Вы тут

Ананіч: Нам хопіць мудрасці і моцы не збочыць з абранага шляху міру і стваральнасці


Парламентарый — пра гістарычную памяць, удасканаленне мемарыяльнага заканадаўства і трагічны лёс сваіх продкаў, зажыва спаленых карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


У Год гістарычнай памяці было рэалізавана нямала патрыятычных праектаў, грамадскіх ініцыятыў — здаецца, кожны беларус адчуў, што без ведання і павагі да гістарычнага мінулага немагчыма пабудаваць светлую будучыню. Адны сталі ўдзельнікамі шматлікіх рэспубліканскіх акцый, іншыя зберагалі памяць свайго роду, перадаючы гэтую найважнейшую традыцыю наступным пакаленням.

Свой важкі грамадскі ўнёсак у зберажэнне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, недапушчэнне рэабілітацыі нацызму зрабіла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія АНАНІЧ, калі ўнесла ў Палату прадстаўнікоў праект Закона «Аб генацыдзе беларускага народа», які ўступіў у сілу ў пачатку 2022 года. Таксама яна працавала над праектам Закона «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Асабісты маральны абавязак дэпутат здзейсніла мінулым летам — дзякуючы яе намаганням на месцы спаленай у маі 1943 года вёскі Дунаі, што на Лагойшчыне, з’явіўся помнік. Амаль праз восем дзесяцігоддзяў годным чынам была ўвекавечана памяць не толькі сваякоў парламентарыя, зажыва спаленых карнікамі, але і астатніх жыхароў вёскі, жыццё якіх абарвалася заўчасна і несправядліва...

— Лілія Станіславаўна, мінулы год — Год гістарычнай памяці — вельмі сімвалічна пачаўся з уступлення ў сілу Закона «Аб генацыдзе беларускага народа», аўтарам якога вы з’яўляецеся. З якімі заканадаўчымі ініцыятывамі пачынаеце 2023 год, аб’яўлены Годам міру і стварэння?

— У Год міру і стварэння кожнаму з нас трэба ўсвядоміць сваю асабістую адказнасць за лёс нашай краіны, захаванне згоды ў грамадстве і магчымасці пад мірным небам працягваць стваральную працу. Кожнаму, нам усім вельмі важна пакласці на свой працоўны стол пэўную тэму, задачу, у вырашэнне якой ты можаш зрабіць свой канкрэтны ўнёсак. Дэпутат прадстаўляе заканадаўчую галіну ўлады, таму адной са сваіх задач бачу працяг дзейнасці, звязанай з удасканальваннем мемарыяльнага заканадаўства, абаронай нацыянальных інтарэсаў. У нашай краіне створана сур’ёзная заканадаўчая база недапушчэння рэабілітацыі нацызму, супрацьдзеяння экстрэмізму. Аднак гэта не азначае, што гэта работа не павінна працягвацца. Узяць хаця б аналіз правапрымяняльнай практыкі. У пэўнай ступені мне як старшыні Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму даводзіцца сустракацца з праявамі парушэння заканадаўства. За два гады работы ў складзе камісіі разгледжана звыш 1400 публікацый, электронных і друкаваных, у звыш 1300 з іх аўтарытэтнымі экспертамі выяўлены прыкметы наяўнасці экстрэмізму, у тым ліку спробы рэабілітацыі нацызму. На жаль, ёсць такія прыклады.

Падчас адкрыцця помніка на месцы спаленай 5 мая 1943 года лагойскай вёскі Дунаі.

Па выніках сустрэч з грамадскасцю, па ўласным перакананні раблю выснову аб неабходнасці сур’ёзна паглядзець на ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб ветэранах». На мой погляд, гэты закон не толькі і не столькі сацыяльнага характару. У аснове палітыкі нашай дзяржавы, галоўных ідэалагічных пастулатаў — гістарычная памяць, пераемнасць пакаленняў, традыцыйныя каштоўнасці. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, сыходзяць з жыцця, іх ужо адзінкі. Думаю, узнікае неабходнасць больш уважліва паглядзець на малалетніх вязняў. Гэтыя людзі, як мы ўбачылі асабліва тады, калі пачала расследавацца крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа, з’яўляюцца апошнімі сведкамі тых падзей, і яны сёння хочуць прымаць больш актыўны ўдзел у выхаванні падрастаючага пакалення. Малалетнія вязні, дзеці вайны — ужо нашы ветэраны. Як і воіны-інтэрнацыяналісты — людзі, якія ўмеюць абараняць Радзіму, і для каго слова «абавязак» святое. Тое, што наша краіна жыве пад мірным небам, — у першую чаргу заслуга нашага Прэзідэнта, які вядзе гэтую палітыку, робіць усе магчымыя захады, каб зберагчы Беларусь ад самага страшнага. Плячо ў плячо з ім стаяць людзі, якія ўмеюць Радзіму абараняць. Таму лічу, што ў Законе «Аб ветэранах» павінны з’явіцца больш магутныя ідэалагічныя пасылы. Гэта, на маю думку, павінен быць Закон «Аб ветэранах і пераемнасці пакаленняў».

