Сёлета камунальнікі плануюць капітальна адрамантаваць у Беларусі 1108 дамоў, або 3,7 млн м2, з якіх 1,1 мільёна «квадратаў» — у сталіцы. Найбліжэйшыя ў капрамонтнай чарзе зараз будынкі, узведзеныя ў канцы 60-х — 70-я гады мінулага стагоддзя. 27 шматкватэрных дамоў у краіне, са згоды і з фінансавым удзелам жыхароў, атрымалі не толькі капрамонт, але і цепламадэрнізацыю. Пра некаторыя асаблівасці і праблемы капрамонту расказалі спецыялісты.
Капітальны рамонт — асноўная жыллёва-камунальная паслуга, якая ўяўляе сабой аднаўленне страчаных у ходзе эксплуатацыі ўласцівасцяў будынкаў, іх канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм. І падчас капрамонту выконваюцца менавіта тыя работы, якія скіраваны на аднаўленне пералічнага, паведаміў Андрэй Рамашка, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ:
— Штогод у Беларусі павінна капітальна рамантавацца не менш як 3 % ад агульнага аб'ёму жылля, што эксплуатуецца. Летась пад капамонт было запланавана 3 млн 600 тысяч м2, з якіх зроблена 3 млн 375,5 тысяч м2 (93,2 %). З заданнем не справіліся Брэсцкая, Мінская, Магілёўская і Гомельская вобласці, аднак пры гэтым агульны паказчык па краіне — найбольшы за апошняе дзесяцігоддзе.
Сёлета капрамонт жылля прадугледжаны на плошчы каля 3 млн 700 тысяч м2 (1108 аб'ектаў). Бягучыя графікі задання практычна сфарміраваны і да 1 лютага з'явяцца на сайтах мясцовых выканкамаў. Гатова і прайшла экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на 83 % гэтых аб'ектаў.
Адпаведна з законам, прадугледжана таксама выкананне работ па аднаўленні парушанага падчас капрамонтных работ добраўпарадкавання. Ва ўсіх іншых выпадках добраўпарадкаванне выконваецца за кошт іншых сродкаў, не прадугледжаных на работы па капрамонце. Практыка комплекснага падыходу, калі капітальна рамантуецца некалькі дамоў у межах квартала і добраўпарадкоўваецца агульная дваравая тэрыторыя паміж імі за дадатковыя грошы, існуе, як правіла, у буйных гарадах. У сталіцы яна рэалізоўваецца другі год. Пры гэтым дамаўляюцца таксама з энергазабяспечвальнымі арганізацыямі, каб падчас добраўпарадкавання яны замянілі свае цеплавыя, газавыя сеткі і сеткі водазабеспячэння, каб не даводзілася вяртацца ў такі двор да наступнага капрамонту, дадалі спецыялісты.
Аднак застаецца і шэраг праблем, звязаных з капрамонтам. Найперш яны датычацца з якасці і тэрмінаў выканання работ. Праўда, штогод колькасць аб'ектаў з перавышанымі нарматыўнымі тэмпамі будаўніцтва скарачаецца — летась іх паменшала з 214 да 13. Аднак застаюцца пытанні па бягучых аб'ектах.
— Асноўныя прычыны парушэння тэрмінаў — нядобрасумленныя падрадчыкі. Існуюць пытанні, звязаныя з арганізацыяй працэсу выканання будаўніча-мантажных работ. Конкурсная сістэма выбару падрадчыка не гарантуе прыход добрасумленнага, кваліфікаванага, здольнага выканаць адпаведныя аб'ёмы ва ўказаныя тэрміны заказчыка, — агучыў Андрэй Рамашка. — Летась у снежні ўступілі ў сілу змяненні ў Закон аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП). Згодна з імі, мясцовым распарадчым органам цяпер дазваляецца прызначаць выканаўцаў будаўніча-мантажных работ па капрамонце без правядзення конкурсу з ліку дзяржарганізацый. Мяркуецца, што такім чынам праблема парушэння заказчыкамі тэрмінаў і якасці работ будзе калі не выключана, дык мінімізавана.
