Вы тут

Дэпутаты ў другім чытанні прынялі законапраекты аб УНС і аб змяненні Выбарчага кодэкса


Дэпутаты прынялі ў другім чытанні праект Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе» і канчаткова адобрылі змяненні ў Выбарчы кодэкс


Адкрываючы першае ў гэтым годзе пасяджэнне дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА нагадаў, што гэты год аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам міру і стварэння. У сувязі з гэтым, па яго словах, дэпутацкі корпус павінен выканаць усе ўскладзеныя на яго задачы па забеспячэнні намечаных грамадска-палітычных і эканамічных пераўтварэнняў, абароны суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы.

«Мір і стварэнне — гэта наш выбар»

«З пункту гледжання заканатворчасці мінулы год быў дастаткова прадукцыйным, — акцэнтаваў увагу спікер ніжняй палаты парламента. — Намі прынята 59 законапраектаў у першым чытанні і 90 — у другім. На трэць рэалізаваны план прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Прыняты законы аб Нацыянальным сходзе, статусе дэпутата і члена Савета Рэспублікі, аб Савеце Міністраў. Завершана вялікая работа па падрыхтоўцы законапраекта «Аб Усебеларускім народным сходзе». 

Акрамя таго, падчас гэтага пасяджэння прынята канчатковае рашэнне па Выбарчым кодэксе, законах аб палітычных партыях і асновах грамадзянскай супольнасці. «Гэтыя дакументы закладваюць абноўленую архітэктуру ўсёй палітычнай сістэмы Беларусі, ядром якой з’яўляецца Усебеларускі народны сход, — перакананы Уладзімір Андрэйчанка. — Ëн істотна пашырыць удзел грамадзян у выпрацоўцы дзяржаўнай палітыкі, узмоцніць згуртаванасць грамадства і адказнасць кожнага грамадзяніна за лёс Радзімы».

Падводзячы вынікі заканатворчай дзейнасці ў мінулым годзе, Старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што практычна поўнасцю былі вырашаны пастаўленыя задачы ў галіне падтрымкі эканомікі і пераразмеркавання ўладных паўнамоцтваў. Дэпутаты стварылі ўмовы для захавання працоўных калектываў, нейтралізацыі санкцый, унеслі запатрабаваныя жыццём карэктывы ў Кодэкс аб зямлі. На заканадаўчым узроўні ўрэгуляваны шэраг пытанняў у сацыяльнай сферы. Парламентарыямі пастаўлена надзейная заслона тэрарыстам і экстрэмістам рознага кшталту. Аператыўна былі прыняты змены ў заканадаўства ў сферах павышэння абараназдольнасці, забеспячэння законнасці і правапарадку. Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, нягледзячы на ўсе спробы калектыўнага Захаду эканамічна зламаць Беларусь, прынятыя меры далі магчымасць захаваць грамадзянскі мір, падтрымаць нацыянальнага вытворцу, нарасціць аб’ёмы экспарту і забяспечыць занятасць.

«У бягучым годзе нам неабходна падвоіць намаганні, каб да пачатку 2024 года поўнасцю абнавіць заканадаўчую базу ў рамках канстытуцыйнага рэфармавання і арганізаваць правядзенне выбарчай кампаніі, якая завершыць маштабны працэс намечаных пераўтварэнняў, — паставіў задачу спікер ніжняй палаты парламента. — Прынцыповую ўвагу трэба ўдзяліць эканамічнаму блоку пытанняў, перш за ўсё — комплекснай карэкціроўцы Грамадзянскага кодэкса, праекта Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, законапраектам па пытаннях інвестыцый і прадпрымальніцтва, удасканаленню працоўных адносін, сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, занятасці, адукацыі».

Асаблівая ўвага парламентарыяў будзе накіравана на пытанне нацыянальнай бяспекі. «Мы зрабілі вельмі выразныя высновы з таго, што адбываецца вакол Беларусі, — заўважыў Уладзімір Андрэйчанка. — Яны лягуць у аснову новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. І парламентарыяў, безумоўна, чакае вялікая работа па яе рэалізацыі».