— Якія яшчэ законы, на ваш погляд, патрабуюць удасканалення?

— Нам трэба вельмі сур’ёзна паглядзець на Закон «Аб выдавецкай справе у Рэспубліцы Беларусь», прыняты ў 2012 годзе (са змяненнямі ў 2016 годзе). У свой час я мела дачыненне да яго распрацоўкі. Выдавецкая справа павінна адпавядаць нацыянальным інтарэсам. Калі гэта не выконваецца, павінен быць створаны дзейсны механізм неадкладнага рэагавання на такія праявы. У гэтым кантэксце ёсць што ўдасканальваць і ў заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі. Неабходна падступіцца і да тэмы ўмацавання традыцыйных каштоўнасцяў. Я маю на ўвазе недапушчэнне прапаганды ЛГБТ-каштоўнасцяў. Дарэчы, адпаведныя заканадаўчыя рашэнні прынятыя ў Расійскай Федэрацыі. Але ж у нас агульны кніжны рынак, інфармацыйная прастора, у тым ліку і таму заканадаўчыя бар’еры прапагандзе гэтых каштоўнасцяў неабходныя. Галоўнае, каб законы ішлі ад жыцця і былі скіраваны на вырашэнне актуальных праблем. На крок-два трэба глядзець наперад, бо выклікі нашаму грамадству не проста пастукаліся да нас у дзверы, а мэтанакіравана дзейнічаюць супраць нашай краіны.

— Як паказваюць сучасныя рэаліі, прыняцце законаў «Аб генацыдзе беларускага народа» і «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» было вельмі своечасовым...

— У гэтым сэнсе Беларусь — на крок наперадзе іншых краін СНД. Заканадаўча замацавана справядлівая ацэнка жудасных дзеянняў нацыстаў і іх памагатых у час Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Гэта не толькі даніна памяці ахвярам. Гэта наш клопат пра будучыню. Калі мы гаворым аб адказнасці за адмаўленне генацыду беларускага народа, то гэта крымінальная адказнасць, пазбаўленне волі:. Гэта не жорстка. Калі мы распрацоўвалі закон, ініцыяваны Генеральнай пракуратурай, былі думкі наконт адміністрацыйнага пакарання. І тады я і сабе, і іншым задавала пытанне: «А ў колькі базавых велічынь мы можам ацаніць жыцці тых, хто стаў ахвярай генацыду?» Або гэта з’ява ў нас ёсць і мы глядзім на яе скрозь пальцы, або мы сёння гаворым пра тое, што ў нас гэтага не можа быць, і прафілактычна закладваем норму, якая павінна перасцерагчы зламысніка або безгаловага дурня. Для нас ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — святыя людзі, якім мы абавязаны жыццём. Вечны наш боль за страчаныя жыцці ў віхуры вайны. Няма апраўданняў генацыду супраць народа. Ужо даўно ў той жа Украіне ветэраны не маглі спакойна выйсці 9 Мая ў сваіх узнагародах на вуліцу, бо ў іх адрас паступалі знявагі. А ці былі там заканадаўчыя абмежаванні і пакаранні? У нашым грамадстве немагчыма знявага да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і хісткасць у ацэнках тых жудасных падзей. Гэтыя законы, пра якія мы гаворым, маюць не толькі юрыдычны кантэкст, але і вельмі моцны ідэалагічны і маральны сэнс, што вельмі адпавядае сучасным рэаліям. Кожны закон — гэта не проста тэхналагічная матрыца: што можна, а што нельга. Гэта яшчэ і моцны прэвентыўны пасыл і сцвярджэнне тых пастулатаў, на якіх грунтуецца дзяржава.

