Вы тут

Перавагі «залатога» ўзросту


Гісторыя Таццяны Быцко, кіраўніка клуба самадзейнай творчасці «Сустрэча» пры Кобрынскім ТЦСАН, відаць, у многім тыповая. Усё жыццё была ўзорнай працаўніцай, маці і гаспадыняй дома, а яшчэ актывісткай, у маладыя гады — камсамолкай, спартсменкай. А выйшла на пенсію — неяк усё пайшло-паехала: страты сяброў, знаёмых, праблемы са здароўем... Адным словам, у цэнтр збегла ад дэпрэсіі, якая ледзь не наступала на пяты. І не пашкадавала.


Клуб «Стымул» у паходзе.

Кіраўнік «Сустрэчы»

Таццяна Васільеўна стала арганізатарам, кіраўніком, ідэйным натхняльнікам клуба мастацкай самадзейнасці «Сустрэча». Раней яна не адно дзесяцігоддзе выкладала ў прафесійна-тэхнічнай установе канкрэтную дысцыпліну, пры гэтым арганізоўвала там мастацкую самадзейнасць. Так што вопыт быў і талент у прыдачу. Бо ў яе сям’і ўсе спявалі і спяваюць: раней бацькі, зараз сёстры, пляменніца — оперная спявачка, якая жыве ў сталіцы. Тут жанчына на грамадскіх пачатках узначаліла калектыў аднадумцаў розных узростаў.

— Такога калектыву, які сабраўся ў нас, я раней не сустракала, — гаворыць Таццяна Быцко. — Настолькі мае таварышы адказныя, самаадданыя людзі. У некаторых жа ўзрост вельмі шаноўны, ногі баляць, іншыя праблемы са здароўем, а яны не зважаюць, не прапускаюць ніводнай рэпетыцыі альбо выступлення. Перыядычна мы выязджаем на канцэрты, напрыклад, санаторый «Надзея» нас пастаянна запрашае. Яны нават транспарт для нас прысылаюць. На іншыя свае «гастролі» мы, як правіла, едзем за свой кошт, скідваемся, наймаем аўтобус альбо едзем цягніком. Выязджаць абавязкова трэба, паказваць сябе, абменьвацца вопытам з другімі калектывамі. Інакш — творчы застой.

У «Сустрэчы» вельмі розны рэпертуар, у ім ёсць і сучасныя, і народныя песні. Расказалі пра адну з «зорак» калектыву — 86-гадовую Марыю Ерамееўну Курыгу. Сваю каронную кампазіцыю «Як служыла я ў пана» яна выконвае ў такім тэмпе, што ніводзін малады, хто браўся, не здолеў паўтарыць. А як яна выступае ў ролі цыганкі з люлькай! Адным словам, яе выхад на сцэну кожны раз сустракаецца публікай з асаблівай цеплынёй.

Удзельнікі клуба «Сустрэча» Валянціна Шамчук і Таццяна Руцкая.

Як без гэтага жыць?

Ездзіць «Сустрэча» і па сёлах. І заўсёды на выступленнях — аншлаг, месца вольнага не знойдзеш. У калектыве зараз займаецца 15 чалавек. Калі Надзея Аляксееўна Саннікава выконвала танец пад цыганскую песню, то я адразу спытала, ці займалася яна танцамі раней. «Што вы? — усміхнулася самадзейная артыстка. — Школьная настаўніца ў мінулым». Хто працаваў у прамысловасці, хто — у гандлі, нямала педагогаў, але ўсе знайшлі аднадумцаў, надзейных сяброў у гэтым калектыве, лічаць Марыя Чопка, Галіна Турупчук, Валянціна Шамчук, Таццяна Руцкая.

Марыя Чопка, напрыклад, называе сябе ветэранам клуба самадзейнай творчасці. Яна займаецца дваццаць гадоў, пачынала хадзіць на рэпетыцыі, калі клуб размяшчаўся ў Доме культуры, і ўжо 13 гадоў ён тут фактычна на ўскраіне горада. Але адлегласць — не праблема, паводле слоў 78-гадовай Марыі Усцінаўны. Яна з задавальненнем выконвае народныя песні, песні з рэпертуару Ніны Русланавай.

— Мы ўжо без гэтага жыць не можам, — кажуць жанчыны. — Для нас аўторак, першы на тыдні дзень рэпетыцыі, як свята. Усе прыходзяць прыгожа апранутыя, падфарбаваныя, у добрым настроі. Стасункі працягваюцца і па-за цэнтрам. Збіраемся ў некага дома, адзначаем святы, віншуем адно аднаго з днём нараджэння. Гэта адназначна дапамагае жыць.

Стымулы для развіцця

«Сустрэча» — адзін з пяці клубаў па інтарэсах Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яшчэ тут функцыянуе шэсць гурткоў для пажылых людзей. Дырэктар цэнтра Наталля ВОСІПАВА гаворыць, што кожны год для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў праводзіцца больш за 100 культурна-масавых мерапрыемстваў.

