Нават падчас збору дакументаў да канца не верылася, што можам стаць лаўрэатамі. Калі 30 снежня кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны указ, толькі тады ўсвядомілі, што ўзнагароджанне адбудзецца. Безумоўна, гэта не можа не радаваць. Аднак мы ніколі не працавалі дзеля ўзнагарод. Мы проста добрасумленна выконваем сваю работу: рэпеціруем, абнаўляем рэпертуар, пастаянна спрабуем ісці ў нагу з часам. З задавальненнем укараняем у аркестр сучасныя беларускія песні, апрацоўкі. Пастаянна ёсць новыя ідэі. Адным словам, не сядзім на месцы — можа, таму нас і заўважылі.
— Куды патраціце прэмію? — цікаўлюся ў начальніка ваенна-аркестравай службы.
— На паляпшэнне матэрыяльнай базы. Збіраемся набыць новы сінтэзатар.
Здаецца, пра музычныя інструменты, іх гучанне ў тых ці іншых умовах Ігар Хлебус можа гаварыць бясконца. І гэта не дзіва: усё жыццё кіраўніка Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл звязана з музыкай. Захапіўшыся музычным мастацтвам з самага маленства, Ігар Яўгенавіч скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка (цяпер Гімназія-каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка). Пасля паступіў на ваенна-дырыжорскі факультэт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, заканчэнні якога трапіў дырыжорам у танкавы полк. У 2001-м годзе яму прапанавалі ўзначаліць аркестр 56-га асобнага палка сувязі Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны, ад чаго складана было адмовіцца. Пасля Ігар Хлебус з'яўляўся начальнікам аркестра ганаровай варты. Ва ўзорна-паказальны аркестр перайшоў у 2013 годзе: быў спачатку намеснікам начальніка ваенна-аркестравай службы, а ў 2019 годдзе ўзначаліў і службу, і аркестр.
Ігар Хлебус перакананы: творчаму чалавеку ніякім чынам не могуць перашкодзіць пагоны. Яшчэ наадварот, карысці ад гэтага нашмат больш: з аднаго боку ты — музыка, з другога — ваеннаслужачы. «Дысцыпліна, фізічная падцягнутасць — тое, што мяне заўсёды прыцягвала, — адзначае палкоўнік. — Гэтага патрабуем і ад асабовага складу. Добры фізічны стан, вонкавы выгляд, страявая падрыхтоўка — усё гэта непарыўна звязана з нашай дзейнасцю. Калі мы на пляцы, а задачай любога ваеннага аркестра з'яўляецца забеспячэнне воінскіх рытуалаў (страявыя агляды, разводы варты, парады), дэманструецца наша страявая вывучка. Разам з тым мы яшчэ і іграем. Гэта ўдвая складаней, затое вельмі прыгожа».
Дзе толькі за сваю гісторыю не пабывалі музыкі ўзорна-паказальнага аркестра. Ім апладзіравалі і на Краснай плошчы, і на Далёкім Усходзе, і на буйнейшых пляцоўках Еўропы. Нацыянальнае музычнае мастацтва, аўтарская інтэрпрэтацыя класікі заўсёды з поспехам успрымаліся ў замежнай аўдыторыі.
— Нягледзячы на тое, што, пачынаючы з 2020 года, мы перасталі ездзіць у Еўропу, музыкі аркестра не пакутуюць ад адсутнасці гастрольнай дзейнасці, — заўважае Ігар Хлебус. — У мінулым годзе мы наведвалі і Хабараўск, і Узбекістан. Штогод ездзім у Маскву на фестываль «Спаская вежа». Вельмі шмат выступаем па Беларусі. Адназначна не сядзім на месцы. Ды і музыкі не любяць гэтага. Для іх галоўнае — не ўзнагароды, а тое, як іх прымаюць гледачы і слухачы.
Музыка, па словах кіраўніка ваенна-аркестравай службы Узброеных Сіл, мае значэнне ў любы час. «Калі пачалася спецыяльная ваенная аперацыя ва Украіне, народ быў перапалоханы, многія пыталіся, а што ў гэты няпросты перыяд робім мы, ваенныя музыкі, — узгадвае Ігар Хлебус. — Мы ствараем, па-ранейшаму ездзім па воінскіх часцях, іграем для ваеннаслужачых. У падраздзяленнях па-ранейшаму адбываюцца канцэрты, урачыстыя сходы. Музыка — неад'емная частка жыцця любога чалавека».
Музыка часам неабходная нават там, дзе, здаецца, увогуле не да весялосці. Гэта пацвярджае і народны артыст Беларусі, заслужаны артыст БССР Уладзімір Яскевіч, які ўжо на працягу амаль 30 гадоў з'яўляецца вядучым салістам Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл. Будучы артыстам ансамбля песні і пляскі Узброеных Сіл Уладзімір Мікалаевіч тройчы быў у Афганістане, калі там вяліся баявыя дзеянні. Ён дагэтуль памятае, наколькі тады была неабходная творчасць ваенных музыкаў.