— Летась дзякуючы вашым намаганням у вёсцы Дунаі Лагойскага раёна, адкуль паходзіць ваш род і якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была нацыстамі спалена разам з людзьмі, з’явіўся помнік загінулым жыхарам...

— Гэта вёска майго бацькі. З маленства мы ведалі, што нашу бабулю і прабабулю спалілі немцы. Памятаю, яшчэ была вучаніцай пачатковай школы, калі бацька ўсталяваў на месцы спаленай хаты сціплы помнік. Але аб тым, што Дунаі былі спалены разам з людзьмі менавіта 5 мая 1943 года, у дзень яго нараджэння, даведалася толькі ў 2019 годзе, калі працавала ў Нацыянальным архіве, дзе шукала дакументы, якія распавядаюць пра партызанскі шлях майго бацькі. Супрацоўнікі архіва дапамаглі адшукаць акт спаленай вёскі, датаваны 22 мая 1943 года і падпісаны камісіяй ад партызанскай брыгады «Дядзькі Васі», атрада імя Калініна і мясцовымі жыхарамі, сярод якіх быў і мой бацька. Гэта сталася маім асабістым узрушэннем... Карнікі абрабавалі вёску, забралі ўсю жыўнасць, маёмасць. Былі спалены ўсе 20 хат, разам з дзеткамі, жанчынамі і старымі — 38 жыхароў. У акце ўсе загінулыя пералічаны пайменна, з указаннем узросту. Сярод ахвяр — дзевяць дзетак разам з матулямі... Ад імя іх я прадстаўляла ў парламенце Закон «Аб генацыдзе беларускага народа»... Таксама ў дакуменце ўказваліся прозвішчы людзей, якія былі адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію. На момант расправы над мірнымі жыхарамі вёскі мой бацька быў партызанам і таму застаўся жывы. Дзякуючы яму і яшчэ аднаму юнаку з вёскі захаваліся імёны загінулых аднавяскоўцаў. Вёска не адрадзілася поўнасцю — цяпер там некалькі хат, жывуць амаль адны дачнікі. Аднак паколькі жыццё ў нейкай ступені туды вярнулася, Дунаі лічацца адноўленымі. Я вельмі ўдзячна старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрыю Аляксандравічу Пантусу, які дапамог знайсці арганізацыю, што выступіла спонсарам стварэння мемарыяла спаленым жыхарам вёскі Дунаі. Помнік з выявай акта спаленай вёскі ўсталявалі акурат на месцы, дзе знаходзіліся хата майго бацькі і сціплы помнік нашым родным на месцы іх апошняга прытулку. Цяпер гэта месца памяці аб усіх ахвярах генацыду вёскі Дунаі.

— Што аб трагедыі вёскі расказваў бацька?

— Ён гэтую тэму амаль не закранаў. Ніколі не расказваў нам аб тым, як прыйшоў на папялішча і што там убачыў. Напэўна, гэта ад болю, які нёс у сэрцы праз усё жыццё. Бацька пакінуў успаміны пра дзейнасць партызан, свой далейшы вайсковы шлях пасля вызвалення Беларусі, цяжкае раненне, пра фашысцкую блакаду, пра тое, як яны гадзінамі стаялі па шыю ў багне. А вось падрабязнасці знішчэння вёскі ён нам ніколі не агучваў. Мы толькі ведалі, што ў тым агні загінулі нашы бабуля і прабабуля. Адсюль і маё асабістае стаўленне да тэмы вайны, якая закранула амаль кожную беларускую сям’ю.

Невыпадкова ў грамадстве быў так прыняты Год гістарычнай памяці. Палітыка, якая праводзіцца ў дзяржаве, скіраваная на тое, каб ведаць усё да драбніц і даць справядлівую ацэнку тым, хто прынёс столькі гора на нашу зямлю. Зразумела, многіх з іх ужо няма ў жывых, але беларусы павінны ведаць праўду. Сёння нам варта рабіць усё дзеля таго, каб замацаваць у будучых пакаленнях памяць аб стратах, якія панеслі беларусы. А найбольш балючыя страты менавіта людскія. Калі б не тая вайна, беларусаў было б мільёнаў пад 30. Што азначае вынішчылі кожнага трэцяга? За кожным трэцім — няствораная сям’я, дзеці, якія не нарадзіліся. І тыя захады, якія адбываюцца цяпер з боку пэўных колаў так званага калектыўнага захаду, каб знішчыць Беларусь і яе самастойнасць, — гэта працяг той палітыкі, і мы гэта таксама павінны ўсведамляць. А яшчэ ў гэтай жа ступені, а можа, і болей адчуваць гонар за тое, што пакаленне пераможцаў зрабіла наш мірны дзень, што мы — нашчадкі пераможцаў. І мы павінны зрабіць ўсё дзеля таго, каб будучыня нашых дзяцей, унукаў была тут, у Беларусі, на нашай мірнай зямлі.

