Вы тут

Ці здолеем мы вярнуць ранейшыя літаратурныя стасункі паміж краінамі?


Цікавай падаецца такая статыстыка. У Другім усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў у 1954 годзе ўдзельнічала ў якасці дэлегатаў 28 прадстаўнікоў Беларусі і 10 — Кыргызстана. Ці сустракаліся яны — напрыклад, Якуб Колас і Кубанычбек Малікаў (кыргызскі пісьменнік, дарэчы, і выступаў на з’ездзе)? Ці, можа быць, размаўлялі ў кулуарах Максім Танк і Цеміркул Уметаліеў?.. Ужо ў 1954 годзе ў Фрунзе (сённяшні Бішкек) пабачыла свет кніга вершаў Янкі Купалы ў перакладах Ц. Уметаліева. Пасля гэты зборнік выйдзе яшчэ і ў 1982 годзе...


Развал Савецкага Саюза парушыў, здавалася б, досыць трывалыя міжнацыянальныя літаратурныя сувязі, якія сталіся ўжо выразнай практыкай інтэрнацыянальнай палітыкі вялікай дзяржавы. Ці здолеем мы вярнуць ранейшыя стасункі, узняць іх на новыя вышыні? Ці ўсё ж толькі і застанецца нам жыць успамінамі пра літаратурнае сяброўства, у тым ліку беларусаў і кыргызаў?..

Давайце паспрабуем зрабіць некаторыя агледзіны... У серыі «Сугучча сэрцаў», здзейсненай у 2013 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда», ёсць і кыргызстанскі томік прозы і паэзіі — «Жывое слова». І хаця выдадзены ён на рускай мове, усё ж таксама з’яўляецца сведчаннем стасункаў літаратур Беларусі і Кыргызстана. І ўкладаўся ён беларускім бокам. Усе кыргызскія вершы і прозу для зборніка падбіраў паэт Алесь Бадак, які, дарэчы, выяўляе сябе і чуйным перакладчыкам.

У той кнізе да чытача, які яшчэ, магчыма, усё ж цікавіцца развіццём літаратур на постсавецкай прасторы, прыйшлі вершы, урыўкі з раманаў, апавяданні Мара Байджыева (урывак з «Казання пра Манаса»), Рахіма Карымава, Вячаслава Шапавалава (піша на рускай мове; перакладае кыргызскую паэзію; уганараваны званнем «Народны паэт Кыргызстана»), Турусбека Мадылбая, Тазагуль Закіравай, Кадыркула Амаркулава, Нурлана Калыбекава, Туленды Курманаліева, Святланы Суславай. Беларускую частку кнігі склалі творы Вячаслава Адамчыка, Барыса Беляжэнкі, Аляксея Дударава, Мар’яна Дуксы, Уладзіміра Навумовіча, Сяргея Карыцькі, Аляксандра Брыта, Паўла Вераб’ёва, Раісы Дзейкун.

А што ж у Беларусі... Знаёмства з творамі кыргызскіх пісьменнікаў пачалося яшчэ ў 1930-я, пра што і нагадвае «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі». Але, зразумела, па-сапраўднаму прадстаўленне далёкага ад нашай Айчыны сярэднеазіяцкага прыгожага пісьменства пачалося ў пасляваенныя гады, у 1960-я і пазней. Выйшлі аповесці Чынгіза Айтматава — «Джаміля» (1962) і «Бывай, Гюльсары!» (1971). У 1971-м — зборнік «Кіргізскія народныя казкі». Таксама асобна выходзілі кыргызскія народныя казкі «Макмут» (1971) і «Як хлопчык горад выратаваў» (1972). У 1964 годзе пабачыла свет аповесць Ш. Бейшаналіева «Кычан».

Пра аднаго з кыргызскіх аўтараў кнігі — Вячаслава Шапавалава, з якім мне пашчасціла асабіста пазнаёміцца ў Кыргызстане, яшчэ шмат гадоў назад пісалі: «Паэзія Шапавалава — ахвярная спроба захаваць агульную культурную прастору... Галоўнымі тэмамі яго вершаў і паэм сталі: час, гісторыя, душа, народ». Нагадаем, народны паэт Кыргызстана, аўтар паэмы «Нараджэнне Манасчы» (пра эпас «Манас») — аўтар болей чым 30 кніг мастацкага перакладу, чалавек, які сапраўды злучае культуры, народы. Яшчэ і перакладчык паэзіі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна на рускую мову. Цікавы факт, пагадзіцеся: народны паэт іншанацыянальнага свету, які піша па-руску, добра ведае кыргызскую мову, кыргызскую культуру, уважлівы да далёкай Беларусі, да творчага свету другога вялікага паэта, узнаўляе яго мастацкі пошук на мову Пушкіна і Някрасава. Можна сказаць: угрызаецца ў беларускі мастацкі свет, выбіраючы ў ім найлепшае.

