Вы тут

Смарт-падарункі, «электрычныя» дрэвы і нейрасеткі для стымуляцыі пачуццяў


Якія праекты юных вынаходнікаў Гродзеншчыны прымуць удзел у рэспубліканскім этапе конкурса «Сто ідэй для Беларусі»


Сёлета ў рэгіянальным адборачным туры сярод школьнікаў і навучэнцаў каледжаў было прадстаўлена 24 праекта. З іх абласны экспертны савет вылучыў пяць найбольш цікавых і актуальных. Некалькі праектаў сталі пераможцамі ў анлайн галасаванні і ў дапаўняльных намінацыях. 

Па словах першага сакратара Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэя Есіна, на рэгіянальны конкурс паступіла больш за 150 заявак. Гэта рэкордная колькасць за ўсе 13 гадоў правядзення конкурсных аглядаў. Прычым з кожным годам ён становіцца ўсё больш папулярным і крэатыўным. Вядома, самыя ўнікальныя ідэі, а іх было вылучана больш за дваццаць, атрымалі магчымасць паспаборнічаць за права прадстаўляць рэгіён у Мінску, на заключным этапе конкурса. У выніку вельмі складанага адбору засталося пяць праектаў-пераможцаў. 

— Школьная моладзь з кожным разам прапануе новыя падыходы ў гуманітарных, экалагічных, энэргетычных, ІТ- кірунках. Гэтаму папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа — ад ідэі да яе рэалізацыі, бо тут яшчэ важна стварыць каманду аднадумцаў, — лічыць Андрэй Есін.

На думку экспертаў, школьнікаў павінна зацікавіць фэнтэзійная інтэрактыўная гульня-навэла па геаграфіі «Ахоўнік стыхій», якую прадставілі вучні Ёдкаўскай СШ Лідскага раёна. Сутнасць гульні у тым, каб за вызначаны час прайсці пяць лакацый-стыхій. Гульня праз інфармацыйныя тэхналогіі знаёміць са сферамі Зямлі — літасферай, атмасферай, гідрасферай і г.д. Такім чынам школьнік атрымлівае веды па геаграфіі. 

Віртуальны праект прапануе Смаргонская СШ — партнёр рэзідэнта Гродзенскага тэхнапарка. Тут гатовы даць адказ на пытанне: што падарыць? На думку аўтараў праекта, многія будуць задаволены іх смарт-падарункам. Трэба толькі набыць білет з QR-кодам і можна стварыць уласнае віншаванне, якое адрасат «ажывіць» на сваім смартфоне. 

Перспектыўным можа стаць праект, які прадставіла гродзенская гімназія № 10. Аказваецца, электрычную энэргію можна атрымаць ад ... дрэў. Яны, як паясніў вучань 10 класа Вадзім Ламан, выпрацоўваюць пасіўную электрычнасць праз рэакцыю акіслення медных ці бронзавых стрыжняў. Адна частка ланцужка — у кіслым асяроддзі, другая — у ствале дрэва, у яго кары. Энэргіі хапае на некалькі месяцаў. Яе можна скарыстаць для рэкламнай падсветкі, навагодняй ілюмінацыі. Напрыклад, сёлета такім чынам асвятлялі ёлкі ў самой гімназіі. Заўважана, што найбольш прыдатныя для гэтага хвойныя дрэвы.

Паедзе на рэспубліку і яшчэ адзін энэргетычны праект. Яго прэзентаваў распрацоўшчык Уладзіслаў Пазняк з навагрудскага каледжа тэхналогіі і бяспекі. Праект прызначаны павысіць энэргаэфектыўнасць праз лічыльнік вады. Толькі трэба да яго падключыць невялікі генератар. 

— Калі ўстанавіць такі генератар на агульны лічыльнік, які лічыць ваду, напрыклад, на вялікім прадпрыемстве, акумулятар будзе назапашваць энэргію. Яе хопіць на нейкія дапаўняльныя паслугі, напрыклад, на падсветку памяшканняў, зарадку тэлефона. Гэта асабліва выгадна для сельская сядзібы, можна атрымаць амаль 10 кВ/г у месяц бясплатнай энэргіі для вячэрняга асвятлення двара, — запэўніў юны вынаходнік. 

Многіх, у тым ліку, і экспертаў, уразіла бізнэс-ідэя гродзенскага ліцэіста Сяргея Орсіка. Яго інфармацыйна-камунікацыйная сістэма накіравана на тое, каб праз даследаванне эмоцый павысіць працаздольнасць работнікаў. Той факт, што настрой чалавека ўплывае на прадуктыўнасць працы, наўрад ці можна аспрэчваць. Сяргей, дарэчы, яшчэ і падцвердзіў гэта, даследаваўшы стан вучняў ліцэя. Ен выявіў, што ў 73% выпадках на вучобу ўплываюць эмоцыі. Як гэта працуе? Фота чалавека заносіцца ў праграму, якая распазнае эмоцыі за вызначаны перыяд часу. З дапамогай нейроннай сеткі выстаўляюцца балы. Напрыклад, за тыдзень работнік адчуў 150 балаў нейтральных эмоцый, 50 балаў шчасця і 200 балаў смутку. Табліца з баламі перадаецца псіхолагу, які павінен разабрацца, у чым справа, і працаваць для паляпшэння эмацыйнага стану чалавека. Сяргей вызначыў і кошт праграмнага прадукта — каля 7 тысяч рублёў. Дарэчы, гэты праект выйшаў пераможцам і ў анлайн галасаванні гродзенцаў. 

Экспертамі вызначана некалькі праектаў, якія хоць і не трапілі ў склад пераможцаў, могуць быць цікавымі для Гродзеншчыны. Напрыклад, асвятленне маста праз раку Нёман у начны час. На думку Аляксандра Ярмусіка з Мастоў, гэта можна зрабіць пры дапамозе міні-электрастанцыі без плаціны. Энэргія будзе паступаць на дыёдныя лямпы і яе павінна быць дастаткова для асвятлення аб’екта. Таксама заслугоўвае ўвагі праект варнянскай СШ Астравецкага раёна па добраўпарадкаванні малой радзімы «Вёска будучага». 

Па словах эксперта, дацэнта кафедры дзіцячай хірургіі ГрМУ, старшыні Савета маладых навукоўцаў вну Аляксандра Груткіна, сёлетні конкурс атрымаўся даволі разнастайным. Яго тэматыка, дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, пастаянна пашыраецца. Расце і ўзровень падрыхтоўкі яго ўдзельнікаў. Некаторыя школьнікі ведаюць мову праграміравання, самі пішуць праграмы. Многія ідэі ўвасоблены у наглядных макетах, зробленых сваімі рукамі. Дарэчы, сам Аляксандр Груткін — неаднаразовы пераможца рэспубліканскага этапу конкурса «Сто ідэй для Беларусі» і пераможца конкурса «Сто ідэй для СНД». Лепшым стаў яго медыцынскі праект, дзе ён прапанаваў сучасныя траўматычныя павязкі з іёнамі срэбра для лячэння ранаў. 

Дарэчы, на заключным конкурсе будуць прадстаўлены і праекты студэнтаў гродзенскіх універсітэтаў. Іх адборачны тур праходзіў асобна, а праекты маюць сваю навуковую накіраванасць. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.