Вы тут

У Расцянскім доме-інтэрнаце ствараюць творы мастацтва і развіваюць пчалярства


У Расцянскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў Чавускага раёна ствараюць творы мастацтва і развіваюць пчалярства.

Напрыканцы мінулага года ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Дома ўраду і Рэзідэнцыі Прэзідэнта была арганізаваная незвычайная выстава. На сценах яе з'явіліся творы не нейкіх там славутых аўтараў, а выхаванцаў Расцянскага дома-інтэрната. І краналі сэрца яны не менш, чым работы вядомых майстроў. Выстава, дарэчы, так і называлася — «Мы дорым святло сваёй душы».


— Не паверыце, але некаторыя людзі нават адчувалі фізічнае ўздзеянне гэтых работ, — расказвае дырэктар установы Алена Сямёнава. — Наш Аляксандр Лебедзеў выпальвае па дрэве. У яго задумка — зрабіць калекцыю работ усіх храмаў Магілёўскай епархіі. Пакуль у яго толькі сем. Падчас выставы яны былі вывешаны ў калідоры бібліятэкі. Супрацоўнікі і наведвальнікі неаднойчы казалі, што быццам адчуваюць пах ладану. І гэта пры тым, што яго там наогул няма.

Наогул, у доме-інтэрнаце шмат талентаў. Напрыклад, у Маргарыты Казіміраўскай атрымліваюцца выдатныя малюнкі ў стылі графікі. Педагог параіла ёй папрацаваць у тэхніцы «дудлінг», і жанчына захапілася. З-пад яе рукі выходзяць на дзіва цікавыя формы. Яна нават удасканаліла занятак, уплятае ва ўзор беларускі арнамент. Работы атрымліваюцца эксклюзіўныя.

А Аляксандра Касцяна ў доме-інтэрнаце называюць не інакш, як Ляўша. Аляксандр — калясачнік, але ў яго незвычайна таленавітыя рукі. Ён робіць надзвычай элегантныя рэчы з дрэва. Прычым з вялікай колькасцю мініяцюрных дэталяў, зробленых з ювелірнай дакладнасцю. Майстар пры рабоце карыстаецца лупай і пінцэтам.

— З нашымі ўмельцамі працуюць таленавітыя педагогі Алена Мікуліч і Анатоль Літаеў, — удакладняе Алена Сямёнава. — Алена вельмі добра адчувае, у каго да якой творчасці ляжыць сэрца і накіроўвае ў патрэбным кірунку. А Анатоль кіруе мужчынскай камандай, якая займаецца вырабамі з дрэва. Наогул, творчых кірункаў шмат. У нас тут свае музыканты, спевакі, майстры гутарковага жанру. Тая ж Вера Буйноўская і вершы піша, і байкі расказвае. Ёй 84 гады, а яна яшчэ маладым форы дасць. Яна ж удзельніца ансамбля «Сябрына». У нас там два гарманісты ёсць. Без гэтага ансамбля ніводны наш канцэрт не абыходзіцца. Да нас у госці таксама прыязджаюць розныя творчыя калектывы. Так што ёсць стымул удасканальвацца.

Асобная гаворка пра спартыўныя дасягненні тутэйшых жыхароў. Спартыўная каманда «Раста» — пастаянная ўдзельніца раённых, абласных і нават міжнародных (такіх як «Залаты леў») спаборніцтваў па інваспорце. За мінулы год заваявалі 34 медалі! Ліліі Курс няма роўных па бочэ, а Алена Някрасава спрытна гуляе ў карнхол. Зараз яна асвойвае новую гульню — новус, або, як яе яшчэ называюць, марскі більярд. Гульню падарылі ў якасці прыза за чарговую перамогу. У камандзе ёсць добрыя гульцы па шашках. Той жа Мікалай Шаўцоў ніколі не вяртаецца са спаборніцтваў без медаля. Кіруе камандай па інваспорце і натхняе яе на перамогі псіхолаг Ірына Васіна.

А нядаўна па прапанове кіраўніка гуртка па рабоце з драўнінай Анатоля Літаева ўстанова паспрабавала свае сілы ў новай для сябе дзейнасці — пчалярстве. Пазалетась каля дома-інтэрната быў высаджаны сад надзеі — 100 фруктовых дрэў і 150 пладова-ягадных кустоў. З набыццём саджанцаў дапамаглі прафсаюз работнікаў АПК і фермеры. Ідэя з пчалярствам была дарэчы, бо хацелася, каб сад лепш пладанасіў. Летась прадпрымальнік з Дрыбінскага раёна Міхаіл Грашчанка перадаў расцянскім пчалярам чатыры вуллі з сем'ямі. Пчолкі пастараліся і забяспечылі сваіх гаспадароў першым мядком. Гэта натхніла пачаткоўцаў. Пад кіраўніцтвам Анатоля Літаева тут утварылася лячэбна-працоўная майстэрня «Пчаляр», якая аб'ядноўвае шэсць чалавек. Яны старанна выконваюць свае абавязкі. Нават зараз, калі пчолы спяць, двойчы на тыдзень ходзяць правяраць, ці ўсе добра ў пчаліным царстве.

— Мы збіраемся развіваць гэты кірунак, таму летась напісалі праект і размясцілі яго на сайце аблвыканкама, — расказвае дырэктар установы. — Сэнс у тым, што мы хацелі б павялічаць колькасць вулляў і займацца па-сур'ёзнаму. Камітэт па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні Магілёўскага аблвыканкама нас падтрымлівае. Яны наогул увесь час з намі на сувязі, заўсёды дапамагаюць, накіроўваюць. Нечакана хутка знайшліся і спонсары. Фінансавую падтрымку нам аказала пасольства ФРГ. Мы купілі яшчэ шэсць вулляў і неабходны інвентар. Плюс абсталяванне для зоны адпачынку. Заадно рыхтуем новыя домікі для нашых пчолак. Каштоўна тое, што нашы жыхары пастаянна чымсьці занятыя і адчуваюць сябе патрэбнымі грамадству, бо ствараюць для іншых настрой і прыгажосць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Алены СЯМЁНАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».