— Чаму нам дагэтуль цяжка дыхаць у Хатыні і сэрца замірае ў Трасцянцы?

— Генетычная памяць кожнага чалавека мацуецца асабістымі каранямі, перадаецца ад бацькоў, з малаком маці. Відавочна, асобныя сучасныя замежныя палітыкі, дакладней, палітыканы, адарваліся, адракліся ад сваіх каранёў, здрадзілі ім. Больш за тое, у асобных з іх і карані гнілаватыя аказаліся. Чаму мы сёння бачым гэтыя праявы неанацызму? Тыя гнілаватыя карані далі такія парасткі. Для таго, каб чалавек стаў іншым, трэба змяніць яго генетычную загартоўку. Усе дзеці, здаецца, нараджаюцца аднолькавымі, а потым вырастаюць рознымі людзьмі. І калі дзяржаўная сістэма не скіравана на складнік міру, добрасуседства, як у Беларусі, то што мы можам казаць пра нашых суседзяў, якія сёння аказаліся на чале з такімі палітычнымі сіламі?! Мы можам быць упэўнены ў тым, што там разрасцецца замест пустазелля жыта? На жаль, вельмі балючы вынік такой палітыкі — прыклад Украіны. Гэтага немагчыма было нават уявіць. Аднак гэта ж не адбылося за адзін дзень. Гнілыя парасткі ад гнілых каранёў былі кімсьці выпеставаны, падтрыманы і змаглі на пэўны перыяд заглушыць астатніх, і ўся дзяржаўная машына стала на гэта працаваць. Цяжка адказаць, чаму там, на калектыўным захадзе, большасць змірылася з тым, што знішчаюцца помнікі салдатам, якія сваёй крывёю прынеслі свабоду. Складана знайсці лагічнае абгрунтаванне, чаму Савецкі Саюз абвешчаны там нароўні з гітлераўскай Германіяй адказным за развязванне Другой сусветнай вайны. У сукупнасці гэта агрэсіўная палітыка, імкненне да рэваншу і захавання цаной людскіх жыццяў аднапалярнага свету ёсць працяг нацысцкай палітыкі на ўдушэнне. На прыкладзе Беларусі відавочна, што ўсе гэтыя 30 гадоў мы ішлі сваім шляхам. Наш Прэзідэнт прапанаваў беларускаму народу такую палітыку, якая адпавядае яго запыту: стваральная, мірная палітыка, скіраваная на тое, каб рос дабрабыт людзей, каб побач з намі і разам з намі таксама жылі людзі мірна і спакойна.

— Сыходзяць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у многіх сем’ях ужо няма каму расказваць пра падзеі мінулага. Ці будуць іншыя пакаленні беларусаў так, як мы, шанаваць подзвіг нашых продкаў і берагчы памяць пра тых, хто не дачакаўся Перамогі?

— Для гэтага і ажыццяўляецца дзяржаўная палітыка ў сферы гістарычнай памяці. Усе гэтыя гады яна ў нас акурат скіравана на стваральны складнік — памятаць, захоўваць, берагчы, ганарыцца і рабіць так, каб кожнае новае пакаленне як часцінку свайго асабістага лёсу ўспрымала лёс свайго народа. Усе тры дзесяцігоддзі незалежнасці Беларусь ідзе адзіна правільным шляхам — захавання гістарычнай памяці, яе ўмацавання. Безумоўна, з кожным пакаленнем гістарычная памяць аслабляецца, яе носьбіты адыходзяць, але павага да мінулага застаецца. Гэта вялікая праца ўсяго народа: або жывём з гэтай памяццю і перадаем сваім дзецям, або нехта іншы будзе вызначаць іх лёс. Дык мы хочам, каб жыццё нашых дзяцей было стваральнае і мірнае? Безумоўна. Таму, як бы ні стараліся нашы нядобразычліўцы, знешнія сілы, нам хопіць мудрасці і моцы не збочыць з абранага шляху міру і стваральнасці.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».