Падбухторванне да вайны і санкцый, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, надалі магутны імпульс да развіцця інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. У мінулым годзе дэпутацкім корпусам праведзена сур’ёзная работа па ўмацаванні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва, карэкціроўцы нацыянальнага заканадаўства з улікам саюзных галіновых праграм. На іх рэалізацыю ўвага парламентарыяў будзе накіравана і сёлета. Паколькі ў гэтым годзе наша краіна старшынствуе ў АДКБ, дэпутаты не застануцца ў баку і ад рэалізацыі прыярытэтаў, абазначаных кіраўніком дзяржавы. Адным з прыярытэтаў па-ранейшаму застаецца супрацоўніцтва з парламентарыямі іншых краін. 

«На ўсіх узроўнях парламенцкай камунікацыі трэба актыўна пацвярджаць статус Беларусі як мірнай дзяржавы, накіраванай на прасоўванне сур’ёзных міжнародных ініцыятыў, уключаючы запуск глабальнага дыялогу па бяспецы, — звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Галоўнай нашай задачай у выбарчых акругах застаецца ўмацаванне грамадзянскай згоды і зняцце магчымых пунктаў сацыяльнай напругі. Ужо фактычна праз год нам усім трэба прайсці сур’ёзны экзамен — адзіны дзень галасавання. І ад таго, наколькі паспяхова мы будзем падтрымліваць зацікаўлены, шчыры дыялог з грамадзянамі, залежыць ступень падтрымкі, на якую ўлада можа разлічваць. Мір і стварэнне — гэта наш выбар. І, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, ніякія знешнія абставіны або пагрозы не прымусяць нас звярнуць з выбранага шляху. І гэтую ўстаноўку мы павінны разумець як кіраўніцтва да дзеяння ў нашай рабоце».

Удзельнічаць у стварэнні будучыні краіны

Адразу ў двух чытаннях дэпутаты адобрылі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый». Законапраект распрацаваны з мэтай удасканалення заканадаўства ў сферы грамадска-палітычных адносін, а таксама з улікам вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.

У прыватнасці, у сферы партыйнага будаўніцтва, прадугледжваецца павелічэнне мінімальнага парога колькаснасці для стварэння палітычнай партыі да пяці тысяч чалавек. Абавязковым з’яўляецца стварэнне арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласці і ў горадзе Мінску, а таксама не менш як у трэцяй частцы раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання ва ўсіх абласцях краіны. Таксама прадстаўніцтвы палітычных партый павінны з’явіцца і ў кожным трэцім раёне сталіцы. Павышаюцца патрабаванні да заснавальнікаў палітычнай партыі, якімі могуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што пастаянна жывуць у нашай краіне і дасягнулі 18-гадовага ўзросту. 

Што датычыцца дзейнасці рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў, устанаўліваецца абавязак мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях краіны і ў горадзе Мінску, спрашчаюцца патрабаванні да юрыдычнага адраса грамадскага аб’яднання і інш.

У другім чытанні дэпутацкім корпусам падтрыманы праект Закона «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». Дакумент распрацаваны ў мэтах прававога забяспечання рэгулявання сферы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасці, накіраваны на кансалідацыю намаганняў асобы, грамадства і дзяржавы па рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў краіны. Да другога чытання да ўвагі быў прыняты ўзроставы цэнз для ажыццяўлення грамадзянінам выбарчага права. Удакладняецца, што да ключавых суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, якія прымаюць удзел у вылучэнні дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, павінны быць аднесены рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, колькаснасць паўналетніх членаў якіх складае не менш як сто тысяч грамадзян. 

— Мы вызначаем разам з беларускім народам, што ёсць прыналежнасць да грамадзянскай супольнасці, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь ДАВЫДЗЬКА. — Гэта не проста чалавек, які мае беларускае грамадзянства. Гэта чалавек, які актыўна ўдзельнічае ў стварэнні будучыні сваёй дзяржавы, сваёй Радзімы шляхам удзелу ў грамадскіх аб’яднаннях, у якіх ён можа рэалізаваць свой грамадзянскі патэнцыял, актыўна супрацоўнічаючы з дзяржаўнымі органамі ў фарміраванні будучыні шляхам выбараў і гэтак далей. Гэта не проста суб’ект, які піша скаргі, робіць нейкія заявы. Любы чалавек мае права пісаць, звяртацца ў адпаведнасці з заканадаўствам у дзяржаўныя інстанцыі, але членам грамадзянскай супольнасці ён становіцца тады, калі з’яўляецца членам грамадскай арганізацый, якая спавядае пэўныя прынцыпы і існуе на аснове сваёй праграмы, статуту для пэўных мэт у нашай краіны. 

