Вы тут

Жыць па сродках? Рэальна! Як навучыцца жыць па сродках 


Матэрыяльны дабрабыт — нармальнае жаданне чалавека, бо грошы — важны сродак задавальнення патрэб. Між тым далёка не ўсе ўмеюць рацыянальна абыходзіцца са сваімі грашыма. Людзі з адным і тым жа узроўнем даходу могуць жыць вельмі па-рознаму. Чаму так адбываецца?


Вытокі дабрабыту

Пачнём з таго, што ж азначае «распараджацца рэсурсамі рацыянальна». Іншымі словамі — як жыць па сродках і расходаваць свае грошы разумна.

— Рацыянальна расходаваць зусім не значыць адмаўляць сабе ў большасці жаданых пакупак, — кажа вядучы спецыяліст аддзела фінансавай адукаванасці Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Таццяна Каваленка. — Гэта значыць, умець правільна расставіць прыярытэты, каб жыць цікавым і разнастайным жыццём. Навучыцца жыць па сродках і расходаваць грошы разумна дапамогуць некалькі простых саветаў. Па-першае, важны ўлік даходаў і расходаў, які дазваляе бачыць рэальную фінансавую сітуацыю. На аснове яго можна рабіць аналіз, планаваць і ствараць рэзерв. Па-другое, пакупкі трэба рабіць свядома і кіравацца здаровым сэнсам. Тавары ў супермаркетах спецыяльна расстаўлены так, каб пакупнік пакінуў у краме пабольш грошай — і гэта не сусветная змова, проста бізнес. Перш чым адправіцца ў краму, лепш скласці спіс неабходных тавараў. Звяртайце ўвагу на акцыі і карыстайцеся імі, калі гэта сапраўды дазволіць сэканоміць на пакупках. Наконт буйных пакупак: іх важна старанна абдумваць і планаваць. У гэтым дапаможа фінансавы план сям'і стратэгічныя і тактычныя мэты. Вызначце тэрміны, за якія плануеце дасягнуць мэты, і дзейнічайце. План дасць разуменне таго, колькі грошай спатрэбіцца для дасягнення матэрыяльных мэт, дапаможа адсочваць тэрміны іх прасоўвання, карэкціраваць выдаткі пры змене сітуацыі і захоўваць матывацыю.

Не менш важнае пытанне — як (у працэнтных адносінах) варта размяркоўваць штомесячны даход?

— Абавязковых правілаў і дакладных лічбаў тут няма, кожная сям'я вырашае гэтыя пытанні па-свойму, у залежнасці ад магчымасцяў і пераваг, — кажа суразмоўца. — Усярэдненыя лічбы ідэальнага сямейнага бюджэту такія: 50—60 % — абавязковыя плацяжы, набыццё рэчаў, неабходных для жыцця; 20—30 % — забавы, падарожжы, адпачынак; 10—20 % — рэзервовы фонд; сродкі для далейшага інвеставання; назапашванне пэўнай сумы на які-небудзь вялікі набытак; пенсіённыя зберажэнні і інш.

— Нават калі ў чалавека невялікія даходы, варта рэгулярна адкладаць хоць бы самую мінімальную суму, напрыклад 10 %. Важна развіць у сабе такую звычку — зберагаць, тады з часам працэс стане простым і натуральным. Хутчэй за ўсё, чалавек не адчуе недахопу гэтых 10 %, а грошы будуць захаваныя. Варта ўзяць за правіла: атрымаў зарплату, стыпендыю — адклаў звычайны працэнт, атрымаў незапланаваную прэмію, грашовы прыз ці падарунак — можна адкласці больш. І гэтая сума праз некаторы час нечакана ператворыцца ў добры капітал.

Магчыма, у многіх паўстане пытанне: ці варта скрупулёзна запісваць абсалютна ўсе свае выдаткі, планаваць іх наперад і ні на крок не адступаць ад асабістага фінансавага плана?

— Наколькі старанна вы будзеце ўлічваць свае выдаткі, вырашаць толькі вам. Хтосьці вядзе ўлік аперацый з дакладнасцю да капейкі, хтосьці акругляе да дзясяткаў рублёў. Тут не патрабуецца педантычна адзначаць кожны тавар ці паслугу. Дастаткова падсумаваць выдаткі па агульных катэгорыях «ежа», «адзенне», «транспарт», «навучанне» і г. д. Каб працэс не быў складаным, важна падабраць зручны інструмент. Сёння існуе вялікая разнастайнасць мабільных праграм па ўліку асабістых фінансаў. Яны зручныя тым, што смартфон заўсёды з вамі — зафіксаваць выдаткі на набыццё можна адным рухам рукі, а некаторыя з іх будуць улічвацца аўтаматычна. Усе дадаткі па ўліку фінансаў падобныя і прапануюць прыкладна аднолькавыя функцыі. Па сутнасці, застаецца толькі выбраць праграму, інтэрфейс якой прыйдзецца вам па душы.