— Канцэрты праходзілі ўсюды: і ў шпіталях, нават у палатках для параненых, — расказвае народны артыст Беларусі. — Выступалі і для дваіх параненых. Нашы песні станоўча ўплывалі на гэтых людзей: у іх паляпшаўся настрой, узмацнялася вера ў тое, што яны абавязкова вернуцца да звычайнага жыцця. Сумныя песні мы не спявалі — аб гэтым прасілі нашы камандзіры.
Уладзімір Яскевіч распавёў, што, нягледзячы на працоўны стаж у ваенным аркестры без малога ў 30 гадоў, з калектывам ён звязаны яшчэ больш — з 1976 года. Будучы салістам ансамбля песні і пляскі артыст рэгулярна ўдзельнічаў у гастрольным жыцці аркестра.
Уладзімір Мікалаевіч называе свой рэпертуар плакатным: гэта ваенныя і патрыятычныя кампазіцыі. «Ён заўсёды быў неабходны, — звяртае ўвагу заслужаны артыст БССР. — Я ніколі не займаўся поп-музыкай, нейкімі лёгкімі рэчамі. З такім рэпертуарам, як у мяне, цяжка выступаць у школах, на летніх пляцоўках, куды народ, як правіла, прыходзіць павесяліцца, пагаварыць, прагуляцца. Такая публіка, як салдацкая, афіцэрская, іх сем'і, заўсёды чакае іншы рэпертуар. Гэта публіка падрыхтаваная, выхаваная, удзячная, надзейная, тая, якая ўсё разумее. Такіх гледачоў я б не памяняў ні на якія гучныя апладысменты, авацыі і крыкі «на біс». Гэта мая публіка, я яе люблю. Нават калі чую два-тры плясканні, я ведаю, што песня ў чалавека ўвайшла і засталася ў ім».
За рэпертуар узорна-паказальнага аркестра ў большай ступені адказвае яго мастацкі кіраўнік — галоўны дырыжор Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Максім КАЧАТКОЎ. Выпускнік Маскоўскай ваеннай кансерваторыі ў аркестры 18 гадоў. Прайшоў усе пасады: ад ваеннага дырыжора-тамбурмажора да мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора.
— Паколькі ў складзе аркестра шмат калектываў — гэта і вялікі духавы аркестр, і эстрадны аркестр са струннай групай, і біг-бэнд — увесь рэпертуар фарміруецца пад кожны склад аркестра, — уводзіць у курс справы Максім Качаткоў. — Духавы аркестр у нас іграе і духавую, і ваенна-патрыятычную музыку, і эстрадную музыку, якая выкарыстоўваецца ў пляц-канцэртах (дэфіле). Калі ёсць такая неабходнасць, духавы аркестр здольны выканаць і акампанемент. Па гарнізонах мы звычайна ездзім эстрадным аркестрам.
Ваенныя музыкі адзначаюць: у кожнай публікі — свае перавагі. Невыпадкова гастрольнай дзейнасці папярэднічае сур'ёзная падрыхтоўка. Рэпертуар плануецца з улікам геаграфіі гастроляў. «Кожнаму гледачу мы імкнёмся паказаць, што ваенны аркестр — гэта не калектыў, які іграе толькі вальсы і маршы, — звяртае ўвагу мастацкі кіраўнік узорна-паказальнага аркестра. — Мы паказваем людзям, што цяперашнія ваенныя аркестры рухаюцца ў нагу з часам. Мы іграем усё: ад класікі да джазу, ад року да самай сучаснай поп-музыкі. Калі мерапрыемства патрыятычнага характару — адпаведны і наш рэпертуар. Калі ж прадугледжаны забаўляльны канцэрт, мы імкнёмся не перагружаць аўдыторыю кампазіцыямі адной тэматычнай скіраванасці. У воінскіх часцях пазбягаем лёгкасці: імкнёмся акунуць салдат у такую музыку, каб яны не толькі паслухалі, а і падумалі».
Ахвотнікаў трапіць у калектыў нямала. Асаблівы ажыятаж назіраецца з боку маладых людзей прызыўнога ўзросту. Аднак пасля праходжання тэрміновай службы многія застаюцца ў аркестры. Тут яны набываюць не толькі двайную прафесію — вайскоўцаў і музыкаў, у маладых людзей з'яўляецца ўнікальная магчымасць сумяшчаць прафесійныя абавязкі з любімай справай, працаваць побач з таленавітымі і заслужанымі музыкамі, якія прысвяцілі гэтай прафесіі большую частку свайго жыцця.
Вераніка КАНЮТА
Фота Лізаветы ГОЛАД
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.