Вы тут

Дарогі, электраацяпленне, пажарная бяспека


Невялікі, кампактны Арэхаўскі сельсавет складаецца з шасці вёсак рознай велічыні, размешчаны ў паўднёвай частцы Маларыцкага раёна, адметны цудоўнай прыродай, маляўнічым возерам. У сезон адпачынку, рыбалкі, грыбоў-ягад тут бывае шмат гасцей. І гэты фактар пасля найпершай задачы — забеспячэння належнага ўзроўню жыццядзейнасці людзей — улічваецца пры добраўпарадкаванні і падтрыманні знешняга выгляду тэрыторыі.


Каля помніка ахвярам вайны ў Арэхаве.

— Клопат любога кіраўніка мясцовай улады ў першую чаргу датычыць стану дарог, — гаворыць старшыня Арэхаўскага сельскага Савета Святлана ВІТАНОЎСКАЯ. — Добрая дарога, як вядома, азначае на прыступку вышэйшы ўзровень якасці жыцця кожнага вяскоўца. Дарога —гэта функцыянаванне ўстаноў адукацыі, медыцыны, пошты, ды і свае асабістыя машыны людзі не рамантуюць цяпер так часта, як раней. Калі з'явіўся асфальт сваякам і знаёмым стала прыемна прыязджаць да нас, гасцей сустракаць не сорамна. Побач возера, грыбныя, ягадныя мясціны — гараджане любяць сюды ездзіць.

Варта сказаць, што адным з самых значных праектаў па добраўпарадкаванні ў мінулай пяцігодцы ў Арэхаве стала будаўніцтва дарогі ад населенага пункта да шашы. Гэтыя тры кіламетры гравійкі былі праблемай, нагодай да скаргаў і сапсаванага настрою. Бо вясной, восенню, нават узімку дарогу вечна размывала. Людзі злаваліся, не раз пісалі ў розныя інстанцыі, у адказах іх прасілі пачакаць. Калі на пасаду старшыні абралі Святлану Вітаноўскую, да яе, як новага кіраўніка мясцовай улады, народ, як той казаў, паваліў валам, бо восенню 2016 года дарогу хоць чарговы раз падсыпалі, размыла.

Старшыня стукалася ва ўсе ўладныя дзверы і была пачутая. Участак дарогі ўключылі ў план будаўніцтва. І ўжо праз год на дарозе шчыравалі тэхніка і спецыялісты з Маларыцкага ДРБУ. Літаральна за месяц былую гравійку пакрылі асфальтам. Можна сказаць, што з той пары пачаўся новы адлік жыцця аграгарадка. Летась заасфальтавалі яшчэ адзін участак дарогі — ад Арэхава ў напрамку Піравога, Добрай і Дрочава. А сёлета работа па паляпшэнні мясцовых дарог працягнецца ў рамках падрыхтоўкі да дня вёскі. Зараз удакладняецца праграма, будуць заасфальтаваны асобныя вуліцы ў аграгарадку, пракладзены тратуары.

Другая па велічыні вёска сельсавета — Дрочава — нарэшце атрымала добрую мабільную сувязь. Яе яшчэ некалькі гадоў таму ў гэтым населеным пункце не было ніякай наогул. Потым адзін з аператараў паставіў вышку, але належнай якасці пакрыцця дасягнуць не ўдалося. Людзі зноў сталі скардзіцца. Пытанне на кантролі трымала і сенатар Тамара Шатлікава, якая рэгулярна бывае ў раёне па дэпутацкіх справах. Нарэшце спецыялісты аператара хібы выправілі, і вёска атрымала не толькі надзейную сувязь, але і хуткасны інтэрнэт.

Пытанне, якое найбольш хвалюе жыхароў вёскі зараз, — магчымасць электраацяплення дамоў. Газу ў Дрочаве няма, і людзі сталі звяртацца да кіраўніцтва сельсавета з просьбай паспрыяць у вырашэнні праблемы. Ужо ёсць заявы ад 25 гаспадароў на электрыфікацыю домаўладанняў, якая прадугледжана Указам № 127. Для гэтага трэба памяняць лінію электраперадачы на сучасную. Работа стаіць у плане на бягучы год. Калі прыйдзе электраацяпленне, жыхары вёскі змогуць атрымаць выгоды, набліжаныя да гарадскіх.

— Кожны дзень прыносіць новыя клопаты, — разважае старшыня сельвыканкама. — Зараз на парадку дня — работа аглядных камісій, накіраваная на прафілактыку пажараў. Разам са спецыялістамі іншых зацікаўленых службаў наведваем домаўладанні грамадзян, правяраем стан праводкі і пячнога ацяплення, даём парады, выносім прадпісанні, нагадваем гарадскім дзецям пра абавязак паклапаціцца пра старых бацькоў. Асаблівую ўвагу ўдзяляем дамам, дзе жывуць састарэлыя, інваліды, адзінокія людзі, шматдзетныя сем'і. І варта сказаць, што пастаянная работа ў гэтым кірунку дае свае вынікі. Калі раней людзі не вельмі ахвотна ставілі апавяшчальнікі, асобных даводзілася літаральна ўгаворваць, то цяпер нават пытанняў не ўзнікае, мы прыходзім, і вяскоўцы паведамляюць, калі мянялі батарэі сілкавання ў апавяшчальніках.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён.


Алег ЯКУБЧЫК, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў:

— У Арэхаўскім сельсавеце добра арганізавана работа з насельніцтвам у плане навядзення парадку. Праводзяцца суботнікі па азеляненні і добраўпарадкаванні, вясковая грамада правяла вялікую работу па паляпшэнні стану могілак. Рэгулярна ўкладваюцца дзяржаўныя сродкі ў развіццё тэрыторыі. У мінулым годзе, напрыклад, была ўведзена ў строй станцыя абезжалезвання вады ў Арэхаве, і вада стала лепшай якасці. У гэтым годзе работа па добраўпарадкаванні будзе працягнута.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».