Вы тут

Жабрацкая доля. Што чакае жыхароў Літвы?


Летась ў Літве павялічылася колькасць выпадкаў масавых звальненняў работнікаў. Аб гэтым паведаміла ТАСС са спасылкай на службу занятасці пры Міністэрстве сацыяльнай абароны і працы Літвы. Адзначаецца, што на працягу мінулага года апавяшчэнні аб звальненні, «якія насілі на гаспадарчых суб'ектах не адзінкавы, а масавы характар», былі ўручаны 5,5 тысячы чалавек. Гэта амаль на трэць (на 32 працэнты) больш, чым у 2021 годзе. Больш за ўсё звальненняў было зафіксавана ў сферы апрацоўчай прамысловасці, транспартных і ахоўных паслуг, сістэме адукацыі. Сярод лідараў па колькасці звальненняў — прадпрыемствы «Літоўскія чыгункі», дзе пазбавіліся работы амаль дзве тысячы чалавек, і «Пошта Літвы», дзе былі звольнены амаль 600 работнікаў. У суседняй дзяржаве заўважна павышаецца сацыяльная напружанасць. Што ж чакае жыхароў Літвы?


Пажар інфляцыі

Летась Літва стала лідарам Еўрасаюза па росце цэн на прадукты харчавання. Аб гэтым паведаміла нацыянальнае радыё LRT. Цэны ў Літве ў сярэднім падскочылі на 34,7 працэнта. Для параўнання: у Люксембургу — на 10,8 працэнта. Пры гэтым варта ўлічваць і той факт, што жыхары Літвы з'яўляюцца аднымі з самых вялікіх спажыўцоў прадуктаў харчавання ў ЕС — 20,3 працэнта ад сумарных даходаў жыхароў. Сярод харчовых пазіцый, якія найбольш падаражэлі ў Літве ў мінулым годзе, — гарох (рост на 82,1 працэнта), ячныя крупы (78,7 працэнта), сала (77,2 працэнта).

Апошнім часам многія жыхары Літвы адмаўляюць сабе нават у традыцыйным зранку кубку кавы з-за надмерна высокіх цэн. Духмяны напой у Літве каштуе нашмат больш, чым у іншых краінах Еўропы, паведаміла LNK. Калі ў Італіі і Іспаніі кубак кавы каштуе прыкладна 1,5 еўра, то ў Літве больш чым 2,7 еўра. «Цэны даводзіцца павышаць увесь час, паколькі даражэе ўсё», — прызнаў заснавальнік кавярні Cat Cafe Таутвідас Біцінас. Бізнес нават апасаецца, што калі ўсё будзе даражэць такімі тэмпамі, то давядзецца закрывацца.

«У нашай «вагавой катэгорыі», гэта значыць, у краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, у нас кава самая дарагая, нас апярэджвае толькі Эстонія», — паведаміў эканаміст банка Lumіnor Жыгімантас Маўрыцас. Паводле яго слоў, цэны на каву адлюстроўваюць агульную эканамічную сітуацыю ў краіне, кубак кавы амаль за 3 еўра — гэта своеасаблівы паказчык інфляцыі. «У плане цэн мы нагналі Старую Еўропу, але па даходах расцем павольней, чым па цэнах, а з-за гэтага ў будучыні ўзнікнуць пэўныя выклікі, калі гаварыць аб канкурэнцыі і прывабнасці нашай краіны», — сказаў Жыгімнатас Маўрыцас. Эксперт прызнаў, што цяперашняя сітуацыя ў Літве нагадвае «вялікі пажар інфляцыі». Пры гэтым урад, наадварот, «падлівае газу, каб падтрымаць полымя», цытуе эксперта партал Delfі. Па словах Маўрыцаса, павышэнне ключавой стаўкі не дапамагае, а толькі выцягвае з эканомікі грошы.

Яшчэ ў канцы мінулага года 35 працэнтаў жыхароў краіны адзначылі, што чакаюць моцнага негатыўнага ўплыву на свае фінансы. Такія дадзеныя выявіла апытанне грамадскай думкі, праведзенае па замове KOG Іnstіtutas. Як адзначыла кіраўнік Фінансавага інстытута Swedbank Юратэ Цвілікене, рост цэн і працэнтнай стаўкі па крэдытах у бюджэтах некаторых жыхароў выклікалі напружанасць. Паводле звестак Цэнтрабанка Літвы, у трэцім квартале мінулага года сума пратэрмінаванай запазычанасці атрымальнікаў спажывецкіх крэдытаў, калі плацеж затрымліваўся больш як на 90 дзён запар, была амаль на 20 працэнтаў большая, чым за той жа перыяд 2021 года.

Найцяжэйшы крызіс

Разам з гіперінфляцыяй у Літве істотна вырасла беспрацоўе. Павялічваецца колькасць прынятых на ўлік службаў занятасці. У той жа час скарачаецца і прапанова на рынку працы. Знізілася і прадпрымальніцкая актыўнасць: колькасць выдадзеных пасведчанняў аб адкрыцці ўласнай справы таксама ўпала. Узровень жыцця ў краіне будзе паступова падаць, перакананы эканамісты. Ускосна гэта пацвярджаюць даўгі літоўцаў. Запазычанасць за электраэнергію ў краіне за месяц вырасла амаль на трэць. Сітуацыю параўноўваюць з 2008 годам, калі ў Літве пачаўся найцяжэйшы эканамічны крызіс, а ВУП упаў на 30 працэнтаў.

