Вы тут

ААН: у 2023 годзе свет чакаюць самыя павольныя тэмпы росту эканомікі за апошнія дзесяцігоддзі


Сусветную эканоміку ў 2023 годзе чакаюць самыя павольныя тэмпы росту за апошнія дзесяцігоддзі, калі не лічыць перыяду фінансавага крызісу 2007-2008 гадоў і піка пандэміі COVID-19. Такі прагноз зрабілі эксперты ААН у сваім штогадовым дакладзе па глабальных эканамічных перспектывах, паведамляецца на сайце Цэнтра навін ААН.


Фота: pixabay.com

Паводле ацэнак экспертаў, рост сусветнай эканомікі ў гэтым годзе запаволіцца да 1,9 працэнта, тады як у 2022 годзе ён склаў 3 працэнты.

У дакладзе гаворыцца, што ў мінулым годзе сусветная эканоміка зведала мноства ўзрушэнняў: пандэмію каранавіруса, канфлікт ва Украіне, звязаны з ім харчовы і энергетычны крызісы, рэзкі рост інфляцыі, павелічэнне даўгавога цяжару, а таксама змяненне клімату. Адзначаецца, што негатыўны ўплыў гэтых фактараў на сусветную эканоміку ўзмоцніцца ў 2023 годзе.

Паводле ацэнак экспертаў, эканамічны рост у ЗША ў гэтым годзе можа скласці ўсяго 0,4 працэнта (у 2022 годзе — 1,8 працэнта). Эканамічныя перспектывы Еўропы таксама вымушаюць жадаць лепшага. Так, рост ВУП Еўрапейскага саюза можа скласці ўсяго 0,1 працэнта.

Спецыялісты адзначаюць, што запаволенне эканамічнага росту чакае і краіны СНД. Згодна з прагнозам, у 2023 годзе сукупны ВУП краін СНД скароціцца на 1 працэнт у параўнанні з мінулым годам.

Эксперт Дэпартамента ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Грыгор Агабекян заявіў, што ў Расійскай Федэрацыі ў 2023 годзе эканамічны спад можа скласці 2,5-3 працэнты. Адзначаецца, што пасля пачатку канфлікту ва Украіне эканамісты заяўлялі, што расійская эканоміка ў 2022 годзе скароціцца на 10-15 працэнтаў, аднак у рэальнасці скарачэнне склала ўсяго каля 3 працэнтаў. Тлумачыцца, што захаваць фінансавую стабільнасць краіне дала магчымасць у тым ліку палітыка ЦБ РФ.

Эксперты ААН звяртаюць увагу на тое, што важным выключэннем з агульнай сусветнай карціны з’яўляецца Кітай, які ў канцы мінулага года адмовіўся ад сваёй жорсткай палітыкі «нулявой цярпімасці» да COVID-19 і звязаных з ёй абмежаванняў, а таксама змякчыў грашова-крэдытную палітыку. Пасля росту на 3 працэнты ў 2022 годзе чакаецца, што кітайская эканоміка вырасце на 4,8 працэнта ў 2023 годзе.

У дакладзе таксама паведамляецца, што развітыя краіны, і тыя, што сталі на шлях развіцця, у гэтым годзе сутыкнуцца з рызыкай рэцэсіі.

«Высокая інфляцыя выклікала агрэсіўнае ўзмацненне грашова-крэдытнай палітыкі ў многіх развітых краінах і краінах, што сталі на шлях развіцця. Хуткае павышэнне працэнтных ставак цэнтральнымі банкамі буйных развітых краін, у першую чаргу ЗША, прывяло да адтоку капіталу і абясцэньвання валюты ў краінах, якія развіваюцца, што ўскладніла іх доступ да імпарту і павялічыла выплаты па знешнім доўгу», — сказаў Грыгор Агабекян.

Але спецыялісты чакаюць, што ў 2024 годзе тэмпы росту сусветнай эканомікі пачнуць набіраць абароты і змогуць прыбавіць 2,7 працэнта. Аднак усё будзе залежаць ад далейшага ходу канфлікту ва Украіне, мер па барацьбе з інфляцыяй і збояў у ланцужках паставак. Пры гэтым ужо ў бягучым годзе глабальная інфляцыя, якая ў 2022 годзе дасягнула самага высокага ўзроўню за некалькі дзесяцігоддзяў і склала каля 9 працэнтаў, можа знізіцца да 6,5 працэнта.

Пры гэтым у ААН заклікаюць урады краін знайсці баланс паміж стымуляваннем вытворчасці і стрымліваннем інфляцыі для аднаўлення эканомікі, а таксама ўказваюць на неабходнасць каардынацыі грашова-крэдытнай і падаткова-бюджэтнай палітыкі паміж цэнтрабанкамі краін для звядзення да мінімуму верагоднасці працяглага і сур’ёзнага эканамічнага спаду. Акрамя таго, яны засяроджваюць увагу на неабходнасці пазбягаць маштабных мер строгай эканоміі, паколькі гэта затармозіць эканамічны рост і працэс аднаўлення.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?