Вы тут

Аляксей Бягун: «Грамадзянства трэба заслужыць»


Ці кожны ахвотнік можа атрымаць беларускі пашпарт, што ўяўляе сабой працэдура набыцця грамадзянства і пры якіх умовах можна яго страціць карэспандэнту «Звязды» расказаў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун. Кіраўнік падраздзялення таксама падзяліўся, як супрацоўнікі органаў унутраных спраў дапамагаюць перасяленцам з Украіны, ідуць у нагу з высокімі тэхналогіямі і трымаюць пад кантролем незаконную міграцыю.


— Аляксей Юр'евіч, грамадзяне Украіны працягваюць прыбываць у Беларусь. Наша дружалюбная краіна не толькі становіцца для іх прытулкам, дзе яны часова хаваюцца ад вайны. Многія ўкраінцы, як і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, хочуць назаўсёды застацца ў Беларусі. Каму вы дапамагаеце набыць беларускае грамадзянства, а значыць і Радзіму?

— Кожны дзень мы падпісваем дазволы аб наданні грамадзянам Украіны статусу дадатковай абароны. Летась аб гэтым хадайнічала рэкордная колькасць асоб. Прычым рост у параўнанні з папярэднім годам касмічны. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца і грамадзяне іншых дзяржаў, якія таксама маюць патрэбу ў міжнароднай абароне: Афганістана, Емена, Ірака, Сірыі, іншых краін. Што датычыцца грамадзян Украіны, усе з іх атрымліваюць на тэрыторыі Беларусі дадатковую абарону тэрмінам на год. Некаторыя з тых украінцаў, хто прыбыў да нас яшчэ ў першую хвалю эміграцыі ў 2014 годзе, па-ранейшаму знаходзяцца на дадатковай абароне: калі ў краіне грамадзянскай прыналежнасці назіраецца нестабільнасць грамадска-палітычнай сістэмы, ідуць баявыя дзеянні, то тэрмін дадатковай абароны працягваецца. Большасць украінскіх грамадзян, якія прыбылі ў Беларусь у 2014 годзе, ужо прайшла працэдуру натуралізацыі.

— Што ўяўляе сабой працэс атрымання грамадзянства Рэспублікі Беларусь? Ці дастаткова аднаго жадання, каб стаць нашым суайчыннікам?

— У нас пражывае больш як 170 тысяч замежных грамадзян толькі з відам на жыхарства. Яшчэ звыш 60 тысяч — тых, хто мае дазвол на часовае пражыванне. Гэта сведчыць аб тым, што ахвотнікаў, якія хацелі б атрымаць грамадзянства Беларусі, шмат. Калі б мы прымалі ў грамадзянства кожнага, хто гэтага хоча, то лічбы былі б, вядома, на парадак вышэйшымі. Аднак, і на гэта звяртае ўвагу наш Прэзідэнт, грамадзянства трэба заслужыць. Неабходна сваёй працай, законапаслухмянымі паводзінамі, інтэграцыяй у грамадства даказаць, што ты можаш і хочаш быць грамадзянінам Беларусі. Толькі тады ва ўстаноўленым парадку адміністрацыйная працэдура ў адносінах да цябе па прыёме ў грамадзянства
Рэспублікі Беларусь можа быць рэалізавана. У спрошчаным парадку беларускае грамадзянства можа атрымаць этнічны беларус або асоба, якая раней пражывала на тэрыторыі Беларусі, але выехала з краіны да ўступлення ў сілу Закона «Аб грамадзянстве» ад 12 лістапада 1991 года. З Украіны цяпер вяртаюцца і этнічныя беларусы, якія раней пражывалі ў зоне адчужэння, калі пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яны пераязджаюць сюды, аднаўляюць гістарычныя карані, сваяцкія сувязі. У дачыненні да іх пытанне аб грамадзянстве разглядаецца на працягу трох месяцаў. Пад стандартную працэдуру натуралізацыі трапляюць асобы, якія, атрымаўшы дазвол на пастаяннае пражыванне, мінімум пяць гадоў жывуць на тэрыторыі краіны, маюць законную крыніцу існавання, якая забяспечвае ім і членам сям'і пражытковы мінімум, не выязджаюць з Беларусі больш як на 90 сутак у год, не дапускаюць сістэмнага парушэння адміністрацыйнага і, не дай Бог, крымінальнага заканадаўства. Толькі пры выкананні такіх умоў можна падаць хадайніцтва на набыццё грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Па кожным выпадку прымае рашэнне кіраўнік дзяржавы.

