Вы тут

Мікола Чарняўскі — чалавек-сонца ў нашай культуры


Да чарговага юбілею вядомы беларускі пісьменнік Мікола Чарняўскі прыйшоў з мноствам творчых набыткаў і ўвагай чытачоў. Падзяліцца ўспамінамі і павіншаваць юбіляра ў Вялікую залу Дома літаратара 19 снежня прыйшлі адразу некалькі пакаленняў пісьменнікаў і аматараў творчасці знанага майстра слова.


Фота Кастуся Дробава.

Як адзначыў на пачатку імпрэзы вядучы Вячаслаў Статкевіч: «З 80 гадоў Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі прысвяціў творчасці 65!» За гэты час творчы ўраджай аўтара — амаль шэсць дзясяткаў кніг, якія даўно сталі неад’емнай часткай дзіцячых кніжніц і сямейных бібліятэк. Аўтар не абмяжоўвае сябе ў жанрах, піша для дарослых і дзяцей. Працуе плённа і рупліва, каб перадаць свае веды.

Будучы пісьменнік нарадзіўся 16 студзеня 1943 года ў вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1966-м скончыў вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паралельна з вучобай працаваў рэдактарам на Беларускім радыё. 22 гады прысвяціў Мікола Чарняўскі працы ў часопісе «Бярозка». Сам аўтар успамінае ў сваіх інтэрв’ю, што дзякуючы гэтаму выданню пасябраваў з многімі сучаснымі беларускімі аўтарамі, камусьці дапамог апублікаваць першыя творы. З 1989 года перайшоў у часопіс «Вясёлка».

На працягу доўгага творчага жыцця Мікалай Мікалаевіч неаднаразова адзначаўся высокімі ўзнагародамі: лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра і Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Выдатнік народнай асветы і выдатнік друку Беларусі. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.

Адкрылі чараду віншаванняў першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Літаратары нагадалі гасцям мерапрыемства аб псеўданімах, якімі карыстаўся Мікола Чарняўскі — Аўсюг Самасейка, Мікола Сівец.

— Мікола Чарняўскі — гэта імя! Гэта чалавек, якога ў нашай сучаснай беларускай літаратуры можна па праве назваць класікам. Яго творчасць прысвечана дзецям. З якой любоўю і ласкай ён стварае свае самыя шчырыя радкі! — адзначыла Алена Стэльмах. — Мы ўпэўнены, што юбілей Міколы Чарняўскага стаў падзеяй не толькі ў нашай зале, але і ва ўсім беларускім літаратурным жыцці. Мноства бібліятэк зладзілі выстаўкі кніг аўтара, мы ведаем, з якой цікаўнасцю дзеці чытаюць кнігі пісьменніка.

Пісьменніца ўручыла юбіляру Ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за асаблівыя заслугі ў развіцці беларускай літаратуры і зачытала віншаванне міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова. Алена Стэльмах таксама перадала віншаванні юбіляру ад ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргніца і ад старшыні СПБ Алеся Карлюкевіча. Міхась Пазнякоў прысвяціў юбіляру верш, які прагучаў са сцэны.

— Я ўпэўнены, што такі чалавек, як Мікола Чарняўскі, — глыба у нашай культуры, неабсяжная і шматгранная. Чалавек інтэлігентны, надзвычай добры, светлы. Чалавек-сонца ў нашай літаратуры. Сапраўдны настаўнік, паплечнік, асоба з вялікай літары.

Прагучалі віншаванні і ад калег. Падзякавала за плённае супрацоўніцтва дырэктар выдавецтва «Народная асвета» Вікторыя Калістратава. Падзялілася ўспамінамі аб доўгіх гадах сумеснай працы дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Анцух. Уладзімір Ліпскі адзначыў непаўторны і асаблівы талент юбіляра.

Увагу публікі прыцягнула ўнікальная пастаноўка, створаная на аснове асобных твораў Міколы Чарняўскага артыстамі Мінскага гарадскога тэатра паэзіі на чале з Вольгай Багушыньскай і Валянцінай Драбышэўскай.

Праграма свята атрымалася насычанай і разнастайнай, бо для ўдзелу былі запрошаны вядомыя пісьменнікі, кампазітары, не толькі юныя, але і прафесійныя артысты. Са сцэны гучалі песні на словы Міколы Чарняўскага ў выкананні салістаў ансамбля народнай музыкі «Свята», ансамбля «Дударыкі» і Яўгена Хаменкі.

Валянцін САЛОМА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.