Паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання, увядзенне дадатковых ставак урачоў — прапановы жыхароў Лагойшчыны падчас асабістага прыёму грамадзян старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным
Дваццаць чалавек выслухаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын падчас асабістага прыёму грамадзян у Лагойску. Заяўнікі звярнуліся да яго па самых розных пытаннях — водазабеспячэння, добраўпарадкаванне, уладкаванне дарог, рэканструкцыя і атрыманне жылля. Прагучалі і прапановы па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. У прыватнасці, жыхар Лагойска Раман Зімавой хадайнічаў аб увядзенні дадатковай стаўкі ўрача-аталарынголага ў Лагойскай цэнтральнай раённай бальніцы. У паліклініцы вядзе прыём адзін ЛОР-урач, які часта адсутнічае на працоўным месцы па аб’ектыўных прычынах — хварэе, ідзе ў адпачынак. Для таго, каб атрымаць кансультацыю вузкага спецыяліста, даводзіцца ехаць з хворай малой у Мінскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу.
У заяўніка трое дзяцей, нядаўна дачка перанесла аперацыю ў Мінскай абласной бальніцы. Да гэтага мужчына звяртаўся ў раённую бальніцу, але там не змаглі дапамагчы. У выніку ў Мінску дзяўчынцы спатрэбілася ўжо дзве аперацыі. Пасля выпіскі параілі назірацца ў мясцовага аталарынголага. А як гэта зрабіць, калі спецыяліст часта адсутнічае на месцы?
Аляксандр Турчын, выслухаўшы заяўніка, даручыў перагледзець нагрузку на кожнага спецыяліста, вывучыць магчымасці ўвесці стаўку дзіцячага ЛОР-урача. А таксама арганізаваць дастаўку дачкі Рамана Зімавога ў абласную бальніцу.
Мікалай Жардзецкі пражывае ў Лагойску на ўскрайку горада. Мікалаю Мікалаевічу 73 гады, ён інвалід 2 групы, яму пастаянна патрабуюцца лекі. А ездзіць у бліжэйшую аптэку даводзіцца аўтобусам. Праезд нятанны. Жонка звярталася, каб паблізу іх месца пражывання адкрылі хоць бы невялічкі аптэчны кіёск, але ёй адказалі, што такой магчымасці няма.
— У Лагойску будуецца новы гандлёвы аб’ект паблізу запраўкі, пагутарыце з уласнікам будынка, магчыма, ён зможа выдзеліць у магазіне памяшканне пад аптэку, — звярнуўся Аляксандр Турчын да генеральнага дырэктара РУП «Мінская фармацыя» Вольгі Маслёнкінай. — Калі такой магчымасці няма, то ў першым доме жылога комплекса «Планар», які будуецца, неабходна прадугледзець уладкаванне аптэкі.
На недахоп урачоў у Плешчаніцкай паліклініцы паскардзілася жыхарка гарадскога пасёлка Таццяна Таран.
Як расказала жанчына, раней тут былі хірургічнае, дзіцячае аддзяленне, радзільны дом. Сёння працуюць толькі тры тэрапеўты. З педыятрамі таксама праблема. Прыязджае ўрач з Лагойска, але прымае толькі з 9 да 12 гадзін. А ў пасёлку шмат дзяцей.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама Ігар Шамаль растлумачыў, што ў Плешчаніцы прыязджаюць два ўрачы-педыятры, а ў жніўні прыедзе малады спецыяліст-педыятр. Да яго прыезду неабходна падоўжыць графік прыёму педыятраў, якія прыязджаюць з Лагойска, рэзюмаваў Аляксандр Турчын.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».