— Органы ўнутраных спраў не толькі ў прававым полі ажыццяўляюць дапамогу людзям, якія бягуць ад вайны. Вы дапамагаеце перасяленцам у сацыяльнай адаптацыі, садзейнічаеце ў працаўладкаванні і забеспячэнні іх дахам над галавой, — у прамым сэнсе несяце адказнасць за чалавечыя лёсы...

— Мы ўзялі на сябе каардынацыю дзяржаўных органаў па выкананні палажэнняў указа Прэзідэнта, які датычыцца дапамогі гэтай катэгорыі асоб на тэрыторыі нашай краіны. Дзейнічае каардынацыйны савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі МУС, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Мінадукацыі, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Савет займаецца вырашэннем пытанняў медыцынскай дапамогі, сацыяльнай абароны, іншым спектрам задач. Украінцы адзначаюць у свой адрас чалавечны дзяржаўны падыход. Украіна афіцыйна закрыла з намі дзяржаўную граніцу, каб яе грамадзяне не прыязджалі ў Рэспубліку Беларусь. А людзі працягваюць ехаць праз трэція дзяржавы, краіны Еўрапейскага саюза. Прыязджаючы да нас, заўважаюць, што тут да іх зусім па-іншаму ставяцца. Дзяржава забяспечвае грамадзянам Украіны выдаванне ўсіх дазвольных дакументаў, якія звязаны з міграцыйным правам. Гэта ўсё робіцца аднаразова і бясплатна. Органы па працы і сацыяльнай абароне выдаюць перасяленцам адпаведныя дапамогі, аказваюць медыцынскія паслугі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, даюць жыллё. Аказваючы пасільную дапамогу, не вядзём гаворку пра спараджэнне ўтрыманскіх настрояў з боку ўкраінскіх грамадзян на тэрыторыі нашай краіны. Мы працягваем руку дапамогі, астатняе залежыць ад чалавека, які павінен працаваць, не парушаць заканадаўства і выконваць правілы, устаноўленыя на тэрыторыі нашай краіны.

— Грамадзянства Рэспублікі Беларусь можна не толькі атрымаць, але і страціць. Якія на гэта павінны быць падставы?

— Перш чым прыняць гэтыя няпростыя рашэнні, якія мы прапанавалі заканадаўцам для карэкціроўкі Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», давялося прааналізаваць заканадаўства замежных дзяржаў. Паўплывалі на новаўвядзенні і пэўныя пагрозы, з якімі мы апошнім часам сутыкаемся. Ёсць катэгорыя асоб, якія маюць дэструктыўную пазіцыю. Юрыдычна гэтыя людзі з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, але з нашай краінай іх нічога не звязвае. Больш таго, сваімі дзеяннямі або бяздзейнасцю, сваімі паводзінамі яны дыскрэдытуюць яе як канстытуцыйную дзяржаву, якая абараняе правы і свабоды грамадзян. Тыя санкцыі, якія ўведзены ў дачыненні да нашай краіны, мы атрымалі ў тым ліку дзякуючы людзям з дэструктыўнай пазіцыяй. Асоба, якая будзе пазбаўляцца грамадзянства, павінна быць асуджана на тэрыторыі нашай дзяржавы на падставе адпаведнага прыгавора суда па крымінальнай справе экстрэмісцкай або тэрарыстычнай скіраванасці. Пры гэтым яна павінна знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь і адмаўляцца ад пакарання, устаноўленага прыгаворам суда. Таксама падставай для страты беларускага грамадзянства з'яўляецца паступленне асобы на службу ў замежную паліцыю, замежную армію або на дзяржаўную службу ў іншую краіну. Трэба разумець, што гэта не дзяржава пазбаўляе чалавека грамадзянства, гэта асоба сваімі дзеяннямі страчвае грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

— Якія яшчэ навацыі прадугледжвае абноўленае заканадаўства аб грамадзянстве?

