Вы тут

Напрамкі абароны персанальных даных абмеркавалі эксперты з пяці краін на міжнародным форуме ў Мінску


Трансгранічная перадача даных (калі арганізацыі, якія аказваюць паслугі гамадзянам, перадаюць інфармацыю за межы краіны); арганізацыя відэаназірання; збор біяметрычных даных у выглядзе адбіткаў пальца ці радужнай абалонкі вока; недапушчэнне празмернага збору інфармацыі пра чалавека ўвогуле — гэтыя і іншыя актуальныя напрамкі ў справе забеспячэння абароны персанальных даных, якія вельмі падобныя ў розных краінах, абмеркавалі эксперты на першым міжнародным форуме ў сталіцы, прымеркаваным да Міжнароднага дня абароны персанальных даных, які адзначаецца 28 студзеня. Удзел у ім узялі спецыялісты з Беларусі, Арменіі, Кыргызстана, Расіі і Сербіі.


Караць нельга прафілакціраваць

Усё больш жыццёвых з’яў і працэсаў пераходзіць у лічбавую сферу. Таму вельмі важна знайсці баланс інтарэсаў паміж арганізацыямі, якім персанальныя даныя (ПД) патрэбны для работы, і грамадзянамі, чые звесткі выкарыстоўваюцца. Летась у Канстытуцыю Беларусі ўнеслі артыкул, дзе сказана, што дзяржава стварае ўмовы для абароны персанальных даных. Поспех гэтай справы залежыць ад кожнага чалавека і арганізацыі, якая апрацоўвае асабістыя звесткі людзей, і не можа базіравацца толькі на нацыянальным вопыце. Таму вельмі важна абменьвацца практыкамі з прадстаўнікамі ўпаўнаважаных органаў, якія займаюцца абаронай персанальных звестак, з іншых краін, падкрэсліў Андрэй ГАЕЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнта абароны персанальных даных:

— Сёлета ў сваёй рабоце Цэнтр працягне рабіць упор на прафілактычныя мерапрыемствы, каб папярэдзіць выпадкі ўцечкі і незаконнага выкарыстання асабістых звестак. Важнай застанецца і арганізацыя навучання ў выглядзе павышэння кваліфікацыі, рабочых сустрэч з прадстаўнікамі пэўных органаў і сфер. Ужо распачаты цыкл рэгіянальных сустрэч. Першая адбылася летась у Брэсце з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі. Па выніках стасункаў з людзьмі, якія прымяняюць заканадаўства ў пэўнай сферы дзейнасці на месцах, абазначваюцца праблемныя пытанні, якія потым кладуцца ў аснову падрыхтоўваемых метадалагічных дакументаў ці змен у заканадаўства. Кантрольная планавая дзейнасць Цэнтра сёлета будзе павялічана ўдвая.

Пры ажыццяўленні кантрольных паўнамоцтваў, якімі надзелены Цэнтр, варта памятаць, што работа па абароне персанальных даных не павінна блакіраваць нармальную дзейнасць арганізацый. Таму характар кантрольнай дзейнасці павінен змяшчацца з карнага на прафілактычны, адзначыла Ірына СЦЯПУРА, першы намеснік начальніка галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта:

— Цэнтру важна быць не столькі кантралёрам, колькі адкрытым для дапамогі аператарам і суб’ектам персанальных даных структуры, якая фарміруе ў грамадстве станоўчае стаўленне да абыходжання з ПД. Не сакрэт, што часта грамадзяне не ўсведамляюць каштоўнасці асабістых звестак і робяць даступнай асабістую інфармацыю ў сеціве. Для фарміравання належнага выкарыстання інфармацыі і паводзін карыстальнікаў інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, на пешы план работы Цэнтра павінны выходзіць задачы па прафілактыцы супрацьпраўнай дзейнасці ў сферы апрацоўкі ПД.