У студзеньскім аглядзе Swedbank Economіc Outlook адзначаецца, што 2023 год для Літвы абяцае быць складаным. Эксперты канстатуюць, што пакупніцкая здольнасць хатніх гаспадарак была сур'ёзна падарваная і сёлета не адновіцца. Акрамя таго, Swedbank прагназуе, што занятасць можа заўважна скараціцца. Намецілася слабасць рынку працы, змрочная тэндэнцыя бачная ў паказчыках вакансій, якія ўпалі да найніжэйшага ўзроўню за дзесяцігоддзе (за выключэннем кароткага ўсплёску ў пачатку пандэміі). Усё большая колькасць прадпрыемстваў заяўляе, што галоўнай перашкодай для пашырэння дзейнасці з'яўляецца недастатковы попыт, а не недахоп рабочай сілы. Экспартныя замовы рэзка скарачаліся на працягу апошніх некалькіх месяцаў, адлюстроўваючы слабасць у краінах Паўночнай Еўропы і еўразоне. Аднаўленне работы прадпрыемстваў у Кітаі можа павысіць попыт на капітальныя тавары, якія вырабляюцца ў Еўропе. Аднак гэта Літвы не датычыцца, адзначылі эксперты Swedbank, паколькі краіна амаль не гандлюе з Паднябеснай, таму ніякіх ускосных станоўчых эфектаў не чакаецца, прынамсі, да другой паловы гэтага года.

Эканаміст банка SEB Тадас Павілаўскас сцвярджае, што сёлета эканамічная сітуацыя ў краіне будзе горшая, чым летась. «Мы прагназуем больш высокае беспрацоўе і даволі значную інфляцыю», — адзначыў эксперт. Праўда, ёсць і тыя эканамісты, якія працуюць у рэчышчы афіцыйнай прапаганды, якая сцвярджае, што «ўсё добра». Аднак простыя літоўцы, зразумела ж, усё разумеюць. Як заўважыў на гэты конт адзін з каментатараў на партале respublіka.lt, «эканамісты — цікавыя людзі. Яны глядзяць на кучу праз дробныя лічбачкі і заўсёды знаходзяць нешта пазітыўнае, але адмаўляюцца бачыць тое, што заўважаюць звычайныя грамадзяне, — паніку». Аўтар каментарыя з сарказмам працягвае: «Аказваецца, у нас росквіт. Нядрэнная ўстаноўка для дзяржавы, у якой паўмільёна чалавек жывуць ніжэй за ўзровень беднасці. А рэкордная інфляцыя — таксама яшчэ не крызіс? І дэмаграфічнага крызісу няма. Не мае значэння, што людзей памірае больш, чым нараджаецца... Калі так падумаць, мы будзем жыць як звычайна: эканамісты будуць у дабрабыце, а тыя, хто не ўмее жыць па-багатаму, патонуць у хвалях няўмольна квітнеючай эканомікі».

У сейм з сякерай

Яшчэ адна сумная статыстыка. Літоўцы — адзін з самых хворых народаў у Еўропе. Працягласць жыцця ў Літве адна з самых нізкіх у ЕС (на 5 гадоў ніжэйшая, чым у сярэднім па Еўропе), а працягласць здаровага жыцця на 7 гадоў карацейшая, чым у Старым Свеце, піша tv3.lt. Статыстыка сведчыць аб тым, што ў сярэднім 17 гадоў свайго жыцця літоўцы хварэюць на хранічныя захворванні або становяцца інвалідамі. Высновы даследавання Еўракамісіі сведчаць аб тымць, што гэта вынік дрэннага харчавання, недастатковай фізічнай актыўнасці, ужывання алкаголю і курэння.

Дрэннае харчаванне — прычына чвэрці ўсіх смерцяў у Літве. Людзі ядуць мала гародніны і садавіны, ужываюць шмат цукру і солі. Залішнюю вагу ці атлусценне фіксуюць у паловы жыхароў Літвы. Літоўцы часцей скардзяцца на болі ў спіне і ў паясніцы, хварэюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні, хваробы лёгкіх.»Раней у 50-60-гадовага пацыента вызначалі некалькі хвароб, цяпер прыходзяць і 30-гадовыя, якія скардзяцца на болі ў суставах, пазваночніку, вядома, мы не можам выключыць і анкапаталогію, — заўважыла сямейны ўрач Шэшкінскай паліклінікі Рыма Рачкене. — І псіхалагічны стан. Часта бывае дэпрэсія, а гэта сур'ёзная хвароба».

