Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Дзень не задаўся»


Дзень не задаўся з раніцы. Цяжкія шэрыя аблокі, сыра і слотна. Сонца і не збіралася вызірнуць у праталінку. Мы спазніліся на першы ўрок і атрымалі заўвагу ў дзённік. І хоць, калі мы вучыліся ў восьмым класе, бацькі зазіралі ў дзённік вельмі рэдка, усё роўна было непрыемна.


Пасля заняткаў мы прыйшлі да Галкі перакусіць, на пліце стаяла каструля супу, але нам трэба было нешта больш смачнае, каб падняць настрой, і Галка дастала з шафы слоік салянкі з грыбамі. У краме яна каштавала 36 капеек. Слінкі пацяклі, як толькі сталі яе адкрываць.

Галка адкрыла банку, паставіла на сярэдзіну стала, адрэзала нам па лусце хлеба, і мы ўзяліся за лыжкі. Пах тушанай капусты з грыбамі заказытаў ноздры. Дзень быў відавочна не наш. У гэты момант зайшла Светка, Галкіна старэйшая сястра, і з хуткасцю маланкі выхапіла ў нас слоік прама з-пад занесеных над ім лыжак.

«Нічога сабе, з’ядуць цэлую банку, — абурылася яна. — З гэтай банкі атрымаецца пяцілітровы рондаль баршчу! На ўсю сям’ю хопіць!» Мы праглынулі сліну і засмучаныя пайшлі наліваць сабе суп. Настрой упаў яшчэ ніжэй. Калі не шанцуе, дык не шанцуе ва ўсім.

На вячэрнія курсы сакратароў-машыністак, на якія мы хадзілі, каб атрымаць запасную прафесію, прыехалі без настрою, і неяк там затрымаліся. Так затрымаліся, што пасля заняткаў спазніліся на аўтобус. Звычайна мы ўсе разам ехалі на адным аўтобусе ў горад.

Увесь наш жаночы склад машыністак з’ехаў, а мы стаялі на прыпынку і сумна глядзелі на агні аўтобуса. Месца было пустэльным, з аднаго боку дарогі ў чыстым полі стаяў ДТСААФ, а з другога — наш прыпынак. Уздоўж дарогі была выкапана канава, яшчэ метраў праз семсот — тэхнікум, а за ім пяціпавярхоўкі.

Калі вокны дамоў свяціліся, то ў ДТСААФ і тэхнікуме ўжо нікога не было. Мы намерзліся, час пік ужо прайшоў і, магчыма, наступны «Ікарус» прыйдзе хвілін праз сорак. Прыедзем дадому зусім позна. Ліхтара на прыпынку не было, наперадзе па дарозе ў пасёлку выў сабака. Мы моўчкі чакалі аўтобус.

Прастаялі хвілін дваццаць. І тут здарылася тое, чаго мы ніяк не чакалі ў гэтым пустэльным месцы. Мы пачулі галасы і рогат. Ад дамоў міма тэхнікума ў наш бок ішла кампанія хлопцаў. Мы прыслухаліся, і Галка сказала: «Уліплі! Гэта бандзюкі — ботаюць па фені!»

Сапраўды ўліплі. Вакол нікога, а да нас рухаецца чарада хлопцаў, якія «ботаюць па фені». Мы ліхаманкава цямілі, як пазбегнуць сустрэчы: калі цяпер кінуцца бегчы па шашы, то яны нас убачаць і дагоняць. Бо мы ў паліто і ботах, значыць, хутка бегчы не атрымаецца.

Да пяціпавярховак далёка. Што рабіць? Мы шукалі выйсце. Нам ужо шаснаццаць, а гэта могуць быць адмарозкі. Мы панікавалі і не маглі нічога прыдумаць. Мне прыйшла ідэя: «У нас цёмная вопратка, давай ляжам у канаву, і нас не заўважаць». «Позна, — сказала Галка, — нас ужо засеклі».

Сапраўды, размова хлопцаў стала цішэй, яны перасталі смяяцца. Мне стала так страшна, як быццам я ўначы іду на могілкі, нават унутры пахаладзела. «Стаім і робім выгляд, што не баімся!» — скамандавала сяброўка. І мы застылі, набычыўшыся, гатовыя біцца. Гэта было адзінае выйсце.

Можа, ім не да нас? Можа, пройдуць міма? — цеплілася слабая надзея. Хутчэй за ўсё, гэта хлопцы з Грабянёва — неспакойнага цыганскага раёнчыка далей па дарозе. Трапіць у лапы грабянёўцаў... Мы стаялі, як укапаныя, усім выглядам выказваючы бясстрашнасць. Шкада, што мы не ляглі ў канаву.

Хлопцы набліжаліся, а мы стаялі, на іх не глядзелі, як быццам гэта цалкам нармальна, што ў цемры на пустцы да нас падыходзіць кампанія хуліганаў. Яны параўняліся з намі. Раптам хтосьці кракнуў: «Эх-м-ма! Успомнім маладосць!»

Зямля пайшла з-пад маіх ног. З двух бакоў мяне падхапілі пад рукі два «качкі» і панеслі. Хоць мы і былі насцярожаныя, але тое, што мяне панеслі, было шокам. Я разгубілася, нават не вырывалася. Хлопцы несці мяне з лёгкасцю, проста забаўляючыся.

Здранцвенне прайшло, калі мы былі на сярэдзіне шашы. «Вы што? З глузду з’ехалі? Неадкладна пастаўце мяне на зямлю!» — гаркнула я на тых, хто мяне нёс. Удалечыні з’явілася святло фар. Гэта ішоў аўтобус у горад. Мае словы далі эфект. Мяне адразу паставілі на зямлю, і хлопец справа зрабіў крок у бок. «Каўка», — разгублена ўсклікнуў ён. У мінулым годзе я былі ў піянерскім лагеры, і ў мяне там быў сябар Генка. Гэта ён клікаў мяне — Каўка.

«Генка!» — здзівілася я. І тут пачуўся дружны рогат. «Сяброўку сваю не пазнаў», — смяяліся хлопцы. «Мы з трэніроўкі, а ты адкуль?» — усё так жа разгублена спытаў Генка. Але аўтобус быў блізка, і я кінулася на прыпынак. Мы з Галкай ускочылі ў адкрытыя дзверы і з палёгкай уздыхнулі. Увесь наступны дзень мы адыходзілі ад стрэсу.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?