— Для пэўнай катэгорыі асоб, якія хадатайнічаюць аб атрыманні беларускага грамадзянства, уводзіцца абавязковы тэст на веданне любой дзяржаўнай мовы нашай краіны. Веданне дзяржаўнай мовы з'яўляецца асновай інтэграцыі. Узровень гэтых ведаў сведчыць аб тым, інтэгравалася гэтая асоба ў грамадства або не. Акрамя ведання мовы, тэст будзе ўтрымліваць некалькі пытанняў па Канстытуцыі, іншых заканадаўчых актах — грамадзянін, які падае хадайніцтва на грамадзянства Рэспублікі Беларусь, не толькі павінен ведаць заканадаўства нашай краіны, а і добра ўсведамляць адказнасць, якая наступіць у выпадку парушэння закона. Акрамя таго, уводзіцца абавязковы інстытут прыняцця прысягі — для таго, каб павысіць урачыстасць моманту для чалавека, які хадайнічае аб набыцці грамадзянства. Тэкст прысягі, які на сёння распрацоўваецца, будзе зацвярджацца Прэзідэнтам Беларусі.

— Замацаваны абавязак грамадзяніна Беларусі апавяшчаць кампетэнтныя органы аб наяўнасці грамадзянства замежнай дзяржавы, віда на жыхарства або іншага дакумента замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя прывілеі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю. Які механізм рэалізацыі новаўвядзення?

— Грамадзянства — устойліва-прававая сувязь паміж чалавекам і грамадствам, якая прадугледжвае ўзаемныя правы і абавязкі. У сувязі з мабільнасцю міграцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў свеце, дзяржава павінна ведаць, ці ёсць у асобы грамадзянства трэціх краін, іншыя дакументы, якія даюць перавагі і прывілеі на тэрыторыі іншай дзяржавы. Прычым, калі чалавек атрымлівае той ці іншы дакумент, ён прымае ўрачыстую прысягу на вернасць пэўнаму народу або бярэ на сябе канкрэтныя абавязацельствы. Закон «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» уступіць у сілу ў ліпені 2023 года. З гэтага моманту пачнецца адлік трохмесячнага тэрміну, у які неабходна будзе праінфармаваць органы ўнутраных спраў або дыпламатычныя службы аб наяўнасці грамадзянства замежнай дзяржавы, віда на жыхарства або іншага дакумента замежнай дзяржавы, якія даюць права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю. Сёння дзяржаўнымі органамі ажыццяўляецца распрацоўка механізму інфармавання грамадзянамі Беларусі аб наяўнасці ў іх гэтых дакументаў. На дадзеным этапе пакуль не стаіць пытанне аб адказнасці за непадаванне адпаведных звестак. Аднак калі актыўнасць нашых грамадзян будзе не вельмі вялікая, а мы ведаем аб людзях, якія жывуць за мяжой і маюць адпаведныя дакументы, то ў выніку ў адносінах да іх будзе ўведзена адказнасць. Таму лепш самастойна праінфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў або дыпламатычныя службы, каб у выніку не мець праблем з законам. Акрамя таго, ад гэтых дакументаў можна будзе адмовіцца і здаць іх у органы ўнутраных спраў.

— Яшчэ адзін важны закон, які ўступіць у сілу 1 ліпеня, датычыцца змяненненняў у сферы знешняй працоўнай міграцыі...

— Дзяржава лібералізавала працэдуру выезду грамадзяніна Рэспублікі Беларусь праз ліцэнзіята. За мяжой беларусам цяпер дазваляецца работаць не толькі па працоўных дагаворах, як раней было, а і па грамадзянска-прававых, дагаворах падраду, іншых формах дакументаў. Мы рэгламенціравалі парадак працаўладкавання непаўналетніх за мяжой. Шэраг іншых норм спрашчае працэдуру прыцягнення замежнай рабочай сілы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Адменены масавы дазвол, які раней выдавала МУС тым кампаніям, якія хацелі працаўладкаваць звыш дзесяці замежнікаў. Павялічана катэгорыя асоб, якія могуць працаваць на тэрыторыі Беларусі без атрымання спецыяльнага дазволу. Напрыклад, гэта замежныя студэнты, якія вучацца ў ВНУ нашай краіны. Таксама можна працаваць без спецдазволу выпускнікам нашых ВНУ і іншых навучальных устаноў, якія скончылі навучанне на тэрыторыі нашай краіны і хочуць застацца тут, каб працаваць па атрыманай спецыяльнасці. Без спецдазволу можна будзе працаваць сезонным мігрантам, студэнцкім атрадам, высокапрафесійным спартсменам і трэнерам, якія прыцягваюцца на тэрыторыю Беларусі для таго, каб павысіць узровень прафесійнага майстэрства нашых спартыўных каманд або спартсменаў, што выступаюць за нацыянальную зборную.

