Княгіня-амазонка... Меч у руках красуні, абарончая сцяна сярэднявечнага горада... Адна з пазнавальных і самых прывабных постацяў беларускай гісторыі, якая, кажуць, стала прататыпам быліннай Настассі Мікулічны. Яе аблічча і подзвіг увекавечаны ў самых розных жанрах мастацтва... Сёлета легендарнай Анастасіі Слуцкай 550 гадоў. Давайце з гэтай нагоды паспрабуем разабрацца, што мы ведаем пра яе, што не ведаем і аб чым здагадваемся.
Анастасія асірацела, калі ёй не было і дзесяці — бацька, князь Іван Мсціслаўскі, намеснік Менскі і Віцебскі, памёр у 1483-м. Багаты быў род... Таму для дзвюх дачок-спадчынніц знайшліся самыя радавітыя жаніхі. Старэйшая, Ульяна, выйшла за князя Міхала Заслаўскага, для Анастасіі абралі князя Сымона Алелькавіча-Слуцкага.
Няпростым быў лёс жаніха, які, дарэчы, страціў бацьку прыблізна ў такім жа ўзросце, што і Анастасія. Ды не звычайным чынам страціў...
Той бацька, Міхал Алелькавіч, удзельнічаў у закалоце супраць вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелона. Вялікага князя павінны былі завабіць на вяселле Ганны Кобрынскай і Хведара Бельскага і забіць. Калі закалот раскрылі, збегчы ўдалося толькі Хведару Бельскаму, а Міхалу Алелькавічу адсеклі галаву на пласе.
На шчасце, удаве Міхала, Ганне Мсціслаўскай, удалося дабіцца, каб ейны сын не пазбавіўся ўсяго — яму пакінулі частку бацькоўскіх уладанняў, Слуцк і Капыль. Але калі настаў час шукаць нявесту, няпроста было знайсці славуты род, які захоча парадніцца са «злачынцамі» і стаць падазронымі ў вачах караля. І Ганна Мсціслаўская вырашыла, што ў нявесткі найлепей падыдзе хтось з пляменніц, дачок яе брата Івана Мсціслаўскага, ці Ульяна, ці Анастасія.
Так Анастасія стала жонкай стрыечнага брата Сымона.
Малады князь, які вёў паходжанне ад Альгерда, быў дастаткова амбітны і ваяўнічы. Калі хутка пасля вяселля памёр Казімір Ягелон, Сымон выставіў сваю кандыдатуру на трон. Яго падтрымала праваслаўная шляхта. І хаця вялікім князем стаў брат Казіміра Аляксандр Ягелон, Сымон застаўся самым уплывовым у Вялікім княстве магнатам, а ягонае Слуцкае княства займела аўтаномію. Мела фактычна і ўласнае войска, якому давялося адточваць майстэрства ў пастаянных бойках.
Пагартаем Іпацьеўскі летапіс. «В лето 7011 (1503). Битикерей, сын Миндикерея царя Перекопских татар, прийде с Татары под Слуцко... и положившеся Татаре кошем под Слуцком, распустиша загоны по своему обычаю, и поплениша около Клецка и Несвижа, и замок в Клецку сожгоша, и токмо в шести милех от Клецка возвратишася; паки, в то же лето, прийдоша отай под Слуцко Татаре и плениша даже до Новгородка, и в то время собрася на них Симеон князь Слуцкий со прочими паны, и гониша за Татары даже до Припети. Идеже погромиша и полон отъяша».
Такіх запісаў у тагачасных хроніках хапае. Князь Сымон Алелькавіч быў вайскаводца адважны і ўмелы, бараніў свае ўладанні, а таксама праваслаўную веру. Такі цалкам мог быць годным вялікім князем, каб абставіны склаліся інакш.
