Вы тут

Ёд адносіцца да аднаго з найважнейшых мікраэлементаў


Ёд адносіцца да аднаго з найважнейшых мікраэлементаў, без якіх не можа абысціся чалавечы арганізм. Пастаянны яго недахоп небяспечны рознымі сур'ёзнымі захворваннямі шчытападобнай залозы, органаў стрававання і здольны нават уплываць на разумовае развіццё некалькіх пакаленняў запар.

Пры рэгулярным ужыванні ў ежу ёдаваная соль дапамагае паступова папоўніць запас гэтага мікраэлемента, які мае ўласцівасць назапашвацца ў арганізме. Калі ўключыць яе ў свой пастаянны рацыён, то можна цалкам вырашыць праблему ёдадэфіцыту.


Навошта нам ёд?

— Ёд з'яўляецца жыццёва неабходным рэчывам для нашага арганізма. Гэты мікраэлемент патрэбны для правільнага функцыянавання шчытападобнай залозы, якая выпрацоўвае тырэоідныя гармоны, што адказваюць за эфектыўнасць абменных працэсаў, за развіццё і рост. У арганізме ўтрымліваецца ад 20 да 50 мг ёду, з іх не менш за 60 % засяроджана ў шчытападобнай залозе, 40 % — у мышцах, печані, нырках, скуры, крыві, — расказвае ўрач-лабарант Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марыя ШПАТАКОЎСКАЯ.

У прыватнасці, ёд у арганізме прымае ўдзел у рэгуляцыі энергетычнага абмену, тэмпературы цела, хуткасці біяхімічных рэакцый, абмену бялкоў, тлушчаў, водна-электралітнага абмену, метабалізму шэрагу вітамінаў, працэсаў росту і развіцці арганізма, уключаючы нервова-псіхічнае развіццё.

Чым небяспечны дэфіцыт?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала глабальнай праблему захворванняў, якія ўзнікаюць з-за дэфіцыту ёду ў рацыёне харчавання. Статыстычныя даныя сведчаць аб тым, што ад недахопу ёду ў свеце пакутуе прыкладна 200 мільёнаў чалавек. Як правіла, у зонах пражывання большасці такіх хворых назіраецца недастатковасць ёду ў аб'ектах навакольнага асяроддзя. Ёдадэфіцыт у нашым рэгіёне не навіна, паколькі глебы Беларусі практычна паўсюдна бедныя ёдам.

— Самыя распаўсюджаныя ёдадэфіцытныя захворванні — гэта дыфузны нетаксічны валляк, вузлавы і шматвузлавы валляк, ёдадэфіцытны гіпатырэоз, інтэлектуальныя парушэнні, — пералічвае ўрач. — Ёд паступае ў арганізм з харчовымі прадуктамі і вадой. Асабліва багатыя на ёд марскія прадукты — рыба, рыбін тлушч, марская капуста, крэветкі, кальмары. Добрай крыніцай ёду з'яўляюцца малочныя прадукты, яйкі, ялавічная печань, проса, грэцкія крупы, бульба, некаторая гародніна і садавіна (напрыклад, морква, цыбуля, бурак, шчаўе, белакачанная капуста). Аднак падчас варкі мяса і рыбы губляецца палова ёду, пры кіпячэнні малака — яго чацвёртая частка.

Чым карысная ёдаваная соль?

Адным з альтэрнатыўных рашэнняў папаўнення дэфіцыту ёду ў арганізме, як вядома, з'яўляецца ўжыванне ёдаванай солі. Чаму ёдам узбагачаюць менавіта соль?

— Уся справа ў тым, што соль у малой, але пастаяннай колькасці штодня ўжываюць усе. Даследчыкі спасылаліся на тое, што ўзбагачаная і насычаная ёдам соль можа папоўніць неабходныя запасы ёду ў арганізме чалавека, дапаможа папярэдзіць развіццё захворванняў, звязаных з недахопам ёду, — тлумачыць Марыя Шпатакоўская.

Што ж сабой уяўляе ёдаваная соль? Харчовая ёдаваная соль — гэта разнавіднасць харчовай кухоннай солі, у саставе якой змяшчаецца ёдыд калію, ёдат калію, ёдыд натрыю і ёдат натрыю. Выкарыстанне любога з пералічаных злучэнняў залежыць ад кампаніі-вытворцы. Пры рэгулярным ужыванні ў ежу ёдаваная соль дапамагае паступова папоўніць запас незаменнага мікраэлемента.

Ці можа ёд «выпарыцца»?

Улічваючы, што традыцыйна мы спажываем больш солі, чым рэкамендавана, абсалютна дарэчы асцерагацца перадазіроўкі. Варта памятаць: нельга ўжываць бескантрольна ёдаваную соль роўна, як і звычайную харчовую не ёдаваную соль, дадаючы яе ва ўсе прыгатаваныя стравы ў вялікай колькасці. Перавышэнне норм спажывання ёду можа выклікаць негатыўныя з'явы.

Ці можа ёд, папросту кажучы, «выпарыцца» з солі? Так, таму, купляючы і захоўваючы прадукт, варта правяраць тэрмін яго прыдатнасці. Карысць ёдаванай солі мае месца толькі ў перыяд тэрміну яе прыдатнасці, а пасля яго заканчэння соль можа прымяняцца як звычайная харчовая, бо сама соль не мае тэрміну прыдатнасці, а вось дабаўка ёду з часам губляе свае карысныя ўласцівасці.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Пуд ёду з соллю

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.