Вы тут

Раўбічы прымаюць пяты этап Кубка Садружнасці па біятлоне


У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту працягваецца біятлоннае свята. З 26 па 29 студзеня спорткомплекс прымае пяты этап міжнародных спаборніцтваў «PARI Кубак Садружнасці». Тыдзень таму папярэдні этап турніра сабраў на трыбунах сотні шчырых біятлонных аматараў. Чаму ж беларусы так любяць гэты спорт?


Для беларусаў біятлон — адін з найбольш любімых відаў спорту. Сапраўдных аматараў не палохае ні зімовы непрыемны дождж, ні моцны мароз, якімі часта суправаджаюцца дамашнія старты. Біятлон плаціць беларусам тым жа. У 1992 годзе на Алімпійскіх гульнях беларусы выступалі ў складзе Аб’яднанай каманды СНД. На біятлонных трасах сваё майстэрства паказвалі Аляксандр Папоў, Святлана Парамыгіна і 20-гадовы студэнт Інстытута фізкультуры Яўген Рэдзькін. Аляксандр Папоў стаў сярэбраным прызёрам у эстафеце і заняў чацвёртае месца ў гонцы на 20 кіламетраў. Трыўмафаратам 20-кіламетровай гонкі стаў Яўген Рэдзькін, на якога, шчыра кажучы, мала хто спадзяваўся. Яго залаты алімпійскі медаль — першы ў гісторыі беларускага спорта на зімовых Алімпіядах. І пачатак алімпійскіх медальных традыцый айчыннага біятлона. 

На наступныя Гульні ў 1994 годзе беларусы ехалі самастойнай камандай. Першы алімпійскі медаль для сувярэннай Беларусі заваявала біятланістка Святлана Парамыгіна. Яна стала сярэбраным прызёрам у спрынце. За крок ад п’дэстала ў гонцы на 20 кіламетраў спыніўся Аляксандр Папоў. А літаральна праз месяц беларуская каманда ў складзе Святланы Парамыгінай, Наталлі Пермяковай, Наталлі Рыжанковай і Ірыны Какуевай сталі чэмпіёнкамі свету ў жаночай эстафеце. 

Не засталіся беларусы без медалёў і ў алімпійскім Нагана ў 1998 годзе. Бронзу на дыстанцыі 20 кіламетраў заваяваў Аляксей Айдараў. Зноў за крок ад п’дэстала спыніліся мужчынская каманда ў эстафеце: Аляксей Айдараў, Аляксандр Папоў, Вадзім Сашурын і Алег Рыжанкоў. Дарэчы, тады ў Нагана спартсменаў падтрымліваў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. А медалістам Гульняў паабяцалі даць кватэру ў Мінску. Абяцанне выканалі. 

Вельмі яркай і нават лёсавызначальнай для беларускага біятлона стала Алімпяда 2010 года ў Ванкуверы. Тады ў цэнтры адной з сенсацый быў беларус Сяргей Новікаў. У індывідуальнай гонцы ён паказаў аднолькавы час са знакамітым нарвежцам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам. Выпадак, калі два спартсмены дзеляць адно месца — вельмі рэдкі. Тым больш у індывідуальнай гонцы. І як цікава распраджаецца лёс! У 2010 годзе нарвежац дзеліць «серабро» з беларускім біятланістам, а ў 2016 годзе жэніцца з беларускай біятланісткай Дар’яй Домрачавай. Дарэчы, тады ў Ванкуверы Дар’я стала бронзавым прызёрам у індывідуальнай гонцы. 

Тыя, хто хоць крыху цікавяцца біятлонам, не забудуць ніколі Алімпійскія гульні 2014 года. Спачатку Дар’я Домрачава перамагла ў гонцы пераследу, і гэта пры не самай паспяховай стральбе. Затым беларуская біятланістка заваявала золата ў індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў, дапусціўшы толькі адзін промах на агнявым рубяжы. Рэкордную трэцюю залатую ўзнагароду прынесла гонка з масавым стартам, дзе Дар’я Домрачава дапусціла толькі адзін промах. У той жа дзень Прэзідэнт прысвоіў біятланістцы званне «Герой Беларусі». 

За чатыры гады ад Сочы да Пхёнчхана Дар’я Домрачава выйшла замуж за Уле-Эйнара Б’ёрндалена, нарадзіла дачку і вярнулася ў спорт. На Алімпійскіх гульнях 2018 у мас-старце заваявала сярэбраны медаль. А праз некалькі дзён разам з Надзеяй Скардзіна, Ірынай Крыўко і Дзінарай Алімбекавай стала пераможцай у жаночай эстафеце. Уся краіна літаральна закахался ў «залатую чацвёрку». 

На зімовай Алімпіядзе 2022 года ў Пекіне медальныя традыцыі працягнулі мужчыны. Антон Смольскі стаў сярэбраным прызёрам у індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў. Пасля Гульняў усе, нібы за цікавым серыялам, сачылі за яго адносінамі з Дзінарай Алімбекавай. Восенню 2022 года пара ажанілася і цяпер заваёўваюць медалі для сям’і.

Неверагодныя перамогі беларускіх біятланістаў на этапах Кубку свету, чэмпіянатах свету і Еўропы можна пералічваць бясконца. Менавіта ў адкрытасці і шчырасці спартсменаў, якія сваёй хуткасцю, дакладнасцю, а часам і памылкамі робяць біятлон такім захапляльным і заключаецца адказ на пытанне, чаму яго так любяць у Беларусі. 

Упэўніцца ў гэтым кожны жадаючы зможа з 26 па 29 студзеня ў «Раўбічах»:

26 студзеня

  • 11:00 — спрынт 10 км, мужчыны

27 студзеня

  • 11:00 — спрынт 7,5 км, жанчыны

28 студзеня

  • 11:00 — мужчынская гонка пераследу на 12,5 км.
  • 14:00 — жаночая гонка пераследу на 10 км.

29 студзеня

  • 12:10 — гонка з мас-стартам на 15 км у мужчын
  • 14:00 — гонка з мас-стартам на 12,5 км у жанчын. 

Пасля чатырох этапаў Кубка Садружнасці агульны залік у мужчын узначальвае капітан беларускай каманды Антон Смольскі, які набраў 1151 бала, за ім ідуць расіяне Антон Бабікаў (1112 балаў), Эдуард Латыпаў (1097) і Карым Халілі (1042). Замыкае пяцёрку лепшых беларус Дзмітры Лазоўскі, які на папярэднім выйграў спрынт, заваяваў сярэбраныя медалі ў пасьюце і мас-старце. Лідарам жаночага заліку з’яўляецца беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава-Смольская (1118), на другой і трэцяй пазіцыях расійскія спартсменкі Наталля Гербулава (1090) і Тамара Дзербушава (1086).

У спаборніцтвах удзельнічаюць больш за 60 вядучых беларускіх і расійскіх біятланістаў, сярод якіх пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў і этапаў Кубка свету.

Заключны этап Кубка Садружнасці пройдзе з 9 па 12 сакавіка ў Цюмені.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».