Візіт у горад на Дзвіне прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста. На тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзяцца 55 помнікаў-сведкаў жудасных падзей Другой сусветнай вайны. Адным з самых вялікіх гета, якіх падчас акупацыі на тэрыторыі Віцебскай вобласці існавала 52, называюць Віцебскае, дзе па мерках даследчыкаў знаходзілася звыш 13 тысяч яўрэяў.
— Для Ізраіля гэта вельмі важная тэма. Захаванне памяці аб Халакосце з’яўляецца адным з асноўных складнікаў ізраільскай палітыкі, — падкрэсліў Цві Міркін на сустрэчы з кіраўніцтвам паўночнага рэгіёна.
Галоўная мэта двухдзённага візіта ізраільскага дыпламата — удзел у цырымоніі, прысвечанай Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакоста і знаёмства з вобласцю. Заўтра ў Віцебску медалём Праведнікаў народаў свету будзе ўзнагароджана сям’я, гераічныя продкі якой у 1941-м выратавалі двух яўрэйскіх дзяцей. Дарэчы, і перанос цырымоніі ў горад на Дзвіне з Мінску адбыўся па прычыне таго, што сям’я пражывае на Віцебшчыне. Таксама Цві Міркін плануе наведаць як мага больш месцаў, звязаных з яўрэйскай трагедыяй, і гарадскую яўрэйскую абшчыну.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў адзначыў, што паміж дзвюма краінамі, якія захоўваюць агульную гістарычную памяць, наладжаны і пабрацімскія сувязі: горад Глыбокае і Кір’ят-Бялік падпісалі дагавор аб сацыяльна-культурным супрацоўніцтве ў 2014 годзе, Віцебск і Рышон Ле-Ціён — у 2008-м. Але ў гэтай сферы ёсць, куды развівацца і прырастаць новымі сувязямі, пашыраць сферы ўзаемадзеяння.
Цві Міркін адзначыў, што з-за складанай эпідэмічнай сітуацыі Ізраіль часова прыпыніў наладжванне міжнародных кантактаў, аднак зараз у супрацоўніцтва краіны з іншымі дзяржавамі ў розных сферах павінна адкрыцца другое дыханне. «Я шмат займаюся тэмай літаратуры, таму намераны канцэнтравацца на падобных ініцыятывах. Зараз завяршаецца праект па перакладзе аднаго з буйнейшых сучасных ізраільскіх раманаў на беларускую мову. Гэта не першы такі праект, да выбару нашых твораў для перакладу мы падыходзім вельмі старанна, бо везці штосьці сярэдняе ў краіну, якая падарыла свету Уладзіміра Караткевіча, нельга. Тым больш, што на Глыбоччыне нарадзіўся айцец сучаснага іўрыта Эліэзэр Бэн-Йехуда — гэта і стварае сімвалічную аснову для культурнага ўзаемадзеяння», — адзначыў часова павераны ў справах Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.