Удакладненне функцый і паўнамоцтваў УНС

Парламентарыі ў другім чытанні разгледзелі праект Закона «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Падчас дапрацоўкі законапраекта да другога чытання былі ўлічаны некаторыя прапановы, якія паступілі ад дзяржаўных органаў. Асобныя нормы праекта Закона былі ўзгоднены з законапраектам «Аб Усебеларускім народным сходзе».

Найважнейшы законапраект — «Аб Усебеларускім народным сходзе», які прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне, — разгледжаны і прыняты ў другім чытанні. Як расказала старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святлана ЛЮБЕЦКАЯ, пры падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання асноўныя канцэптуальныя палажэнні былі захаваны і развіты ў далейшым для таго, каб рэгламентаваць забеспячэнне дзейнасці Усебеларускага народнага сходу і арганізацыю яго фарміравання ў 2024 годзе, пасля адзінага дня галасавання. «Тыя заўвагі і прапановы, якія паступалі ўжо ў межах падрыхтоўкі да другога чытання, былі старанна вывучаны, адбылося дастаткова рознабаковае і прынцыповае іх абмеркаванне, — удакладніла парламентарый. — У выніку атрымалі далейшае развіццё нормы, якія датычацца ўдакладнення парадку дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, асобных яго паўнамоцтваў. Акрамя таго, лагічна, што дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, надзеленыя такім высокім статусам і ўпаўнаважаныя на прыняцце стратэгічных рашэнняў, якія маюць наступствы для ўсёй дзяржавы, павінны выконваць патрабаванні антыкарупцыйнага заканадаўства. У мэтах комплекснага рэгулявання асобных функцый Усебеларускага народнага сходу былі дапоўнены нормы аб парадку ініцыятыў, у тым ліку заканадаўчых. Цікавай з’яўляецца заўвага, якая датычыцца прадастаўлення Усебеларускаму народнаму сходу ўстанаўліваць не толькі святочныя дні, а і памятныя даты. У цэлым, законапраект дазволіць забяспечыць фарміраванне складу Усебеларускага народнага сходу пасля адзінага дня галасавання і паслужыць асновай для яго далейшай работы».

З клопатам аб чалавеку і прыродзе 

У першым чытанні разгледжаны праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі». Як заўважыла член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Святлана АДЗІНЦОВА, законапраектам значна ўпрашчаецца працэдура накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. «Змяненні датычацца кантынгенту, які накіроўваецца, умоў накіравання, медыцынскага агляду, павышэння адказнасці грамадзян з сіндромам залежнасці, якія праходзяць медыцынскі агляд, перад органамі ўнутраных спраў і тэрытарыяльнай аховы здароўя, — паведаміла парламентарый. — Упершыню пашыраюцца магчымасці дыспансернага назірання ў лячэбна-працоўных прафілакторыях пад кіраўніцтвам урачоў даных устаноў. Усе гэтыя меры дазволяць як мага раней падключыцца да аказання дапамогі грамадзянам з сіндромам залежнасці і як мага раней вярнуць іх да жыцця, вярнуць у сям’ю, у грамадства. Прыняцце гэтага закона яшчэ раз падкрэслівае, што для нашай дзяржавы важны кожны чалавек». 

Адобраны дэпутатамі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні Закона «Аб ахове навакольнага асяроддзя» будзе садзейнічаць забеспячэнню экалагічна спрыяльных умоў для жыццядзейнасці грамадства на аснове максімальна магчымага захавання экалагічных сістэм, прадухілення і зніжэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе гаспадарчай і іншай дзейнасці, збалансаванага выкарыстання прыродна-рэсурснага патэнцыялу краіны. 

— У законапраекце ўпершыню даецца вызначэнне тэрміну «зялёная эканоміка» і вызначаюцца накірункі яе развіцця ў нашай краіне, — расказала аб некаторых навацыях дакумента намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродавыкарыстання і чарнобыльскай катастрофы Валянціна БЕГЕБА. — Гэта па-ранейшаму развіццё экалагічнага турызму, агратурызму, энергазберагальных аўтамабіляў, эканомія паліўа-энергетычных рэсурсаў у нашай краіне і беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў. Асаблівыя патрабаванні прад’яўляюцца да перапрацоўкі адходаў. 

Акрамя таго, дэпутаты адобрылі прыпыненне дзеяння Пагаднення паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, Пагаднення паміж урадамі Беларусі і Францыі аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, сродкаў масавай інфармацыі. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».