Персаналізацыя ў медыцыне і нейрасеткі для маёмасці

Персанальныя даныя выкарыстоўваюцца ў самых розных напрамках жыцця чалавека. Гэта сфера паслуг, гандлю, банкаўскага абслугоўвання, аховы здароўя. Інфармацыйныя патокі ў сістэме аховы здароўя з’яўляюцца найбольш важным кампанентам персанальных даных чалавека і адным з найбольш уразлівых, лічыць Дзмітрый ПІНЕВІЧ, міністр аховы здароўя:

— У сферы аховы здароўя дзейнічае палітыка згоды чалавека на медыцынскае ўмяшанне, якая для ўсіх ужо зразумела; згоды на ўнясенне персанальных даных у інфармацыйную сістэму, што для многіх незразумела. А сёння мы пераходзім да эры інфармацыйнай згоды — інфармацыя яшчэ больш ускладняецца, ускладняюцца ўсе этапы абароны, якія павінны быць забяспечаны, пашыраецца кола асоб, якія павінны атрымаць гэтыя даныя. Распаўсюджваецца шырокае прымяненне пратаколаў лячэння, павышана вытворчасць персаналізацыі ў медыцыне. Усё гэта яшчэ больш павялічвае спектр даных пра пацыента, пашыраючы магчымасці прасачыць яго генетычныя звесткі па чацвётае-пятае пакаленне.

Рэгістры цукровага дыябету, рэгісты пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, наркалагічны рэгістр, якія захоўваюцца ў сістэме аховы здароўя, раней былі дэперсаналізаваныя. А цяпер стаіць задача стварэння рэгістаў, якія будуць персаналізаваныя, а таксама сістэмы падтрымкі клінічных рашэнняў. Таму абарона персанальных даных павінна стаць яшчэ больш дакладнай, лічыць міністр. Ён дадаў, што частка тлумачэнняў у галіне абароны ПД, якія зараз рыхтуюць медыкі, ляжа ў аснову змен закона аб ахове здароўя. 

Дзяржкамітэт па маёмасці налета збіраецца перавесці 100% адміністацыйных працэдур у сферы дзяжаўнай рэгістацыі зямельнага кадастру ў электонны выгляд, і гэта з’яўляецца пэўным выклікам, заўважыў Дзмітрый МАТУСЕВІЧ, старшыня Дзяржкамітэта па маёмасці:

— Безасабовая падача заяў на выдачу той ці іншай інфармацыі па нашаму накірунку дзейнасці нясе пэўную пагрозу, таму мы плануем асобным блокам распрацаваць пытанні абароны ПД. У больш аддаленых планах работа нейрасетак, якія распрацоўваюцца пад нашы задачы. У будучым яны будуць выяўляць пэўныя працэсы. Тэарытычна, яна зможа пашукаць уладальніка зямлі ці аб’екта, а, з часам, магчыма, будзе дасылаць яму ліст са звесткамі, што на яго зямлі знойдзены нейкі працэс. 

Каб папярэдзіць парушэнне заканадаўства ў сферы абароны персанальных даных, у найбліжэйшы час у Беларусі будзе запушчаны цыкл сацыяльнай рэкламы. А кожны чалавек зможа азнаёміцца з практычным каментарам да Закона аб абароне персанальных даных, паведамілі спецыялісты.

Падчас форуму спецыялісты Цэнтра ўручылі дыпломы пераможцам конкурсу на лепшую работу ў сферы персанальных даных сярод студэнтаў і практыкуючых юрыстаў. А журналісты, якія працуюць над тэмай абароны ПД атрымалі ад дырэктара Падзякі за падтрымку і супрацоўніцтва. Узнагароды атрымала аўтар артыкулу, спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» Ірына Сідарок, намеснік рэдактара аддзела палітычнай інфармацыі выдавецкага дома «Беларусь сёння» Святлана Ананіч, намеснік галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны» Вячаслаў Бялуга, а таксама калектыў БелТА, аддзел крымінальных навін АТН Белтэлерадыёкампаніі, дырэкцыя раняшняга вяшчання Другога нацыянальнага тэлеканалу і рэдакцыя тэлеканала «ЯСНАе TV».

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».