— Апошнім часам работнікі асвоілі такі кірунак, як правядзенне мерапрыемстваў дыстанцыйна, — працягвае Наталля Валянцінаўна. — ТЦСАН супрацоўнічае з раённай ветэранскай арганізацыяй, грамадскімі, рэлігійнымі аб’яднаннямі. Усё робіцца для камфорту, сацыяльнай адаптацыі чалавека, які выходзіць на пенсію, калі гаварыць пра гэты кірунак работы. Выключэнне пажылога чалавека з актыўнай жыццядзейнасці, змена характару яго адносін з навакольнымі людзьмі часта становяцца праблемай, здараецца, вострай і хваравітай. Мы нярэдка назіраем, як у нас яна вырашаецца, як людзі ажываюць і расцвітаюць у новай для сябе форме занятасці.

Скажам, клуб «Залаты ўзрост» праводзіць экскурсіі, вечары адпачынку, конкурсы, святы. У клубе «Альтэрнатыва» выяўляюць творчыя здольнасці, праводзяць інтэлектуальныя заняткі. Клуб фізічнай актыўнасці «Стымул» — гэта заняткі спартыўнымі практыкаваннямі, навучанне здароваму ладу жыцця пад кіраўніцтвам валанцёра Галіны Пукіты. Паўтара дзясятка членаў клуба займаюцца тры разы на тыдзень ў спартыўнай і трэнажорных залах. І вельмі ўдзячныя за такую магчымасць. Галіна Пятроўна сказала, што ім нядаўна купілі гімнастычныя палкі, гантэлі, іншую патрэбную для заняткаў атрыбутыку. Акрамя трэніровак усе яны наведваюць басейн, адным словам, у «Стымуле» займаюцца людзі з адказным стаўленнем да здароўя, як і ў гуртку «Скандынаўская хада».

А вось тэатральны гурток «Забава» сабраў прыхільнікаў тэатральнай творчасці. Рэжысёр па адукацыі Дзмітрый Чаплюн развучвае са сваімі падшэфнымі эцюды, сцэнкі, урыўкі з п’ес, дапамагае асвойваць мастацкае чытанне. Яны ўжо ўдзельнічалі ў многіх конкурсах і фестывалях, пераважна анлайн. Усё гэта падсілкоўвае энергіяй, дае дадатковы стымул для развіцця. Удзельнікі клубаў у адзін голас гавораць, што ім вельмі камфортна дзейнічаць у адным калектыве з супрацоўнікамі цэнтра.

— І Дзмітрый Чаплюн, і Ганна Дзмітрыева, спецыяліст па сацыяльнай рабоце, — людзі маладыя, але надзвычай чулыя, — гаворыць Таццяна Быцко. — Мы разам едзем на выступленне, яны арганізоўваюць, на месцы падказваюць, фатаграфуюць мерапрыемства, ствараюць такую атмасферу, што мы сапраўды адчуваем сябе адной камандай.

Таццяна Быцко і Наталля Лукашук.

Рэзервы асабістага патэнцыялу

Супрацоўнікі ж у сваю чаргу кажуць, што многаму вучацца ў сталых людзей. Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Наталля ЛУКАШУК расказала, што аддзяленне функцыянуе з 2007 года. Пад установу перададзены двухпавярховы будынак былога ваеннага гарадка.

— У рабоце з пенсіянерамі стараемся ісці ў нагу з часам, прымяняць новыя тэхналогіі, — расказвае Наталля Міхайлаўна, — абавязкова ўлічваем іх запыты і пажаданні. Адны людзі аддаюць перавагу актыўным заняткам, іншыя любяць лекцыі, гутаркі, кансультацыі. Усё гэта мы можам забяспечыць. Напрыклад, раз на месяц нашы спецыялісты выязджаюць у Дзівін і займаюцца з мясцовымі пенсіянерамі. Дык вось па запыце вясковых людзей арганізоўваем літаратурныя вечары, вечары адпачынку, актуальныя лекцыі.

— За час работы у цэнтры маё жыццё істотна змянілася, — працягвае Наталля Лукашук. — Можна сказаць, што я навучылася радавацца кожнаму дню і жыць на пазітыве. У гэтых людзей варта вучыцца мудрасці, цярпліваму стаўленню да жыцця. Раней, калі задумвалася аб будучай пенсіі, для мяне тая будучыня выглядала незразумелай перспектывай нават з лёгкім адценнем страху, а цяпер гляджу на гэта з аптымізмам і надзеяй. Бо бачу нашых актыўных, пазітыўных, усебакова развітых пенсіянераў і радуюся. Аказваецца, можна цікава арганізаваць сваё жыццё, шмат чытаць, ажыццявіць тое, што не паспеў у маладосці з-за працы і сямейных клопатаў. Аднойчы ў нашых сценах ад адной жанчыны пачула: «Тое, што чалавек мае ў сабе самім, яму ніколі так не спатрэбіцца, як у старасці. Варта ўсяляк развіваць і заахвочваць свой асабісты патэнцыял». Думаю, у гэтым хаваецца сапраўдная мудрасць жыцця.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і з архіва цэнтра

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.