На парушэнне якасці і тэрміну правядзення работ уплывае недастатковая кваліфікацыя работнікаў падрадных арганізацый, пагадзіўся Павел Драздоў, намеснік начальніка інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па г. Мінску:
— Мы назіраем за адпаведнасцю работ, што выконваюцца праектнай дакументацыі і тэхнічным нарматыўна-прававым актам, кантралюем работу службаў вытворчага кантролю падрадных арганізацый, а работу аўтарскага і тэхнічнага нагляду. Распрацаваны
планы па наведванні аб'ектаў, так што можна сказаць, што нагляд вядзецца пастаянна. Аб'екты капрамонту, з аднаго боку, — тэхнічна нескладаныя, аднак, паколькі работы на іх спецыфічныя, бо вядуцца без адсялення жыхароў і спынення эксплуатацыі жылля, узнікае шмат невытворчых прычын, якія ўплываюць на якасць і тэрміны работ.
Акрамя таго, некаторыя вобласці не дацягнулі да выканання заданняў у тым ліку і з прычыны недахопу фінансаў, якія сёння бюджэты могуць разам са сродкамі грамадзян прадугледзець на рэалізацыю капрамонту, працягнуў Андрэй Рамашка:
— Яшчэ адзін блок пытанняў звязаны з арганізацыяй. На жаль, не ўсе райвыканкамы належным чынам вядуць работу па своечасовым планаванні, уключэнні аб'ектаў у бягучыя графікі, своечасовай распрацоўцы праектнай дакументацыі. Апошняе павінна быць зроблена яшчэ да ўключэння аб'екта ў бягучы графік, каб ведаць, якія віды работ уваходзяць у капрамонт і якое фінансаванне — гэта пытанні планавання.
Каля 30 % жылфонду краіны не адпавядае сучасным нарматывам цеплааховы агароджвальных канструкцый і мае высокія ўдзельныя паказчыкі энергаспажывання ад 160 да 200 кВт•г на м2 у год, а ў некаторых дамах — і больш. А, паколькі кошт паліўна-энергетычных рэсурсаў пастаянна ўзрастае, рэалізацыя энергаэфектыўных мерапрыемстваў у жылых будынках, якія забяспечваюць зніжэнне ўжывання цеплаэнергіі на ацяпленне, становіцца ўсё больш актуальнай, падкрэсліў Дзяніс Булыка, начальнік вытворча-тэхнічнага ўпраўлення Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту:
— Цяпер падчас капрамонту робіцца толькі рамонт фасадаў з устараненнем канкрэтных праблем без давядзення супраціўлення цеплаперадачы агароджвальных канструкцый да сучасных нарматываў цеплааховы. Каб павысіць энергаэфектыўнасць шматкватэрных дамоў, былі выпрацаваны падыходы па фінансаванні работ па комплекснай цеплавой мадэрнізацыі жылфонду на рэгіянальных узроўнях (яны замацаваны ва Указе Прэзідэнта № 327). Мэта ўказа — стварэнне ўмоў для прыцягнення шырокага кола крыніц фінансавання, у тым ліку сродкаў уласнікаў жылля.
Для дасягнення практычнага выніку па зніжэнні цеплаўжывання жылфондам у абласцях ужо прыступілі да такой мадэрнізацыі, пачаўшы яе з найбольш энергазатратных дамоў, збудаваных да 1996 года з удзельным энергаспажываннем больш як 160 кВт•г на м2 у год.
— Фінансаванне і рэалізацыя мерапрыемстваў на першым этапе ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, а ўласнікі пазней будуць вяртаць затрачаныя грошы роўнымі долямі цягам дзесяці гадоў, — нагадаў спецыяліст. — Найбольш мэтазгодна праводзіць цеплавую мадэрнізацыю разам з капрамонтам, што дазваляе сэканоміць сродкі, а таксама павысіць эфектыўнасць праграмы капрамонту за кошт давядзення будынкаў практычна да стану новых. Такі падыход дазваляе аб'ектыўна вырашаць праблему зніжэння ўдзельнага цепласпажывання дамамі, зыходзячы з іх індывідуальных асаблівасцяў і прыняцця ў кожным з іх неабходных мер.