Мы ведаем з напісанага пра гэтую гераіню, што яна пасля смерці мужа вымушаная была ўзначаліць абарону Слуцка. Але насамрэч за вайсковую справу Анастасіі давялося ўзяцца яшчэ раней. Калі была цяжарнай другі раз, дачкой Аляксандрай, Сымон Алелькавіч быў у паходзе, а да горада чарговы раз падышлі татары, ажно трохтысячны атрад... І кальчугу княгіня сабе загадзя замовіла, і меч у яе быў. Верхам на кані, у даспехах, з мячом у руках княгіня вывела сваё войска супраць татар у поле — і адкінула іх. А князь Сымон ужо ішоў на дапамогу, татар тых дагнаў, «идеже погромиша их и полон отъяша».
А калі князь Сымон Алелькавіч памер ад халеры, занесенай тымі ж татарамі, Анастасіі давялося ўсе абарончыя справы ўзяць на сябе. Давайце зноў звернемся да летапісу: «В лето 7013 (1505) идеже старейший сын Махметкерей пойде и положися кошем под Менском, и взят его и всю страну попленил, поведе в плен самых людей кроме товара около ста тысячей, и инаго безчисленнаго добра во свою землю повезе; а брат его Битикерей иде под Слуцко, на самое Успение, идеже запреся княгиня Симеонова Анастасия, вдова, со младым сыном Юрием, и хотяху Татаре взяти Слуцк, и не могоша, биша бо их из града крепко».
Храніст XVІ ст. Мацей Стрыйкоўскі так апісвае ў вершах адну з вайсковых аперацый Анастасіі:
«Настасся, княгіня Слуцкая, сваіх баяр
Паслала перахапіць палахлівых татар.
Шмат іх пад Капылём было забіта
І горлам ля Пятровіч заплаціла мыта».
Мяркуючы па ўсім, Анастасія Слуцкая сапраўды была беларускай амазонкай, жанчынай-рыцарам.
Яркі і адмоўны персанаж легенды пра Анастасію Слуцкую — князь Міхал Глінскі. Перамога войскаў Анастасіі над татарамі пад Капылём, якую апісваў Мацей Стрыйкоўскі, адбылася незадоўга да славутай бітвы пад Клецкам, у якой дзесяцітысячнае войска пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага разбіла трыццацітысячнае войска Біці-Гірэя.
Міхал Глінскі і Анастасія Алелькавіч былі знаёмыя з дзяцінства — бацька Міхала нейкі час служыў у Мсціславе ў яе бацькі. Якія адносіны тады звязвалі дзяцей, можна толькі дадумваць...
У Глінскага была бурлівая маладосць. Ягоны бацька Леў, як і бацька Сымона Алелькавіча, удзельнічаў у закалоце супраць Казіміра Ягелона. Таму і паслаў сына падалей, падарожнічаць па Еўропе. Міхал Глінскі быў высокага росту, моцны, недарэмна меў мянушку Мажны. За дванаццаць гадоў падарожжаў вывучыў усе еўрапейскія мовы. Сябраваў з манархамі, ваяваў то за аднаго, то за другога, атрымаў ордэн Залатога руна, праславіўся і ў рыцарскіх, і ў куртуазных забавах. Скончыў медыцынскі факультэт Балонскага ўніверсітэта, у Рыме браў урокі жывапісу, аднойчы спакусіў пляменніцу Папы Рымскага, у карчомнай бойцы скалечыў сына дэкана і ўцёк у якасці матроса на караблі...
Карацей, князь Міхал Глінскі быў з тых, хто не супраць і на каралеўскі трон замахнуцца. Мацей Стрыйкоўскі ў сваіх хроніках занатаваў, што Глінскі сватаўся да аўдавелай Анастасіі, але атрымаў адмову і тады паспрабаваў захапіць Слуцк сілай.