Калі па нейкай прычыне вам некамфортна выкарыстоўваць дадаткі для смартфона, можна абысціся звычайным нататнікам
альбо табліцай Excel.

Важная рэгулярнасць: варта фіксаваць выдаткі кожны дзень, інакш у канцы месяца будзе няпроста разабрацца з кучай чэкаў. Напэўна вы нешта выпусціце, да таго ж аддадзіце шмат часу, і ўлік фінансаў будзе здавацца клапотнай і цяжкай справай.

— Улік асабістых фінансаў дапаможа сфарміраваць дакладнае разуменне таго, на што вы траціце грошы, — тлумачыць суразмоўца. — А гэта веданне дасць магчымасць знайсці шляхі для эканоміі і будзе дапамагаць у фінансавым планаванні.

Аб «падушцы бяспекі»

Маючы зберажэнні, вы зможаце адчуваць сябе больш упэўнена. У якой жа форме сёння разумна ствараць фінансавую «падушку бяспекі»?

— Самае недальнабачнае рашэнне, якое можна прыняць у дачыненні да ўласных назапашванняў, — захоўваць іх пад матрацам, у камодзе, адзежнай шафе або іншым «надзейным месцы», — кажа Таццяна Каваленка. — Калі вы нікуды не ўкладваеце зберажэнні, грошы дакладна не будуць у бяспецы, і таму ёсць некалькі прычын. Іх могуць скрасці, яны могуць прыйсці ў непрыдатнасць фізічна, згубіцца. Існуе вялікая спакуса іх патраціць. Не варта забываць і пра абясцэньванне з-за інфляцыі. Насуперак распаўсюджаным міфам інфляцыі схільная любая валюта, у тым ліку долар і еўра. А значыць, у абароне маюць патрэбу і зберажэнні, сфарміраваныя ў замежнай валюце.

Традыцыйны і самы зручны інструмент для назапашванняў — банкаўскі ўклад (дэпазіт). Але як яго правільна выбраць?

— Выбіраючы від дэпазіту, трэба ўважліва вывучыць прапановы розных банкаў. Вельмі зручна адкрыць анлайн-дэпазіт — праз мабільную праграму або інтэрнэт-банкінг. І папаўняць яго ў любы час з любога месца. Па безадзыўных укладах працэнты вышэйшыя, але неабходна памятаць, што грошы нельга будзе зняць з рахунку. Таму калі вам важна па нейкай прычыне мець да грошай доступ, то варта патрэбную суму захоўваць на адзыўным дэпазіце. Незалежна ад узроўню працэнтных ставак дэпазіты ў рублях будуць больш выгадныя. Палітыка Нацыянальнага банка арыентавана на тое, каб даход па ўкладах у нацыянальнай валюце заставаўся вышэйшы за інфляцыю. У параўнанні з іншымі відамі укладанняў дэпазіты валодаюць бясспрэчнай перавагай — дзяржава гарантуе іх захаванасць.

Погляд у перспектыву

Разважаючы аб асабістых назапашваннях, наўрад ці можна пакінуць убаку пытанне пенсіённых накапленняў. І мы вырашылі асобна спыніцца на гэтым.

— У любога беларуса ёсць магчымасць самастойна назапасіць дадатковую пенсію, заключыўшы дагавор добраахвотнага страхавання і тым самым забяспечыць сабе падушку бяспекі на будучыню, — тлумачыць вядучы спецыяліст аддзела фінансавай адукаванасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Таццяна Каваленка. — 27 верасня 2021 года быў падпісаны Указ № 367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай пенсіі», які спросціць працэс пенсіённых накапленняў. У адпаведнасці з указам, з 1 кастрычніка 2022 года работнікі могуць штомесяц рабіць дадатковыя страхавыя ўзносы на назапашвальную пенсію ў памеры да 10 % ад налічанай заработнай платы, а іх работадаўцы — дадаваць суразмерны ўзнос на назапашвальную пенсію (у межах 3 %). Дзякуючы узносам ад работадаўцы працэс назапашвання будзе ісці хутчэй. Скарыстацца гэтай магчымасцю могуць усе грамадзяне, якія выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы і якім засталося не менш за 3 гады да дасягнення пенсіённага ўзросту. А памер дадатковай пенсіі будзе наўпрост залежаць ад таго, якую суму ўдалося назапасіць. Лагічна, што чым большая сума штомесячных адлічэнняў і чым даўжэй чалавек іх робіць, тым большую прыбаўку да пенсіі ён у выніку атрымае. Усе назапашаныя сродкі будуць выплачвацца роўнымі долямі кожны месяц на працягу 5 або 10 гадоў па выбары грамадзяніна.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.