— Супрацоўнікі падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі ідуць у нагу з часам, аб чым сведчаць тыя ж біяметрычныя дакументы. Ці запатрабаваныя яны ў насельніцтва?

— Новыя тэхналогіі вельмі інтэнсіўна ўварваліся ў наша жыццё. З верасня мінулага года, у адпаведнасці з указам Прэзідэнта, мы, а таксама органы дыпламатычнай службы, пачалі па ўсёй тэрыторыі краіны выдаваць грамадзянам біяметрычныя дакументы — так званыя ІD-пашпарты і ІD-віды на жыхарства. Трэба адзначыць, што на першым этапе насельніцтва было вельмі асцярожным. Людзі хацелі ацаніць перавагі гэтых дакументаў, прадугледзець цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца. Сёння грамадзянін можа самастойна вырашаць, які яму дакумент, што сведчыць асобу, неабходны: або ІD-пашпарт, або папяровы пашпарт. Калі планавалася ўвядзенне біяметрычных дакументаў, кіраўнік дзяржавы сказаў, што нельга заганяць насельніцтва ў кут, выдаючы выключна біяметрычныя дакументы. Кожны павінен для сябе выбраць: або біяметрычныя тэхналогіі ў новых дакументах, або ўсё-ткі папяровы пашпарт. Адзначу, што большасць насельніцтва аддае перавагу кансерватыўным дакументам, але ў шэрагу рэгіёнаў фактычна кожны трэці грамадзянін атрымлівае біяметрычныя дакументы новага пакалення.

— Якія ў іх перавагі?

— Па-першае, гэта надзейная ступень абароны ад падробкі. І калі выпадкі падробкі пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь фіксіраваліся, то з новымі біяметрычнымі тэхналогіямі такая магчымасць поўнасцю выключана. Грамадзянін Беларусі, які мае ІD-карту, можа атрымаць два біяметрычныя пашпарты для выезду за мяжу. Прысутнасць замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі нашай краіны некалькі зменшылася, часта даводзіцца аддаваць свой пашпарт для атрымання візы на пэўны тэрмін, і ва ўладальніка папяровага пашпарта няма ніякага дакумента, які сведчыць асобу. Уладальнік жа біяметрычных дакументаў, асабліва калі іх два, можа аддаць адзін пашпарт у адно пасольства, другі — у другое і на тэрыторыі краіны мець адзіны дакумент, які сведчыць асобу. Такі чалавек ніяк не абмяжоўваецца ў правах.

— Бязвізавы рэжым для жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы на тэрыторыі нашай дзяржавы падоўжаны. Наколькі актыўна грамадзяне гэтых краін наведваюць Беларусь і ці не садзейнічае гэтае рашэнне незаконнай міграцыі?

— Аб запатрабаванасці бязвізу ў літоўцаў, латышоў і палякаў сведчыць колькасць перасячэння імі дзяржаўнай граніцы. Летась бязвізавым рэжымам скарысталася 385 тысяч замежных грамадзян, у гэтым — ужо каля 30 тысяч. Калі б ім не трэба было наведваць Рэспубліку Беларусь, то яны, вядома, не карысталіся б гэтым правам. Нягледзячы на тыя страшылкі, якія замежнікі першапачаткова атрымлівалі аб нашай краіне (у прыватнасці, што іх тут затрымаюць), яны едуць да нас. Напярэдадні падпісання адпаведнага распаражэння аб падаўжэнні бязвізавага рэжыму мы атрымлівалі вялікую колькасць зваротаў: нашы суседзі хваляваліся, ці будзе падаўжэнне, бо яны хацелі прыехаць у Беларусь на святы. Заўважу, што да нас прыязджаюць законапаслухмяныя грамадзяне, жыхары тых дзяржаў, якія не ўяўляюць міграцыйнай небяспекі для нашай краіны. Інфармацыйныя рэсурсы дазваляюць нам адсочваць іх перамяшчэнне. Такога няма, каб чалавек прыехаў і згубіўся. Рашэнне працягнуць бязвізавы ражым дэманструе нашу палітыку адкрытасці, добрасуседства, імкненне беларусаў да міру і супрацоўніцтва з усімі, хто будзе ў гэтым зацікаўлены.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.