Некаторыя ставяць пад сумніў гэтыя звесткі — Стрыйкоўскі быў храністам заангажаваным, працаваў на ворагаў Глінскага, які на той час стаў перабежчыкам. Рамантычная гісторыя пра каханне да немаладой ужо жанчыны, ад якой страціў розум трыццацівасьмігадовы Глінскі, падаецца малаверагоднай. Зразумела, шлюб быў бы выгадны для князя, і не адмовіўся б ён дадаць да сваіх уладанняў Слуцк і Капыль. Але ўсё-ткі асаджаў Слуцк не ён сам, а ягоны стрыечнік Андрэй Дрождж. У Іпацьеўскім летапісу чытаем: «1514: В сие лето Глинский некто в Литве много зла починил...и Слуцко хотел взяти под Анастасиею княгинею Симеоновою, но не може, тылко волость ея якоже Татаре поплени».
Згаданы Дрождж, дарэчы, вельмі мутная асоба. Кажуць, менавіта з-за яго Глінскі перасварыўся з многімі магнатамі. Глінскі пазнаёміў Дрожджа з вялікім князем Аляксандрам, той змог спадабацца ўладару і атрымаў ад яго Лідскае намесніцтва — смачны кавалачак, адабраны ў магната Юрыя Іллініча.
Лідская шляхта новага намесніка не прызнала, а кароль абвінаваціў у бунце Іллініча і загадаў пасадзіць у вязніцу. Калі Аляксандр Ягелон памёр, Іллініч вызваліўся і тут жа пачаў інтрыгаваць супраць Глінскага... Такі вось беларускі Яга часоў ВКЛ, гэты Андрэй Дрождж... Не здзіўлюся, калі высветліцца, што ён, каб выслужыцца перад дабрадзеем — стрыечным братам, праявіў ініцыятыву і ўзяўся асабліва жорсткімі сродкамі здабываць таму нявесту. Хаця трэба прызнаць, што і Міхал Глінскі не выяўляў сентыментальнасці на шляхах да мэты. Учыніць набег, адсекчы галаву ворагу і вазіць яе насаджанай на калаціну — запраста.
Дарэчы, у змаганні з войскам Дрожджа праявіўся падрослы княжыч Юрый, сын Сымона і Анастасіі: прабраўся з войскам у тыл ворагам і змусіў іх адступіць.
Прыжыццёвага партрэта княгіні Анастасіі Слуцкай не захавалася. А выява мелася на фрэсцы Тупічэўскага кляштара ў Мсціславе. На жаль, фрэска знікла разам са зруйнаваным кляштаром. У царкве Слуцкага праваслаўнага Свята-Траецкага манастыра захоўваліся партрэты Сымона і Анастасіі Слуцкіх, але выкананыя ў іканапіснай манеры, то-бок умоўныя. Замацавалася ўяўленне: княгіня абавязкова была прыгожай і, зразумела, дужай і адважнай. Гэтыя рысы выявілася ў помніку, які адкрыўся ў Слуцку перад Палацам шлюбаў.
Скульптар Сяргей Аганаў вывучыў шмат партрэтаў тае эпохі, у тым ліку тыпажы Алелькавічаў, вось і атрымаўся зборны вобраз.
У фільме па сцэнарыі драматурга Анатоля Дзяледзіка Анастасія Слуцкая — асоба даволі рамантычная. Балет «Анастасія», музыку да якога напісаў Вячаслаў Кузняцоў, паказвае гераіню ў розных іпастасях — ад закаханай дзяўчыны да ўладаркі. Мастакі любяць маляваць княгіню з даспехах, з мячом.
Цікава, што прынамсі два нашчадкі Анастасіі Слуцкай прылічаныя да ліку беларускіх святых. Гэта яе ўнук Канстанцін (Васіль) Астрожскі, сын вялікага вайскаводцы Канстанціна Астрожскага і дачкі Анастасіі Аляксандры. А ўнучцы Анастасіі, святой Сафіі Алелькавіч, дачцы Юрыя Алелькавіча, у Слуцку таксама стаіць помнік.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.