Што ж нас яднае з Кыргызстанам у мастацкай літаратуры, калі ўглядацца ў рэтраспектыву?.. Наколькі мы багатыя ў прадстаўленні кыргызскага прыгожага пісьменства па-беларуску?

Каб адказаць на гэтае пытанне, давайце звернемся да статыстыкі, выкладзенай у свой час яшчэ ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі». З 1918 да 1986 года ў Беларусі выйшла 8 кніг кыргызскіх аўтараў на беларускай мове. Дарэчы, за той жа час у Кыргызстане пабачылі свет 16 кніг паэзіі і прозы беларускіх пісьменнікаў на кыргызскай мове. Толькі раманы Івана Шамякіна выходзілі двойчы — у 1962 і 1986 гадах. Перакладчыкі — У. Шаршаналіеў, У. Умралін. Творы Васіля Быкава выдаваліся ў Кыргызстане кнігамі чатыры разы — у 1971, 1978, 1979, 1980 гадах. І зборнік выбранай паэзіі Янкі Купалы (нагадаем, у перакладзе Ц. Уметаліева) выходзіў у Фрунзе двойчы — у 1954 і 1982 гадах.

А што ж у Беларусі... Знаёмства з творамі кыргызскіх пісьменнікаў пачалося яшчэ ў 1930-я, пра што і нагадвае «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі». Але, зразумела, па-сапраўднаму прадстаўленне далёкага ад нашай Айчыны сярэднеазіяцкага прыгожага пісьменства пачалося ў пасляваенныя гады, у 1960-я і пазней. Выйшлі аповесці Чынгіза Айтматава — «Джаміля» (1962) і «Бывай, Гюльсары!» (1971). У 1971-м — зборнік «Кіргізскія народныя казкі». Таксама асобна выходзілі кыргызскія народныя казкі «Макмут» (1971) і «Як хлопчык горад выратаваў» (1972). У 1964 годзе пабачыла свет аповесць Ш. Бейшаналіева «Кычан».

Але ж і ў калектыўных зборніках, як і ў перыёдыцы Беларусі, выходзіла шмат вершаў і апавяданняў кыргызскіх пісьменнікаў. Так, асабліва шмат беларускімі перакладчыкамі было зроблена, калі ў Мінску пачалі выходзіць альманахі мастацкага перакладу: «Далягляды», «Братэрства», «Ветразь».

Асобна добрае слова трэба сказаць пра беларускага дзіцячага паэта і перакладчыка Міколу Чарняўскага, які неймаверна часта прадстаўляў творчасць паэтаў народаў колішняй савецкай прасторы ў «Бярозцы» і «Вясёлцы». Нядаўна плён яго намаганняў у гэтым кірунку падсумаваны выданнем аўтарскай анталогіі перакладаў з дзіцячай паэзіі свету — «Як зрабіць вясёлым дзень». А ў выпуску альманаха «Ветразь» за 1988 год беларускі творца змясціў падборку вершаў кыргызскай паэтэсы Нінакан Джундубаевай з пяці вершаў. Ёсць там і «Кіргізскія коні»: «Кіргізскія коні, легендай вы сталі, // Мае скакуны, вазакі і ратаі. // На вас мы каменне ў падмуркі вазілі, // Здзіўляліся ўпартасці, // Казачнай сіле. // Па горных вяршынях, // Што ў хмары спавіты, // Пад не-бам, // Дзе золата з нетраў здабыта, — // Я чую здалёк вашу, коні, хаду...»

Пачатак быў яшчэ ў 1982 годзе. Менавіта тады Мікола Чарняўскі надрукаваў у часопісе «Бярозка» свой пераклад верша Нінакан Джундубаевай «Горныя кветкі».

Сярод перакладчыкаў кыргызскай паэзіі на беларускую мову — Раіса Баравікова, Казімір Камейша, Васіль Зуёнак, Іван Калеснік, Уладзімір Шахавец, Мікола Федзюковіч, Мікола Хведаровіч, Мікола Аўрамчык, Мікола Мятліцкі і інш.