Эксперты Еўракамісіі адзначаюць, што здароўе напроста залежыць і ад даходаў чалавека. Частка літоўцаў не можа сабе дазволіць купіць добрую ежу, а атлусценне і залішнюю вагу ў 50 працэнтах выпадкаў фіксуюць менавіта ў бедных сем'ях. «Няроўнасць аказвае значны ўплыў, гэта даказана і ў Вялікабрытаніі, і ў Швецыі, маламаёмныя групы насельніцтва жывуць менш», — адзначыў дырэктар Літоўскага цэнтра сацыяльных даследаванняў Багуслаў Гружаўскі.

Загнаныя ў кут людзі вырашаюцца на адчайныя крокі. У студзені каля будынка сейма Літвы была затрымана ўзброеная сякерай жанчына. Аб гэтым паведаміла прэс-служба дэпартамента паліцыі пры МУС. Змучаная жыццём жанчына планавала «палічыцца з уладай». Ажыццявіць задуманае ёй перашкодзілі супрацоўнікі дэпартамента аховы першых асоб дзяржавы, паліцэйскія і медыкі. Паводле сцвярджэння апошніх, грамадзянка «знаходзілася ў неадэкватным стане». Прэс-аташэ Вільнюскага камісарыята паліцыі Юлія Самаракоўская ўдакладніла, што было распачата расследаванне па факце спробы замаху на прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.

Фактар бязвізу

Пры гэтым на вайсковыя патрэбы фінансаванне ўвесь час нарошчваецца. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа мяркуе, што ўрад можа выдаткаваці на патрэбы абароны тры працэнты ВУП замест цяперашніх 2,52 працэнта. З прэзідэнтуры такая прапанова гучала яшчэ на стадыі абмеркавання бюджэту, але была адхілена Кабінетам міністраў. Кіраўнік дзяржавы не толькі прапануе вярнуць пытанне на парадак дня, але і на ўзроўні парламенцкіх партый дамовіцца аб паслядоўным штогадовым павелічэнні вайсковых расходаў. Зараз у Літве няма ніводнай палітычнай сілы, якая б выступіла супраць гэтай прапановы, адзначыў Наўседа.

Як вядома, па даручэнні ўрада Міністэрства абароны Літвы актыўна праводзіць закупкі сучаснай ваеннай тэхнікі і зброі, у тым ліку рэактыўнай з максімальнымі радыусамі дзеяння. Таксама зандзіруецца глеба сярод вытворцаў беспілотных лятальных апаратаў, комплексаў супрацьпаветранай абароны сярэдняга і большага радыусаў паражэння, сучасных сродкаў контрбатарэйнай барацьбы і сувязі. Прэзідэнт Літвы заклікаў заходнія краіны да беспрэцэдэнтнай эскалацыі, наступствы якой, адзначаюць эксперты, могуць быць самымі трагічнымі. Паводле слоў Наўседы, Захаду «неаднойчы атрымлівалася сціраць» чырвоныя лініі.

Літоўскія ўлады усяляк абмяжоўваюць супрацоўніцтва з нашай краінай. Як стала вядома, урад Літвы прыняў рашэнне дэнансаваць падпісаную 16 гадоў таму дамову з Беларуссю аб прыгранічным супрацоўніцтве, паведаміла літоўская тэлерадыёкампанія LRT. Працэс дэнансацыі быў ініцыяваны Міністэрствам унутраных спраў Літвы. Раней у ведамстве заяўлялі, што ў цяперашняй геапалітычнай сітуацыі рэалізацыя дамовы немагчымая і не стане магчымай у бліжэйшы час. Дагавор аб прыгранічным супрацоўніцтве паміж Літвой і Беларуссю быў падпісаны ў Вільнюсе 1 чэрвеня 2006 года. У дакуменце вызначаны сферы прыгранічнага супрацоўніцтва. Так, прадугледжвалася супрацоўніцтва ў галіне інфраструктуры, аховы навакольнага асяроддзя, эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў, турызму, адпачынку, спорту, культурнай спадчыны, адукацыі, дзелавой інфраструктуры, перамяшчэння транспартных сродкаў і пасажыраў праз мяжу і г. д. Бакі дамаўляліся аб абмене інфармацыяй паміж дзвюма краінамі і аказанні дапамогі на граніцы ў выпадку надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Яшчэ да дэнансацыі дамовы ўрад Літвы спыніў фінансаванне праектаў па прыгранічным супрацоўніцтве з Беларуссю.

Такая пазіцыя ўладаў не перашкаджае развіваць добрасуседскія адносіны паміж народамі. Сведчаннем таму — папулярнасць беларускага бязвізу ў жыхароў суседніх дзяржаў. За мінулы тыдзень нашу краіну наведалі па бязвізавым рэжыме больш за 10 тысяч замежнікаў. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. З пачатку гэтага года ў Беларусь у бязвізавым парадку ўехалі звыш 33 тысяч замежнікаў, з іх каля 25 тысяч — грамадзяне Літвы. Усяго з пачатку дзеяння бязвізу для жыхароў суседніх краін ЕС у Беларусь прыбылі 418,2 тысячы іншаземцаў. Больш за палову з іх (272,6 тысячы чалавек) — жыхары Літвы. Як вядома, чалавек выбірае дзе лепш. Хіба не так?

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».