Тым не менш энергаэфектыўныя мерапрыемствы непапулярныя ў жыхароў, якія практычна не праяўляюць ініцыятывы ў гэтым кірунку, заўважыў Андрэй Рамашка:
— Існуе мінімальны пералік работ, які дазваляе палепшыць камфорт пражывання ў памяшканнях: уцяпленне агароджвальных канструкцый, гарышча і падвалу. Энергаэфектыўнымі мерапрыемствамі прадугледжаны розныя варыянты, аж да магчымасці рэгулявання і пакватэрнага ўліку цепласпажывання, аднак яны непапулярныя. Папулярныя — уцяпленне — мінімізацыя прамярзання агароджвальных канструкцый.
Жыхары дамоў, якія мелі праблемы і з прамярзаннем, і недагрэвам, пайшлі на цепламадэрнізацыю будынкаў, плацілі за ацяпленне да 40 рублёў у месяц (кватэра каля 48 м2). Пасля работ яны штомесяц плацяць за праведзеныя энергаэфектыўныя мерапрыемствы па 20—23 рублі ў месяц. Дарэчы, зараз уласнікі плацяць за паслугу ацяплення каля 20 % ад яе рэальнага кошту і, пэўна, у тым ліку і праз гэта не асабліва ў энергаэфектыўных мерапрыемствах.
Інспекцыя Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам не толькі вядзе ўлік дамоў, дзе ідзе капітальны рамонт і нагляд за яго правядзеннем, але і выдае па выніку работ заключэнне, якое пацвярджае (або не) гатоўнасць аб'екта да эксплуатацыі. А яшчэ законам вызначана, што на аб'ек-
тах капрамонту абавязкова павінна праводзіцца дзяржэкспертыза.
Летась па Мінскай вобласці быў прадстаўлены на экспертызу 361 аб'ект, з якіх 357 атрымалі станоўчае заключэнне, а тры — адмоўнае. У межах сталіцы на экспертызу накіравана 187 аб'ектаў, з якіх 185 атрымалі станоўчае заключэнне, падзяліўся лічбамі Аляксандр Сонцаў, намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Галоўдзяржбудэкспертыза»:
— Да працэсу экспертызы заказчык выконвае вялізную работу. Ён праводзіць абследаванне жылых дамоў, фарміруе заданне на праектаванне, заключае дагавор на праектаванне, удзельнічае ў ім, узгадняе дакументацыю перад выпускам яе ў абарачэнне (момант, калі дакументацыя будзе гатовая). І толькі пасля станоўчага рашэння экспертызы заказчык можа пачаць рамонтныя работы. У будаўнічай галіне сотні дакументаў нармавання, многія з якіх не абавязковыя, а добраахвотныя. Мы робім ацэнку адпаведнасці па абавязковых дакументах, звязаных, у прыватнасці, з бяспекай.
Капрамонт у сталіцы летась выкананы на 228 дамах плошчай крыху больш за мільён квадратных метраў. Сёлета капрамонтам плануецца ахапіць амаль 1,1 млн м2. Праектная дакументацыя на іх распрацавана, вызначаны выканаўцы работ, а на некаторых аб'ектах работа ўжо пачалася, так што даведзены план мінскія камунальнікі плануюць выканаць цалкам, мяркуе Вячаслаў Батура, першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:
— Дамы трапляюць у спісы аб'ектаў капрамонту ў залежнасці ад свайго тэхнічнага стану. Двойчы на год арганізацыі, якія эксплуатуюць, праводзяць агляд: вясенні і асенні, падчас якіх ацэньваецца стан будынка і прымаецца рашэнне аб уключэнні аб'екта ў спісы капрамонту.
Улічваецца таксама фактычны стан дома і год яго пабудовы. Уласнікі могуць на тры-пяць гадоў паскорыць прыняцце рашэння аб капрамонце, вырашыўшы зрабіць у ім цепламадэрнізацыю, дадаў Андрэй Рамашка.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Ідэі, практычныя задачы і планы на будучыню.
Сядзіба, што зачакалася гаспадара.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.