А ў працяг прадстаўлення кыргызскай літаратуры ў Беларусі — работа на сайце Выдавецкага дома «Звязда», дзе на інтэрнэт-партале «Сугучча. Літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці» («Созвучие. Литература и публицистика стран Содружества») знайшлося месца старонцы «Літаратурны Кыргызстан». Матэрыялы размяшчаліся на трох мовах — у залежнасці ад мовы арыгінала: беларуская, кыргызская, руская. Ёсць і пераклад аднаго верша Ф. Скарыны на кыргызскую — перакладчыкам выступае Таштанбек Чакіеў. Змешчаны артыкулы «Кыргызская літаратура», «Літаратура кыргызаў у савецкі перыяд» і іншыя даследаванні, нарысы жыцця і творчасці пісьменнікаў, арыгінальныя мастацкія творы. Якраз такі адрас дае магчымасць знаёміцца ў канцэнтраваным выглядзе з партрэтам кыргызскага прыгожага пісьменства, дазваляе рабіць свае высновы ды следам выбудоўваць новыя, болей трывалыя беларуска-кыргызстанскія літаратурныя стасункі. Шкада, што ўжо некаторы час назад партал перастаў працаваць...

Безумоўна, асновай перакладчыцкай працы, як паказвае жыццё, з’яўляюцца асабістыя прыхільнасці мастакоў слова, іх уласная творчая ініцыятыва, іх пакліканне на ўбачаную і асэнсаваную з’яву. Пацвярджаюць гэта і словы параўнальна нядаўняга інтэрв’ю народнага пісьменніка Кыргызстана Чынгіза Айтматава газеце «СБ. Беларусь сегодня»: «У літаратуры, творчасці, калі можна ў дадзеным выпадку прымяніць гэты тэрмін, мы з Васілём Быкавым былі аднакашнікамі. Адно пакаленне, адно разуменне многіх рэчаў. Канешне ж, Васіль Быкаў — фігура знакавая, гэта эпоха ў савецкай літаратуры, якая прарывалася, ачышчала сябе і атачэнне. Нягледзячы на многія перашкоды ў тагачаснай ідэалогіі. І гэта нас збліжала. Здаецца, зусім нядаўна мы былі ў Германіі на адной канферэнцыі. Жылі некалькі дзён у адным доме.

І стасункі з Васілём Уладзіміравічам мяне натхнілі... Але болей за ўсё помню адзін маскоўскі сімпозіум. Абмяркоўвалі агульнасусветныя тэмы. Тады моднай была барацьба за мір. І вось я, магчыма, універсальна па тым часе падышоў да тэмы, назваўшы людзей усёй планеты зямлянамі. Хацелася акрэсліць адзінства, нашу сусветную еднасць. Жывём жа мы разам.

І тады адзін з цэкоўскіх тыпаў — дакладна не помню яго прозвішча — выйшаў на трыбуну і кінуў мне папрок: „Адкуль вы ўзялі гэты буржуазны тэрмін? Што, класавы вораг — таксама наш зямлянін?“ Там прысутнічаў і Васіль Быкаў. Якраз Васіль Уладзіміравіч выступіў следам за цэкоўцам. І патлумачыў, што калі мы вечна будзем дзяліць усіх па класавым прынцыпе, то наўрад ці да чаго добрага гэта прывядзе. Сказаў гэта пераканаўча, выразна. Мужнасць пісьменніка — адзіная катэгорыя, якая здольна ўплываць на развіццё навакольнага жыцця ў лепшы бок. Мужнасць у адкрытым дыялогу і мужнасць перад чыстым аркушам паперы...»

Зварот да выказвання Чынгіза Айтматава нагадаў і пра такі рэзерв судакранання нацыянальных літаратур, як параўнальнае літаратуразнаўства. Можа з часам беларускія і кыргызскія літаратуразнаўцы з вялікім імпэтам возьмуцца за такія тэмы, дзе побач будуць разглядаць творчасць Васіля Быкава і Чынгіза Айтматава, Пімена Панчанкі і Аалы Такамбаева, Еўдакіі Лось і Зууры Сааранбаевай, Уладзіміра Караткевіча і Мусы Мураталіева, Рыгора Барадуліна і Кенеша Джусупава... У гэта хочацца верыць!

У апошнія гады я некаторы час ліставаўся з Суеркулам Тургунбаевым, народным паэтам Кыргызстана. Перасылаў яму творы нашых сучасных мастакоў слова. Ліставаўся і з Вячаславам Шапавалавым. Сярод карэспандэнтаў беларускіх літаратараў ёсць і кыргызскі пісьменнік, перакладчык і журналіст Абібіла Пазылаў. Ён удзельнічаў у адным з круглых сталоў беларускіх і замежных пісьменнікаў у Дзень беларускага пісьменства. Абібіла Пазылаў пераклаў творы некаторых беларускіх празаікаў і надрукаваў іх у розных перыядычных выданнях. Будзем спадзявацца, што і гэтыя крокі нейкім чынам паўплываюць на развіццё стасункаў паміж беларускай і кыргызскай нацыянальнымі літаратурамі.

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».